|
На хвалі Свабоды: 50 гадоў беларускага эфіру без цэнзуры. Год 1956 |
Сэрыя перадач, прысьвечаная юбілею Беларускай Свабоды.
|
|
|
Сяргей Шупа, Прага |
|
У 1956 годзе радыёстанцыі, якія высылалі праграмы на краіны Ўсходняй Эўропы, чакала першае сур’ёзнае выпрабаваньне. Нашы калегі з вугорскай службы Радыё Свабодная Эўропа, ня маючы ніякага папярэдняга досьведу, асьвятлялі рэвалюцыйныя падзеі ў Будапэшце – ва ўмовах савецкай агрэсіі, у хутказьменнай абстаноўцы, сярод абвінавачаньняў у непасрэдным умяшаньні ў падзеі.
Пазьней здабыты ў гэтым годзе досьвед будзе пасьпяхова выкарыстоўвацца падчас падзеяў 1968 году ў Чэхаславаччыне і пачатку 80-х у Польшчы.
Адгукнулася на будапэшцкія падзеі й Беларуская сэкцыя Радыё Вызваленьне, перадаўшы зварот да беларускіх жаўнераў і афіцэраў савецкага войска, дзе сярод іншага гаварылася: “Кажны беларус у савецкай арміі, які памагае здушваць вугорскае паўстаньне, нясе цяжкую адказнасьць перад беларускім народам і ўсім людзтвам... Хай ніводзін беларускі жаўнер ці афіцэр ня возьме на сваё сумленьне вялікага злачынства – злачынства здушваньня змаганьня вугорскіх работнікаў і сялян!”
Сярод іншых матэрыялаў 1956 году варта згадаць першае інтэрвію зь перабежчыкам на Захад – старшым сяржантам звыштэрміновай службы савецкай арміі беларусам Аляксандрам Круком.
А яшчэ ў гэтым годзе памяняўся кіраўнік – замест Вінцэнта Жук-Грышкевіча, які выехаў у Канаду, на пасаду дырэктара Беларускай сэкцыі прыехаў з Вэнэсуэлы паэт Уладзімер Дудзіцкі. І, урэшце, ад сакавіка павялічыўся эфірны час арыгінальных беларускіх праграмаў Радыё Вызваленьне – ад 15 да 20 хвілінаў.
Пра тое, як выглядала ў той час праца ў Беларускай сэкцыі, распавядзе вэтэран нашага радыё Галіна Руднік, зь якой гаварыў цяперашні дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук:
(Лукашук: ) “Вы пачалі чытаць, ня толькі друкаваць?”
(Руднік: ) “Не, ня толькі друкаваць – і чытаць трэба было, бо чытаць не было каму”.
(Лукашук: ) “Так Вы адразу пачалі чытаць?”
(Руднік: ) “Адразу, зь першага дня”.
(Лукашук: ) “Як выглядала працэдура: што Вы атрымлівалі, калі ішлі ў студыю? Перад мікрафонам – як гэта было першы раз?”
(Руднік: ) “Запісвалася ўсё на стужку. Праграма была невялікая, усяго 15 хвілін. У той час 15 хвілін – нам здавалася як цяпер тры гадзіны можа. Сябры Рэдакцыі пісалі скрыпты, але я ня памятаю, каб хто сам чытаў, бо галасы былі такія... Сыч, нябожчык, голас у яго быў ня вельмі, ён не чытаў”.
(Лукашук: ) “Хто яшчэ, хто працаваў, калі Вы прыехалі?”
(Руднік: ) “Жук-Грышкевіч быў шэф, Пятро Сыч – апора быў усёй службы Беларускай, цяжка больш успомніць, можа фота паглядзім. Пазьней Запруднік далучыўся, потым Уладзімер Цьвірка. Больш дакладна не магу сказаць”.
(Лукашук: ) “Вам адразу далі тэкст і сказалі ісьці да мікрафона чытаць?”
(Руднік: ) “Не, мы рэпэтыцыі рабілі. Некалькі гадоў працаваў спадар Янка Ліманоўскі, ён ёсьць на здымку, ён быў толькі рэжысэр, а сам не чытаў. Мы рабілі рэпэтыцыі. Пісалі тэксты спачатку пад капірку, а пасьля зьявілася такая сыстэма, Ditto называлася. Друкавалі, а пад ніз падкладалі такую сінюю паперу, і на другім баку ўсё адбівалася. Пасьля працавалі на такім рататары, усе рукі былі брудныя”.
(Лукашук: ) “І з гэтых сініх папераў вы чыталі?”
