RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Заўзятар.
Спартовая праграма.



Размова з трохразовым алімпійскім чэмпіёнам Уладзімерам Парфяновічам пра спорт, жыцьцё й палітыку

(эфір 12 сьнежня 1999)

Аўтар і вядучы – Віталь Цыганкоў.

У чарговым выпуску “Заўзятара”:
Чаму некаторыя атлеты пасьля заканчэньня сваёй спартовай кар’еры ідуць у крымінальныя структуры?
Як сучасны спорт уплывае на здароўе чалавека?

Размова з трохразовым алімпійскім чэмпіёнам Уладзімерам Парфяновічам пра спорт, жыцьцё й палітыку.

Куды сыходзяць чэмпіёны? Які лёс чакае знакамітых атлетаў пасьля заканчэньня спартовае кар’еры? Пытаньне гэта вельмі неадназначнае, і як вы пачуеце далей у нашай праграме, часам нават трагічнае. Але герой нашай сёньняшняй перадачы – хутчэй нетыповы прыклад удалай адаптацыі былога спартоўца ў “звычайнае” жыцьцё.

Уладзімер Парфяновіч, 41 год. Трохразовы алімпійскі чэмпіён у веславаньні на байдарцы, 9-разовы чэмпіён сьвету. Сёньня прэзыдэнт грамадзскага аб’яднаньня беларускай асацыяцыі каноэ, гэнэральны дырэктар Беларускага аб’яднаньня Міжнароднай асацыяцыі ў барацьбе з наркаманіяй і наркабізнэсам, сябра выканкаму Нацыянальнага Алімпійскага Камітэту Беларусі, дырэктар камэрцыйнае фірмы.

Дарэчы, напярэдадні нашае размовы Ўладзімер нейкі час вагаўся, ці не паспрабаваць гаварыць на беларускай мове. Уладзімер сказаў, што любіць беларускую мову і яму падабаецца, калі людзі прыгожа ёй валодаюць, але сам ён, ня маючы вялікай практыкі, усё ж такі, каб не атрымалася трасянкі, вырашыў гаварыць па-расейску.

(Цыганкоў: ) “Ёсьць такая гіранічная прыказка: “Калі Бог раздаваў мазгі, футбалісты былі на трэніроўцы”. Замест футбалістаў сюды часам устаўляюць прадстаўнікоў любых іншых відаў спорту. Ці згодныя вы з гэтым стэрэатыпам пра нейкую інтэлектуальную абмежаванасьць спартоўцаў?”

(Парфяновіч: ) “Гэта, як я думаю, прыдумалі артысты, бо яны самі п’яніцы. Я так магу сказаць. Гэта зьявілася ў некаторых фільмах – што спартовец п’яніца, нейкі непаўнавартасны. Калі ж глядзець зь іншага боку, можна сказаць, што ўсе артысты п’яніцы, а палітыкі ўсе прастытуткі. Я не думаю, што гэта слушна – так разважаць. Розныя людзі ёсьць паўсюль – у жыцьці, мастацтве, спорце, навуцы”.

(Цыганкоў: ) “Але для падобнага стэрэатыпу ёсьць рэальныя падставы ў тым сэнсе, што спартоўцам няма калі чытаць, хадзіць, напрыклад, на мастацкія выставы…”

(Парфяновіч: ) “Няпраўда, тут таксама ўсё залежыць ад чалавека. Калі чалавек хоча разьвівацца ня толькі фізычна, але й інтэлектуальна, духоўна, то ў гэтым у яго не павінна быць праблемаў, – як у кожнага, хто працуе, напрыклад, на заводзе. Пра рабочага чалавека таксама можна сказаць, нібыта ён інтэлектуальна недаразьвіты. Але гэта няслушна… Разумееце? Усе залежыць ад акаляючай абстаноўкі, ад таго сьвету, у якім ён жыве. Калі чалавек жыве ў нармальным цывілізаваным сьвеце, яму ня трэба стаяць у чарзе за каўбасою і думаць, што заўтра гэтай каўбасы ня будзе (або масла ці яек), то яму прасьцей пайсьці ў тэатар ці кіно, зрабіць сабе нармальны адпачынак.

