news programs realaudio contact archive
      Курапаты
    Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"
    Партрэт на Свабоду

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



28 Сакавіка 2002
 
Лаянка ў беларускай моўнай і побытавай традыцыі
 
Вячаслаў Ракіцкі, Менск
 
Удзельнічае: этнакультуроляг Тацяна Валодзіна

(Ракіцкі: ) "Дзьвесьце гадоў расейскага панаваньня на нашых землях ды каля васьмідзесяці савецкага закранулі ня толькі пэўныя палітычныя і сацыяльныя чыньнікі, але і паўплывалі на мову. І ўжо як бы ня сорамна публічна скарыстаць моцнае слоўца ці нават прачытаць яго ў газэце. Аднак сучасная моўная разьняволенасьць звузілася да гучаньня перадусім гэтак званага расейскага мату. Між тым, беларусы, як і абсалютна ўсе іншыя народы свету, вылаяцца, “выпусціць пару” ўмелі і сваёй моваю:

“Былі такія бабы, вельмі языкатыя ды такія заядлыя, што як пачнуць сварытца, то і хаджайства забудуць: кіне работу да ўсё крычыць, зьневажае, аж запеніцца, бы кручаны сабака. Няхай толькі хто зачэпіць, дык яна гатова ні піць, ні есці, а ўсё сварытца. А як з суседкай шчэпюцца, тады хоць вадой разьлівай, бы сабак. Зьбягуцца людзі, сьмяюцца, да кпінкі строяць, а бабы сварацца да зьневажаюць адна другую на чом сьвет стаіць і выдумоўваюць, што было й чаго не было, покуль так утомяцца й так ахрыпнуць, што голасу няма”.

(Валодзіна: ) "А якіх толькі моўных пэрлінаў у такі час не пачуеш — вылупак ты бяздушны; гіцаль, ведзьма з-пад чорнай гвязды; лыка ты сьвіное і дуда барысаўская — і гэтак да бясконцасьці. Нацыянальная інвэктыва ахапіла ўсе сфэры і прыроднага, і сацыяльнага, і віртуальнага жыцьця".

(Ракіцкі: ) "Маім госьцем — этнакультуроляг Тацяна Валодзіна. Спадарыня Тацяна, напачатку нам неабходна вызначыцца, што мы разумеем пад лаянкаю, брыдкаслоўем ці, моваю навукі, пад інвэктываю".

(Валодзіна: ) "Інвэктыўная, лаянкавая лексіка — гэта тыя словы, якія, з аднаго боку, некадыфікаваныя, не дазволеныя да выкарыстаньня ў культурнай сытуацыі і ў скрайніх сваіх пунктах катэгарычна забароненыя. Зь іншага боку, яны павінны быць вядомыя ўсім носьбітам мовы ў пэўнай сацыяльнай падгрупе".

(Ракіцкі: ) "Безумоўна, лаяцца непрыгожа. Але валодаюць інвэктыўнай лексікай ну амаль усе. Ці выглядае гэта толькі як праява нейкай нявыхаванасьці ці дурнога тону?"

(Валодзіна: ) "Не зусім. Пра надзвычайную архаічнасьць самой традыцыі выкарыстаньня моўных табу сьведчаць назіраньні лекараў за пацыентамі, што згубілі мову. Дык вось, такія людзі, без увагі на іх сацыяльны статус і ступень выхаванасьці, страціўшы ўвесь моўны запас, у пэўных сытуацыях успаміналі, вымаўлялі лаянкавыя словы. Адмыслоўцы прыйшлі да высновы, што гэтыя выразы зьмяшчаюцца на самым дне моўнага запасу чалавека".

(Ракіцкі: ) "Выглядае, што лаяцца людзі пачалі гэтак жа рана, як і гаварыць?"

(Валодзіна: ) "Калі не раней. Чалавек, якому хтосьці наступіў на мазоль, свайго крыўдзіцеля альбо аблае, альбо ўдарыць. І тое, і тое адначасна здараецца рэдка. Дык можа не памыляюцца тыя вучоныя, што кажуць: хто ўпершыню аблаяў свайго супляменьніка замест таго, каб моўчкі распаласаваць яму чэрап, угрунтаваў тым самым асновы нашае цывілізацыі".

