|
Аздоба беларускіх дахаў |
|
|
Вячаслаў Ракіцкі, Менск |
|
Удзельнік: гісторык і археоляг Алег Трусаў.
(Вячаслаў Ракіцкі: ) “У фальклёры і літаратуры цэлага шэрагу балтыйскіх краінаў, заходне-эўрапейкіх краінаў вельмі часта сустракаюцца таямнічыя, загадкавыя пэрсанажы — камінары. Камінары, якія ноччу могуць пранікаць у дом, якіх чакаюць і той жа час баяцца. Напэўна, мы, як нацыя вельмі блізкая да Эўропы, мелі таксама людзей гэтай прафэсіі. Але і ў нашым фальклёры, і ў нашай літаратуры слова “камінар” вельмі рэдка ўжываецца, затое можна прачытаць такое слова як “трубачыст”. Дык у нас былі камінары ці трубачысты?”
(Алег Трусаў: ) “Вядома, камінары. Тым больш, што той фальклёр, які ў савецкі час прапагандаваўся — гэта вясковы. А ў вясковых сялянаў не было ні камінаў, ні трубачыстаў, ні камінараў, тым больш, што вельмі часта іх хата наагул тапілася па-чорнаму. Печка зьяўляецца ў беларускіх сялянаў у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў, да гэтага не было і коміну — не было чаго чысьціць. Комін заўжды быў у шляхты, гандляроў, купцоў, рамесьнікаў”.
(Ракіцкі: ) “Маім госьцем — гісторык і археоляг Алег Трусаў. Хто яны — камінары? Чаму гэтая прафэсія была такой важнай для Беларусі?”
(Трусаў: ) “Пачынаючы з канца ХV — пачатку ХVІ стагодзьдзя, кафляная печ становіцца галоўным элемэнтам інтэр’еру любога заможнага будынку, як культавага, так і сьвецкага. І кафляная печ заўжды мела вельмі высокі цагляны комін, які наверсе даху трэба было даглядаць. Даглядчыкі за комінамі і атрымалі назву “камінар”, ад грэцкага “камінас” — “печ”.
(Ракіцкі: ) “Іх шмат было? Паважаныя людзі?”
(Трусаў: ) “Шмат. Нават у савецкіх пісьменьнікаў слова “камінар” ужываецца настолькі часта, што трапіла ў тлумачальны слоўнік. А вось слова “трубачыст” вы ня знойдзеце ў ніводным”.
(Ракіцкі: ) “Слухаючы вас, як бы міжвольна напрошваецца такое параўнаньне: камін бяз дымніку як джэнтльмэн без капелюша”.
(Трусаў: ) “Тым больш, што ў сапраўднага гаспадара заўжды над комінам павінен быць дымнік — спэцыяльнае збудаваньне, такі фігурны дашак, які закрывае комін ад дажджу і не дае птушкам зрабіць там гняздо”.
(Ракіцкі: ) “У мінулай перадачы мы з вамі гаварылі пра тое, што беларусы ў мінулым вельмі вялікае значэньне надавалі дахам, былі шыкоўныя пакрыцьці. А вось гэтыя коміны — яны таксама неяк аздабляліся?”
(Трусаў: ) “Так. Больш за тое, акрамя коміну ў беларускім будаўніцтве была такая зьява як брандмаўэр. Гэта цагляная сьценка ў драўляным доме, каб не было пажару. Унутры брандмаўэру ішоў комін. Напрыклад, у Лідзе краязнаўцы налічылі каля 40 хатаў з брандмаўэрамі — адна сьценка цагляная, астатнія тры драўляныя”.
(Ракіцкі: ) “А можна было адрозьніць дом аднаго гаспадара ад іншага па вось гэтым коміне ці паводле дымніка?”
(Трусаў: ) “Справа ў тым, што дымнікі былі самыя розныя. Калі гэта дымнік над культавай пабудовай ці над будынкам, дзе жыў сьвятар, то ён мог мець нават выяву скульптуры, накшталт анёла. Калі гэта дымнік над домам шляхты, то ён меў іншае ўпрыгожваньне, барокавае — разьба. Я ў свой час займаўся дымнікамі ХХ стагодзьдзя. Адзін з унікальных дымнікаў я бачыў у Мазыры — ён быў зроблены з каванага дроту. Нават менчукі пасьля вайны яшчэ ставілі дымнікі на даваенных хатах. І цяпер на лецішчах салідныя людзі ўсе ставяць дымнікі, таму што гэта проста зручна”.
(Ракіцкі: ) “Адзін з маіх суседзяў на лецішчы над дымнікам паставіў флюгер, ці, як больш дакладна сказаць па-беларуску, ветранік з нашым нацыянальным гербам “Пагоня” і з элемэнтамі свайго шляхецкага гербу — гэта таксама мае традыцыю ў Беларусі?”
(Трусаў: ) “І яшчэ больш глыбокую, чым дымнік, таму што ветранік — гэта візытоўка беларускага сярэднявечнага гораду:
“Адным з самых старажытных зьяўляецца ветранік з гербам уладальнікаў Любчанскага замку — Радзівілаў і датай 1581 год. Захаваліся шматлікія апісаньні магілёўскіх ветранікаў 17-га стагодзьдзя. Так, Трыюмфальную гарадзкую браму, збудаваную ў 1660 годзе над берагам рэчкі Дубровенкі, аздабляў складаны трох’ярусны флюгер у выглядзе бляшанай пазалочанай лятучай “Пагоні” — герба Вялікага Княства Літоўскага, сьцяжка і пазалочанай зоркі на самым версе. Ветранік на Ільінскай браме, што была збудаваная ў 1686 годзе, уяўляў сабою штыр вагою 26 фунтаў, на які былі прымацаваныя выразаныя з двох “аркушей” бляхі дзяржаўны герб “Пагоня” і непасрэдна сьцяжок ветраніка. Герб “Пагоня” быў пасярэбраны, а сьцяжок-флюгарка — пазалочаны. Ратушу ў мястэчку Смаляны пад Воршай у 18-м стагодзьдзі аздабляў ветранік зь дзяржаўным гербам “Пагоняй” — “медяной, позолоченной малярским золотом”.
У тым, што мы прачыталі, у асноўным гаворыцца пра такія віды ветранікаў, як замкавыя, потым гарадзкія. Гарадзкія былі на ратушах і на брамах. Напрыклад, культавыя ветранікі былі ў выяве анёла з трубою. Такі ветранік захаваўся на даху езуіцкага касьцёла ў Горадні. І вельмі была важнай выява дзяржаўнага герба. Плюс — элемэнт гарадзкога гербу ці ўласнага фэадальнага, магнацкага герба.
Больш таго, як толькі мы пачалі адбудоўваць Лідзкі замак, яшчэ ў савецкі час, там быў пастаўлены ветранік з Пагоняй, які па сёньняшні дзень упрыгожвае адноўленую вежу Лідзкага замку”.
(Ракіцкі: ) “Была нейкая традыцыйная форма?”
(Трусаў: ) “Формаў было некалькі. Гэта розныя сьцяжкі, вельмі модна было дату будаўніцтва выразаць. Самы старажытны замкавы ветранік, які мы маем зь Любчанскага замку, мае дату “1581 год”.
(Ракіцкі: ) “Можна правесьці паралель паміж формай ветраніка і выявай на ёй Пагоні з тымі сьцяжкамі, што былі на дзідах вершнікаў у войску Вялікага Княства Літоўскага?”
(Трусаў: ) “Можна. Справа ў тым, што і зараз тлумачальны слоўнік беларускай мовы перакладае флюгер — як адзін з варыянтаў — як сьцяжок, што прымацоўваўся да пікі вершніка. І вось бітва пад Воршай мае велізарную колькасьць такіх флюгераў-ветранікаў зь бел-чырвона-белымі крыжамі — гэта будучы нацыянальны сьцяг Беларусі. Традыцыя ставіць ветранікі зноў на Беларусі гаворыць аб тым, што мы пакрысе вяртаемся ў Эўропу”.
(Ракіцкі: ) “На замках магнатаў былі ветранікі. Яны самі іх прыдумлялі, ці прывозілі з Эўропы?”
(Трусаў: ) “На выявах Нясьвіскага замку вельмі добра бачныя малюнкі ветранікаў з гербам Радзівілаў. Ветранікі адрозьніваліся паводле матэрыялаў — самыя дарагія былі срэбраныя і нават з пазалотай. Невыпадкова Магілёўская ратуша мела ветранікі пазалочаныя — значыць, горад быў багаты. І былі спэцыяльныя майстры, якія малявалі ветранікі золатам. Ёсьць апісаньне, што “ветранік золатам намаляваны” — гэта значыць, што ён пакрыты сусальным золатам”.
(Ракіцкі: ) “Што яшчэ, акрамя дымнікаў, ветранікаў, упрыгожвала гэты дах?”
(Трусаў: ) “Элемэнтам упрыгожваньня любога даху быў вільчак — рабро, адкуль пачынаецца спад даху. У старажытнасьці ён звычайна накрываўся спэцыяльнай вільчаковай дахоўкай. Гэта былі такія велізарныя паўцыліндры, як труба, разрэзаная напалам, 50–60 сантымэтраў даўжынёй, якія з аднаго боку прыбіваліся да кроквы велізарным цьвіком, а з другога боку мелі дэкаратыўны шып у выглядзе галавы птушкі вышынёй да 12 сантымэтраў.
І вось такая вільчаковая дахоўка захавалася на касьцёле Сьвятой Ганны ў Вільні. Потым я знайшоў іх пры раскопках у Міры і ў старым замку ў Горадні. Зараз Мірскі замак аднаўляецца з выкарыстаньнем матэрыялаў накшталт дахоўкі ХVІ стагодзьдзя”.
(Ракіцкі: ) “Вось вы зараз гаворыце, а ў мяне думкі пайшлі ў вельмі канкрэтным і практычным кірунку: я, шчыра кажучы, зайздрошчу нашым балтыйскім суседзям, якія захавалі свае архітэктурныя формы, упрыгожваньні. Так хацелася, каб і мой Менск таксама выглядаў эўрапейскім горадам, але з жахам думаю, як бы выглядалі гэтыя ветранікі, дымнікі і вільчакі на савецкіх дахах?”
(Трусаў: ) “Ужо ў пасьляваенны пэрыяд зьніклі коміны, таму што перайшлі ад пячнога ацяпленьня да так званага паравога. І ўсе ўнікальныя кафляныя печы ў Менску проста выкінулі. Гэта было злачынства. І засталося іх вельмі мала — як помнікаў мастацтва. Па-другое, што датычыцца ветранікаў, то яны таксама для савецкай архітэктуры зьява нетыповая, таму што не хацелі вылучацца.
Для саветаў галоўнае — каб усё было шэрае, аднолькавае, а ветранік — гэта як у жанчыны капялюш, ніводная жанчына не апране такі самы капялюш, як у суседкі. І не было двух аднолькавых ветранікаў у Беларусі, іх было сотні, але ўсе розныя. І цяпер, як толькі пачалося індывідуальнае будаўніцтва, ветранікі і дымнікі зноў зьяўляюцца ў прыватных асобаў, і яны ўсе розныя. Гэта рэч, якая ня можа штампавацца, таму і не прыжылася за савецкім часам”.
(Ракіцкі: ) “Значыць, адзінае спадзяваньне на лецішчы і новыя катэджы, што будуюцца вакол сталіцы?”
(Трусаў: ) “Ня толькі. Думаю, новыя архітэктары, наша моладзь, якая адышла ад савецкага праектаваньня, увядзе гэты элемэнт у нашу архітэктуру. І такія спробы ёсьць. Напрыклад, падчас рэстаўрацыі пажарнай вежы ў Горадні зрабілі цудоўны ветранік з выявай пажарнага. Гэтая прыгажосьць зробленая гадоў 20 назад у Горадні. Ёсьць нешта падобнае на ветранік і на вежы над нашым мэтрапалітэнам — з выявай зубра.
Так што такія спробы ў Беларусі ўжо ёсьць, пакуль што няшмат, але, думаю, пры рэстаўрацыі нашага Верхняга гораду і іншых гістарычных цэнтраў, архітэктары будуць выкарыстоўваць ветранік як дэталь аздабленьня даху”. |
|
|
|
|