Спорт, як я гэта бачу, вучыць жыць, вучыць працаваць. У мяне расьце сын, і асноўная задача, якую я перад ім стаўлю, гэта навучыцца працаваць. А спорт дае магчымасьць вучыцца выжываць у нашым жыцьці”.

(Цыганкоў: ) “А таксама вучыцца выйграваць і прайграваць?”

(Парфяновіч: ) “Так. Самае цяжкае – гэта ўмець прайграваць годна”.

(Цыганкоў: ) “Іншы стэрэатып пра спартоўцаў узьнік у вапошнія гады. Не сакрэт, што некаторыя спартоўцы даволі часта знаходзяць сябе па заканчэньню сваёй кар’еры ў крымінальных структурах. Там за іхныя фізычныя здольнасьці плаціць больш, чым можа заплаціць дзяржава. Чаму так адбываецца? Ці сьведчыць гэта пра адносіны дзяржавы да атлетаў, ці пра тое, што спартоўцы непадрыхтаваныя да нармальнага, неэкстрэмальнага жыцьця?”

(Парфяновіч: ) “Тут зноў-такі ўсё залежыць ад асобы. Ад таго, як выхоўваўся спартовец, якім трэнерам. Калі чалавек узьняўся на Алімп, а потым яго кінулі ў бруд, то другі раз у жыцьці ўздымацца на Алімп вельмі цяжка, паверце мне. Я гэта прайшоў. У 1984 годзе закончыў спорт у зэніту славы, бяз пройгрышаў, і апусьціўся на самы ніз. Праз тры месяцы я ўжо быў на адных макаронах, працы таксама аніякае не было. Былі нейкія цікавыя ідэі, яны не ажыцьцявіліся. І што заставалася рабіць? Канешне, са сваім здароўем – у той час яшчэ нармальным – можна было пайсьці з дужымі кулакамі адбіваць людзям галовы. Але гэта няслушная пазыцыя. Так што паўтараю – ўсё залежыць ад чалавека, ад таго, у якім асяродзьдзі ён гадаваўся і якія мэты ў жыцьці ставіў.

Але хачу сказаць, што алімпійцы – тыя, якія заваёўваюць высокія мейсцы – яны ня йдуць у крымінал. Туды йдуць спартоўцы сярэдняга ўзроўню. Але я ня думаю, што цяпер засталося шмат спартоўцаў, якія ідуць гэтым шляхам”.

(Цыганкоў: ) “Распавядзіце больш падрабязьней пра ваш шлях ад заканчэньня спартовае кар’еры да сёньняшняга дню. У 1984 годзе, калі з-за байкоту савецкім спартоўцам не дазволілі ўдзельнічаць у Алімпіядзе ў Лёс-Анджэлесе, вы перамаглі на гульнях “Дружба”, якія наладзілі сацыялістычныя краіны замест Алімпіяды, і пакінулі спорт. Што было далей?”

(Парфяновіч: ) “Як я ўжо казаў, я ўпаў уніз, але знайшоў у сабе сілы ня піць, а пачаць другі пад’ём. Найцяжэйшы. Я лічу, што гэты другі пад’ём роўны алімпійскаму. Калі камуністы забаранілі выяжджаць… Закончыўся спорт і пачалася звычайнае жыцьцё, якое патрабуе кожны дзень упартасьці, гэтаксама як у спорце”.

(Цыганкоў: ) “Многія, нават самыя славутыя, беларускія спартоўцы ў палітыцы ідуць на грэбне агульнае хвалі, падтрымліваюць тых, хто пры ўладзе. Дастаткова ўзгадаць прэзыдэнцкія выбары, калі выдатныя атлеты прапагандавалі за Кебіча. Сёньня яны ж падтрымліваюць цяперашняга кіраўніка дзяржавы.

Вы не баіцеся выказваць незалежнасьць свайго меркаваньня. Калі я папрашу вас выказаць свае палітычныя сымпатыі, што вы скажаце?”