(Ракіцкі: ) "У слоўніку Насовіча расейскі мат і сам звычай яго выкарыстоўваць завуцца рушчызнаю. Але, як паказвае практыка, беларусы выкарыстоўваюць такія словы даволі актыўна. Ці можна ўбачыць вытокі ўласна мацюканьня?"

(Валодзіна: ) "Вучоныя вылучаюць некалькі этапаў разьвіцьця брыдкаслоўя. Сваімі вытокамі яно сягае да рытуалізаваных, сакральных выразаў. І ў першых варыянтах на ўвазе маецца вярхоўны Бог Грымотнік і яго партнэрка Зямля. Грымотнік сваімі маланкамі і жыватворным дажджом апладняе зямлю і дае пачатак урадлівасьці.

Табу, строгая забарона на выкарыстаньне такіх формулаў прывяла да таго, што Бог пачынае замяняцца сабакам, а зямля напачатку жанчынаю, а затым і маці субяседніка. Літаральны сэнс мата выступае тады так: я, пёс, сьцьвярджаю, што меў дачыненне з тваёй маці".

(Ракіцкі: ) "Пры такой інтэрпрэтацыі брыдкаслоўе ўспрымаецца ўсё адно як брэх сабакі, так бы мовіць, “сабачы маналёг”. Відаць, невыпадкова ў самой мове замацаваўся выраз “л а я ц ц а” ў значэнні сварыцца".

(Валодзіна: ) "Безумоўна, не. У мове застаюцца закадаваныя аскепачкі такой сівой даўніны, што і каранёў ня бачна. Тут яшчэ можна прывесьці слова “брахаць” — сварыцца; выразы “ў яго з роту па сабаку скача”, “пускае касматага”, што азначае 'ён сварыцца'.

А тое, што зараз завецца “расейскім матам”, улучала сабаку як вытворцу табуяванага сорамнага дзеяньня. Як скарачэньне інвэктывы са здыманьнем непрыстойнага дзеяслова стаюць выразы тыпу “сукін сын” ці “агундар ты”, “кундаль-мундаль”, “цюцькаў сын” і інш."

(Ракіцкі: ) "Але чаму менавіта сабака, а не, прыкладам, мядзьведзь ці конь?"

(Валодзіна: ) "Сабака ў старажытных аповесьцях і адпаведных іканаграфічных выявах выступае як спадарожнік д'ябла. І ў адпаведных лаянкавых выразах сабака і д'ябал часта мяняюцца месцамі, Узгадаем “чорт зь ім” і “пёс зь ім”, і нават “пайшоў к чарцям сабачым".

(Ракіцкі: ) "Сярод абсцэнных выразаў значнае месца займаюць самыя розныя адсылкі, адпраўленьні ў тое ці іншае месца, і ня толькі, скажам, “ідзі ты ў лес” ці “ідзі ты ў баню”, але і месцы ў структуры самога цела. Што тут — імкненьне шакаваць ці глыбейшыя, магічныя карані?"

(Валодзіна: ) "Адсылка да полавых органаў расшыфроўваецца як адпраўленьне ў нябыт, туды, калі цябе яшчэ не было і адкуль ты зьявіўся. Згодна з запісамі, беларусы часьцей адсылалі ў азадак. Азадак у народнай культуры характарызуецца як нешта таямнiчае, цёмнае, нячыстае, нябачнае i нават небясьпечнае. Царкоўная мiстыка i сымболiка азадак чалавека таксама ўстойлiва зьвязала зь пякельнымi сiламi. Таму абсцэнныя выразы тыпу “iдзi ў зад” раней мелi магiчны сэнс, бо адсылалi фактычна на той сьвет цi, больш дакладна, у пекла".

(Ракіцкі: ) "Беларускія этнографы са зьдзіўленьнем фіксавалі і рэальнае агаленьне нізу ў вясковых, асабліва бурных сварках. Як можна вытлумачыць такія жэсты ў цэлым для прыстойных вясковых кабецін?"

