news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Мэлёдыя дня

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Пошук - Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


27 Сакавіка 2003
 
Беларуская карчма. Перадача другая
 
Вячаслаў Ракіцкі, Менск
 
Удзельнічае археоляг Ніна Здановіч

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Як падарожная ўстанова, разьмешчаная дзесьці на гандлёвым шляху, карчма мела функцыянальны характар. Але як складваліся дачыненьні гаспадароў корчмаў з навакольлем, з гаспадарамі — карчма ж яшчэ была і асяродкам жыцьця пэўнага невялічкага рэгіёну? Натуральна, карчмар быў арандатарам, беларусы называлі яго “ляндар”. Сапраўдным жа гаспадаром карчмы быў двор; а заўсёдным антаганістам царкве, напэўна ж, была царква?”

(Ніна Здановіч: ) “Ісьціну даносіць да нас фальклёр. Узгадайце: “У царкву — сьлізка, у кабак — блізка”.

(Ракіцкі: ) “…да касьцёлу дарога крывая, а да карчмы — прамая”.

(Здановіч: ) “Так. На рэчыцкім Палесьсі на пытаньне, чаму цэркваў ці касьцёлаў будуецца менш, чым корчмаў, адказвалі так: “Богу нябеснаму можна памаліцца й дома, а вось шкляному — толькі ў карчме”. І таму корчмы будуюцца як надалей ад цэркваў і касьцёлаў. У 1865 г. у Расейскай імпэрыі выдалі нават указ пра павелічэньне ўсталяванай адлегласьці піцейных установаў ад вясковых цэркваў. Выключэньне ёсьць хіба толькі для сынагогаў: у інвэнтары Цімкавіцкіх уладаньняў 1761 г. у комплексе Скеплеўскай царквы пазначаная маленькая сынагога й хатка, пабудаваная на сродкі арандатара — яму сынагога не замінала”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем — археоляг Ніна Здановіч. Спадарыня Ніна, а як складваліся дачыненьні дзяржавы і карчомнай гаспадаркі?”

(Здановіч: ) “Гэтыя адносіны я б вызначыла як неадназначныя. З аднаго боку, дзяржава ў асобе гаспадара двара, якому належала карчма, атрымлівала прыбыткі ад корчмаў. Таму нават у статуце 1588 г. строга забаранялася трымаць пакутныя, так званыя “тайныя” пакоі. Альбо варыць піва па хатах дзеля таго, каб аддаваць яго на рэалізацыю ў карчму. Калі шляхціч быў у гэтым заўважаны, то, нягледзячы на ранг і заслугі, яго чакаў штраф.

Зь іншага боку, дзяржава ставіла свае межы паміж карчмой і селянінам. Арандатары павінны былі мець якасныя напоі, прадаваць іх сумленнай мерай, коштамі — у адпаведнасьці з дарагоўляй альбо таннасьцю зерня. Яны не павінны былі спойваць сялянаў і мяшчанаў, не павінны былі даваць крэдыты больш, чым на чатыры злотых бедным, і восем злотых — багатым. І яшчэ не павінны былі адбіраць за пазыкі рабочую скаціну”.

(Ракіцкі: ) “Я думаю, дзяржава традыцыйна зьяўляецца ня толькі паборшчыкам грошай?”

(Здановіч: ) “Для дзяржавы карчмар быў першым асьведамляльнікам, бо ведаў усё й пра ўсіх: калі язык разьвязваецца півам ці гарэлкай, чаго толькі не пачуеш. У корчмах шукалі беглых, бунтароў. Недарэмна Пушкін у “Барысе Гадунове” Грышку Атрэп’ева вывеў менавіта ў карчме, калі яго там выявілі, і адкуль ён павінен быў уцякаць. Сюды ж, у корчмы, накіроўваліся гэтак званыя “хапуны”, якія забіралі людзей у рэкруты, альбо ў “маскалі”, як казалі на Беларусі. Гэта вельмі добра паказаў у паэме “Гапон” Дунін-Марцінкевіч”.

