RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Заўзятар.
Спартовая праграма.



Праблемы беларускае спартовае прэсы. Інтэрвію з намесьнікам рэдактара “Пресс-болу” Сяргеям Новікавым

(эфір 3 сьнежня 1999)

Аўтар і вядучы – Віталь Цыганкоў.

Сёньняшні выпуск нашае спартовае перадачы “Заўзятар” прысьвечаны праблемам беларускае спартовае прэсы.

Чаму беларускі чытач больш цікавіцца замежнымі чэмпіянатамі, а не айчыннымі спаборніцтвамі? Ці можна назваць “Пресс-бол” апазыцыйнай газэтаю?

(Цыганкоў: ) “Бадай, мала хто ведае, што ў савецкія часы адным з самых папулярных выданьняў у Беларусі быў “Советский спорт”, які меў у Рэспубліцы наклад 600 тысячаў асобнікаў.

Гэткая папулярнасьць нават ня мроіцца ня толькі сёньняшнім спартовым, але й грамадзка-палітычным выданьням. Магчыма, гэткае зацікаўленьне спортам тлумачыцца даволі проста – у народа не было магчымасьцяў мець іншыя захапленьні.

Цяпер у Беларусі ажно тры спартовыя выданьні. Коратка пра гісторыю і сёньняшні стан беларускае спартовае прэсы вам распавядзе Ўладзімер Глод…

(Глод: ) “Калі параўноўваць спартовую прэсу Беларусі 70-80-х гадоў з цяперашняй, дык перш-на-перш трэба канстатаваць – тады ў паняцьце беларуская спартовая прэса ўваходзіла ўсяго адно спэцыялізаванае выданьне – газэта “Физкультурник Белоруссии”. Іншых проста не было.

Канешне, тое-сёе пра спорт пісалі так званыя вялікія, агульнапалітычныя газэты, але ўсе гэта рабілася бяз пэўнай сыстэмы. Час ад часу ў “Советской Белоруссии” або “Звяздзе” зьяўляліся спробы ствараць сталыя спартовыя палосы, але энтузыязм іхных стваральнікаў даволі хутка вычэрпаваўся, ды й рэдактары, калі трэба было тэрмінова штосьці зьняць з нумару, у першую чаргу выкідвалі спорт . Пэўная спартовая інфармацыя у той час ішла з афіцыйнай агэнцыі БелТА і гэта, як здавалася, задавальняла.

Цяпер мы можам казаць як мінімум пра тры сталыя спартовыя газэты – “Пресс-бол”, “Спортивная панорама” і “Всё о футболе”. Зразумела, між імі йснуе канкурэнцыя, кожная хоча мець як мага больш чытачоў.

Але відавочным лідэрам сярод іх выглядае “Пресс-бол”. Тут шмат апэратыўнай інфармацыі, газэта шырока ахоплівае сьвет спорту. Робіцца спроба стварыць самавітае выданьне, якое вызвалілася б ад гэткай местачковай абмежаванасьці. І шмат чаго ўжо зробленае.

Аднак кожны мэдаль напэўна мае два бакі. На маю думку, з павялічэньнем пэрыядычнасьці выхаду газэты стала бачна, што “Пресс-болу” часам не хапае аналітычнасьці, а адная толькі інфармацыя, як мне здаецца, не заўжды задавальняе ўдумлівага чытача. Ды й цана – 100 тысячаў за таўсты нумар – высокая. Той жа расейскі “Советский спорт” у дні выхаду ў павялічаных памерах каштуе ў два разы танней.

Газэта “Спортивная панорама” – гэта пераемніца “Физкультурника Белоруссии”. 1 чэрвеня 2001 году яна адсьвяткуе паўвекавы юбілей. Але, на жаль, зараз яна перажывае далёка ня лепшыя часы.

Ейныя заснавальнікі – Міністэрства спорту й турызму, Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі занялі нейкую дзіўную пазыцыю. Яны й газэце не дапамагаюць, і адпусьціць яе, як кажуць, “на вольны хлеб” ня хочуць.

