news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



8 Лістапада 2001
 
Мова беларускіх могілак.
Удзельнічае гісторык і археоляг Алег Трусаў.
 
Аўтар і вядучы Вячаслаў Ракіцкі, Менск
 
(Ракіцкі: ) "Чалавек памірае, адыходзіць, як кажуць, у іншы сьвет. Але на зямлі яму застаецца месца. У выглядзе курганку-магілы, надмагільля, помніка. З надпісам ягонага імя і эпітафіі. Імя памерлага не зьнікае з прасторы, у якой ён жыў, яно працягвае заставацца і ў бягучым часе.

Чаму людзі падпісваюць магілы?"

(Трусаў: ) "Гэтая традыцыя вельмі даўняя. Па-першае, яна зьвязаная з узьнікненьнем пісьмовасьці, а па-другое, з адасабленьнем чалавека з роду, значыць зь яго індывідуальнасьцю. Толькі індывід, толькі ўласьнік маёмасьці мае права на подпіс свайго надмагільля".

(Ракіцкі: ) "Маім госьцем гісторык і археоляг Алег Трусаў. Спадар Алег, маёмасьць была напэўна і ў вельмі даўніх продкаў. Калі людзі пачалі падпісваць магілы? А раней яны хіба не ўшаноўвалі сваіх продкаў? Як ведама подпіс магілы — гэта памяць. Гэта дазваляе наступным і наступным пакаленьням прыходзіць да магілы, каб пакланіцца сваім продкам. Што раней было?"

(Трусаў: ) "Калі мы зьвернемся да гісторыі, то культ продкаў яшчэ пачынаецца з каменнага веку. Але да зьяўленьня хрысьціянства на Беларусі ўсе могілкі былі родавымі, племяннымі.

Кожны род меў свой родавы могільнік, а паколькі пісьмовасьць у нашых продкаў зьявілася даволі позна, у канцы Х стагодзьдзя, то й падпісваць яны не маглі, бо ня ўмелі. Акрамя ўсяго іншага ў гэтым не было патрэбы, бо кожны род дакладна ведаў, хто дзе ляжыць. Больш за тое, калі нейкі суродзіч гінуў за межамі дасягальнасьці роду і яго цела нельга было альбо крэміраваць, альбо закапаць у зямлю, то суродзічы ў яго памяць рабілі гэтак званы кенатаф — мэмарыяльнае пахаваньне (пусты курган альбо пустое бескурганнае пахаваньне). Таму кенатафы — даволі частая зьява ў нашых насельнікаў жалезнага веку".

(Ракіцкі: ) "Увогуле ў гісторыі чалавецтва калі ўзьнікаюць імянныя пахаваньні? Чыя гэта традыцыя?"

(Трусаў: ) "Гэта традыцыя антычнага сьвету. Першымі свае надмагільлі пачалі падпісваць стражытныя грэкі, этрускі, а ўсьлед за імі — рымляне. І гэта не выпадкова, таму што менавіта Афінская дзяржава ўпершыню ўвяла прыватную ўласнасьць на зямлю, і толькі ўласьнікі мелі права падпісаць сваю магілу. Раб ня меў магілы. Яго проста закапвалі ў зямлю".

(Ракіцкі: ) "Абмежаванасьць свабоды!"

(Трусаў: ) "Так. І надпіс мелі толькі багатыя людзі. І чым багацейшы быў чалавек, тым больш ён меў правоў — ня толькі на надпіс імя й прозьвішча, але й на гэтак званую эпітафію. Менавіта грэкі пісалі нябожчыкам розныя вершы, прысьвячалі выслоўі па тыпу "momento mori" — "памятай пра сьмерць". У многіх магілаў старажытных грэкаў, рымлян эпітафіі зьяўляліся творамі мастацтва, пісаліся найлепшымі паэтамі".

(Ракіцкі: ) "Калі на беларускіх землях узьнікае традыцыя імянных могілак? Калі ўзьнікае традыцыя надпісаў на помніках, эпітафіяў?"

(Трусаў: ) "Дарэчы, гэтая тэма зусім не дасьледаваная, але наколькі мне вядома, з прыняцьцем хрысьціянства доўгі час захоўваўся абрад родавых пахаваньняў. Яшчэ ў Х, ХІ, ХІІ стагодзьдзі людзей хавалі ў курганах, і ніякіх надпісаў на тых курганах не было.

