news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Gaudeamus
    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Шматмоўе ў ХХІ ст.
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Спорт
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



12 Красавіка 2001
 
У краіне чырвоных людажэраў.
Удзельнічае: гісторык Віталь Скалабан.
 
Аўтар і вядучы: Вячаслаў Ракіцкі, Менск
 
(Ракіцкі: ) "Улетку 1919 году, калі бальшавікі саступілі Менск палякам, у газэце "Минский курьер" пачаў друкавацца дакумэнтальны раман "Аляксандар Мясьнік'янц". Аўтарам быў папулярны тады журналіст Аляксандар Гзоўскі.

Раман друкаваўся з працягам, зачытваліся ім і паспалітыя месьцічы, і польскія акупацыйныя ўлады, і бальшавікі, якія адышлі за Бярэзіну, — выведка іхная сьвежыя нумары імгненна здабывала.

Аляксандар Гзоўскі, які некалі працаваў у бальшавісцкай прэсе і быў набліжаны да чырвоных камісараў, па-бульварнаму бэлетрызаваў рэальныя падзеі, зьвязаныя з абвешчаньнем БССР у Смаленску і барацьбой за ўладу ў Менску “чырвоных айцоў” БССР.

А праз два гады гэты ж раман Гзоўскі выдаў у Варшаве асобнай кнігай пад назвай "У краіне чырвоных людажэраў". Гісторык Віталь Скалабан і журналіст Сяргей Крапівін аднавілі тэкст раману паводле беларускіх і польскіх архіваў. І з старонак гэтага рамана паўстае пачварнае аблічча тых, хто абвяшчаў БССР і быў ейным першым урадам.

Аўтарскае крэда ў дачыненьні да сваіх герояў Гзоўскі сфармуляваў так:

"Усе гэтыя мясьнік'янцы, далмановічы, пінкелі, норынгі і іншыя, усе гэтыя дэзэрціры старога рускага войска, якія своечасова выскачылі на паверхню, захапілі ўладу пры дапамозе падманутых імі жаўнераў й цяпер кіруюць намі".

Але ці можна верыць аўтару? І хто ён, гэты журналіст Гзоўскі? Пытаньне да майго госьця — гісторыка Віталя Скалабана".

(Скалабан: ) "Аляксандар Гзоўскі — гэта здольны журналіст, пісьменьнік. У 1918 годзе яго лёс закінуў у Смаленск. Ён працаваў там у савецкіх установах, быў набліжаны да кіраўнікоў Заходняй вобласьці й фронту.

Потым перайшоў на працу ў бальшавісцкія газэты і разам з урадам ужо савецкай рэспублікі пераехаў з Смаленску ў Менск, дзе таксама працаваў у газэтах "Звязда", "Бядняк".

(Ракіцкі: ) "Спадар Скалабан, напачатку пра гістарычную канву тых гадоў. У 1918 годзе ў Смаленску, дзе была абвешчаная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, жылі таксама Янка Купала й Максім Гарэцкі. Купала, дарэчы, пісаў: "Там, дзе я пражыў увесь цяжкі й страшны 1918 год, я на самой справе жыў як у непрытомнасьці". Што б гэта значыла?"

(Скалабан: ) "Сытуацыя ў Смаленску была надзвычай цяжкая. Пачаліся першыя бальшавісцкія расстрэлы. Расстрэлам у Смаленску 1918 году прысьвечаныя й многія старонкі рамана Гзоўскага "Аляксандар Мясьнік'янц".

(Ракіцкі: ) "А на чым будуецца інтрыга рамана і якія пэрсанажы там дзейнічаюць?"

(Скалабан: ) "Галоўны герой — журналіст. Гэта сам Аляксандар Гзоўскі. А таксама Мясьніковіч, Калмановіч, Кнорын ды іншыя камісары. Яны выведзеныя практычна пад сваімі прозьвішчамі, толькі зьмененыя адна ці дзьве літары. Мясьнікоў — Мясьнік'янц, Кнорын — Норынг, Пікель — Пінкель, чэкіст Яркін — Маркін.