(Руднік: ) “Калі прапускалі праз рататар, то яны ужо не такія сінія былі. Супрацоўнікі пісалі, а я мусіла друкаваць, потым давалі рэдактару. Рэдактар правіў. Трэба было яшчэ раз друкаваць, або давалі дарадніку, ён таксама казаў, што выкрасьліць, што дадаць, ізноў трэба было перапісваць, такі працэс досыць доўгі...”
Крыху пазьней Галіна Руднік працягне свае ўспаміны, а зараз – аўтэнтычны эфір 1956 году:
(Карэспандэнт: ) “Гаворыць карэспандэнт Радыё Вызваленьне ў Нью-Ёрку. Зусім нядаўна ў беларускай савецкай прэсе некалькі разоў успаміналася газэта “Наша Ніва”, што выходзіла ў Вільні ад 1906 да 1915 году і адыграла выключна вялікую ролю ў беларускім нацыянальным адраджэньні.
У сувязі з актуальнасьцяй пытаньня аб цэлі “Нашай Нівы” мы запрасілі да нашага мікрафону аднаго з сучасьнікаў і супрацоўнікаў гэтай выдатнай беларускай газэты доктара Янку Станкевіча – з просьбай расказаць нам праўду пра хвальшаваную цяпер бальшавікамі нашую недалёкую мінуўшчыну. Доктар Станкевіч, колькі вам цяпер гадоў?”
(Станкевіч: ) “Мне шэсьцьдзесят пяць год”.
(Карэспандэнт: ) “Дык часы “Нашай Нівы” вы павінны добра памятаваць”.
(Станкевіч: ) “Ведама! Тым больш памятаю, што я сам браў даволі дзейны ўдзел у беларускай грамадзкой рабоце таго часу”.
(Карэспандэнт: ) “Якія былі вашыя дачыненьні да “Нашай Нівы”?”
(Станкевіч: ) “У 1909 годзе, канчаючы так званае гарадзкое вучылішча ў Ашмяне, я быў ужо сьвядомы беларус. Увосені таго ж году я выпісаў “Нашу Ніву”. Газэта мне вельмі спадабалася за свой выразьлівы беларускі характар, і я адразу стаўся ейным карэспандэнтам. А пасьлей – і аўтарам некаторых артыкулаў. Таго ж 1909 году паехаўшы на дальшую навуку да Вільні, я асабіста пазнаёміўся з рэдакцыяй “Нашай Нівы” – ад гэнага я быў у цеснай супрацы з нашаніўцамі. Месяцаў сем я працаваў у самой рэдакцыі “Нашай Нівы”.
(Карэспандэнт: ) “А каго вы ведалі асабіста з нашаніўцаў?”
(Станкевіч: ) “Асабіста я знаў шмат – Купалу, Коласа, Цётку, братоў Луцкевічаў, Лёсіка, Эпімаху Шыпілу, Ластоўскага і шмат іншых”.
(Карэспандэнт: ) “Дзякуй вам, доктар Станкевіч”.
Праз колькі хвілінаў мы вернемся да ўспамінаў Галіны Руднік аб працы на радыё ў сярэдзіне 50-х гадоў, а зараз – панарама падзеяў у свеце ў 1956 годзе.
Год 1956
Палітыка
Мікіта Хрушчоў у закрытай справаздачы ХХ зьезду КПСС выкрывае культ асобы Сталіна.
Марока і Туніс становяцца незалежнымі дзяржавамі.
Польскія ўлады здушылі рабочае паўстаньне ў Познані.
Эгіпэт і Ізраіль увайшлі ў канфлікт вакол Суэцкага каналу.
У Будапэшце выбухае антыкамуністычнае паўстаньне, спыненае савецкімі танкамі.
Літаратура
Нобэлеўскую прэмію атрымаў гішпанскі пісьменьнік Хуан Рамон Хімэнэс.
Навука
Упершыню сфатаграфаваная малекула ДНК.
Дасьледнікі ў лябараторыі ў Лос Аламас упершыню назіраюць нэўтрына.
Папулярная музыка
Пачынаецца пераможнае шэсьце па сцэнах сьвету караля рок-н-ролу Элвіса Прэзьлі. Гіт-парады розных краінаў сьвету ўзначальваюць песьні “Love Me Tender” і “Heartbreak Hotel”.
A зараз – працяг успамінаў Галіны Руднік аб працы на радыё ў сярэдзіне 50-х гадоў:
(Руднік: ) “Пасада ў мяне была – такая дапаможная праца, трэба было друкаваць, чытаць, пазьней – перакладаць. Навіны падаваліся на расейскай мове, і кожная рэдакцыя мусіла сабе перакладаць. Вельмі было прыемна, цудоўная была атмасфэра ў нас.
