RFE/RL |
Вынікі году для беларускага спорту(эфір 26 сьнежня 1999) Тэмаю сёньняшняга выпуску нашае спартовае праграмы “Заўзятар”стануць вынікі году для беларускага спорту. Якія перамогі здабыў беларускі спорт у 99-м? Ці не было больш правалаў і няўдачаў? Перадачу вядзе Віталь Цыганкоў. (Цыганкоў: ) “Прывітаньне! Перамогі й правалы, чыноўніцкія каляспартовыя скандалы, ад’езд атлетаў і трэнераў за мяжу – на ўсё гэта быў багаты адыходзячы год. Што ж пераважала ў беларускім спорце – посьпехі ці паразы? На гэтае пытаньне мы паспрабуем знайсьці адказ у сёньняшняй праграме разам са спартовымі аналітыкамі зь беларускай дзяржаўнай і незалежнай прэсы. У размове пра вынікі 99-га спартовага года бяруць удзел аглядальнік газэты Зьвязда Алесь Сівы й намесьнік рэдактара газэты Пресс-бол Сяргей Новікаў”. (Цыганкоў: ) “Такім чынам, давайце пачнем з прыемнага. Якія перамогі здабыў беларускі спорт у 99-м? Што вам узгадваецца ў першую чаргу. Калі ласка, Сяргей Новікаў…” (Новікаў: ) “Ну, калі браць самае важкае дасягненьне адыходзячага году, то, бадай, пра яго ўжо хтосьці й забыўся, але, на маю думку, ім застаецца ўсё ж такі лютаўскі посьпех біятляністаў на чэмпіянаце сьвету, калі наша эстафэтная чацьвёрка атрымала золата, першае мейсца. І, безумоўна, гэта быў пэўны пік і ў сэнсе дасягненьня, і ў сэнсе добрых эмоцыяў, якія мы ўсе атрымалі ад гэтай перамогі. Ну а калі летнія віды спорту браць, то тут дасягненьняў такіх гучных на памяць не прыходзіць, хіба што толькі Кацярына Карстан, былая Хадатовіч – нашая алімпійская зорка Атланты – адзіная падтрымала свой статус і, нарадзіўшы дачку, вярнулася ў акадэмічнае віславаньне ды зноў стала там чэмпіёнкаю сьвету й дала нам падставы спадзявацца на ейны посьпех у Сіднэі”. (Цыганкоў: ) “Алесь Сівы, вам слова…” (Сівы: ) “Я б дадаў сюды яшчэ хакей, бо нацыянальная зборная Беларусі захавала мейсца ў эліце, у групе “А”, і будзе выступаць у наступным годзе ў элітнай групе. І, вось, напрыканцы году юнацкая зборная Беларусі таксама ў Менску, у родных сьценах выйшла ў групу “А”, заняла першае мейсца. Можна лічыць посьпехам выступленьне нашых беларускіх гімнастак – Юліі Раскінай, да прыкладу. Зборная Беларусі заваявала бронзавыя ўзнагароды й таксама ёсьць надзея, што Юлія Раскіна здолее добра выступіць у Сіднэі, ёсьць спадзяваньні, што ў нас мэдалі будуць у гэтым відзе спорту”. (Цыганкоў: ) “Такім чынам, мы акрэсьлілі асноўныя посьпехі беларускіх спартоўцаў у 99-м годзе. Іх, як бачым, няшмат. Давайце цяпер пагаворым пра правалы і няўдачы?” (Новікаў: ) “Мне дык бліжэй і больш даспадобы гульнёвыя віды, таму перш за ўсё, бадай, пра іх тут і ня хочацца рабіць нейкія асабістыя канкрэтныя высновы, а, магчыма, лепей пагаварыць пра нейкія тэндэнцыі. Дык вось, засмуцілі і баскэтбалісты, і гандбалісты, гэта, я падкрэсьліваю – зборныя, якія ў нас будуюцца на базе легіянэрскіх сілаў, і ў якія ўваходзяць гульцы, на якіх, як быццам не асабліва адбіваюцца нягоды і нашага нутранага беларускага жыцьця, эканамічныя і гэтак надалей… Але тым ня менш і гэтыя зборныя ня здолелі падтрымаць той узровень, на якім гуляюць іхныя гульцы ў клюбах, дзе яны выступаюць. І гэта – вельмі вялікае засмучэньне, асабліва гандбалісты, у якіх, я лічу, узровень гульцоў дазваляў нават спадзявацца ня толькі на фінал чэмпіянату Эўропы, які адбудзецца празь месяц, але й на тое, каб пазмагацца за шлях на Алімпіяду. Гэтага не адбылося, прайгралі. Прычым прайгралі сваім суседзям украінцам, якія, як быццам, у такіх самых умовах як і мы