RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Заўзятар
Спартовая праграма



«Белорусский футбол» — ан-ляйнавы лідэр
Перамога “бычком”
Калі варта забыцца на розум

(эфір 3 Сьнежня 2000)

Сёньня ў Заўзятары:
— расповед пра самую папулярную беларускую спартовую інтэрнэт-старонку,
— адзін алімпійскі мэдаль у беларускіх дзюдаістаў — многа гэта ці мала, і
— скандал у гішпанскіх паралімпійцаў.

(Цыганкоў: ) «У адным зь мінулых выпускаў “Заўзятара” мы распавялі пра інтэрнэт-старонкі, прысьвечаныя беларускаму спорту. Мы адзначылі, наколькі маларазьвітымі й малаколькаснымі пакуль застаюцца беларускі спартовыя старонкі ва ўсясьветным сеціве. “Заўзятар” вырашыў працягнуць гэтую тэму, і каб карціна не выглядала занадта пэсымістычнай, сёньня мы распавядзем пра самы папулярны сайт сярод беларускіх спартовых рэсурсаў, які называецца «Белорусский футбол» (http://www.nsys.by/~pressbal/BELFOOT).

Гэтая старонка — індывідуальны праект Цімафея Зіноўева, які сёньня зьяўляецца госьцям нашае праграмы. І натуральна, што першае пытаньне да аўтара самага папулярнага сайту ў беларускім спартовым інтэрнэце, даволі тыповае — ці лёгка быць першым? Але адказ Цімафея, магчыма, падасца даволі нетыповым…”

(Зіноўеў: ) “Лёгка, лёгка быць першым, таму што вельмі мала спартовых сайтаў у Беларусі. Калі яны і ёсьць, дык, з майго пункту гледжанньня, робяцца непрафэсійна”.

(Цыганкоў: ) “Чым прываблівае сайт “Беларускі футбол” наведвальнікаў інтэрнэту? Магчыма, хуткасьцю: вынікі чэмпіянату Беларусі выстаўляюцца на старонку прыблізна праз паўгадзіны пасьля заканчэньня матчу. Магчыма, разнастайнасьцю — на сайце праводзяцца розныя апытаньні, акрамя навінаў, можна знайсьці шмат цікавага зь гісторыі футбола, а таксама прагядзець відэафрагмэнты некаторых галоў зборнай Беларусі.

Сайт “Беларускі футбол” некамэрцыйны. Цімафей Зіноўеў траціць на яго свой асабісты, вольны ад асноўнае працы час. Інтэрнэт-старонка зьяўляецца нечым накштал гобі, дарагой цацкаю. “Мне гэта проста цікава, я сам займаўся футболам, спадзяюся, што разьбіраюся ў гэтай гульне”, — кажа Зіноўеў. Што параіў бы Цімафей тым аматарам спорту, якія магчыма, хацелі б адкрыць сваю уласную старонку ва ўсясьветным сеціве?

…Увогуле, ці цяжка гэта — рабіць спартовы інтэрнэт-сайт?..”

(Зіноўеў: ) “Цяжка інтэрвію даваць, калі цябе слухае вялікая аўдыторыя. А інтэрнэт якраз дае магчымасьць рэалізаваць сябе самаму сьціпламу. Цябе ніхто ня бачыць, ты робіш усё, што можаш і хочаш. Гэта вельмі проста й зручна, а пачаць — зусім ня цяжка”.

(Цыганкоў: ) “Беларускі спартовы інтэрнэт — гэта найперш афіцыйныя старонкі футбольных камандаў і фан-клюбаў заўзятараў. На сайце “Беларускі футбол” існуе гэтак званая гасьцявая кніга, дзе наведвальнікі могуць абмяняцца думкамі, правесьці дыскусію на нейкую гарачую тэму. Пра што спрачаюцца, якія тэмы абмяркоўваюць на “Беларускім футболе” ды іншых спартовых сайтах”.

