|
На хвалі Свабоды: 50 гадоў беларускага эфіру без цэнзуры. Год 1963 |
Сэрыя перадач, прысьвечаная юбілею Беларускай Свабоды.
|
|
|
Сяргей Шупа, Прага |
|
(Дыктарка: ) “Гаворыць Радыё Свабода. Дарагія радыё-слухачы, вы чуеце свабодны голас сваіх суродзічаў-беларусаў з вольнага сьвету”.
У 1963 годзе Радыё Свабода адзначыла сваё дзесяцігодзьдзе. У гэтым годзе радыё вяшчала 24 гадзіны ў суткі на 17 мовах народаў СССР праз 17 перадатчыкаў у Заходняй Нямеччыне, Гішпаніі і на Тайвані. Радыё Свабода было першай крыніцай, зь якой слухачы ў Савецкім Саюзе даведаліся пра кубінскі крызыс, пра абмен Рудальфа Абэля на Гары Паўэрса, пра парушэньне Савецкім Саюзам мараторыю на ядзерныя выпрабаваньні, пра ядзерную аварыю ў Казахстане, пра бунт у Новачаркаску. Паводле стану на 1963 год перадачы Радыё Свабоды глушылі больш за 200 савецкіх радыёстанцыяў. Пра глушэньне мы сёньня якраз і пагаворым.
Сёньня ў нас у гасьцях дасьледнік гісторыі і практыкі радыёглушэньня, аўтар некалькіх кніг на гэтую тэму Рымантас Пляйкіс. Апрача гэтага Рымантас Пляйкіс каардынуе праект Радыё Балтыйскія Хвалі, у рамках якога перадачы нашага радыё рэтрансьлююцца празь перадатчык у Вільні на сярэдніх хвалях.
Маё першае пытаньне да Рымантаса Пляйкіса датычыла гісторыі глушэньня заходніх радыёстанцый.
(Пляйкіс: ) “Выпадкі радыёглушэньня былі заўважаныя ў Савецкім Саюзе яшчэ да Другой сусьветнай вайны. Аднак гэта былі толькі першыя спробы. Масавае глушэньне заходніх радыёстанцыяў у Савецкім Саюзе пачаліся ад 1948 году і былі скіраваныя супраць праграмаў ”Голасу Амэрыкі” на розных мовах, а таксама супраць праграмаў Бі-Бі-Сі і некаторых іншых заходніх станцыяў. Аднак асабліва хутка сетка глушыльных станцыяў пачала разьвівацца ад 1953 году, калі на Савецкі Саюз пачалі трансьлявацца перадачы Радыё Свабода. Бясспрэчна, гэта выклікала вялікую занепакоенасьць у Крамля, і на разьвіцьцё сеткі было выдзелена вельмі шмат сродкаў.
Станцыі радыёглушэньня былі двух тыпаў: адныя былі меншай магутнасьці і былі прызначаныя, гаворачы іх уласнай тэрміналёгіяй, для “накрыцьця варожых радыёгаласоў” у вялікіх гарадох з насельніцтвам больш за 100 тысячаў чалавек, а станцыі другога тыпу былі вялікай магутнасьці, магутнасьць перадатчыкаў дасягала сотні кіляватаў, іхныя антэны былі накіраваныя на нейкі асобны рэгіён краіны. Гэткія сыгналы адольвалі адлегласьць да некалькіх тысячаў кілямэтраў.
Я сабраў крыху інфармацыі, якая датуецца 1986 годам, яна атрыманая з маскоўскага дзяржаўнага асобнага архіву, і там ёсьць даведка, падпісаная таварышам Чэбрыкавым і, здаецца, таварышам Лігачовым, і адрасаваная ЦК КПСС, і там выкладзеныя бясспрэчна дакладныя лічбы наконт маштабаў сыстэмы глушэньня. Вось жа, можна цьвердзіць, што ў 1986 годзе – за два гады да спыненьня глушэньня – мясцовыя гарадзкія станцыі радыёглушэньня працавалі ў 81 горадзе Савецкага Саюзу, апрача таго былі 13 станцыяў вялікай магутнасьці далёкага абсягу дзеяньня. У гэтым дакумэнце таксама згадваецца, што агульная магутнасьць ужываных для глушэньня станцыяў сягала 40 тысячаў кіляватаў. Ну можна толькі сабе ўявіць, што гэта каштавала нямала савецкім падаткаплатнікам. Асабліва сьмешна робіцца, калі прыгадаць, як у 1980-х гадох інфармацыйная праграма ”Время” нагадвала гледачам, каб яны, гледзячы перадачу, не забыліся выключыць непатрэбныя ўключаныя асьвятляльныя і ацяпляльныя прылады”.