працуюць. Тым ня менш шанцаў у суперніцтве зь імі не было”. (Цыганкоў: ) “А чаму так адбываецца? Чаму легіянэры ў сваіх замежных клюбах гуляюць лепш, чым у нацыянальнай зборнай? Можа, тут нешта ня так з трэнерамі ці з матывацыяй гульцоў?” (Новікаў: ) “А я вось задумваўся над гэтым пытаньнем, яно, дарэчы, і футболу таксама тычыцца. Вось тут, магчыма, нейкія пытаньні… недахоп нацыянальнае самаіндэфікацыі – я б так сказаў. У людзей не хапае фактару патрыятызму, фактару змаганьня з апошніх сілаў за тое, за што змагаюцца іхныя супернікі. За сваю краіну, за сваю нацыю. Як ні крыўдна, але мне падаецца, што гэта ёсьць”. (Сівы: ) “Яшчэ я хацеў бы сказаць, што ў вольным дужаваньні атрымаўшая ў гэтым годзе стоадсоткавае фінансаваньне каманда не заваявала аніводнае ліцэнзіі на Алімпіяду. Тут можна сказаць – грошы выляцелі ў трубу. І на чэмпіянаце сьвету аніводны з дужавікоў-вольнікаў не ўвайшоў у васьмёрку мацнейшых – гэта таксама парадокс. Шмат хто з нашых трэнэраў зараз зьяжджае, той жа Камандар Маджыдаў, трэнэр зборнай Беларусі ў грэка-рымскай барацьбе – зараз паехаў і трэніруе зборную Казахстана”. (Цыганкоў: ) “Тут нельга не ўзгадаць і правал ў Сэвільі на чэмпіянаце сьвету ў лёгкай атлетыцы…” (Сівы: ) “Я гутарыў днямі з прэзыдэнтам Фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Аляксандрам Рудзкіх, і ён сказаў, што няма каго вінаватых шукаць, што ён ня ведае, што здарылася”. (Новікаў: ) “Мне падаецца, што лёгкая атлетыка – гэта адзін зь відаў, які патрабуе асаблівага падыходу – у сэнсе фінансаваньня і эканамічнага забесьпячэньня працэсу падрыхтоўкі спартоўцаў, працэссу фармакалягічнага забесьпячэньня, навуковага – так, уласна кажучы. І вось тут, мне здаецца, мы на абедзьве нагі кульгаем, бо ўсе напрацоўкі спартовых навукоўцаў, якія былі ў савецкія часы, засталіся там, ужо за мяжою. І анічога новага наша беларуская спартовая навука – істотна новага – здаецца, не зрабіла… І калі яшчэ аб паразах казаць, то, магчыма, трэба прыгадаць таксама й працэс адтоку лепшых спартовых сілаў за мяжу. Пакідаюць Беларусь. У свой час пакінуў Хамелайнен – наш дзесяцідужавік, у гэтым годзе мы страцілі гандбаліста Аляксандра Тушкіна – ён зьмяніў грамадзянства на расейскае. Тая ж самая гісторыя зь лепшым баскэтбалістам Валерыям Дайнэкам… І гэта, магчыма – таксама параза беларускага спорту, не магчыма, а дакладна – параза”. (Сівы: ) “За апошнія гады зьехала недзе каля пяцідзесяці трэнэраў мастацкай і спартовай гімнастыкі. Віктар Дойлідаў – у Аўстраліі. Шмат працуе ў Злучаных Штатах той жа Віталь Шчэрба. У нас праходзіла гімнастычнае шоў “Galina Blanka” – Віталь адмовіўся прыехаць сюды. Яму не патрэбна, ён адкрыў сваю гімнастычную школу ды трэніруе маленькіх дзяцей у Злучаных Штатах Амэрыкі і ня хоча вяртацца сюды”. (Цыганкоў: ) “Чаму ў 99-м годзе на першыя палосы прэсы часта выплёскваліся каляспартовыя скандалы? Па колькасьці такіх чыноўніцкіх канфліктаў і выкрываньняў, бадай, гэты год пераўзышоў усе папярэднія. У чым тут справа? Калі ласка, Сяргей Новікаў…” (Новікаў: ) “Усе скандалы, якія прыгадваюцца – яны ўзьнікаюць недзе так на мяжы, дзе спорт найбольш шчыльна падыходзіць да такой зьявы, як, скажам, чыноўніцтва, намэнклятура. Нашыя дзяржаўныя дзеячы, якія не знаходзяць свайго самавыяўленьня ў “асноўнай” працы, апошнім часам масава кінуліся кіраваць спортам. Прычым людзі, які нібыта да спорту такога шчыльнага дачыненьня і ня маюць. Гэта прыносіць калі й добрыя зьявы (нельга казаць так агульна, што гэта дрэнна), але недзе ёсьць