news programs realaudio contact archive
      Курапаты
    Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



7 Сьнежня 2001
 
Разумовыя і псыхічныя адхіленьні чалавека ва ўсьведамленьні архаічнага грамадзтва
 
Вячаслаў Ракіцкі, Менск
 
Удзельнічае: этнакультуроляг Тацяна Валодзіна

(Ракіцкі: ) "Ён з дуба зваліўся, у яго зрух па фазе, дурны як бот; у яго ня ўсе дома; шарыкі за ролікі заехалі, у яго мухі ў галаве, дах паехаў — усе мы чуем гэта шматкроць і самі так кажам. Ведама, пра каго — пра чалавека не зусім разумнага ці проста дзіўнага.

Але чаму кажам менавіта так? Чаму зваліўся з дуба, а ня зь ліпы, і чаму як бот, а не як штаны? Гэта палёт фантазіі, імправізаваньне альбо тут адбіліся падставовыя схемы і погляды?"

(Валодзіна: ) "Адказаць на гэтыя пытаньні можна толькі ўзьняўшы глыбінную і дасюль яшчэ не ацэненую напоўніцу тэму "Мова і культура". Мова, словы і выразы, будова сказаў і сэнсаў — найперш тое, што закансэрвавала, данесла да нас у нязьмененым выглядзе веру і погляды нашых самых далёкіх продкаў. І ня толькі данесла, а і сёньня на роўні падсьвядомасьці і архетыпаў вызначае нашыя стэрэатыпы мысьленьня і паводзінаў, а значыць, трансьлюе іх надалей.

Тое ж можна казаць і пра ўстойлівыя абазначэньні разумовых недахопаў. Іх сымбалічныя вобразы і асацыяцыі караняцца ў сыстэме міталягічных ведаў, у структуры самое карціны сьвету".

(Ракіцкі: ) "Большасьць абазначэньняў разумовых і псыхічных адхіленьняў, як заўважылі, разгортваецца вакол паказаньня на галаву. І гэта, відаць, зыходзіць ня толькі з рэальных асаблівасьцяў чалавека?"

(Валодзіна: ) "Галава, як і іншыя часткі цела, яго мікракосм, знаходзіць сымбалічныя адпаведнікі ў мікракосмах хаты, хатняга начыньня і нават адпавядае элемэнтам макракосму — нябесным сьвяцілам і самому небу. Ужо нават этымалягічна галаве з элемэнтаў хатняга начыньня адпавядае гаршчок — адпаведна недахоп розуму апісваецца, як на Палесьсі: "котёлок ны варыть".

(Ракіцкі: ) "Але ў кацялках не бывае клёпак, чаму тады кажуць, што "яму клёпкі не хапае".

(Валодзіна: ) "Гэтыя выразы абапіраюцца на супастаўленьні галавы з бочкай, цэласнасьць і якасьці якой забясьпечваліся наяўнасьцю і колькасьцю адмысловых клёпак. Існавала павер'е, што ў дзяжы, якая мела іх парную колькасьць, цеста будзе ўдавацца лепш. У посудзе зь няпарнай колькасьцю клёпак — ці ў дзяжуне — наадварот, цеста не падымалася.

У этнаграфічнай літаратуры апісваюцца выпадкі, калі пры куплі дзяжы лічылі клёпкі і, калі патрабавалася, дадавалі яшчэ адну, каб дзяжуна пераўтварыць у дзяжу. Недахоп альбо пашкоджаньне гэтых клёпак рабіла бочку непрыдатнай у гаспадарцы, а яе сымбалічны аналяг — галаву — дурнаватай: таму і клёпкі ў галаве не стае".

(Ракіцкі: ) "Бракаваць у галаве можа ня толькі клёпкі, але і кроквы — як у выразе "адной кроквы не хапае". Атрымліваецца, што галаву можна раўнаваць і да хаты?"

(Валодзіна: ) "Безумоўна, нават у загадцы "Стаіць стоўб, на тым стаўбу хата". Ізаморфнасьць галавы і хаты стала грунтам выразаў "у яго ня ўсе дома" і "хата на клямцы"; сучаснага "галава як Дом Саветаў". У іншых выпадках з галавой, верхам чалавека, атаесамляецца страха, і тады пра неразумнага кажуць "дах паехаў" і дадаюць і "падмурак трэснуў".

(Ракіцкі: ) "Так, галава паўстае перад намі як замкнёнае, цэласнае ўтварэньне, можа, нават, як нейкі мэханізм, бо кажуць жа "шарыкі за ролікі заехалі".

(Валодзіна: ) "І нездарма, бо ўсе тапаграфічныя аналягі галавы моваю фразэалягізмаў сьцьвердзілі неабходнасьць парадку ў гэтай частцы цела. І толькі ўпарадкаванасьць зьместу забясьпечвае нармальнае функцыянаваньне розуму. Калі ж у гэтай сыстэме, структуры пачынаецца разлад, правакуюцца і разумовыя адхіленьні".

(Ракіцкі: ) "А ў чым лёгіка параўнаньня дурня з ботам? Прыгадаем: "дурны як бот" ці нават "як бот зь дзіркай на левай пяце"?"

(Валодзіна: ) "У дадзеным выпадку актуальным стае супрацьпастаўленьне галава — ногі, што выступае больш прыватнай рэалізацыяй апазыцыі верх — ніз. Калі элемэнты верху зьмяшчаюцца ўніз, альбо, наадварот, ніз займае месца верху, у дадзеным выпадку — галавы, яе разумовыя здольнасьці значна зьмяншаюцца.

Таму адсутнасьць розуму ў шэрагу фразэалягізмаў апісваецца праз рэаліі цялеснага нізу, што ўзялі на сябе функцыю мысьленьня. Па-першае, гэта ногі, абутак: "Думай галавой, а не пятой"; "Больш у яго розуму ў пяце, чым у цябе ў галаве" ці месца ніжэй сьпіны — у грубаватай лаянцы — "У цябе ў ж… мазгі".

(Ракіцкі: ) "Пакуль гаворка ішла пра рэаліі культуры ў "тэксьце" дурноты. Якое месца займаюць тут прыродныя зьявы?"

(Валодзіна: ) "Недахоп у сфэры мысьленьня можа апісвацца праз паказаньне на наяўнасьць у галаве жывых істотаў — мышэй, зайцаў: прыкладам: "З зайцым у голаве". Гэтыя дробныя шэрыя жывёліны ў традыцыйных уяўленьнях маюць выразныя хтанічныя рысы.

Але сэмантычная мадэль "нехта ў галаве" часьцей зььмяшчае насякомых і найперш мух — "у яго мухі ў галаве"; "ах галава два вухі, а ў галаве даўбуцца мухі", што нярэдка рэдукуецца да фрагмэнту ‘з мухамі’ — "ён трохі з мухамі". Усіх "насельнікаў" неразумнай галавы — насякомых, дробных птушак і жывёлін — аб'ядноўвае іх невялікі памер і мітусьлівасьць у паводзінах, што ўсё разам стварае эфэкт мільгаценьня, стракатасьці, мітусьні, абагулены ў паказальным польскім выразе "ma pstro w glowie" (мець страката ў галаве).

(Ракіцкі: ) "Ня раз даводзіцца чуць і выразы кшталту "з дубу ляснуў". Тут ужо гаворка пераводзіцца да расьліннага коду".

(Валодзіна: ) "Так, пры абазначэньні разумовых адхіленьняў удзельнічаюць і расьліны, прычым тыя, адметнасьцю якіх ёсьць ідэя пустога, непатрэбнага, сухога: "мякіна ў галаве"; "мех з саломай"; "голова соломою набыта".

Чыйсьці ня вельмі разумны ўчынак абазначаюць і згаданыя выразы "з дуба зваліўся"; "з дуба на кактус". Але як гэта — зваліўся з дуба? Аказваецца, і тут не фантазія, а працяг народных поглядаў, бо на Тройцу сьпявалі:

Русалачкі, зямляначкі,
На дуб лезьлі, кару грызьлі,
Зваліліся, забіліся,
Тройца.

Як бачым, тут аналёгіі чалавека, што "з дуба ляснуў", і дэманалягічнага пэрсанажу. І на Купальле на дуб лезла ведзьма ды зьляталіся зьмеі. Тройца, Купальле як час каляндарнага пералому выступае ў якасьці пераходу з расьліннасьці ў зямлю, у ваду розных дэманаў. Таму дзіўнаватыя паводзіны чалавека, як, дарэчы, і неахайны зьнешні выгляд, прыпадобілі яго да нячыстай сілы".