Аднак наша эліта пачала сваіх нябожчыкаў хаваць не ў курганах, а ў храмах альбо вакол іх — у гэтак званыя храмы-спачывальні, прыкладам, як у Полацку. Ня выключана, што яны мелі надпісы, проста яны да нас не дайшлі. Мы ж ведаем, што першыя надмагільныя надпісы ўзьніклі дзесьці ў ХVІ стагодзьдзі. Адна з унікальных надмагільных плітаў захоўваецца ў Пінскім музэі. Гэтае надмагільле аднаго зь пінскіх рамесьнікаў ХVІ стагодзьдзя падпісанае на старажытнабеларускай мове".

(Ракіцкі: ) "Першыя надпісы ўзьнікаюць на старажытнабеларускай мове. Сёньня на каталіцкіх могілках надпісы пераважна па-польску, на праваслаўных — па-расейску. Калі адбылася вось гэта дыфэрэнцыяцыя моваў?"

(Трусаў: ) "Гэта яскравая прыкмета паступовай асыміляцыі й палянізацыі нашага народу. Калі мы возьмем ХVІ-ХVІІ стагодзьдзе, то мы бачым, што акрамя старажытнабеларускай мовы, на пахаваньнях ксяндзоў і багатых шляхцюкоў часта выкарыстоўвалася латынь — афіцыйная мова тагачаснага касьцёла.

У ХVІІ-ХVІІІ стагодзьдзі старабеларускую мову паступова выцясьняе польская, і пад канец ХVІІІ стагодзьдзя большасьць эпітафіяў не па-латыні, не па-беларуску, а па-польску. Пасьля таго, як наш край быў забраны расейцамі, старая традыцыя надпісаньня магіл у шляхцюкоў засталася па-польску да паўстаньня 1830–31 гадоў, асабліва да ліквідацыі ўніяцтва.

Апошняя "кропка" ў гэтай справе — паўстаньне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Калі паўстаньне было падаўленае, русіфікацыя, якую праводзіў граф Мураўёў, кранула й надмагільлі. З гэтага часу могілкі падзяліліся на расейскія — праваслаўныя й польскія — каталіцкія. Беларускім могілкам месца не было. Дый ня трэба забываць, што падпісвала свае магілы толькі шляхта. Рамесьнікі, сяляне ня мелі звычкі падпісваць свае пахаваньні да канца ХІХ – пачатку ХХ стагодзьдзя, бо яны былі непісьменныя. Такім чынам мы можам казаць толькі пра эпітафіі шляхты, магнатэрыі".

(Ракіцкі: ) "Дарэчы, на нашых землях заўжды мірна існавалі й іншыя народнасьці. Як падпісвалі магілы габрэі, мусульмане, якія тут жылі?"

(Трусаў: ) "Гэта наагул унікальная рэч. Напрыклад нашыя мусульмане падпісвалі надмагільныя камяні сваіх нябожчыкаў арабскімі літарамі па-беларуску — і вельмі часта. Больш таго, гэтыя могільнікі называюцца "мізарамі" й зьяўляюцца ўнікальнымі помнікамі эўрапейскай мусульманскай культуры.

А габрэі нашыя падпісвалі як на ідышы, гэдак і на іўрыце, тым больш ідыш як гутарковая мова пераважала. І надпісы на ідыш дажылі да ХХ стагодзьдзя. Ёсьць яшчэ надпісы "двайныя"на некаторых могілках Менску, пасьляваенныя. Спачатку надпіс па-расейску, затым на ідыш".

(Ракіцкі: ) "Ці можам казаць, што ў Беларусі існавала культура эпітафіі? Ці можна казаць, што былі нейкія каноны складаньня надмагільнага тэксту? Хто гэтым займаўся?"

(Трусаў: ) "Гэта вельмі было пашырана асабліва ў ХІХ – пачатку ХХ стагодзьдзя. Самым галоўным храмам эпітафіі зьяўляецца Чырвоны касьцёл у Менску, якія збудавалі Вайніловічы ў гонар сваіх памерлых дачкі Алены й сына Сымона. Фактычна храм, што збудавалі Вайніловічы, ёсьць эпітафіяй у гонар бязьвінна памерлых.