Але я ў Беларускай рэдакцыі засталася нядоўга. Атрымалася вось што. У той час кожная рэдакцыя мела дарадніка – фактычна, гэта былі цэнзары. Цэнзары былі неабходныя нашаму брату, шчыра кажучы. Ясна, шмат каму не падабалася – што мы, самі ня ўмеем? Няможна было бяз гэтага абысьціся.
Кожны сябра рэдакцыі пісаў скрыпт, усе гэтыя скрыпты ішлі да гэтага дарадніка. Дараднік быў амэрыканец, які троху ведаў расейскую мову, але ні беларускіх, ні ўкраінскіх тэкстаў ён ня мог зразумець. У яго была сакратарка-расейка, пажылая дама, якая яму ўсе гэтыя скрыпты чытала. Яна славілася тым, што яна прачытае – шмат скрыптаў адкідалася, а потым хадзіла па ўсёй радыёстанцыі і гаварыла: “Слушайте, эти беларусы и украинцы там такую чушь передают!”
Гэта ўкраінцы і беларусы слухалі-слухалі, і ўрэшце ўкраінцы ўзбунтаваліся і пайшлі з пратэстам да дарадніка: ня будзем пісаць, і скандал. Што яму было рабіць? Ясна, ніхто ня хоча скандалу. Ён спалохаўся, бо ён ня ведаў, што рабіць. Тады ўкраінцы сказалі: “Хай Вам Галына перакладае”. Беларуская рэдакцыя – ні за што, Галіну ня пусьцім, мы яе столькі чакалі! А спадару Абрамчыку гэта спадабалася, мы новыя рэдакцыі, нам трэба было заваёўваць месцы. Ён сказаў: “Ты пойдзеш далей, а на тваё месца мы яшчэ аднаго возьмем”. Тады ў рэдакцыі сказалі: “ А ты цётку сваю навучы друкаваць на машынцы, голас яна ўжо мае добры”. Так яно і сталася. Я пайшла да дарадніка перакладаць тэксты, а цётка – на маё месца”.
Цётка Галіны Руднік – Барбара Вержбаловіч, мэца-сапрана менскага опэрнага тэатру часу другой сусьветнай вайны – працягвала сьпяваць і ў эміграцыі.
1956 год у Беларусі
1 студзеня пачаў свае перадачы Менскі тэлецэнтар.
У Менску адчыніўся Тэатар Юнага Гледача.
Прынятая пастанова Савету Міністраў БССР і ЦК КПБ аб сьсяленьні хутароў у калгасныя вёскі на тэрыторыі колішняй Заходняй Беларусі.
З розных гарадоў краіны накіраваныя першыя эшалёны моладзі Беларусі на новабудоўлі Поўначы і Ўсходу СССР.
У Менску адчыніўся Палац культуры прафсаюзаў.
Першым сакратаром ЦК КПБ абраны Кірыла Мазураў.
Памёр народны паэт Беларусі Якуб Колас.
У выніку крытыкі культу асобы пачалося масавае вяртаньне ў Беларусь вязьняў ГУЛАГу, у тым ліку дзеячоў культуры й мастацтва, пачалі выдавацца творы рэпрэсаваных пісьменьнікаў.
13 жніўня 1956 году памёр клясык беларускай літаратуры Якуб Колас. Ягонае пахаваньне ў Менску вылілася ў дэманстрацыю нацыянальнага адзінства:
(Дыктар: ) “У жалобным маўчаньні ідуць людзі. Вось калёна накіроўваецца на Даўгабродзкую вуліцу, на могілкі. Бясконцы паток працоўных праводзіць у апошні шлях свайго народнага паэта. Няма Якуба Коласа – але яго неўміручыя песьні будуць пераходзіць з пакаленьня ў пакаленьне, вечна будуць жыць у сэрцах працоўнага народу, клікаць яго ў сьветлае заўтра!”
Так у 1956-м хавалі Якуба Коласа.
У адной з папярэдніх перадач я ўжо наракаў на наздвычайную цяжкасьць складаньня гіт-параду беларускай папулярнай музыкі тых далёкіх гадоў. Аднак вось песьня, якая бясспрэчна ўвайшла б у сьпіс найбольшых беларускіх гітоў ХХ стагодзьдзя – “Нёман” Нестара Сакалоўскага на верш Анатоля Астрэйкі. Вось як гучала яна ў 1956 годзе:
Гучыць песьня “Нёман”
А зараз мы вяртаемся зноў да ўспамінаў Галіны Руднік. Яна распавядае Аляксандру Лукашуку пра тэхнічныя асаблівасьці тагачаснай працы на радыё:
(Руднік: ) “Апрача таго, што ў нас быў гэты дарадчык – цэнзар, яшчэ былі вышэйшыя інстанцыі, дзе перакладалі гэта на ангельскую мову, чамусьці шмат было ангельцаў. Вось аднойчы ангелец прыходзіць да мяне і кажа: “Слушайте, Галина, “двухпавярховы” – это значит “двухэтажный”?” Я кажу – правільна. Гляджу, ён не адыходзіць, я пытаюся, у чым справа, а ён: “Ну при чём же здесь дамы?” А там было – “двухпавярховыя дамы”, а ён вырашыў – дамы, жанчыны”.