Уся рэдакцыя зараз разьмясьцілася пад лесьвіцаю старога будынку Інстытуту фізкультуры, у невялічкай каморы. На усіх супрацоўнікаў адзін тэлефон, нават уласанага факсу няма. Нейкі час газэта нават ня выходзіла, не было грошай. Адсюль, зразумела, і “цякучка” кадраў. А як сумны вынік усяго гэтага – нявысокая якасьць матэрыялаў, страты чытачоў.

Газэта “Всё о футболе” – гэта адлюстраваньне жаданьня Фэдэрацыі футболу Беларусі мець сваё ўласнае выданьне. Першая такая спроба была зьдзейсьненая яшчэ ў 1992 годзе, калі пачаў выходзіць штотыднёвік “Футбол в Беларуси”. Узначаліў яго Сяргей Раманоўскі, затым яго зьмяніў Яўген Вясьнін.

У сярэдзіне 90-х з-за адсутнасьці фінансаваньня газэту зачынілі. Кажуць, дзякуючы сувязям старшыні Фэдэрацыі кіраўніка Дзяржаўнага камітэту ў справах авіяцыі Рыгора Фёдарава, удалося выданьне узнавіць.

Назоў у яго новы – “Всё о футболе”, галоўны рэдатар былы – Яўген Вясьнін. Здаецца, што рэдакцыя знайшла сваё мейсца на рынку спартовае прэсы. Тут слушна разумеюць – футбол любяць усюды – і ў гарадах, і ў невялічкіх вёсачках.

А таму штотыднёвік, у адрозненьне ад дзьвюх спартовых газэтаў, шырока асьвятляе футбольнае жыцьцё ў правінцыі. Невыпадкова, што там і бальшыня ягоных чытачоў.

Засмучае, што тры спартовыя выданьні знаходзяцца ў стане пэрманэнтавае вайны. Кожнае адшуквае памылкі ў іншых, друкуе артыкулы, у якіх павучае, як трэба лепш працаваць.

Нармалёвая канкурэнцыя, якая безумоўна павінная быць, падмяняецца артыкуламі, што напісаныя часам на мяжы прыстойнасьці. І гэта толькі перашкаджае агульнай справе беларускае спартовае журналістыкі”.

(Цыганкоў: ) “Як слушна зазначыў Уладзімер Глод, лідэрам на рынку спартовае прэсы безумоўна, зьяўляецца газэта “Пресс-бол”. Дарэчы сёньня, 3 сьнежня, выходзіць 900-ы нумар выданьня. Добрая інфармацыйная нагода паразважаць пра газэту.

Я гутару з намесьнікам рэдактара “Пресс-болу” Сяргеям Новікавым: “Сяргей, скажыце, як нарадзілася ідэя стварыць новую спартовую газэту? Ці высьпела яна сярод спартовых журналістаў, ці было грамадзтва падрыхтаванае да такога кроку?”

(Новікаў: ) “Была вялікая колькасьць вельмі цікавых і ўжо ідэйна распрыгнечаных хлопцаў, якія добра ведалі спорт і хацелі сябе ў ім неяк выразіць. А тыя ўмовы, у якіх спартовыя журналісты працавалі на той час у межах дзяржаўных выданьняў, – такой магчымасьці не давалі. Вось таму вельмі хутка вакол Сашы Барысевіча (першага рэдактара нашае газэты), і Валодзі Беражкова стварыўся гурток аднадумцаў. І вось восем гадоў, дзякуй Богу, амаль без перапынкаў існуем і выходзім без затрымак”.

(Цыганкоў: ) “Калі кінуць позірк на гэты шлях, якія Вам узгадваюцца асноўныя вехі? Калі былі самыя прынцыповыя моманты, пасьля чаго газэта выходзіла на новы ўзровень ці наадварот, здаралася нешта такое, што перашкаджала ейнаму разьвіцьцю?”

