news programs realaudio contact archive
      Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Галерэя "Свабоды"

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Дадатковы Пошук


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


10 Кастрычніка 2002
 
Прэзумпцыя невінаватасьці
 
Вячаслаў Ракіцкі, Менск
 
Удзельнічае: гісторык Ян Шубанскі.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Сёньня, у час няпростага станаўленьня дэмакратыі ў Беларусі, мы гаворым пра неабходнасьць дакладна прытрымлівацца прынцыпаў прэзумпцыі невінаватасьці — ніхто, акрамя суду, ня можа прызнаць чалавека злачынцам. Але гісторык Ян Шубанскі цьвердзіць, што прэзумпцыя невінаватасьці, хоць яна так тады, напэўна, не называлася, існавала як зьява ў Беларусі ў ХV–XVII стагодзьдзях.

Ян, увогуле, калі мы кажам пра той час, ужываючы вось такія словаспалучэньні — “прэзумпцыя невінаватасьці”, ці ня грашым мы супраць ісьціны? Няўжо ў той час гэтае паняцьце было фактам правасьвядомасьці?”

(Ян Шубанскі: ) “Пытаньне насамрэч надзвычай цікавае. Адразу скажам, што ў дачыненьні беларускай гісторыі гэтае словаспалучэньне далёка не фантом, не прыгожы адраджэнскі міт, а рэчаіснасьць, якая выгодна адрозьнівала іх быцьцё ад нашай сучаснай штодзённасьці”.

(Ракіцкі: ) “Ян, якія словы ўжывалі тады для вызначэньня зьявы прэзумпцыі невінаватасьці?”

(Шубанскі: ) “Калі мы кажам пра лацінскія дакумэнты, то скарыстоўваўся такі самы адпаведнік. Але, калі казаць пра беларускую мову, то там фармулёўка гучала наступным чынам: “Ніякая абмова, яўная ці таемная, ня можа быць падставаю для пакараньня”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, маім госьцем гісторык Ян Шубанскі. Ян, а ці ёсьць якая-небудзь кропка адліку, які-небудзь закон ці прывілей, у якім дзяржаўная ўлада ўпершыню сьцьвердзіла гэты прынцып і надала яму характар заканадаўчага акту?”

(Шубанскі: ) “Так, такая падзея сапраўды добра вядомая гісторыкам. 2 траўня 1447 году Вялікі князь Казімір зацьвердзіў слынны прывілей шляхце і гараджанам, які вядомы беларускі гісторык Пічэта ў свой час назваў “беларускай вялікай хартыяй вольнасьці”. У гэтым прывілеі, між іншым, ён гарантаваў шляхце і месьцічам права на прэзумпцыю невінаватасьці і індывідуальную адказнасьць за зьдзейсьненае злачынства:

“Ніякая абмова — яўная ці таемная, — тых княжатаў, рыцараў, шляхціцаў, баяр месцічаў ня будзе падставаю для іх пакараньня, ні маёнткам, ні грашыма, ні вязьніцаю, ні крывёю, толькі вочы ў вочы, абодва супольна і яўна стануць на судзе, паводле права хрысьціянскага”.

(Ракіцкі: ) “Сапраўды, норма ў гэтым прывілеі прапісаная надзвычай дакладна, але, як ведаем, добры закон не заўсёды добра працуе… Як было ў гэтым выпадку?”

(Шубанскі: ) “Канечне, нельга забывацца і пра тое, што права моцнага ў фэадальным грамадзтве выконвала далёка не апошнюю ролю. Добра ведаем і пра практыку шляхецкіх наездаў, і пра сапраўдныя хатнія войны паміж магнатамі. Але разам з гэтым маем цэлы шэраг пераканаўчых прыкладаў, калі прэзумпцыя невінаватасьці, нават “гома баналіс” — “чалавека звычайнага”, была годна абароненая праз суд”.

(Ракіцкі: ) “Ян, а хто гэты звычайны чалавек? Толькі шляхціц?”

(Шубанскі: ) “Як сьведчаць дакумэнты, ня толькі шляхціцы, але і мяшчане, ды нават і сяляне маглі даводзіць праз суд сваю невінаватасьць. І, прычым, перамагаць на судовых працэсах”.

(Ракіцкі: ) “А якія мэханізмы доказу невінаватасьці мог скарыстаць абвінавачаны?”

(Шубанскі: ) “Як і сёньня, вельмі важнае значэньне надавалася паказаньням сьведкаў, наяўнасьці добрага адваката. Апошні быў звыклым элемэнтам тагачаснага беларускага прававога краявіду, пачынаючы з XVI стагодзьдзя. Ну і, натуральна, неабходнае было добрае веденьне тагачасных законаў”.

(Ракіцкі: ) “А ці магчымае, у прынцыпе, было судовае рашэньне на карысьць таго, хто меў меншую вагавую катэгорыю? Ці мог рэальна разьлічваць на праўду ў судзе той жа шляхціц, калі ён наважваўся судзіцца, скажам, з магнатам?”

(Шубанскі: ) “Натуральна, прававая роўнасьць была далёкая ад фактычнай. У судовых справах таго часу захавалася нямала скаргаў дробнай і сярэдняй шляхты на паноў ды магнатаў. Парушэньні ўладаньняў, наезды, зьбіцьцё ды падобнае. Пры ўсім гэтым, права, як афіцыйна прызнаная, сувэрэнная і найвышэйшая сфэра сацыяльна-палітычнай сыстэмы дзяржавы ўсё ж даволі эфэктыўна рэгулявала дачыненьні паміж рознымі саслоўямі.