(Зіноўеў: ) “Нашы заўзятары больш вядуць размовы паміж сабой наконт таго, чый клюб лепшы, хто зь іх на якім матчы быў і хто на якім матчы каго пабіў. Гэта 60-70% дыскусіі ў гасьцявых кнігах. Зазвычай на гасьцявыя кнігі ходзяць “фанаты” — гэта пераважна вельмі маладыя хлопцы”.

(Цыганкоў: ) “У такіх сфэрах, як палітыка, бізнэс, гандаль, беларускі інтэрнэт ужо мае пэўнае разьвіцьцё, нейкія посьпехі, зьяўляецца свая канкурэнцыя, змаганьне паміж сайтамі за наведвальнікаў. У гэтым сэнсе беларускі спартовы інтэрнэт уражвае сваёй слабасьцю й вельмі нізкім узроўнем развіцьця… Чаму?”

(Зіноўеў: ) “У Беларусі ня вельмі разьвіты інтэрнэт. У параўнаньні з расейскім — як неба й зямля. У Расеі папулярныя спартовыя сайты — гэта старонкі ў асноўным пэрыядычных выданьняў: «Спорт-экспресс», «Советский спорт»…

Чаму на такім слабым аматарскім узроўні нашыя спартовыя сайты? Ды футбол у Беларусі на аматарскім узроўні. Адпавядае ўзровень футболу ўзроўню інтэрнэту, і наадварот. Бо трэба ўсё ж такі пэўныя фінансавыя ўкладаньні. А ў нас вельмі мала спонсараў, якія могуць укладваць грошы і людзей, якія разумеюць, што інтэрнэт — гэта неабходная частка жыцьця, скажам так”.

(Цыганкоў: ) “Цімафеў Зіноўеў лічыць, што беларускі спартовы інтэрнэт здолее перайсьці на больш прафэсійныя і якасныя рэйкі толькі тады, калі рэзка павялічыцца агульная колькасьць наведвальнікаў усясьветнага сеціва. Калі будзе штодзённая патрэба многіх людзей у штодзённай спартовай інфармацыі празь інтэрнэт, толькі тады можна казаць пра зьяўленьне камэрцыйных, прыбытковых сайтаў, увогуле пра разьвіцьцё ўсясьветнага сеціва”.

* * *

(Цыганкоў: ) “Адзіным зь беларускіх дзюдаістаў, хто вярнуўся з Алімпійскіх гульняў з Сыднэю з мэдалём, быў Анатоль Ларукоў. Стаць прызэрам галоўнага для любога спартоўца спаборніцтва яму дапамог “бычок”. Што азначае гэтае паняцьце са спартовай лексыкі? Распавядае Ўладзімер Глод…”

(Глод: ) “Перад адлётам на алімпійскія гульні ў Сыднэй каманда беларускіх дзюдаістаў, згодна зь плянам, распрацаваным у Міністэрстве спорту й турызму, павінна была вярнуцца з далёкай Аўстраліі з мэдалём. Так і выйшла, хаця пахвалявацца беларускім заўзятарам за дзюдаістаў давялося нямала. Бронзавым прызэрам спаборніцтваў стаў Анатоль Ларукоў.

Пры падвядзеньні вынікаў Алімпійскіх гульняў дзюдаістаў ухвалялі за тое, што яны стрымалі дадзенае слова. Здаецца б радавацца. Аднак галоўны трэнэр беларускае каманды Сямён Гуманаў і Анатоль Ларукоў да гэтага часу ня могуць бяз пэўнае долі роспачы ўзгадваць алімпійскі турнір. І ўсё з-за паўфінальнае сустрэчы Ларукова зь італьянцам Джузэпа Мадалёні. Анатоль меў значную перавагу над чэмпіёнам Эўропы. Заставалася ўсяго 40 сэкундаў да канца паядынку, і ўжо ніхто не сумняваўся, што дасьведчаны 30-гадовы Ларукоў спакойна давядзе сустрэчу да перамогі. Усе ведалі, у Анатоля рэпутацыя надзвычай асьцярожнага і ўважлівага спартоўца. Але…, пра тое, што раптам здарылася, распавядае Сямён Гуманаў: “Ён выйграваў, меў на сваю карысьць прыём юка. Ён хацеў зьімправізаваць мабыць нешта, чаго на апошніх сэкундах ніколі нельга рабіць. Таму й прайграў”.

