news programs realaudio contact archive
      Курапаты
    Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



27 Сьнежня 2001
 
Навагоднія варожбы.
 
Вячаслаў Ракіцкі, Прага
 
Удзельнічае: этнакультуроляг Тацяна Валодзіна

(Ракіцкі: ) “Вы чуеце крокі? Чуеце, як яны — яшчэ прыглушаныя, як быццам далёкія, але з кожнай хвілінаю ўсё больш выразныя, настойлівыя і нястрымана-рашучыя — усё бліжэй і бліжэй. Вы чуеце дрыготка-зацятую ўрачыстасьць часу, яго чаканьне, чаканьне злому, за якім — новы час, новае вымярэньне. Новы год.

І раскрываецца зямля, і ніжэй апускаецца неба. Адмыкаюцца ўсе магчымыя сховішчы і норы, каб адтуль выбухнула, вырвалася тая ўсюдыісная няўлоўная сіла, што ледзь дачакалася свайго часу. Імкнецца гэтае нябачнае войска да чалавека, каб падхапіць яго з сабою, завіхурыць-закружыць і адкрыць яму вочы і вушы. Зрабіць тайнае ўяўным, а невядомае — вядомым”.

(Валодзіна: ) “Таму і зьбіраюцца дзяўчаты ў сьвяточную навагоднюю ноч, каб зазірнуць у будучыню, каб скарыстацца з расчыненых межаў і запытацца пра свой лёс. Зьбіраюцца варажыць.

Зьбіраліся нашыя далёкія бабулі, зьбіраюцца і сёньняшнія модніцы ў гарадзкіх кватэрах. Зьмяніліся ў пэўным іх спадручныя сродкі, але схемы, стэрэатыпы засталіся ўсё тыя. Засталося жаданьне ўбачыць свайго суджанага, даведацца, адкуль ён, зь якое сям’і і як хутка зьявіцца да яе:

“Багатую куцьцю перад Новым годам яшчэ называюць Шчадрэц, ці Шчодры вечар. У гэты вечар дзеўкі й хлопцы гадаюць, якая ім будзе пара, якая іх сустрэне доля. Пасьля вячэры дзеўкі зубамі выцягваюць з новае страхі саломінкі. Каму трапіцца найдаўжэйшая саломінка, той хутка будзе ў пары. Калі саломінка з коласам, та дзеўка пойдзе замуж за хлопца, а калі бяз коласа — то за ўдаўца. Колас зь зярнятамі кажэ, што суджаны будзе багаты, а пусты колас значыць суджанага-галыша”.

(Ракіцкі: ) “Надзвычайная жывучасьць варожбаў відавочная. Чалавек, як і калісьці, упарта хоча ведаць сваю будучыню. Нашыя продкі цягалі зубамі саломінку, а сучасныя вучоныя дзядзькі складаюць гараскопы і нават друкуюць іх у сур’ёзных газэтах. А зоркавы прагноз — гэта тое ж гаданьне, загадваньне будучыні. Дык, у чым жа падмурак варожбаў, у чым іх сьветаглядная аснова, што падтрымлівае нашую адвечную цікаўнасьць?”

(Валодзіна: ) “Варожбы стаюць як свайго роду камунікатыўнае ўзаемадзеяньне чалавека з навакольлем (і зоркамі ў тым ліку), што выступае для яго крыніцаю інфармацыі. Сьвядомасьць у імкненьні зазірнуць за паверхню рэчаў і зьяваў пачынае гадаць, інтэрпрэтаваць знакі навакольля ў азначаных формах.

Так, у аснове шматлікіх спосабаў варажбы ляжаць вераваньні ў тое, што пры выкананьні пэўных умоваў чалавек можа з дапамогаю звышнатуральных сілаў атрымаць знакі, у якіх "зашыфраваны" ягоны будучы лёс, і правільна вытлумачыць іх”.

(Ракіцкі: ) “Атрымліваецца, што падчас варожбаў ладзіцца кантакт з насельнікамі іншасьвету. Але ўвайсьці ў такі кантакт — справа далёка ня простая. Што меў зрабіць дзеля гэтага просты цікаўны?”