(Парфяновіч: ) “У прынцыпе, тыя дэмакраты, якія сёньня існуюць… У мяне неяк складваліся добрыя адносіны з Карпенкам, але астатнія… Ёсьць некалькі чалавек, якія былі й застаюцца нармальнымі людзьмі. А ў бальшыні гэта людзі, якія змагаюцца сёньня за крэсла. Як бы яны не выказвалі сваю думку – ня веру.

Што да майго пункту гледжаньня, то калі я яго выказваю, гэта не значыць, што я гэтым кагосьці падтрымліваю. І калі мая думка з нечым не супадае, усе пачынаюць думаць, што гэта крытыка. Тое, што сёньня Лукашэнка, утрымаўшы сытуацыю, ня йдзе наперад – вось калі я гэта гавару, гэта ўжо называецца крытыка?..

У краіне не павінна быць толькі аднае думкі. Кожны чалавек мае права выказаць сваю думку, і ня быць загнаным і прыбітым. У нас сёньня ў Беларусі, канешне, гэтая страшная забітасьць. Кухонная палітыка, калі кожны замыкаецца на кухні, і пачынае там абмяркоўваць праблемы палітыкі”.

(Цыганкоў: ) “У гэтым віна найперш існуючай улады, якая прымушае людзей выказваць сваё меркаваньне толькі на кухнях, бо калі яны выказваюць яго на вуліцах, іх за гэта б’юць…”

(Парфяновіч: ) “Гэта дрэнна. Гэта самае страшнае, калі беларус б’е беларуса. І няма кампрамісу паміж імі. Той міліцыянт, які выходзіць і б’е беларуса, можа, думае на кухні гэтаксама. Але ён бярэ дручок і б’е. Вось што крыўдна і страшна.

У мяне растуць дзеці і я не хачу ім навязваць сваю думку. Хай у іх фармуецца свой жыцьцёвы погляд, і калі ён будзе адрозьнівацца ад майго, я ня буду яго біць дручком”.

(Цыганкоў: ) “За апошнія гады зьявілася шмат публікацыяў пра тое, што вялікі спорт разбурае здароўе чалавека. Сёньня без прэпаратаў ня толькі чэмпіёнам ня станеш, але відаць, нават на Алімпіяду не патрапіш, проста не выканаеш нарматыў. Ці згодныя вы, што сучасны спорт высмоктвае з чалавека ўсё здароўе?”

(Парфяновіч: ) “Згодны з вамі. Спорт не дае здароўя. І гэта ўсе выдатна разумеюць. Кожны спартовец, які займаецца на высокім узроўні, рыхтуецца да Алімпійскіх гульняў, разумее, што без прэпаратаў, якія дапамагаюць яму аднавіць сілы пасьля трэніроўкі, вітамінаў… Гэта не зьяўляецца допінгам. Але сёньня іх не хапае, гэтаксама як і добрых мейсцаў для правядзеньня збораў, трэніровак. Таму я думаю так: або фінансаваць на 100 адсоткаў або не даваць зусім, не гробіць спартоўцаў.

Знакамітыя штангісты-цяжкавагавікі яны зараз у такім стане, што я бы не пажадаў нікому. Яны зьведалі вялікі аб’ём нагрузак, і сёньня яны хворыя людзі – некаторыя нават ня могуць рухацца”.

(Цыганкоў: ) “У чым выхад?”

(Парфяновіч: ) “У чым выхад? Хто хоча перамагаць, ён не задумваецца пра сваё здароўе – яму хочацца перамагчы. Кожны разумее, што рызыкуе здароўем. Але ідзе наперад да сваёй мэты, траціць здароўе, таму тут ад дзяржавы павінна быць адэкватная аддача. Калі табе не далі аніякае працы, і ты ня здолеў знайсьці сабе ў жыцьці, тады магчымыя варыянты зыходу туды, пра што мы раней гаварылі”.

(Цыганкоў: ) “Здаецца, у Беларусі на сваіх спартовых герояў ставяцца даволі спакойна, ня так, як у іншых адносна маленькіх краінах. Там іх носяць на руках, ствараюць усе ўмовы, у нас – не. Трыбуны пустыя. Магчыма, нашы людзі троху разбалаваныя перамогамі яшчэ з савецкіх часоў ці інтарэс да спорту зьнізіўся”.