(Лукашук: ) “Вы чыталі навіны наўпрост у эфір?”
(Руднік: ) “Не, усё на стужку. Проста ў эфір пачалі чытаць шмат пазьней”.
(Лукашук: ) “Тэхнікі былі нямецкія, амэрыканскія?”
(Руднік: ) “Не, амэрыканскіх зусім не было. Шмат славянаў, пераважна расейцы, і былі немцы”.
(Лукашук: ) “Калі памылкі былі падчас чытаньня, што адбывалася?”
(Руднік: ) “Для гэтага быў рэжысэр, ён сядзеў і сачыў, тэхнікі ў гэта ня ўмешваліся”.
(Лукашук: ) “Пісалі на звычайную стужку?”
(Руднік: ) “На вялікую, хуткасьць была – 78”.
(Лукашук: ) “А потым што – выразалі, клеілі?”
(Руднік: ) “Так, выразалі, клеілі”.
(Лукашук: ) “Тэхнікі выразалі й клеілі, ці вы?”
(Руднік: ) “Не мы самі нічога гэтага не рабілі, ніхто нічога ня ўмеў, мы наагул баяліся гэтай тэхнікі, бо ніколі ня бачылі гэтых машынаў. Машыны такія былі амэрыканскія – вялікія, цяжкія, грамоздкія вельмі”.
(Лукашук: ) “А што быў за характар навінаў? Міжнародныя – зразумела, а навіны зь Беларусі – адкуль яны браліся?”
(Лукашук: ) “Зь Беларусі амаль што не было, больш міжнародныя. У нас быў такі аддзел, які называўся маніторынгавы. Яны слухалі савецкае радыё. Менск вельмі цяжка было дастаць і ім. Гэта быў цэлы вялікі аддзел. Расейскія матэрыялы лепш паступалі. У Беларускай сэкцыі аддзелу працаваў спадар Чайкоўскі, які нядаўна памёр. Так што выкарыстоўвалі гэтыя матэрыялы. Газэты вельмі пазьніліся, так што рэагаваць адразу на падзеі не было магчымасьці”.
(Лукашук: ) “Ці атрымлівалі вы якія-небудзь паштоўкі, лісты?”
(Руднік: ) “Не, тады не, абсалютна не было нічога”.
(Лукашук: ) “А што вы ведалі пра слухачоў увогуле: ёсьць слухачы, ці няма?”
(Руднік: ) “Нічога, чыталі як упустую, спадзяваліся, што слухаюць, Мы пачалі верыць, што нас слухаюць, калі нас пачалі ў савецкай прэсе лаяць, тады мы зразумелі, што слухаюць”.
Лісты на Свабоду і зваротная сувязь са слухачамі – асобная тэма, якой мы яшчэ прысьвецім асобную ўвагу. З гэтай нагоды мы просім адгукнуцца найстарэйшых слухачоў беларускай Свабоды – асабліва тых, хто слухаў наша радыё ў далёкія 1950-60-я гады. Калі ласка, скантактуйцеся з намі. Нагадаю наш адрас: Паштовая скрынка 111, Менск 220005. Дарэчы, вось як аналягічны зварот да слухачоў гучаў у 1956 годзе:
(Дыктар: ) “Гаворыць Радыё Вызваленьне. Увага, увага! Дарагія слухачы, Радыё Вызваленьне зьвяртаецца да вас з просьбай пісаць яму лісты з заўвагамі і пажаданьнямі адносна нашых перадачаў. Мы адразу ж праз радыё адкажам на вашыя лісты – рэч зразумелая, захоўваючы ўсе меры асьцярожнасьці. Раім вам унікаць у вашых лістох падрабязнасьцяў, якія маглі б навесьці на ваш сьлед органы дзяржаўнай бясьпекі, а таксама прыняць усе меры асьцярожнасьці пры высылцы лістоў. Замест сваіх праўдзівых прозьвішчаў і адрасоў падавайце выдуманыя. Запішыце, калі ласка, адрас, на які вы можаце нам пісаць. Гатовыя?..” |
|
|
|
|