і проста… ну, кур’ёзы. На мой погляд бясконцы, няспынны скандал году – гэта кіраваньне футбольнай Фэдэрацыі яе прэзыдэнтам і міністрам авіяцыі Фёдаравым. Гэта нешта несусьветнае, і вынікі нашага футболу адпавядаюць таму ўзроўню, як ім кіруюць”. (Сівы: ) “У гэтым годзе навогул было шмат скандалаў. Тут і справа зь беларускай зборнай па гандболу, калі адказны работнік, які быў кіраўніком дэлягацыі – можна так адкрытым тэкстам – краў грошы ў гандбалістаў. Пасьля гэта ўсё высьветлілася. Зразумела, гэтага Васіля Піклянкова зрабілі як бы “крайнім”. Аднак, зноў жа, я скажу што гэта нейкі эпізод, выпадак, і ня толькі, думаю, у гандболе. Аднаго злавілі за руку, але ёсьць такое і ў іншых відах спорту”. (Новікаў: ) “Тое, што зрабілі гандбалісты, могуць, на маю думку, зрабіць і прадстаўнікі шмат якіх відаў спорту. Там адбываецца тое ж самае, і гэта не сакрэт”. (Сівы: ) “…І таксама яшчэ справа Валянціна Цяліповіча, выконваючага абавязкі кіраўніка Алімпійскага фонду, якога зараз асудзілі на пяць гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці за тое, што атрымаў хабар у памеры 1900 даляраў ЗША”. (Новікаў: ) “Гаворачы пра вынікі году, можна сказаць, што ўсё ж такі спорт у нас рухаецца наперад ў першую чаргу намаганьнямі дзяржаўных установаў. Вось мне й здаецца – гэтага мала! І гісторыя гэтак званага “адзяржаўленьня” менскага “Дынама”, былога футбольнага флагману, якая ні да чаго не прывяла – выніку няма! І вось год скончыўся тым, што менскае “Дынама” зноў перайшло ў прыватныя рукі, і гэта тэндэнцыя – прыклад таго, што жыцьцё бярэ сваё. Добра, калі будуюцца хакейныя палацы, але дрэнна, што яны будуюцца ў нас на загад. Адная справа Горадня, дзе пабудавалі – і адразу поўныя трыбуны, хакейнае жыцьцё пайшло, набыло новы імпульс. Іншая справа Віцебск, дзе пабудавалі прыгожы будынак, ён упрыгожыў архітэктуру гораду, але што далей? Куды больш сродкаў, чым пабудова палацу, спатрэбяцца, каб стварыць каманду, каб падтрымоўваць эксплюатацыю гэтага палацу, каб зьявіліся трэнэры, адмыслоўцы. Ці здолее гэты воз выцягнуць Віцебск, у якога добрая цудоўная футбольная каманда ўжо згінула? Няма прыватнай ініцыятывы, магчымасьці рынкавым стасункам выявіць сябе ў спорце”. (Цыганкоў: ) “Ну й на заканчэньне – спроба прагнозу. Наступны год – алімпійскі. Ці дасьць гэта пэўны штуршок да разьвіцьця беларускага спорту? Ці можна на гэта спадзявацца?” (Новікаў: ) “Ну я, шчыра кажучы, ня веру, мне здаецца, што Сіднэй ня будзе пасьпяховым для беларускага спорту. Іншая справа, што я веру ў тое, што, пачынаючы ад Сіднэя, ад яго патэнцыяльных няўдачаў мажліва пачнецца нейкі ўздым, асэнсаваньне таго, куды йдзе наш спорт”. (Сівы: ) “Я цалкам згодны са сваім калегам, бо з такой палітыкаю, што праводзіцца зараз, немажліва знайсьці штосьці новае і ўбачыць нейкія зрухі. Магчыма будуць у нас мэдалі, аднак аб нейкім фуроры беларускай каманды марыць пакуль толькі прыходзіцца”. (Новікаў: ) “За тыя дзесяць месяцаў, што засталіся да Алімпіяды, ужо бадай немагчыма. Для гэтага патрэбны большы час і, мне падаецца, іншыя людзі”. (Цыганкоў: ) “Іншыя людзі, відаць, патрэбныя ня толькі ў беларускім спорце, але і ў палітыцы, бяз зьменаў у якой, спорт ня зможа пайсьці наперад. Мне застаецца толькі нагадаць, што сёньня ў нашым эфіры спартовыя вынікі года абмяркоўвалі аглядальнік газэты Зьвязда Алесь Сівы й намесьнік рэдактара газэты Пресс-бол Сяргей Новікаў. Праграму “Заўзятар” сёньня падрыхтаваў Віталь Цыганкоў, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |