|
На хвалі Свабоды: 50 гадоў беларускага эфіру без цэнзуры. Год 1958 |
Сэрыя перадач, прысьвечаная юбілею Беларускай Свабоды.
|
|
|
Сяргей Шупа, Прага |
|
(Дыктарка: ) “Тут Радыё Вызваленьне. Вы слухаеце голас сваіх суродзічаў-беларусаў з вольнага сьвету. Радыё Вызвальеньне гаворыць на хвалях 16, 31 і 49 мэтраў. Наш голас ёсьць вашым голасам, бо мы зьяўляемся часткай вас, часткай усіх беларусаў”.
1958 год зазначыўся пэўным прытупленьнем ідэалягічнага супрацьстаяньня двух сусьветаў, падзеленых Жалезнай заслонай. Пачатак палітычнай адлігі, эканамічныя і навуковыя посьпехі Савецкага Саюзу выклікалі пэўныя зьмены ў дачыненьнях паміж Захадам і Ўсходам – адбілася гэта і на патрабаваньнях да праграмаў Радыё Вызваленьне, якія памалу пераставалі быць непрыхаванымі антыбальшавіцкімі філіпікамі, пачынаючы набываць больш гнуткія формы. У 1958 годзе адбылася чарговая зьмена часу вяшчаньня – беларускія праграмы гучалі цяпер трыма двухгадзіннымі блёкамі – апоўдні, а 9-й вечара і а 1-й гадзіне ночы. Выпрабоўваліся розныя дыяпазоны і частоты з мэтай хоць неяк абыйсьці савецкія глушылкі. Савецкая контарпрапаганда ў друку ўскосна сьведчыла, что часам гэта магло ўдавацца.
А зараз – працяг успамінаў вэтэрана беларускай службы Радыё Вызваленьне – Радыё Свабода Яна Запрудніка. Мінулым разам ён распавядаў пра сваю працу ў Мюнхэне і пра пераезд у Нью-Ёрк. Што ўяўляла сабою Радыё Вызваленьне ў Нью-Ёрку? Ян Запруднік распавядае.
(Запруднік: ) “Радыё Вызваленьне ў Нью-Ёрку ў 1958 годзе мела невялікі лік рознанацыянальных супрацоўнікаў і працаўнікоў, якія дасылалі ў Мюнхен перадачы галоўна пра жыцьцё ў Амэрыцы ды пра палітыку амэрыканскага ўраду, але зь беларусаў сярод сталых супрацоўнікаў Радыё Вызваленьне яшчэ не было нікога ў Нью-Ёрку. Такім парадкам, я стаўся першым. Праўда, супрацоўніцтва з Амэрыканскім камітэтам вызваленьня ад бальшавізму было ўжо наладжанае старэйшымі калегамі, беларускімі дасьледнікамі. Яны займаліся вывучэньнем бальшавізму ў Беларусі, і беларусаведную тэматыку тады распрацоўвалі Антон Адамовіч, Уладзімер Сядура, Юрка Віцьбіч, Леў Акіншэвіч ды іншыя навукоўцы. Наша кіраўніцтва Радыё Вызваленьне добра разумела, што Нью-Ёрк зь ягоным багатым рэсурсам шматмоўнага журналістычнага і пісьменьніцкага таленту можа стацца важным пунктам рыхтаваньня гэтых перадачаў”.
Мы яшчэ вернемся да ўспамінаў Яна Запрудніка далей у нашай перадачы, а зараз – аўтэнтычны эфір 1958 году. Гучыць перадача, прысьвечаная творчасьці Янкі Купалы:
(Дыктар: ) “Беларуская мова для Янкі Купалы, які для ўсяго нашага нацыянальнага вызвольнага руху, была галоўнай зброяй абароны і наступу. Абрабаваная сваіх прыродных багацьцяў, прыгнечаная палітычна і сацыяльна, Беларусь усьцяж заставалася непадданай і непакорнай за лініяй абароны свае роднае мовы. Праціўнік заўсёды памятае пра гэта і ў гэты бок кіруе сваё найсьмертальнейшае джала. Дыскрымінуюцца беларускія школы. У чужую мову пераводзіцца тэатар. Чужая гаворка ўводзіцца ва ўрадавыя ўстановы. Плянава здушваюцца беларускія выдавецтвы ды асабліва выданьні беларускіх слоўнікаў. На Беларусі цяпер пад забаронай больш за 150 выдатных твораў Янкі Купалы. Сярод выкінутых вершаў нашага вялікага паэты апынуліся і тыя, дзе Купала заклікае паняволены народ бараніць сваю душу, бараніць сваю родную мову.
***
Каб таму маланкай асьляпіла вочы,
І блукаў абмацкам ён удзень і ўночы,
Хто для нашых дзетак хоча асьляпленьня,
Бэсьціць чужаніцай думак прасьвятленьне.
Каб вады гарачай на таго нагрэлі,
І ня ўстаў ён болей са сваёй пасьцелі,
Хто над Беларусяй хоча распасьцерці
Свой бізун чужацкі і народ усьмерціць.
***
Чаго вам хочацца, панове,
Які вас выклікаў прымус,
Забіць трывогу аб той мове,
Якой азваўся беларус.
Чаму вам дзіка яго мова?
Паверце, вашай ён ня ўкраў.
Сваё ён толькі ўспомніў слова,
Зь якім радзіўся, падрастаў.
Вам страшна нашай сьлёзнай песьні?
І жальбы страшна вам глухой?
Вам жутка сонца на прадвесьні?
Мілей вам холад зь цемнатой?
Напасьцяй, лаянкай напраснай
Грудзей ня варта мазаліць,
Не пагасіць вам праўды яснай,
Жыў беларус і будзе жыць!
Ня столькі хамскія натуры
на карках вынесьлі сваіх,
І сьвіст даношчыкаў пануры
Паверце, не запудзіць іх.
К свабодзе, роўнасьці і знаньню
Мы працярэбім сабе сьлед!
І будзе ўнукаў панаваньне
Там, дзе сягоньня плача дзед”.
Праз колькі хвілінаў мы зноў сустрэменся на нашай хвалі зь Янам Запруднікам, а зараз – панарама падзеяў у сьвеце ў 1958 годзе...
Год 1958 у сьвеце
Палітыка
Пачынае дзейнічаць Эўрапейская эканамічная супольнасьць (Агульны рынак). – Эгіпэт і Сырыя злучаюцца ў Аб’яднаную Арабскую Рэспубліку. – Пасьля адстаўкі Булганіна савецкім прэм’ерам становіцца Мікіта Хрушчоў. – Генэрал Шарль дэ Голь становіцца прэм’ерам, а пасьля і прэзыдэнтам Францыі. – Злучаныя Штаты запускаюць свой першы спадарожнік ”Эксплорэр”. – Сынгапур і Гвінэя здабываюць незалежнасьць. – Японія ўступае ў ААН.
Літаратура
Нобэлеўская прэмія прысуджаная савецкаму пісьменьніку Барысу Пастэрнаку. Ляўрэат ад прэміі адмовіўся. Выходзіць раман Яна Патоцкага ”Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе”, і кніга ”Структурная антрапалёгія” Клёда Леві-Строса.
Папулярная музыка
Джордж Гарысан далучаецца да гурту Quarrymen Джона Ленана і Пола Макартні. Элвіс Прэсьлі пакліканы на вайсковую службу. Гіты году – Tequila гурту Champs i Yakety-Yak у выкананьні The Coasters…
А зараз – працяг успамінаў Яна Запрудніка. Што за перадачы рыхтаваліся для Радыё Вызваленьне ў Нью-Ёрку?
(Запруднік: ) “У сэрыі беларускіх передачаў, якія я спачатку рабіў, на выдатным месцы стаялі гутаркі зь пісьменьнікамі. У Нью-Ёрку і ваколіцах жылі тады Натальля Арсеньнева, Масей Сяднёў, Міхась Кавыль, Юрка Віцьбіч, Янка Юхнавец. Далей, у Каліфорніі, жыў Клішэвіч. Я зь імі дагаворваўся і запісваў перадачы. Першай пайшла гутарка з Натальляй Арсеньневай, недзе яшчэ ў красавіку 1957 году. І цікава, што рэакцыя на выступленьне ейнае на Радыё Вызваленьне была імгненная. “Літаратура і Мастацтва” адразу ж зрэагавала. У нумары ад 17 сакавіка 1957 году абрушылася на пісьменьніцу грубай лаянкай, на яе на ейных хаўрусьнікаў, якія, як пісала газэта, “брэшуць з амэрыканскай падваротні”. Апрача гутарак зь пісьменьнікамі ішлі передачы зь беларускага жыцьця. Гэта значыць, адлюстраваньне дзейнасьці (адукацыйнай і культурнай), рэпрэзэнтацыйнай дзейнасьці, працы беларускай школкі, дзеці чыталі вершыкі, гутаркі з работнікамі і работніцамі, якія займаліся фізычнай працай, пытаньні заробкаў і умоваў працы. Нью-Ёрк наагул тады быў цэнтрам актыўнага беларускага жыцьця”.