Дасьледнік гісторыіі практыкі радыёглушэньня Рымантас Пляйкіс працягне свой расповед крыху пазьней, а зараз паслухаем аўтэнтычны эфір 1963 году. Гучыць фрагмэнт перадачы, прысьвечанай паэтам-эмігрантам.
(Дыктар: ) “Па Другой сусьветнай вайне ў заходнім сьвеце апынуўся цэлы рад беларускіх пісьменьнікаў. Навокала іх гадамі ўжо чужыя людзі, чужыя палі, чужое неба. Але ў іхных жаданьнях, імкненьнях, у іхных творах усьцяж жыве Бацькаўшчына. Як сказаў пра сябе самаго адзін зь іх: “Глядзі, амэба раджае новую зямлю і неба”. Гэтыя адроджваныя свае зямля і неба як жа блізка знаёмыя ім усім з маленства, з маладосьці. Бацькаўшчына – асноўны лейтматыў беларускае замежнае паэзіі. Любасьць да роднага – ейны галоўны імпульс. Слухайце цяпер літаратурна-музычны мантаж “Бацькаўшчына на чужыне”: літаратурныя тэксты зь вершаў замежных паэтаў Натальлі Арсеньневай, Уладзімера Дудзіцкага, Рыгора Крушыны, Алеся Салаўя, Міхася Кавыля, Уладзімера Клішэвіча. Музычнае суправаджэньне – з твораў вугорскага кампазытара Бэлі Бартака. Вершы чытаюць Тамара Наваградчанская, Вітаўт Зубкоўскі, Васіль Крыцкі і Арсень Загорны. (Гучыць музыка).
***
Шмат нам цьвіло, шмат нам сьвяціла,
Ужо ў жыцьці трымцівых зор.
Ды ўсе сыпкім нясталым пылам
Разьмёў па ростанях віхор.
Ён долю ўсьпеніў, пакамечыў.
Нас як лісьцё сарваў з гальля,
Пагнаў па пушчах, па пустэчах,
Дзе не аруць і не сьпяяць.
***
Бывай, Эўропа. Беларусь, бывай.
Іду ад вас бадай назаўсяды.
Віхор жыцьця мяне ў далёкі край
Нясе на хвалях бурнае вады...
(Шум глушылак)
...Лусту хлебу і пляшку кляновага соку,
І як змрокі палёў засланілі відно,
Прыкацілася песьня з дарогаў далёкіх.
Галасіла, расла, калаціла абшар
І стагнала ад крыўды над шчасьцем разьбітым.
Гэтак стогне, гавораць, зямная душа,
Як плянэты бывае зьлятаюць з арбітаў”.
Праз колькі хвілінаў Рымантас Пляйкіс працягне распавядаць пра радыёглушэньне, а зараз – панарама падзеяў у свеце ў 1963 годзе...
Год 1963 у сьвеце
Палітыка
Францыя і Заходняя Нямеччына падпісваюць дамову аб супрацоўніцтве, скончыўшы такім чынам чатыры стагодзьдзі канфліктаў. – Памірае папа Ян ХХІІІ, замест яго на апостальскі пасад заступае кардынал Мантыні – папа Павел VI. – Наладжваецца гарачая лінія паміж Масквою і Вашынгтонам з мэтай зьнізіць рызыку выбуху вайны. – Абвяшчаюць незалежнасьць Кенія і Занзібар, 32 афрыканскія краіны аб’ядноўваюцца ў Арганізацыю Афрыканскіх Дзяржаваў. – Марцін Лютэр Кінг выступае са славутай прамовай ”Я маю мару”. – У Даласе застрэлены прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джон Фіцджэралд Кенэды.
Навука і тэхналёгія
Майкл Дэ Бэйкі ў шпіталі ў Г’юстане ўпершыню імплянтуе чалавеку штучнае сэрца. – Амэрыканец Мартэн Шміт адкрывае квазары. – Пачынае працу першы камэрцыйны ядзерны рэактар. – Першай жанчынай у космасе становіцца 26-гадовая Валянціна Церашкова.
Літаратура
Нобэлеўская прэмія прысуджаная грэцкаму паэту Гіоргіясу Сэфэрысу. Выходзяць Раманы ”Кентаўр” Джона Апдайка, ”Калыска для ката” Курта Вонэгута, ”V”. Томаса Пінчана.
Папулярная музыка
Брытанію ахоплівае хваля бітламаніі. – У Парыжы ў веку 47 гадоў памірае Эдыт Піяф. Песьня году – The Beach Boys-Surfing U.S.A.