(Ракіцкі: ) “Хоць і не было тады падслухоўвальных “жучкоў”, але былі “жучкі”,так бы мовіць, “жывыя”. А вось як ставіліся людзі да карчмы з гэтага гледзішча?”

(Здановіч: ) “Яны, безумоўна, ведалі, што хадзіць туды паводле розных прычынаў небясьпечна. Людзі казалі: “Карчмар як камар — дзе сядзе, там і п’е”. Альбо: “Карчмарова вока праз лахманы грыўню бачыць”.

(Ракіцкі: ) “…Як прыйшоў у карчму — чорт за кучму”.

(Здановіч: ) “Так. Яшчэ: “Карчмар п’яніцу любіць, але дачкі за яго не аддасьць”.

(Ракіцкі: ) “А чым жа прываблівала людзей карчма?”

(Здановіч: ) “Беларус казаў: “На хрысьцінах усе кумы, на вясельлі ўсе сваты, а ў карчме ўсе браты”. Альбо: “У карчме й у бані ўсе роўныя — дваране”.

(Ракіцкі: ) “Зрэшты, гэта засьведчыў і Міцкевіч у “Пане Тадэвушы”:

На мэблі той сядзеў цяпер запанібрата
І шляхціц, і халоп з халопкай, сын і тата,
І толькі аканом асобна ўсеўся ў залі.
Імшу набожна ўсе ў капліцы адстаялі,
А там, пакуль ізноў за лямачку-хазарку,
Да Янкеля ўваліліся ў карчму на чарку.

Вядома яшчэ адно выслоўе: “Шынок — клюб дзеравенскі”.

(Здановіч: ) “Яно слушнае з многіх прычынаў. Гэта ўлюбёнае месца адпачынку. Уявіце сабе маленькую курную хату і карчомную залю, у якой шмат людзей, да якіх можна пайсьці паслухаць і ім нешта распавесьці:

Стары яўрэй, даўно ва ўсім павеце знаны,
Сваёй пачцівасьцю, сумленьнем без заганы,
Усім быў да душы — ні скарг, ні нараканьня
Не паступала ў двор, і ў вёсках меркаваньне
Было, як і ў паноў: карчмар — душа сьвятая:
Не ашукае, дасьць, што трэба, распытае
Пра дом, ня спойвае. Затое ж быў аматар
Сямейных урачыстасьцяў і завадатар
Хрысьцін, вясельляў у сваёй карчме-сьвятліцы.
І штонядзелі зь сёл, каб там павесяліцца,
Валіла плоймай моладзь, у танцу кружыла,
Цымбалы ўсхліпвалі, і ў тон дуда тужыла”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, у карчме людзі зьбіраліся, каб пабачыцца, нешта абмеркаваць, пазабавіцца… . Што танчыла моладзь? Якую музыку слухала?”

(Здановіч: ) “Пра гэта таксама цудоўна сказалі нашы клясыкі, у прыватнасьці, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у “Гапоне”:

Ананя ж — воўча юха!
То ўжо нечага маніць!
Ярка рэжа із-за вуха,
Аж скрыпка яго зьвініць.
“Мяцеліцу” прабірае
Ёмка, громка, ладны час!
Дробна смыкам падсякае,
Зьвініць рымка, гудзіць бас”.

(Ракіцкі: ) “Карчма і забаўляльная ўстанова, і своеасаблівы, сёньняшняй мовай кажучы, “дзелавы клюб”.

(Здановіч: ) “Тут абмяркоўвалі самыя розныя навіны. Нездарма Адам Міцкевіч, калі хацеў абмаляваць асобу карчмара, вылучыў наступныя яго якасьці:

Дзялок, дарадца кожнаму, ён быў мужчына
Ў вялікім попыце: і знаўца гандлю збожжам,
І лесам на віцінах — што дзе трэба, зможа
Зрабіць…

Адна са сцэн у карчме ў “Пане Тадэвушы” Адама Міцкевіча — абмеркаваньне “разбору шляхты” на Літве, падзеяў у Францыі ў час Напалеона. Удзельнікі розных паўстаньняў XIX ст. сваіх прыхільнікаў вэрбавалі таксама ў карчме”.