(Валодзіна: ) "Рэальнаму агаленьню перад кiмсьці прыпісвалася тое ж значэньне максымальнай зьнявагі і падтэкст адсылкі на той сьвет. Чэслаў Пяткевіч у сваіх палескіх запісах ахарактарызаваў сварлівую жанчыну так:

“…сустрэнецца з кім-небудзь, дык па-добраму гаворыць, як толькі воласу перагарэць, а далей сварыцца, сварыцца. А калі ўжо вельмі надаесьць, то задзярэ сарочку і андарак па самы пуп і крычыць: Пацалуй мяне сюды! да завернецца задам: І туды!”

Далей зьбіральнік заўважае, што выразы тыпу “пацалуй мяне туды й туды” ўспрымаюцца як вялікі грэх, як зьнявага крыжу, бо хрышчоны чалавек цалуе крыж. І выразы гэтыя стаюць найперш багахульнымі".

(Ракіцкі: ) "Калі казаць пра даволі позьнюю традыцыю — ці захавала інвэктыўная практыка свае магічныя карані? Калі вылаяцца дазвалялася і навошта?"

(Валодзіна: ) "Лаянкавыя выразы выкарыстоўваліся як моўныя абярэгі супраць урокаў, узьдзеяньняў нядобрых вачэй. Дарэчы, узгадаем, як большасьць з нас рэагуе на камплімэнт. Мы пачынаем апраўдвацца ці нават выказваць у свой адрас зьневажальныя рэплікі, што выклікае непрыхаванае зьдзіўленьне ў прадстаўнікоў іншых культураў. А ў традыцыі апошнімі словамі абзывалі ўпыроў, шкодных дамавікоў, хадзячых нябожчыкаў:

“Калісь баба казала: памёрла яе нявестка. А яны дрэнна жылі. Дык у яе ноччу ў вакно кура ці пятун запяе. І па хаце крокі. Бацца ідзе-ідзе, на печ лезе. І ш-ш-шу па хаце. І за спадніцу цягне. Дык ёй параілі: як прыдзе, дык ты яе славамі ўсякімі дрэннымі абругай. Чаго ты прышла, такая ты гэткая, і па мацеры, па мацеры. І туды, і растуды. Як зрабіла я так, і перастала. А то цэлы год мучыла, цэлы год”.

(Ракіцкі: ) "Як заўважана, менавіта беларускі фальклёр вылучаецца найбольшай колькасьцю выслоўяў-праклёнаў, багацьце якіх магло б дараўнацца вычмуранасьці гэтак званага “расейскага” мату. Ці ёсьць тут якая заканамернасьць?"

(Валодзіна: ) "Існуе меркаваньне, што папулярнасьць праклёнаў дэтэрмінаваная гістарычнымі ўмовамі, у якіх складаўся лёс беларуса. І праклёны — ці не адзіная магчымая і легальная зброя, прымяненьне якой магло і ня мець сур'ёзных наступстваў. Праклёны — зброя безвыходнасьці і адчаю. Аднак усё ж падаецца, што сацыяльныя прычыны — ня самае галоўнае. Ва ўсе часы чалавек у напружаныя моманты дыялёгу мае патрэбу выявіць сваё стаўленьне да сумоўцы і вызваліць свае непадуладныя ў такі момант эмоцыі".

(Ракіцкі: ) "І ўсё ж практыка паказвае, што праклёны як зброю слабейшых у большай ступені выкарыстоўваюць жанчыны, мужчынам іх сацыяльная роля адводзіць “мацнейшыя” слоўцы. Важна тут тое, што такі “выпуск пары” шмат у чым сугучны паэтычнаму натхненьню".

(Валодзіна: ) “Праўда. Толькі ўслухаемся: “А закаціся жаркім сонцам пад кустом”; “А каб табе шашаль пяты патачыў”; “А каб ты свайго ценю баяўся”; “А каб цябе зьвіла ды скруціла…” Гэта мэнтальна-эмацыйная творчасьць. Адсюль — невычэрпнае багацьце выразаў-праклёнаў, яскравасьць іх вобразаў і паэтычных прыёмаў. Аднак і будучы прадметам моўнага мастацтва, праклёны не губляюць сваёй эмацыйнай моцы, аб чым і папярэджвае ўсіх нас Уладзімір Караткевіч:

"Старайся (але, вядома, не кату)
Сказаць адзіна верныя словы:
Замест:
О божа, будзьце вы клятыя!
Сказаць:
О божа, ды ўстаньце здаровы!"


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.