А зараз зноў зьвернемся да апавяданьня нашага госьця Рымантаса Плейкіса пра радыёглушэньне. Наколькі эфэктыўнае было глушэньне?
(Плейкіс: ) “Тут я магу працытаваць занепакоенасьць Лігачова і Чэбрыкава ў іхным лісьце ЦК КПСС, што з тэхнічнага гледзішча практычна немагчыма “накрыць” замежныя галасы на ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюзу, бо яна вельмі вялікая, і немагчыма дасягнуць, каб у кожнай кропцы дзяржавы заходнія станцыі глушыліся так, што іх ніхто б ня чуў. У гэтым дакумэнце цьвердзіцца, што якаснае, эфэктыўнае глушэньне дасягалася толькі на 30 працэнтах тэрыторыі краіны, а іншыя раёны заставаліся ненакрытыя. Вядома, там адзначаныя і іншыя справы, як, прыкладам, недастаткова якасная праца аб’ектаў глушэньня, што залежала і ад людзей, і ад якасьці тэхнікі, і ад забесьпячэньня запаснымі дэталямі ды падобных рэчаў.
Аднак заходнія радыёстанцыі рознымі спосабамі спрабавалі неяк дасьледаваць гэтае пытаньне, апытвалі савецкіх турыстаў, што бывалі за мяжою, і вынікі гэтых апытаньняў сьведчылі, што ўсё ж у трох чвэрцях ад усіх выпадкаў глушэньне было дастаткова эфэктыўнае. Бясспрэчна, усе мы, хто меў крыху больш цярпеньня і ўсё ж хацеў пачуць нецэнзураванае слова з заходніх радыёгаласоў, знаходзілі магчымасьць іх паслухаць, аднак гэта было можна зрабіць далёка не ў любы час сутак, а толькі ў пэўную пару, з дастаткова вялікімі намаганьняммі і псаваньнем нэрваў, бо глушэньне замінала слухаць. Гэта па сутнасьці было ня што іншае, як палітычная цэнзура радыёэфіру”.
Нагадаю, што сёньня госьць нашай перадачы – дасьледнік гісторыі радыёглушэньня Рымантас Пляйкіс. А зараз – зноў наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру пачатку 1960-х паслухайце фрагмэнт фэльетону Дзядзькі Васіля (Антона Адамовіча).
(Дыктарка: ) “Добры наш усіхны прыецель дзядзька Васіль надумаўся сягоньня пагутарыць пра гарачых сабакаў. Магчыма, што ня кожнаму зь мільёнаў нашых паважаных слухачоў ведама, што гэта за што. Дык ужо ён вам вытлумачыць”.
(Дзядзька Васіль: ) “Гарачымі сабакамі (hot dogs па-англійску) завуць гарачыя вараныя або смажаныя кілбаскі, што і нашым савецкім людзям знаёмыя як сасіскі. Апошнім часам назоў “гарачыя сабакі” пашырыўся па шмат якіх краінах. Поўна ж. Гэтыя смачныя рэчы ня маюць у сабе нічога сабачага. Ані мяса, ані... (Шум глушылак)... у Тбілісі, у Ераване. Няўжо праўда, што толькі ў нас, беларусаў, доля такая горкая. На ўсё, кажу, трэба мера і развага. Ну, спрабуйма ўявіць сабе, як у Парыжы нехта на вуліцы пытаецца францускаю моваю ў двух сустрэчных, дзе найбліжэйшая станцыя мэтро. А той сустрэчны выказельвае вочы ды кажа свайму спадарожніку – “это па-каковски он далдычит?!” Неверагодная штука. Неверагодная ў Парыжы. А ў Менску (ці той бок у Мінску) і гэткае здараецца. І гэта куды горш, як калі француз назывець кілбаскі “гарачымі сабакамі”. Як на вашую думку?”
(Дыктарка: ) “Вы слухалі фельетон пра гарачых сабакаў”.
1963 ГОД У БЕЛАРУСІ
У Менску адкрылася канцэртная заля Беларускай дзяржаўнай фільгармоніі. Пачаў выпускаць прадукцыю Менскі маторны завод. – БССР падпісала Маскоўскую дамову аб забароне выпрабаваньняў ядзернай зброі ў атмасфэры, космасе і пад вадою. – Здадзены ў эксплюатацыю першы ўчастак электрыфікаванай чыгункі Менск-Аляхновічы. – Заснаванае газэтна-часопіснае выдавецтва “Полымя”. – З гастролямі ў Беларусі выступіў Міхась Забэйда-Суміцкі. – Выйшаў з друку “Дыялекталягічны атляс беларускай мовы”.