(Парфяновіч: ) “Нашага чалавека сёньня не турбуе яго здароўе. Вы паглядзіце на людзей, што жывуць у сёлах. Ніводнага зуба няма, пагалоўнае п’янства. Вось у чым праблема. Але людзі працягваюць хварэць за спорт, калі зь імі сустракаешся, яны ўсё памятаюць. Але ня трэба спартоўцаў насіць на руках. Ня ўсе праходзяць гэтыя медныя трубы, гэта самае страшнае ў спартоўца”.

Гэта быў трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч, які прайшоў праз ваду, агонь і медныя трубы. На вялiкi жаль, далёка не ва ўсiх славутых спартоўцаў лёс склаўся так удала, як у сп. Парфяновiча. Аб трагiчных старонках з жыцьця спартовых зорак Беларусі распавядае Ўладзімер Глод.

(Глод: ) “Як гэта ня сумна, але першы ў гiсторыi Беларусі залаты алiмпiйскi мэдаль ня зойме свайго пачэснага мейсца ў будучым музэi славы айчыннага спорту. Дзе ён знаходзiцца цяпер, ня ведае нiхто.

Першым чэмпiёнам Алiмпийскiх гульняў зь беларусаў стаў славуты двубоец Алег Караваяў. Яшчэ ў 1960 годзе, калi Алiмпiяда праводзiлася ў Рыме, ён перамог ўсiх сваiх супэрнікаў i ўзьняўся на вышэйшую прыступку п’едэсталу гонару. Тады ж яму i ўручылi самую дарагую для любога спартоўца ўзнагароду. I хаця ў той час Алег выступаў пад сьцягам Савецкага Саюзу, менавiта з тае пары йдзе адлiк залатых алiмпiйскiх мэдалёў для Беларусi.

Выпрабаваньне славаю Алег ня вытрымаў. Ён ня мог знайсьцi ў сабе сiлаў, каб адмовiць i тым, хто шчыра хацелi павiншаваць яго з перамогаю, i тым, хто спойвалi яго дзеля таго, каб потым пахвалiцца, што яны ўздымалi кiлiшак разам зь першым алiмпiйскiм чэмпiёнам… Справа дайшла да таго, што шмат хто ў Менску ведаў – хочаш выпiць з Караваявым – iдзi да крамы садавiны й гароднiны, што разьмясьцiлася на Даўгабродзкай вулiцы побач з кiнатэатрам “Мiр”. Тут была вядомая кропка Алега, тут ён аднойчы й прадаў за дзьве пляшкі “чарнiлаў” свой залаты алiмпійскi мэдаль. Каму – невядома.

Гарэлка сапсавала жыцьцё шмат каму зь вядомых беларускiх спартоўцаў. Узгадаю толькi некалькi iмёнаў. Футбалiст Аляксандар Пракапенка, пра чый надзвычайна прыгожы гол пяткаю ў вароты кiеўскага “Дынама”, упэўнены, аматары футболу не забылiся i сёньня. Славутая гiмнастка зь Вiцебску Тамара Лазаковiч, якая таксама не змагла выстаяць перад спакусамi алькаголю.

Але ня толькi гарэлка ламала жыцьцё зоркам беларускага спорту. Леанард Адамаў – адзiн зь лепшых футбалiстаў часоў Мустыгiна й Малафеева, Савосьцiкава й Зарэмбы – выкiнуўся з восьмага паверху прыгожага белага дому побач з уваходам у Батанiчны сад. Прычына – сямейныя праблемы, няўдалае каханьне.

Падобных прыкладаў шмат. Iншая справа, што раней пра iх забаранялася пiсаць, рабiць тэлевiзiйныя- i радыёперадачы. Тады лiчылася – падобныя зьявы могуць быць толькi ў капiталiстычных краiнах. Толькi там, маўляў, спартовыя зоркi маглi сьпiцца, скончыць жыцьцё самагубствам, непрыстойна паводзiць сябе ў грамадзкiх мейсцах. У Савецкiм Саюзу, маўляў, такога ня было. Яшчэ як было”.

Гэта быў Уладзімер Глод.

Віталь Цыганкоў, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org