(Новікаў: ) “Бадай, такіх рэвалюцыйных зрухаў не было. Гэта была ўсё ж-такі эвалюцыя. Быў такі стрэсавы момант напрыканцы часу Кебіча, калі мы тры месяцы не выходзілі. Пад час прэзыдэнцкае перадвыбарнае барацьбы мы сталі камусьці непатрэбныя. Тыя тры месяцы былі, бадай, самыя цяжкія, але пасьля таго, як яны скончыліся, і мы зноў зарэгістраваліся й пачалі выходзіць, гэта была ўжо гэнэрацыя новых людзей, якія вытрымалі ў вельмі цяжкіх умовах, не разьбегліся. І безумоўна, сталі больш сьмелымі”.

(Цыганкоў: ) “Стасункі “Пресс-болу” з уладамі ніколі не былі лёгкімі. Якую фармулёўку Вы бы выбралі, характарызуючы гэтыя стасункі зараз? Многія лічаць вас амаль апазыцыйнай газэтаю. Зь іншага боку, улады даюць вам інтэрвію, заўважаюць, рэагуюць”.

(Новікаў: ) “Гэта вельмі такое цікавае і нават небясьпечнае пытаньне, але я на яго адкажу проста. Увесь час існаваньня “Пресс-болу” нас хочуць зрабіць газэтаю апазыцыйнай. Прычым гэта хочаце, як мне адчуваецца, і Вы зараз, – гэта хочуць і тыя, каго Вы называеце ўладаю.

На самой справе ўсё ня так. “Пресс-бол” – газэта не апазыцыйная, гэта газэта спартовая. Яна ймкнецца йснаваць у межах абранага ёю тэматычнага пласту. Іншая справа, што калі мы хочам мець у нашай краіне сапраўды цывілізаваны эўрапейскага ўзроўню спорт, мы, зразумела, павінны зьвяртацца да ўмоваў, у якіх ён існуе. І вось толькі на гэтай супені мы перакрыжоўваемся з тым, што Вы назвалі ўладаю. Мы змагаемся не з уладаю, не з рэжымам, мы змагаемся з канкрэтным злом.

Возьмем просты прыклад сёньняшняга дню. Зараз у Нарвэгіі праходзіць чампіянат сьвету па гандболу сярод жанчынаў. Там гуляе нашая зборная. Беларускую дэлегацыю на гэтым турніры ўзначальвае спадар Кулакоўскі, кіраўнік камісіі ў правох чалавека “Палаты прадстаўнікоў”. Я, шчыра кажучы, ня ведаю, які быў унёсак гэтага чалавека ў разьвіцьцё нашага гандболу – магчыма, ён яшчэ наперадзе. Але я не разумею, чаму там, у Нарвэгіі, няма кіраўніка Нацыянальнае гандбольнае фэдэрацыі, але ёсьць спадар Кулакоўскі. І таму, зьвяртаючыся да гэтага факту, мы безумоўна, пра яго напішам. І знойдзецца шмат каго, хто занясе гэта на рахунак нашае палітычнае пазыцыі, і паспрабуе сказаць, што мы выступаем з пазыцыяў апазыцыйных. Мы выступаем з пазыцыі барацьбы з канкрэтным злоўжываньнем службовай асобаю сваім становішчам. У нас сярод кіраўнікоў спартовае галіны хапае і ворагаў, і сяброў”.

(Цыганкоў: ) “Давайце пагаворым пра чытача вашае газэты. У вас даволі шырока распаўсюджаныя самыя разнастайныя формы наўпроставай сувязі – анкеты, апытаньні. Пра што яны кажуць? Як бы Вы намалявалі пратрэт чытача “Пресс-болу” – адукацыя, зацікаўленьні. Які спорт больш цікавіць – беларускі ці замежны? Якая ягоная грамадзянская пазыцыя (калі можна рабіць і такія высновы)?”

(Новікаў: ) “У нашых анкетах мы імкнемся адшукаць адказы на ўсе пытаньні, якія вы зараз пералічылі, і на шэраг іншых. І нам вельмі прыемна, што гэтая адваротная сувязь увесь час існуе і робіцца больш шчыльнай. Нас чытаюць галоўным чынам людзі ў веку ад 15 да 45 гадоў. Большая частка чытачоў – людзі з вышэйшай адукацыяй, інтэлігенты, студэнты, гарадзкія жыхары – прыкладна палова накладу распаўсюджваецца ў Менску. У гэтым сэнсе мы маем вялікі рэзэрв, каб знайсьці больш чытачоў на пэрыфэрыі.