А зараз – менскі эфір 1963 году. Фрагмэнт радыёпастаноўкі паводле камэдыі Кандрата Крапівы ”Хто сьмяецца апошнім”. У ролі Тулягі Глеб Глебаў, Гарлахвацкага – Леанід Рахленка.
(Гарлахвацкі: ) “Кажуць, у вас тут працуе нейкі Туляга. Асоба, кажуць, нявысьветленая. Разумееце?”
(Туляга: ) “Нявысьветленая?”
(Гарлахвацкі: ) “Ці не вядзе ён тутай нейкай падрыўной работы? І ці праўда гэта, што ён – дзянікінскі палкоўнік?”
(Туляга: ) “П-п-палкоўнік?”
(Гарлахвацкі: ) “Так. Палкоўнік. І прозьвішча палкоўніка тут называлі. Я забыўся”.
(Туляга: ) “Ці не Падгаецкі?”
(Гарлахвацкі: ) “Здаецца, Падгаецкі”.
(Туляга: ) “Ай-яй-яй... дайшло-ткі”.
(Гарлахвацкі: ) “Што дайшло? А... я разумею. Вы камусьці па сакрэту расказвалі сваю сапраўдную біяграфію?”
(Туляга: ) “Паверце, Аляксандар Пятровіч. Усё гэта выдумка ад пачатку да канца. Я ніколі ня быў дзянікінскім палкоўнікам”.
(Гарлахвацкі: ) “Можа падпалкоўнікам. Справа ж ня ў гэтым”.
(Туляга: ) “І падпалкоўнікам ня быў”.
(Гарлахвацкі: ) “Дазвольце, дазвольце, а чаго ж вы былі ў Дзянікіна?”
(Туляга: ) “Я не ў Дзянікіна быў. Я ў Варонежы настаўнікам у гімназіі працаваў”.
(Гарлахвацкі: ) “Настаўнікам у гімназіі? Што вы, баценька... А я вас помніцца недзе бачыў. На фатаграфіі, у палкоўніцкай форме”.
(Туляга: ) “А... гэта вы, напэўна, бачылі палкоўніка Падгаецкага. Ён быў падобны да мяне. ”
(Гарлахвацкі: ) “Ах вось што”. (сьмяецца)
(Гарлахвацкі: ) “Значыць вашае сапраўднае прозьвішча – Падгаецкі? Вы тут пад чужым прозьвішчам, так?”
(Туляга: ) “Божа, што вы, Аляксандар Пятровіч. Я і нарадзіўся Тулягам. І дзеды, і прадзеды, мы былі ўсе Тулягамі..”.
А вось што казаў слухачам і чытачам дзіцячы пісьменьнік Янка Маўр, якому на той час было ўжо 80 гадоў.
(Маўр: ) “Шчыра дзякую вам, юным чытачам, за добрыя водгукі аб маіх кнігах. Для нашага брата-пісьменьніка гэта ёсьць самая вялікая ўзнагарода. Адну такую ўзнагароду я калісьці меў ад шафёра таксі. Вёз ён мяне ў сваёй машыне, скоса пазіраў на мяне і ўсё чамусьці ўсьмяхаўся, а потым кажа: “Ці ведаеце вы, што я адзін з вашых рабінзонаў?” Вядома, я вельмі зьдзівіўся. І тады ён расказаў, што ў чацьвертым клясе іх трое Толікаў, прачытаўшы “Палескія рабінзоны”, уцяклі з дому. Аднаго злавілі ў Гомелі, двух – у Адэсе. Я пакрыўдзіўся і кажу яму: “Чаму ж вы ўцякалі гэтак далёка, калі вам спадабаліся героі Палесься?” Мой рабінзон мог толькі адказаць: “Дурныя былі”. Але я вам скажу, што пры ўсіх выпадках кнігі чытаць карысна, і раю вам ад усяго сэрца – чытайце кнігі заўсёды. Яны нам патрэбныя як паветра”.
Гэта быў Янка Маўр. Нагадаю, тэма нашай сёньняшняй перадачы – радыёглушэньне. Пра гэтую зьяву нам распавядае сёньня спэцыяліст у гэтым пытаньні,м аўтар некалькі кніг на гэтую тэму – Рымантас Пляйкіс. Што за гукі чуліся падчас глушэньня? Як яно тэхнічна ажыцьцяўлялася?
