|
Застольны этыкет |
|
|
Вячаслаў Ракіцкі, Прага |
|
Удзельнічае: археоляг Ніна Здановіч
(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Мы садзімся за стол, накладаем у талерку смажаніну, бярэм у рукі відэлец і пачынаем есьці, не задумваючыся, што ямо мы, напэўна, згодна з традыцыяй нашых продкаў. Цікава, зь якіх часоў чалавек стаў клапаціцца пра тое, як ён есьць, з чаго, чым? Ці маем мы матэрыяльныя сьляды гэтага? Напэўна ж, з-за дрэннай захаванасьці матэрыялаў, дрэва, косьці толькі часткова можна аднавіць працэс, скажам так, спажываньня”.
(Ніна Здановіч: ) “Безумоўна, гэта даволі цяжка, але гіпатэтычна мы можам уявіць, што першапачаткова цэнтрам, вакол якога рухалася, віравала жыцьцё, было вогнішча, цяпельца вакол камянёў ці ў спэцыяльных ямах, вакол якога на працягу цэлых тысячагодзьдзяў складаўся цэлы рытуал спажываньня. Да вынаходніцтва керамікі, асноўнымі інструмэнтамі, з дапамогай якіх чалавек спажываў ежу, былі яго рукі, зубы, ну, напэўна, нейкія рэзальныя інструмэнты накшталт крамянёвых нажоў ці скрабкоў”.
(Ракіцкі: ) “Мая госьця — археоляг Ніна Здановіч. Спадарыня Ніна, давайце, напэўна, пра беларускія рытуалы спажываньня ежы, і пачнем з посуду”.
(Здановіч: ) “Самы старажытны посуд — нэалітычны. Нэалітычныя гаршкі — аграмадныя, дзесяцілітровыя, меркавалася, што спажываньне зь іх было калектыўным, а жыцьцё віравала вакол гэтага, уладкаванага вакол камянёў ці ў ямцы вастрадоннага вялікага гаршка”.
(Ракіцкі: ) “Ці меў кожны зь едакоў сваю лыжку і ўсё, што трэба для яды? А можа, інструмэнты перадаваліся па крузе, зьяўляючыся своеасаблівым элемэнтам рытуалу — скажам, як люлька міру ў індзейцаў?”
(Здановіч: ) “Апошняе цалкам верагодна, можна нават уявіць сабе гэтыя кружкі вакол гаршка, радыюс якіх складаўся з даўжыні рукі разам з інструмэнтам, тым больш што ў сялянскім асяродзьдзі, нават у ХVІІІ стагодзьдзі яшчэ вядомы такі рытуал перадачы лыжкі ад аднаго да другога”.
(Ракіцкі: ) “А хто быў першым — ад каго перадавалася?”
(Здановіч: ) “Безумоўна, галоўным за сталом быў гаспадар”.
(Ракіцкі: ) “Калі зьяўляецца ў нас звыклы для эўрапейца стол?”
(Здановіч: ) “І зноў жа, мы можам меркаваць пра гэта па кераміцы. Яна паступова з вастрадоннай становіцца спачатку акруглай, а потым і пласкадоннай, і адбываецца гэта вельмі даўно, на працягу эпохі бронзы, прыкладна чатыры тысячы гадоў таму. Магчыма, ідэя звыклага нам драўлянага стала ўзьнікла ад зробленага зь дзірвана, ці выкарастанага прыроднага ўзвышша. І зь яго зьяўленьнем прынцыпова мяняецца арганізацыя прасторы вакол ёмістасьці зь ежаю. Вакол прастакутнага стала немагчыма разьмесьціцца кружком, і ў выніку колішні вялізны дзесяцілітровы гаршок як бы разьдзяляецца на некалькі трох-пяцілітровых”.
(Ракіцкі: ) “Гэта тэарэтычнае меркаваньне, ці ёсьць пэўныя археалягічныя знаходкі, падставы?”
(Здановіч: ) “Вядома, посуд бронзавага веку вельмі разнастайны формамі й памерамі — значыць, і прызначэньнем”.
(Ракіцкі: ) “А калі зьяўляецца начыньне толькі для аднаго чалавека?”
(Здановіч: ) “На сто адсоткаў мы можам гаварыць пра гэта толькі з эпохі жалеза, калі зьяўляюцца прывычныя сучаснаму чалавеку маленькія кубачкі з ручкаю”.