(Ракіцкі: ) “Напэўна ж, у корчмах разносіліся навіны пра розныя дзівосы ў сьвеце, пра розныя адкрыцьці… Карчма станавілася своеасаблівым адукацыйным цэнтрам?”

(Здановіч: ) “Так. Карчма была тым месцам, дзе канцэнтравалася ўсё жыцьцё навакольля: там адбываліся спатканьні дамоўленыя альбо выпадковыя; чужынец станавіўся цэнтрам карчомнага асяродку на гадзінку-дзьве, бо прыносіў навіны з усяе акругі. Там муж ратаваўся ад гняўлівай жонкі. У беларускай карчме быў няпісаны закон: чалавек, прыходзячы сюды, ніколі ня піў адзін — гэта было непрыстойна. За размовамі толькі ён мог выпіць чарку-другую”.

(Ракіцкі: ) “Ведаеце, спадарыня Ніна, я сваё дзяцінства правёў у заходнебеларускім мястэчку, у якім раз на тыдзень адбываўся кірмаш, куды зьяжджаліся з усяго навакольля людзі. І звычайна жанчыны гандлявалі, а мужчыны (гэта быў ужо савецкі час) сьпяшаліся ў сталоўку. І мне заўсёды ўзгадвалася Купалава “Паўлінка”: вяртаюцца гаспадары з кірмашу пад добрым падпіткам… Напэўна ж карчма асабліва ажывала ў кірмашовыя дні…”

(Здановіч: ) “Безумоўна. Без таго, каб не завітаць у карчму, наведваньне кірмашу было незавершаным, несапраўдным. У карчму заходзілі й пагрэцца, і выпіць “барышу”, як казалі беларусы. Часам і “закладаліся” — пілі ў заклад. Наступнай падзеяй была “прастаўка” того, хто прайграў”.

(Ракіцкі: ) “Вось такая асаблівасьць карчмы — гэта асаблівасьць беларускага ладу жыцьця, беларускага характару, ці яна таксама была ўласьцівая для заходнеэўрапейскіх мястэчак і гарадкоў?”

(Здановіч: ) “Ад сярэднявечча і ў Заходняй Эўропе, як і на Беларусі, будаваліся тавэрны. Тавэрна — гэта ўстанова і для вясёлых кампаніяў, і гатэль, і крэдытная каса. Селянін хутчэй пойдзе да карчмара пазычыць грошы, чым да заможнага “багатыра”. І тавэрны былі традыцыйна, як і корчмы на Беларусі, месцам распаўсюду навінаў”.

(Ракіцкі: ) “Мы з вамі гаворым пра корчмы, што былі ў Беларусі, з пэўным шкадаваньнем. Пры ўсім тым, што гэтыя ўстановы мелі адмоўныя бакі…”

(Здановіч: ) “Шкада карчмы не як пітной установы (ёсьць, прыкладам, у Менску ў Траецкім прадмесьці карчма “Старавіленская”), але шкада, што страчаны карчомны асяродак, куды чалавек прыходзіў у першую чаргу не папіць і паесьці, а прыходзіў да аднадумцаў ці да антаганістаў, каб паспрачацца ці параіцца, ці знайсьці спачуваньне. Калі гаварыць пра карчму для падарожніка — гэта адно, а вось карчма, якая стаіць у гэтым месцы, і стаіць і год, і два, і дзесяць, і дваццаць гадоў — то гэта ўжо той асяродак, да якога прывыкалі. Гэта і той асяродак, які дбае пра навакольных людзей. Шкада, што цяпер не атрымоўваецца сумяшчаць камэрцыю з традыцыяй”.


Беларуская карчма. Перадача першая


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2003 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.