(Пляйкіс: ) “Дарэчы, якраз гэтымі днямі паводле напісанага мною сцэнару адна прыватная літоўская фірма пачала здымаць фільм на ангельскай мове – ён будзе называцца ”Імпэрыя шуму” (Empire of Noise). Гэта будзе 55-хвілінны тэлевізійны дакумэнтальны фільм, прысьвечаны радыёглушэньню, пераважна глушэньню ў Савецкім Саюзе, але таксама і ў іншых так званых сацыялістычных краінах Усходняй Эўропы, ну і пра радыёглушэньне, радыёцэнзуру ў такіх краінах, дзе й дагэтуль практыкуецца гэткая цэнзура – Куба, Кітай, Віетнам, Іран і некаторыя іншыя.
І вось, зьбіраючы матэрыял, я як раз мог удакладніць і прыгадаць, што для глушэньня ўжывалася некалькі розных сыгналаў, некалькі розных гукаў. Калі пачаць ад паваенных гадоў, дык тады для глушэньня ужываўся гэтак званы “генератор мешающего действия” (ГМД) – электронная прылада, якая стварала гэтае шмат каму з нас знаёмае гудзеньне. Гэты сыгнал Савецкі Саюз ужываў для глушэньня “самых антысавецкіх станцыяў” – Радыё Свабода, Голас Ізраілю, Радыё Тырана. Аднак быў і іншы спосаб глушэньня, які пачаў ужывацца ў 1964 годзе, неўзабаве пасьля таго, як была створаная ўсесаюзная кругласутачная праграма “Маяк”. Проста на частотах непажаданых заходніх або замежных радыёстанцыяў трансьлявалася гэтая праграма ”Маяк”, але трансьлявалася ня проста, а з частотнай мадуляцыяй. Практычна гэта азначае, што мы, маючы дома звычайныя пабытовыя радыёпрыймачы, чулі не прагарму ”Маяк” – бо яна была надзвычай дэфармаваная і фактычна гэта быў шум. Дык вось гэты дэфармаваны сыгнал ”Маяка” трансьляваўся на частотах крыху “менш антысавецкіх” радыёстанцыяў – такіх, як Бі-Бі-Сі, Нямецкая Хваля, Кітайскае радыё.
Гэтак працягвалася да 1976 году, калі і ГМД і маякападобную праграму замяніла новае вынаходзтва савецкіх сакрэтных інстытутаў – гэтак званы “речеподобный сигнал”. Гэта была адмыслова запісаная магнітная стужка, на якой чуліся галасы дыктараў усесаюзнага радыё – мужчыны і жанчыны, парэзаныя на кароткія – ад поўсэкунды да некалькіх сэкундаў – сэгмэнты, зьмікшыраваныя, і увесь гэты спэцыяльны сыгнал гучаў больш-менш як урывісты гук галасоў людзей ў натоўпе. Перавага яго была ў тым, што ён меў надзвычай адмоўнае псыхалягічнае ўзьдзеяньне на слухачоў, і з гэтага сыгналу было немагчыма неяк выфільтраваць заходнія галасы, бо чалавечы голас глушэньня паводле тэмбру цалкам супадаў з галасамі перадачаў заходніх станцыяў. Дык вось, гэты “речеподобный сигнал” замяніў і генэратар, і ”Маяк”, які сталі шырока ўжываць супраць усіх заходніх радыёстанцыяў, і ён гучаў у эфіры ад 1976 году да самага канца глушэньня 30 лістапада 1988 году апоўначы паводле маскоўскага часу”.
Гаварыў дасьледнік гісторыі і практыкі радыёглушэньня, каардынатар праекту ”Радыё Балтыйскія Хвалі” Рымантас Пляйкіс.
I на заканчэньне – зноў наш архіў. Паслухайце фрагмэнт гумарыстычнай перадачы...
(Дыктарка: ) “Гаворыць Радыё Свабода. Цікава, што ў нас сёньня ёсьць з гумару?”
(Дыктар: ) “Ды нічога няма. Бо няма часу сьмяяцца. Трэба вось думаць, як падмацаваць аснову марксызму-ленінізму”.
(Дыктарка: ) “Чаго ж ёй мацаваць? У аснове ж дасюль ляжыць Марксаў “Капітал”“.
(Дыктар: ) “Які там “капітал”. Усё золата зараз на замежную пшаніцу перамяняем. У асновы цяпер, таварашы-прапагандысты, не капітал, а сельская гаспадарка... Новае вынаходцтва Мікіты Сяргеевіча – мудрэй за Мічурына і Лысенку – сееш пшаніцу ў адным месцы, а зьбіраеш у іншым. Напрыклад, пасееў у Савецкім Саюзе, а сабраў – у Канадзе”. |
|
|
|
|