Другая частка рамана прысьвечаная любоўнае лініі. Адзін з камісараў (выведзены ён пад прозьвішчам Найдзянкоўскі, прататыпам якога быў камісар Найдзёнкаў) адбіў жонку ў Аляксандра Мясьнікова:

"Найдзянкоўскі схапіў Алену Пятроўну ў свае моцныя абдымкі й пакрываў ейны твар, шыю і грудзі дзясяткамі моцных пацалункаў.

Ціха рассунулася фіранка ля ўваходных дзьвярэй, і на парозе пакою зьявіўся Аляксандар Мясьнік'янц. Бледны, зь перакошаным ад дзікай злосьці тварам.

Алена Пятроўна дзіка ўскрыкнула і вырвалася з абдымкаў Найдзянкоўскага. Апошні, убачыўшы нечаканага госьця, скокнуў убок.

“Падлюга! Мярзотнік! — закрычэў Мясьнік'янц і, выхапіўшы з кішэні невялікі браўнінг, кінуўся да Найдзянкоўскага, але апошні зь неўласьцівым яму спрытам коткі выбіў рэвальвэр, кулаком зьбіў яго з ног, выбег у калідор, хуценька схапіў паліто і шапку і кінуўся на вуліцу.

Алена Пятроўна грымнулася на падлогу і прыкінулася мёртваю…"

І за гэта Аляксандар Мясьнікоў арганізуе суд рэвалюцыйнага трыбуналу й трыбунал прыгаворвае Найдзянкоўскага да расстрэлу. Гэты вырак быў імгненна выкананы".

(Ракіцкі: ) "Мясьнік'янц, Кнорын — гэтых людзей мы даволі добра ведаем. А вось Найдзёнкаў, ці Найдзянкоў — хто ён?"

(Скалабан: ) "Гэта дробны чыноўнік. Жыў у Смаленску. Далучыўся да бальшавікоў. Узначальваў ён Савет народнае гаспадаркі, потым Камісію па дапамозе палонным і ўцекачам. Яго абвінавацілі ў тым, што ён растраціў грошы, і, акрамя таго, ня змог даказаць удзелу ў рэвалюцыйнай працы ў папярэднія гады. І рэвалюцыйны трыбунал засудзіў яго да расстрэлу".

(Ракіцкі: ) "Якія ж партрэты камісараў малюе Гзоўскі?"

(Скалабан: ) "Пра Мясьнікова ён так піша:

"Гэта былы маскоўскі памочнік прысяжнага паверанага бяз практыкі, былы прапаршчык, начальнік вучэбнай каманды, затым рэвалюцыйны "выскачка", дэмагог, камандуючы фронтам, удзірацель ад немцаў, а цяпер "чырвоны" таварыш генэрал-губэрнатар".

Пра Калмановіча, бальшавісцкага міністра харчаваньня, такія падаюцца зьвесткі:

"Юркі, паголены, сярэдняга росту, брунэт гадоў 32, хадзіў па кабінэце рэквізаванай у буржуяў кватэры і чакаў прыходу нявесты".

Кнорын — Норынг. Ён паказаны вельмі недалёкім".

(Ракіцкі: ) "Гзоўскі паказвае сваіх пэрсанажаў як людзей, якія згубілі сваё маральнае аблічча. Яны паказаныя злодзеямі, рабаўнікамі:

"Алена Пятроўна заявіла мужу: “Я паеду да твайго Вярхоўнага Лейбы, да Троцкага, і раскажу яму пра ўсё, што вырабляе таварыш Мясьнік'янц. Я пакажу яму ўсе тыя дыямэнты, якія ты купіў мне на скрадзеныя табой грошы. Я пабываю і ў Леніна і паведамлю яму, што ты, калі быў на чэхаславацкім фронце, прысвоіў больш за паўмільёна рублёў..."