(Валодзіна: ) “Посьпех у сустрэчы з духамі самага рознага парадку забясьпечваўся цэлым комплексам умоваў, якія ўсе ў сукупнасьці й кожны паасобку былі накіраваныя на здыманьне межаў паміж сьветамі й атрыманьне з “таго” боку адпаведнага знаку.

Каб усталяваць кантакт, той, хто зьбіраўся варажыць, здымаў крыж і пояс — “размыкаў” абарончую мяжу, разьвязваў вузлы, дзяўчаты распляталі косы, часам распраналіся, заплюшчвалі вочы, рабілі ўсё моўчкі. Найбольш прыдатным для варажбы час вылучаўся межавымі, пераломнымі характарыстыкамі. Найперш, гэта — Каляды, а ў сыстэме сутак — поўнач”.

(Ракіцкі: ) “А што тычыцца месца варажбы, куды найахвотней зьяўляліся духі і, галоўнае, дзе станавіліся яны адчыненымі да кантакту?”

(Валодзіна: ) “Спрыяльнымі для дасягненьня мэтаў варажбы ёсьць месцы нежылыя (лазьня, хлеў, пуня і да т.п.) і “памежныя” (тыя, што асэнсоўваліся як межы паміж сваім і чужым — печ, парог, кут, вароты, калодзеж, ростанькі, магільнікі й інш.). Асобныя месцы набывалі сакральны статус толькі ў часе сьвятаў, прыкладам, двор, дзе смалілі парсючка да Калядаў:

“Дзеўка бярэ ў зубы тую косьць, што варылася ў куцьці, нясе яе на тое месца, дзе смалілі сьвіней к Калядам, становіцца на том вогнішчы да і слухае, у яком боцы забрэшуць сабакі ці запяе пявун, то ў той бок пойдзе замуж. Калі ж закрычыць сава, то будзе вельмі вялікае ліха, бо яна родзіць байстручка”.

(Ракіцкі: ) “Але ж у саміх варожбах рэдка сустрэнеш наўпроставыя звароты да нячыстага. Дый неяк і не ўвязваюцца любоўныя намеры з чартоўскаю сфэрай”.

(Валодзіна: ) “Між тым, тэксты прыгавораў пры варожбах дэманструюць звароты да сьвятых, продкаў, марозу, сьвіньні, месяца — а фактычна да іншага, вышэйшага, сакралізаванага сьвету. У іншых выпадках зьвяртаюцца да пэрсаніфікаваных атрыбутаў — грэбеня (“Грабянец, грабянец, чашы косы пад вянец, дай мне знаці, з кім у пары стаці”), куцьці, мяшка, якія гэтаксама выступаюць як маркёры таго сьвету ці сымбалі-мэдыятары”.

(Ракіцкі: ) “Але ж ролю пасярэднікаў між сьветамі выдатна выконвалі і жывыя істоты — птушкі, жывёлы. Ці зьвярталіся па дапамогу да іх?”

(Валодзіна: ) “У нас такой жывёлінай-вестуном, і ня толькі ў варожбах, быў сабака. І падмацоўвалася тое ягонай выразнай мужчынскай сымболікай.

“На Шчадраца дзеўкі выпякалі кожная аладку і прыносілі ў адну хату. Раскладвалі аладкі на парозе ў рад. Потам прыводзілі сабаку. І той ужо, у якім парадку зьесьць іх (а адну за адной ня еў — спачатку кожную панюхае!), у такім парадку дзяўчаты замуж пойдуць. А бывае, возьме чыю аладку, зацягне куды і ня зьесьць, то быць той у старых дзевах”.

(Ракіцкі: ) “Шэраг варожбаў заснаваны на вырашэньні апазыцыі "цотны–няцотны", "парны–няпарны": прыносілі бярэмя дроваў, абдымалі плот са словамі: "кол, калец, удавец, маладзец". Відаць, маладыя людзі рабілі гэта ў жаданьні знайсьці сваю пару?”