Нагадаю, сёньняшні госьць нашай перадачы – вэтэран Беларускай Свабоды Ян Запруднік, які выступаў на нашых хвалях пад псэўданімам Арсень Загорны. А зараз – яшчэ адзін архіўны запіс, музычная праграма, якая выйшла ў эфір ў 1958 годзе.
(Дыктар: ) “Прафэсар Эльза Зубковіч была выкладчыкам Менскай кансэрваторыі ад 1933 да 1941 году. У канцы трыццатых гадоў за навуковую распрацоўку тэмы “Фартэпіянная творчасьць Брамса” яна атрымала ступень дацэнта. Зь Менску кампазытар Эльза Зубковіч выехала ў 1943 годзе. Ад 1952 году яна стала жыве ў Нью-Ёрку. Піша новыя творы, прысьвячаючы таксама шмат часу пэдагагічнай працы. Ужо колькі гадоў у Нью-Ёрку кампазытар Эльза Зубковіч вядзе музычную школу для моладзі. У чэрвені, сёлета, у школе закончыўся навучальны год і з гэтай прычыны ў залі Беларускага грамадзкага цэнтру ў Нью-Ёрку быў наладжаны канцэрт. Вось дзесяцігадовая Гэля Кузьміна выконвае разам із сваёй настаўніцай “Польку-Янку” ў апрацоўцы Нікалаева”. (Гучыць полька.)
1958 ГОД У БЕЛАРУСІ
Беларуская ССР адкрыла сваё прадстаўніцтва пры ААН. – Заснаваныя новыя гарады – Наваполацак і Салігорск. – Менскі трактарны завод выпусьціў 100-тысячны трактар. – На заводзе БелАЗ у Жодзіне сабраны першы аўтасамазвал. – Выйшла першая кніга паэзіі Ўладзімера Караткевіча ”Матчына Душа”.
З матэрыялаў дзяржаўнага радыё, якія гучалі ў 1958 годзе, прыцягваюць увагу перадачы, прысьвечаныя ўрачыстасьцям 40-годзьдзя БССР, якія адбываліся ў самым канцы году.
Вось фрагмэнт выступу на радыё сакратара ЦК КПБ Цімоха Гарбунова, які гаварыў пра эканамічнае і культурнае разьвіцьцё БССР.
(Гарбуноў: ) “Брацкі саюз і непарушная дружба ўсіх народаў нашай шматнацыянальнай краіны зьявілісь непахіснай асновай магутасьці савецкага дзяржаўнага ладу. Беларускі народ, бязьмежна шчасьлівы, што Беларусая савецкая сацыялістычная рэспубліка зьяўляецца састаўной часткай у брацкай сям’і народаў СССР. У гэтым мы бачым крыніцу сваей свабоды і незалежнасьці, залог далейшага росквіту эканомікі і культуры, палепшаньне дабрабыту працоўных, аснову выкананьня ўсіх задач камуністычнага будаўніцтва. Будзем жа і надалей пад кіраўніцтвам роднай камуністычнай партыі вымацоўваць брацкую дружбу народаў нашай шматнацыянальнай краіны, аснову сілы і непараможнасьці Савецкага Саюза і ўсяго сацыялістычнага лагера”.
Пасьля ХХ зьезду КПСС беларуская культура атымала новыя імпульсы разьвіцьця, вызваліўшыся з жорсткіх ідэалягічных рамак. Беларускі эфір стаў больш лірычны. (Гучыць песьня ”Зося” кампазытара Юрыя Семянякі.)
З нагоды 40-годзьдзя Савецкая Беларусь атрымала другі ордэн Леніна. Уручыць ордэн у Менск прыехаў Мікіта Хрушчоў, які выступіў на мітынгу ў беларускай сталіцы.
(Хрушчоў: ) “Таварышы! Знаеце, беларусы ведалі, калі арганізаваць сьвята. Мы лічым і думаю, што і вы з гэтым згодныя, становішча ў нас добрае. Добрае. У краіне. Мы цудоўна скончылі гэты год, 1958-ы. А 1959 ніяк ня можа быць горш 1958, бо няма ніякіх падставаў. Бо тыя людзі, што стварылі 1958 год, як яны могуць горш працаваць у 1959 годзе? Гэта неймаверна. Пагэтаму 1959 будзе яшчэ лепш у нас.
Але, таварышы! Мы, камуністы, разумеем, што сёньняшнія посьпехі і сёньняшні жыцьцёвы ўзровень, ён лепшы за ўчорашні, але горш за заўтрашні. То бок, ніжэйшы. Пагэтаму мы павінны ісьці ўпярод. Дзеля таго, каб наш народ быў яшчэ лепш забясьпечаны...