Што да палітычнае, грамадзянскае пазыцыі, то гэта людзі неабыякавыя да палітыкі. Калі задаем нейкія пытаньні пра палітычную арыентацыю, абсалютная бальшыня на іх адказвае. Гэта людзі, якія ў палітычным сэнсе настальгуюць за часам, што быў гадоў пяць назад у нашай краіне. Скажам так, мякка.

Што да арыентацыі на міжнародны спорт, то гэта зусім зразумела. Бо паводле ўсіх адказаў, цікавасьць да нашых нацыянальных спаборніцтваў у іх сёньняшнім стане вельмі нізкая. Як на трыбунах няма нікога, акрамя можа на футболе, так і чытаць пра гэта шмат людзей ня хочуць. Таму зараз – пры інфармацыйнай інтэграцыі ў Эўропу – цікавасьць да міжнародных спаборніцтваў вельмі вялікая – наадварот, пішуць, што гэтага мала ў нашай газэце й патрабуюць яшчэ больш. І мы на гэта арыентуемся – міжнароднаму спорту аддаецца ўсё больш, а беларускаму – менш. Хаця безумоўна, заплюшчваць на яго вочы мы ня будзем”.

(Цыганкоў: ) “Наколькі я ведаю, апошнія месяцы наклад “Пресс-болу” стабільны. Ці задавальняе вас гэтае становішча, ці вы хацелі б наклад павялічыць, але нешта не дазваляе гэта зрабіць?”

(Новікаў: ) “Сёньня павелічэньня попыту, нажаль, няма, і мы гэта ў першую чаргу зьвязваем з эканамічным станам краіны, са здольнасьцю людзей выдаткоўваць грошы на прэсу…”

(Цыганкоў: ) “Колькі каштуе нумар ці падпіска?”

(Новікаў: ) “Падпіска на першае паўгодзьдзе наступнага году будзе каштаваць звыш 6 мільёнаў рублёў. Паводле беларускіх мерак гэта нямала, але мы жывем без усялякіх датацыяў – гэта таксама трэба ўлічваць.

Што да рэзэрваў, то яны тут неабмежаваныя, бо, напрыклад, у савецкі час наклад “Советского спорту” – адзінае сур’ёзнае на той час спартовае газэты – дасягаў у Беларусі 600 тысячаў. І ён разыходзіўся. Цікавасьць да спорту ў той час мела такія маштабы. Чаму ж яна ня можа мець такія маштабы ў нас, калі ўсё ў нас наладзіцца? Можа!”

(Цыганкоў: ) “Я не магу не задаць пытаньне пра мову. Я бачу, што калі чытачы дасылаюць адказы на вашыя анкеты па-беларуску, вы іх і друкуеце па-беларуску? Ці не зьяўлялася ў вас ідэя нейкай рубрыкі па-беларуску, куды некаторыя журналісты пісалі б свае артыкулы па-беларуску? Ці вы лічыце гэта немагчымым – спартовая прэса ў Беларусі па-беларуску?”

(Новікаў: ) “Гэта магчыма. І ўвогуле, я лічу, гэта было б слушна. Нажаль, у тых моўных умовах і акалічнасьцях, якія зараз створаныя, гэта ані ў якім разе ня будзе рэнтабэльным. Мы можам выпусьціць адзін-два-тры нумары па-беларуску, але баюся, што пятага нумару ўжо ня будзе. Гэта сумленны адказ на вашае пытаньне”.

(Цыганкоў: ) “Якой вы бачыце будучыню “Пресс-болу” ў Беларусі?”

(Новікаў: ) “Хацелі б яе бачыць больш сьветлай за сёньняшні дзень. Канешне, будучыня нашае газэты будзе такой, якой будзе будучыня Беларусі. Далёка адзін ад аднаго мы не адарвемся, як бы нам гэтага не хацелася. Выходзіць увесь час мы будзем у гэтай краіне”.

Віталь Цыганкоў, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org