(Валодзіна: ) “Відавочна, усе любоўныя варожбы кіраваліся да магічнага праграмаваньня шлюбу. Але міталягічная аснова такіх павер’яў надзвычай глыбокая, бо супрацьпастаўленьне “цотны–няцотны” суадносіцца з уяўленьнямі пра жыцьцё і сьмерць.

Дарэчы, колькасьць дзяўчат у часе варожбаў таксама актуалізавалася, бо існавала перакананьне, што патрабуецца няцотны лік, а “да пары” зьявіцца менавіта нячыстая сіла, якая і перадасьць сакральную інфармацыю”.

(Ракіцкі: ) “Відаць, самай папулярнай сёньня варажбой ёсьць загадваньне перад сном у новым месцы, калі дзяўчаты кажуць: “Сплю на новым месьце, прысьнісь, жаніх, нявесьце”. Тут ужо, як бачым, у наяўнасьці зваротак менавіта да хлопца, мужчыны, а не да нейкага там чорта”.

(Валодзіна: ) “Абсалютная большасьць варожбаў-зваротаў да жаніха вымаўлялася перад сном і была зьвязаная з разгорнутым сымбалічным дзеяньнем:

“На Каляды ваду замыкалі, поўнае вядро прыносілі, каб ніхто не зачарэпнуў, каб не загаварыць, пад краваць ставілі проці галавы, а ключ пад галаву клалі і загадвалі: “Суждзёны-раждзёны, прысьніся мне, з кім я буду гэту ноч начуваць і век векаваць”.

Зьмест чаканых сноў дэманструе шырокі дыяпазон традыцыйных паэтычных мэтафараў, пры дапамозе якіх апісваецца шлюб наогул і інтымныя дачыненьні ў прыватнасьці: “прыйдзі штаны адзяваць”, “прыйдзі маю пшаніцу паліць”, “прыйдзі ка мне ў рошчу гуляць”, “мілы мой, напой вадой”.

(Ракіцкі: ) “Але чаму тады калядныя варожбы бачыліся ў народзе як асабліва страшныя? Чаму ўбачыць каханка магло прадвяшчаць бяду і нават сьмерць?”

(Валодзіна: ) “Невыпадковасьць знака жаніха ў рытуале варажбы, яго прадвызначанасьць на пэўным, рытуальным роўні дазваляюць меркаваць пра яго як пра свайго роду пасланца таго сьвету, фактычна як пра духа продка, які, валодаючы інфармацыяй, набывае патрэбнае аблічча і зьяўляецца да дзяўчыны.

Дарэчы, гэтыя два пэрсанажы — нябожчык і жаніх — нярэдка зьліваюцца ў адным вобразе: узгадаем жаніхоў-мерцьвякоў у балядах. У гэтым пляне асабліва паказальныя варожбы зь люстрам, калі строга забаранялася блізка падпускаць да сябе выяву жаніха, “каб не задушыў”, “не пацягнуў на той сьвет”:

“Як дзяўчына ўжо хоча гадаць на Шчодрыка, то ўжо зь вечара да нікога ня бае, пасьля вячэры люстра бярэ і лезе на печ і дзівіцца ў люстра да ночы. Перш здалёк пакажацца, а ў поўнач падае руку, але ж барані Божа яе ўзяць, нада люстра задам перакінуць, бо схопіць. А як углянеш бабу, то закрый зразу, бо прыйдзе да задавіць. І задаўлівало, хто не закрые. А так праўда — каго ўбачыш, за таго і замуж пойдзеш”.

Такім чынам вылучаныя папярэдне звароты ў варожбах да міталягізаваных пэрсанажаў ці да меркаванага жаніха набываюць аднолькавы статус зваротаў да таго сьвету”.

(Ракіцкі: ) “А Новы год усё бліжэй. І паўсюль заміраюць дзявочыя сэрцы ў прадчуваньні сустрэчы, няхай сабе сёньня ў сьне ці ў адбітку ў люстры — але абавязкова сустрэчы, што спраўдзіцца, стане іх самай важнаю жыцьцёвай сустрэчай…”


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.