Гэта цудоўны горад. Мы тут учора з таварышам Мазыравым езьдзілі вечарком паглядзелі. Проста, знаеце, любавацца вашым горадам. Добра архітэктары і будаўнікі папрацавалі, таварышы! Але яшчэ, канечне, шмат трэба зрабіць. Я думаю, вы гэта зробіце, таварышы. Таварышы, усё, што зроблена, уся наша праца працякае пад кіраўніцтвам нашай камуністычнай партыі. Слава нашай ленінскай камуністычнай партыі! Наперад, таварышы! Да перамогі камунізму!” (Гучныя воплескі.)
(Хрушчоў: ) “Жыве наша слаўная камуністычная партыя Савецкага Саюза! Ура, таварышы!”
(Натоўп: ) “Ура!” (Гучныя воплескі.)
(Хрушчоў: ) “Жыве ленінскі цэнтральны камітэт камуністычнай партыі Савецкага Саюза! Ура, таварышы!”
(Натоўп: ) “Ура!” (Гучныя воплескі.)
(Хрушчоў: ) “Мітынг працоўных гораду Менску абвяшчаецца закрытым”. (Гучыць “Інтэрнацыянал”.)
Гэта быў Мікіта Хрушчоў на мітынгу ў Менску. І яшчэ адна музычная ілюстрацыя – ”Рэчанька” у выкананьні Дзяржаўнага Хору БССР. Апрацоўка Генадзя Цітовіча. (Гучыць песьня “Рэчанька”.)
А зараз мы вяртаемся зноў да ўспамінаў. Ян Запруднік распавядае пра шырэйшае значэньне беларускага бюро Радыё Вызваленьне ў Нью-Ёрку.
(Запруднік: ) “Нашае бюро Радыё Вызваленьне – Радыё Свабода было адначасна такім цэнтрам беларускіх грамадзкіх заказаў. Зьбіраліся, прыяжджалі людзі, прыяжджалі госьці, прыходзілі наведнікі, і там рыхтаваліся матэрыялы для газэты “Бацькаўшчына”, газэты “Беларус”, два рэлігійных часапісы, якія выходзілі, для часапісу “Беларуская моладзь”, у рэдкалегіі і су-рэдактарам, якога я быў. Словам, Радыё Вызваленьне ў Нью-Ёрку гэта ня толькі, так сказаць, амэрыканская кантора, а цэнтар беларускай дзейнасьці, беларускага жыцьця, беларускай грамадзкай і культурнай работы ў Нью-Ёрку і ў Злучаных Штатах наагул, бо матэрыялы, якія рыхтаваліся для перадачаў, мы рассылалі таксама па беларускіх асяродках”.
I на заканчэньне – зноў наш архіў. Паслухайце фрагмэнт перадачы, прымеркаванай да 40-годзьдзя БССР.
(Дыктар: ) “Беларуская рэдакцыя Радыё Вызваленьне дае ў сваёй праграме сэрыю перадачаў на тэмы “Выгубленыя бальшавікамі”.
Табе, народ мой, згібнуты ў аковах,
З-пад сэрца песьню гэтую пяю,
І ўваскрашаючы мінуўшчыну нанова,
Выказваю цяпершчыну тваю.
Янка Купала”.
(Дыктар: ) “Сёньня слухайце першую перадачу сэрыі “Выгубленыя бальшавікамі”. У юбілей БССР рэжым вымагае сабе постаці нацыянальнага дабродзея, патрона Беларусі. Таму ўгодкі называюць не абы як, а нацыянальным сьвятам. Узвышаны назоў спатрэбіўся дзеля прапагандовага рэвэрансу на адрас народу. А галоўнае, каб прыкрыць ім палітыку фізычнага выгубленьня і духовага тэрору. Гэткай палітыкай чатыры дзесяцігодзьдзі дамагаліся ўсё яшчэ не дасягнутай даўняе мэты – выканчэньня ў народзе нацыянальнае самасьведамасьці.
У гісторыю Беларусі бальшавікі ўварваліся чужацкай узброенай сілаю. Ужо ад першага сутыку з нашым адраджэнчым рухам яны выявіліся зацятымі ягонымі ворагамі, нават калі яшчэ ня мелі ўлады. А захапіўшы яе, распачалі сваю дзейнасьць разгонамі, арыштамі, забаронамі, пагвалчаньнем народных традыцыяў і правоў. У 1917 годзе разагналі першы ўсебеларускі кангрэс і абвесьцілі забароненымі рэгіянальныя арганізацыі. Яны зьнішчылі народжаныя нашай..”. (Шум глушылак...) |
|
|
|
|