(Ракіцкі: ) "І што, зацямненьне розуму наўпрост зьвязвалі з дэманічнымі пэрсанажамі?"

(Валодзіна: ) "Беларусы казалі: "Дамавік як напусьціць туман на глузды, што гаспадыня неўпамкі тройчы пасоліць боршч ды як адурнее". Захоўваецца і вера ў псыхічныя ды разумовыя хібы, зьвязаныя з пранікненьнем у цела д'ябла:

"Як чорт паселіцца ў чалавеку, то вельмі над ім знушчаецца: выкрыўляе яму рукі і ногі, самога гне ў дугу або раскарачывае, бы нача крокву на хаце. Але ж сама страшна, што розум яго ды гаворку так скаламуціць, што нічога не разьбярэш, толькі чэрці, што снуюцца кругом чалавека, усё адгадываюць ды дражнюцца зь ім".

(Ракіцкі: ) "Асабліва сярод моладзі модна зараз пакпіць: "цябе, відаць, маці ўніз галоўкай упусьціла". Гэта толькі жарт ці і тут прыхаваныя сьветаглядныя схемы?"

(Валодзіна: ) "На інтэлектуальныя здольнасьці чалавека аказвала ўплыў любое адступленьне ад традыцыйнай рэглямэнтацыі родаў і хрэсьбіннага рытуалу — тут успомнім "дурны цябе поп хрысьціў". Разумовыя адхіленьні маглі аказацца вынікам зачацьця дзіцяці ў пост, на Дзяды, калі аб'ядноўваліся чалавечы і замагільны сьветы.

Істотныя і паводзіны будучай маці — цяжарная не павінна была стрыгчы валасы, каб не ўкараціць дзіцяці розум".

(Ракіцкі: ) "Валасы і розум? Якая тут можа быць сувязь?"

(Валодзіна: ) "Яна ёсьць, і вельмі істотная. Можна назваць хаця б такую шырока вядомую парэмію як "Волас доўгі, а розум кароткі". Валасы і розум (мова) супастаўляліся перадусім у якасьці асноўных прыкметаў жывёлаў і людзей: жывёлы характарызуюцца наяўнасьцю поўсьці і адсутнасьцю дару думаць і гаварыць, чалавек — здольнасьцю думаць і адсутнасьцю поўсьці. Таму абавязковай у бальшыні культураў становіцца рытуалізацыя першага подстрыгу дзіцяці, што аддаляе яго ад жывёльнага сьвету, сьвету прыроды, "разьвязвае яму язык і розум" і ўрэшце вызначае статус чалавека.

(Ракіцкі: ) "А як быць з асабліва папулярным сёньня выразам "зрух па фазе"? Гэта хто і зь якое фазы тут зрушыўся?"

(Валодзіна: ) "Тут, відаць, мае месца зварот да коду астральнага. Для выражэньня значэньня "псыхічна няўстойлівы" на Палесьсі ўжываецца слова "пламета": "Найшла на його пламета". У тураўскіх гаворках "апламідзець" азначае "адурнець", "пламетны" — псыхічна хворы.

А на поўначы Беларусі пра троху дурнаватага казалі — "прылунелы", "луняваты", "лунь ты балотны", "ходзя як лунь па небу". Відаць, гэтыя словы ўзьніклі на падставе веры ў повязі стану псыхікі з рухам плянэт. Наогул, луна або месяц у народных уяўленьнях аказвалі значны ўплыў на здароўе чалавека — яны нават маглі пазбавіць чалавека сьвядомасьці і давесьці да абмарачэньня:

"Калі чалавека месяц з тропу саб'е, нада на поўню, апоўначы, каб той толькі ня ведаў, абвесьці на падлозе месячнае сьвятло і потым пакласьці хворага на тое месца на цэлую гадзіну. Паўтараць тое трэба да чацьвёртага разу ўвесь месяц і менавіта на поўню. Тады той чалавек і хадзіць ня стане, і адразумнее".

(Ракіцкі: ) "Кажуць жа "дурню і бог дарогу саступае". Але гэта ўжо зусім пра іншае".


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.