Пагадзіцеся, далёка не ва ўсіх краінах звычайны прыходзкі сьвятар мог выклікаць у суд вышэйшага прадстаўніка духоўнай герархіі, як гэта адбылося ў 1570 годзе, калі валожынскі прыходзкі праваслаўны сьвятар паклікаў у суд мітрапаліта Іону ды выйграў працэс!

Яшчэ большыя складанасьці ўзьнікалі ў моцных сьвету гэтага пры спробе замаху на, хай сабе дробнага, але шляхціца. Так, у пачатку XVII стагодзьдзя, Крыштаф Манвід Дарагастайскі, які даведаўся пра амурныя справы сваёй жонкі з падданым, зьвярнуўся па параду да ейных братоў Януша і Крыштафа Радзівілаў — ці можа ён пакараць дробнага прысяжнага служку без наступстваў? Вялікі літоўскі маршалак баяўся, што яго паклікаюць у соймавы суд у справе аб забойстве шляхціца”.

(Ракіцкі: ) “Але гэта вы гаворыце пра шляхту, духавентва, хай яно сабе і шараговае. А вось як зь іншымі — з месьцічамі, зь сялянамі?”

(Шубанскі: ) “Месьцічы былі абароненыя нормамі магдэбургскага права. Разгляд справы правадзейнага месьціча ня мог адбывацца іначай, як у Магдэбургскім судзе. Мала было абвінаваціць, неабходна было давесьці слушнасьць абвінавачаньня.

Так, у 1594 годзе магілёўскую мяшчанку Акуліну абвінаваціў магілёўскі мяшчанін Аўдзей Цішкавіч, у якога яна служыла пакаёўкай, у тым, што яна зачаравала яго самаго і ягоных дзяцей і банальна абрабавала. Аднак магістрацкі суд, выслухаўшы паказаньні сьведкаў, якія аднастайна і аднагалосна сьведчылі, што “Акуліна з пачцівых месьцічаў, магілёўскіх ураджона і нікому злога не чыніла, абвінавачаньне супраць яе ня што іншае, як паклёп гаспадара, які не хацеў аддаць сваёй пакаёўцы запрацаваныя грошы”. У выніку гаспадар мусіў сплаціць кампэнсацыю і адстаяць кожны дзень па шэсьць гадзінаў на Ратушным пляцы ў нашыйніку каля ганебнага слупа на гандлёвай плошчы”.

(Ракіцкі: ) “На што маглі разьлічваць сяляне? Усе, хто вучыўся па савецкіх падручніках, памятаюць, што апісваліся вельмі змрочнымі фарбамі лёсы беларускага сялянства?”

(Шубанскі: ) “Савецкія падручнікі і рэаліі XVII стагодзьдзя — гэта дзьве розныя рэчы. Крыніцы сьведчаць аб зусім іншым стане рэчаў. Паводле прыкладу сваіх гаспадароў, шляхты, сялянскія грамады сталі захоўваць і прад’яўляць пры патрэбе судовыя, застаўныя лісты, ды іншыя дакумэнты, якія маглі пацьвердзіць іх традыцыйныя правы і абавязкі. Больш таго, крыніцы захавалі для нас пераканаўчыя сьведчаньні аб судовых справах паміж сялянамі ды іхнымі ўладальнікамі.

У 1590 годзе “пахожы”, гэта значыць, меўшы права пераходу ад аднаго ўладальніка да другога, сялянін Герасім Львовіч выйграў судовую спрэчку з сваім папярэднім уладальнікам — з судзьдзём (!) Іванам Быкоўскім, які абвінавачваў сяляніна ў незаконных уцёках. Гаспадар пры гэтым спасылаўся на норму Статуту 1588 году. Аднак сялянін адвёў закіды свайго былога пана, апэлюючы да права ды прэзумпцыі невінаватасьці:

“Уцекачом мяне, ваша міласьць, назваць нельга. Прыстойна ад вашай міласьці адстаў, а калі б зьбег, ведалі б аб гэтым улады і суседзі. І сучасны Статут для таго мала годны і вашай міласьці бескарысны, бо я ад вашай міласьці адстаў пры старым Статуце 1566 году”.

Пагадзіцеся, што сёньня няшмат знойдзецца ў Беларусі сялянаў, якія б так ведалі заканадаўства сваёй краіны. Спасылкі на статуты ды іншыя публічна-прававыя і прыватныя акты сустракаюцца і ў іншых судовых працэсах з удзелам сельскіх грамадаў, сялянаў, гараджанаў ды іншага люду паспалітага. Хто б што ні казаў, але ніхто ня можа адмовіць таго факту, што Вялікае Княства Літоўскае ніколі ня ведала сялянскіх войнаў і хваляваньняў, роўным расейскім пугачоўшчыне ці разіншчыне”.

(Ракіцкі: ) “Ян, вы прыводзілі ўразьлівыя прыклады, якія дэманструюць цудоўнае веданьне тагачаснай старабеларускай кантытуцыі простымі сялянамі. Скажыце, чаму, на ваш погляд, сёньняшнія беларускія сяляне ня могуць пахваліцца такім веданьнем законаў?”

(Шубанскі: ) “Адкажу пытаньнем на пытаньне: а навошта? Хіба сёньня веданьне закону гарантуе абарону вашых правоў у судзе? І хіба памылімся, калі прызнаем той факт, што сёньня паспалітаму чалавеку дамагчыся праўды, калі справа ідзе аб моцных сьвету гэтага, куды складаней, чым у XVI стагодзьдзі?

Леў Сапега ў імя свабоды як найвышэйшай каштоўнасьці чалавечага быцьця, заклікаў усіх быць нявольнікамі права. Ці зьяўляецца заклік Вялікага канцлера актуальным сёньня да большасьці беларускага грамадзтва? Пытаньне, як мне здаецца, нават не рытарычнае”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.