(Скалабан: ) "Самае галоўнае — што на руках гэтых людзей кроў нявінных асобаў. Гэта кроў і япіскапа Макарыя, гэта кроў і генэрала Дормана, старога чалавека, якога абвінавацілі ў тым, што ён арганізаваў контаррэвалюцыйную змову, гэта — кроў соцень сялянаў, якіх катавалі й якіх забівалі ў Смаленску ў 1918 годзе:

"Дома Маркіна сустрэла жонка Пелагея Антонаўна, звычайная вясковая баба з Кастрамской губэрні, якую суворы чэкіст, як ні дзіўна, вельмі баяўся. Даведаўшыся, што сярод расстраляных быў япіскап, назвала мужа быдлам і сказала, што духоўную асобу нельга расстрэльваць, тым больш сыну царкоўнага старасты. Маркін хацеў нешта сказаць у сваё апраўданьне, але Пелагея рашуча заявіла: “Пайшоў спаць!” Маркін падпарадкаваўся. Пелагея Антонаўна ў роздуме пастаяла хвілінаў дзесяць, а затым падышла да кута, дзе вісеў абраз, і пачала хрысьціцца і кленчыць. Малілася Пелагея доўга…"

А потым ня меншыя расстрэлы былі ў Менску, асабліва на пачатку лета 1919 году, перад прыходам польскіх войскаў. Ёсьць сьведчаньні ня толькі Гзоўскага пра сытуацыю ў Менску на той час. Ёсьць сьведчаньне й Янкі Купалы, які пісаў: "Над Менскам навіс крывавы кашмар".

(Ракіцкі: ) "У рамане асобныя разьдзелы так і называюцца: "Камісары дзейнічаюць", "Дні тэрору", "Пакараньне сьмерцю".

(Скалабан: ) "Вернемся ў Смаленск 1918 году. Падрабязна расьпісаны расстрэл япіскапа Макарыя, які кананізаваны. Ён быў першы япіскап, расстраляны новай бальшавісцкай уладай. Апісаны расстрэл і генэрала Дормана. Гэтыя старонкі напісаныя па-мастацку".

(Ракіцкі: ) "Як гісторыка вас ня могуць не цікавіць дакумэнты. Што калі супаставіць бэлетрыстыку Гзоўскага й дакумэнты?"

(Скалабан: ) "Мастацкая літаратура — гэта вельмі спэцыфічная гістарычная крыніца. Тым больш, такая крыніца, якая пісалася адразу пасьля тых падзеяў. Трэба аддаць належнае Гзоўскаму — ён вельмі дакладны храніст. Несумненна, ёсьць штось прыдуманае, на што асабліва зьвяртаеш увагу.

У рамане дзейнічае камісар Крываносаў, прататыпам якога быў камісар Крывашэін. Напрыклад, такі эпізод. Адбываецца п'янка, і вось як сябе паводзіць Крываносаў:

"Значит взыщем! Будем действовать по военному и взыщем! — заорал пьяный Кривоносов и предложил всем присутствующим выпить за успех взимания буржуйского налога".

Мы пазнаем рэальнага Крывашэіна, таго самага, які ў сьнежні 1917 году, на добрым падпітку, разганяў Усебеларускі зьезд у Менску".

(Ракіцкі: ) "Ніхто з 19 сяброў першага ўраду БССР не завершыў жыцьцё цывілізавана, так, як ва ўсім сьвеце заканчваюць жыцьцё адстаўныя міністры. Вось мартыралёг першага ўраду БССР:

"Расстраляныя й закатаваныя — 8,
загінулі пры незразумелых абставінах — 1,
скончылі жыцьцё самагубствам — 1,
зьніклі бязь зьвестак — 4,
памерлі нікому не патрэбнымі і ўлада ніколі пра іх ня ўзгадвала — 4,
загінулі ад зьнешніх ворагаў — 1".

Спадар Скалабан, чаму гэтыя людзі, якія яшчэ не пасьпелі, па-сутнасьці, узяць уладу, так нічога не пасьпеўшы зрабіць дзеля будаўніцтва той дзяржавы, якую яны задумвалі, пачалі самаадстрэл? Чаму так трагічна-бясслаўна завяршаецца іхны лёс?"

(Скалабан: ) "Мабыць, таму, што рэвалюцыя першымі пажырае сваіх дзяцей. Асабліва, калі гэтыя дзеці не зьвязаныя з гэтай зямлёй, краінай. Калі галоўнае для іх — ўсясьветная рэвалюцыя".


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.