Калі мы прыйдзем з вамі на Кальварыю, мы знойдзем там ня проста шмат пахаваньняў, а пахаваньняў з эпітафіямі. Напрыклад, вельмі часта сутнасьць эпітафіяў была ў тым, "каб нябожчык спаў спакойна", "каб зямля яму была пухам", што яго ніколі не забудуць, пакуль будуць жывыя яго нашчадкі.

Але ў беларускіх гарадах існавала індустрыя па вырабу гэтых надмагільных плітаў, надгробкаў. Вельмі прыгожая ў Беларусі была надмагільная скульптура. І самае галоўнае — кавальства. Нашыя кавалі дасягнулі росквіту менавіта ў ХІХ – пачатку ХХ стагодзьдзя, калі ліліся цудоўныя чугунныя агароджы, шыкоўныя крыжы, розныя скульптуры ў выглядзе дрэва абсечанага — сымбаля сьмерці. А таксама былі скульптуры анёлаў".

(Ракіцкі: ) "Даволі часта, калі ўглядваесься ў надмагільле, разглядаеш крыжы, першае уражаньне, што яны падпісаны нібыта па-польску, але калі пачынаеш чытаць, разумееш, што гэта ці беларуская мова, ці гэткая беларуска-польская "трасянка", проста лацінкай напісаная".

(Трусаў: ) "Так. І мяне вельмі ўразіла эпітафія Цёткі. Яна напісаная па-беларуску лацінкай, ды яшчэ ў чэскім варыянце".

(Ракіцкі: ) "Ці можам мы гаварыць пра сталую традыцыю мовы пахавальнага абраду наагул?"

(Трусаў: ) "Можам. І гэта праяўляецца разам з наступамі й "адлігай" на нашу мову. Я маю на ўвазе беларускамоўныя надпісы на беларускіх могілках ХХ стагодзьдзя.

Як толькі пачалася беларусізацыя на тэрыторыі БССР, адразу зьяўляюцца надпісы па-беларуску — напрыклад на Бабруйскіх могілках. Як толькі беларусізацыя спыняецца, тут жа вяртаецца ў надпісы расейская мова. У Заходняй Беларусі таксама, нягледзячы на польскі ўціск, зафіксавана даволі шмат надмагільляў 1920–30 гадоў, падпісаных па-беларуску. Нават у самы цяжкі час некаторыя людзі сьвядома йшлі на тое, каб напісаць колькі словаў на магіле родзічаў па-беларуску.

Нядаўна я быў у Глыбокім, і мне паказалі два помніка надмагільных, дзе пахаваныя простыя людзі, якія памерлі ў 1969 годзе. Надпіс зроблены ад рукі па-беларуску. З памылкамі, але па-беларуску. Гэта гаворыць пра тое, што ня ўсе людзі адчувалі сябе небеларусамі. Наша зараз задача — каб гэтая традыцыя стала ўсеагульнай. Каб чалавек, які прыйдзе на беларускія могілкі, разумеў, у якой краіне ён знаходзіцца".

(Ракіцкі: ) "Мне здаецца, што гэты працэс ўжо адбываецца. І ў авангардзе гэтага працэсу сёньня каталіцкі касьцёл. Зусім нядаўна мне давялося быць на пахаваньні ў Глыбоцкім раёне. Мяне вельмі ўразіла, што бабулькі (а гэта было каталіцкае пахаваньне) сьпявалі пераважна беларускія песьні, чаргуючы іх натуральна з польскімі. І калі прыехаў з Глыбокага ксёндз, зайшоўшы ў хату, нават без пытаньняў, ня ведаючы, што тут могуць быць сьвядомыя беларусы, ён адразу пачаў прамаўляць па-беларуску".

(Трусаў: ) "Мы ніколі ня станем эўрапейскім народам, пакуль не прывядзем у парадак свае могілкі. Тое, што робіць каталіцкі касьцёл на Беларусі — гэта вельмі важная "кропка" нашага адраджэньня, бо мала напісаць па-беларуску, важна, каб і абрад, і казань любога сьвятара, незалежна ад канфэсіі, ішла па-беларуску. Бо калі нашы мусульмане карыстаюцца нашай мовай пры гутарцы й нават у працэсе разьняволеньня душы нябожчыка, дык што ўжо казаць пра хрысьціян?"


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.