(Ракіцкі: ) “Ці заўсёды кераміка была каралевай стала? Ці тут існавала канкурэнцыя з боку іншых матэрыялаў?”
(Здановіч: ) “Яна была каралевай сярод ёмістасьцяў, у якіх гатавалі — паколькі самая трывалая да агню. Але на стале яна заўсёды канкуравала з драўляным посудам, пра што сьведчаць матэрыялы з раскопак гарадоў, у слаях якіх захоўваецца дрэва — Менск, Тураў, Берасьце.
Першыя міскі былі менавіта драўлянымі, а вось у ХІІ стагодзьдзі быў яшчэ адзін канкурэнт у керамікі — гэта шкляны посуд. Яны пануюць сярод посуду для пітва, пачынаючы з ХVІІ стагодзьдзя — гэта сапраўдная эпоха шклянога посуду. Таму што пачынаючы з ХVІ стагодзьдзя культура пітва ва ўсіх асяродках насельніцтва і ў адпаведнасьці з тым што пілі — ці піва, ці віны, ці медавухі — адпаведна разьвіваецца, і асартымэнт для посуду для пітва і пераважна шклянога”.
(Ракіцкі: ) “Спадарыня Ніна, у ХVІ стагодзьдзе ў Эўропе адбываюцца істотныя зьмены ў культуры спажываньня, у культуры побыту. Што мы можам сказаць пра старажытную беларускую дзяржаву таго часу?”
(Здановіч: ) “Падчас панаваньня эпохі адраджэньня ў Эўропе, эўрапейскія традыцыі перайшлі і на Беларусь, і мы можам сказаць, што культура застольля пачыная фармавацца з эпохі Адраджэньня. Сталовы посуд з дрэва і простай керамікі паступова зьмяняецца на паліваны, шкляны, мэталёвы — пачынаючы ад алавяных талерак у сялян, да посуду са срэбра ў дваранаў”.
(Ракіцкі: ) “Існуе паняцьце застольнага этыкету. Зь якіх традыцыяў ён складаўся ў беларусаў?”
(Здановіч: ) “Калі мы гаворым пра застольны этыкет, то тут найперш трэба рабіць градацыю ў залежнасьці ад сацыяльных слаёў. Няма застольнага этыкету ў прынцыпе, ёсьць канкрэтныя правілы паводзінаў за сталом у магнацкім асяродзьдзі, у сялянскім асяродзьдзі і гэтак далей”.
(Ракіцкі: ) “Які характар застольляў быў у магнацкім асяродзьдзі?”
(Здановіч: ) “Калі мы гаворым пра магнацкае застольле, то мы павінны мець на ўвазе, што застольлі ў магнацтва пераважна мелі сьвецкі характар — гэта былі балі. Паколькі фармавалася традыцыя гэтых баляў у эпоху барока, у эпоху ракако, то там была свая мэта — уразіць незвычайнасьцю і заваяваць сэрца сваёй гасьціннасьцю. У адпаведнасьці з гэтым фармуецца магнацкі этыкет”.
(Ракіцкі: ) “Усяму сьвету вядомая гасьціннасьць беларусаў: на стол выкладаецца апошняе дзеля госьця, каб сталы ажно гнуліся, частуюць да пакутаў. Беларус на сьвятах, балях, як іх называюць на вёсках, звыклы да прымусу. Што можна сказаць пра характар застольля сялянскага асяродзьдзя?”
(Здановіч: ) “Захоўваючы такі характар сялянскага застольля — і прымус, і гасьціннасьць — мы павінны мець на ўвазе, што сялянскі этыкет базуецца на прынцыпова іншай аснове, ён фармуецца на аснове абрадавых застольляў. І там застольле набывае характар рытуалу, у залежнасьці ад нагоды, зь якой сабраліся на тое ці іншае застольле. І разам з тым ёсьць непісаныя правілы, якія аб’ядноўваюць усе вядомыя сялянскія застольлі”.
(Ракіцкі: ) “Зрэшты, самі людзі разумелі, што была істотная розьніца паміж магнацкімі й сялянскімі застольлямі. Нават у ХХ стагодзьдзі ў асяродзьдзі сялянства засталося ўяўленьне пра адметнасьці шляхоцкага застольля. Сяляне казалі: “Яны ж шляхта, у іх кожны есьць з асобнай талеркі, а не з адной, як мы…” |
|
|
|
|