Так атрымалася, што да сустрэчы з амэрыканцам Джымі Пэдра, пераможца якой станавіўся бронзавым мэдалістам Алімпіяды, заставалася зусім мала часу. І дасьведчаны трэнэр Гуманаў, хаця й быў сам у роспачы, зрабіў усё, каб Анатоль гэтага не заўважыў. Перад самым выхадам на барцоўскі дыван трэнэр сказаў Ларукову толькі адное слова: “Бычок”. Што гэта азначае, ведаюць толькі дзюдаісты. Бычок — гэта адзін з варыянтаў вядома прыёму “млын”. Менавіта, “бычок” не аднойчы прыносіў Анатолю перамогу. Так было й тады.

Джымі Пэдра не пасьпеў нават добра прыгледзецца да суперніка, як той скарыстаўся “бычком”. Усе закрычэлі: “Іпон! Іпон!”. На мове дзюдо гэта азначае чыстую перамогу. Так, беларускі спартовец стаў мэдалістам Алімпійскіх гульняў, прычым у самай папулярнай сярод дзюдаістаў вагавай катэгорыі — да 73 кілаграмаў.

Галоўны трэнэр зборнае Беларусі Сямён Гуманаў кажа, што ў посьпеху сваіх выхаванцаў ён не сумняваўся”.

(Гуманаў: ) “Я бы ўпэўнены, што хтосьці з хлопцаў будзе з мэдалём. Не было б, напрыклад, у катэгорыі да 73 кіляграмаў, быў бы мэдаль у іншай вазе. Усе хлопцы былі настроеныя на посьпех.

Ужо праз тыдзень беларускія дзюдаісты будуць удзельнічаць у першым пасьля Алімпійскіх гульняў буйным турніры. У Магнітагорску 9 снежьня пачынаецца розыгрыш кубку прэзыдэнта Расеі”.

* * *

(Цыганкоў: ) «І традыцыйна на заканчэньне нашае праграмы — міжнародная тэма. Працягваецца скандал вакол паралімпійскае зборнай Гішпаніі, якая бліскуча выступіла на апошніх гульнях у Сыднэі. Карлас Рыбагорда, адзін зь сяброў паралімпійскае баскэтбольнае каманды, якая стала ў Аўстраліі чэмпіёнам, заявіў, што дэлегацыя Гішпаніі складалася ня толькі зь інвалідаў, але й з цалкам здаровых спартоўцаў.

Рэч у тым, што ў некаторых відах спорту каманды набіраюцца зь людзей з разумовымі адхіленьнямі, так што ня так лёгка адразу вызначыць, ці ёсьць тут падман. Рыбагорда заявіў, что 15 чалавек, якія выступалі на Алімпіядзе за гішпанскую зборную ў лёгкай атлетыцы, малым тэнісе й плаваньні, не былі інвалідамі.

Пачалося расьследваньне, у сувязі зь якім падаў у адстаўку віцэ-прэзыдэнт Гішпанскага паралімпійскага камітэту Фэрнанда Мартын Вісэнтэ. Вісэнтэ пры гэтым прызнаў сваю вінаватасьць у тым, што на Паралімпійскія гульні маглі патрапіць здаровые спартоўцы. «Ацэнка псыхалягічнага стану здароўя вельмі складаная рэч, — гаварыў Вісэнтэ. — Гэта же не ампутацыя. Калі чаловек пажадае падмануць, гэта складана будзе спраўдзіць. Бо значна лягчэй запэўніць усіх у тым, што ты не зусім разумны, чым наадварот», — апраўдваўся спартовы чыноўнік.

Віталь Цыганкоў
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org