Спорт у беларускім сеціве
Расейцы ў Віцебску
Гандбалісты — на чужыне
(эфір 19 Лістапада 2000)
Тэмы сёньняшняе праграмы — беларускія спартовыя сайты ў інтэрнэце,
расейскія фігурысты ў Віцебску і чаму беларускія гандбалісты не гуляюць
у родных сьценах.
(Цыганкоў: ) “Вялікі спорт за апошнія дзесяцігодзьдзі стаў адным з найпрыбытковых
галінаў бізнэсу. Новыя тэхналёгіі ды сродкі камунікацыяў імкліва пракладаюць
свой шлях у спартовую індустрыю. Сёньня кожная сур’ёзная спартовая арганізацыя
або знакаміты атлет маюць уласную інтэрнэт-старонку. А як прадстаўлены
ва ўсясьветным сеціве беларускі спорт?
У пошуку адказу на гэтае пытаньне я зьвярнуўся да найлепшага, бадай,
на сёньня беларускага інтэрнэт-каталёгу “Белорусский рейтинг” (http://br.by),
дзе зафіксаваныя каля тысячы сецявых рэсурсаў. Сярод іх зараз налічваецца
41 спартовы сайт.
Звыш паловы зь іх — 21 — прысьвечаныя футболу. Астатнія віды спорту,
як кажуць сацыёлягі, не выходзяць за рамкі статыстычнае памылкі. Па два
сайты прыходзіцца на тэніс, конны спорт, роварны спорт, ролікавыя канькі.
Тры сайты стварылі беларускія аматары “Формулы-1”.
Парадаксальна, што ніводнае старонкі ў беларускім інтэрнэце дасюль ня
створана для “каралевы” спорту — лёгкай атлетыцы. Ня меньш дзіўна й тое,
што не прадстаўлены на беларускіх абшарах усясьветнага сеціва і хакей —
самы прэзыдэнцкі від спорту ў сёньняшняй Беларусі.
Але гэтыя парадоксы маюць разам з тым даволі простае тлумачэньне. У
беларускім Сеціве большасьць спартовых сайтаў створаная не афіцыйнымі структурамі,
а сапраўднымі заўзятарамі спорту й інтэрнэту. Блукаючы па ўсіх дарогах
усясьветнага сеціва, мне ня часта ўдавалася знайсьці афіцыйныя старонкі
беларускіх фэдэрацыяў якога-небудзь віду спорту.
Адное зь нешматлікіх выключэньняў — Фэдэрацыя гарналыжнага спорту і
сноўборду (http://alpine-ski.nsys.by), другое — Беларуская фэдэрацыя футболу
(http://www.feesmg.minsk.by). Але сайт футбольнае фэдэрацыі сваім інфармацыйным
насыченьнем пакідае вартае жалю ўражаньне. Акрамя выніковае табліцы чэмпіянату
Беларусі, там няма ніякіх навінаў Таму цалкам невыпадкова, што паводле
рэйтынгу “Акавіта” (http://akavita.kryvia.net), за мінулы месяц на гэты
сайт не зайшло аніводнага наведвальніка. Такое адчуваньне, што чыноўнікі
проста адрапартавалі перад сваім начальствам пра тое, што Фэдэрацыя нарэшце
мае ўласны сайт, і на гэтым палічылі сваю задачу выкананай.
Што казаць пра асобныя фэдэрацыі, калі нават НАК Беларусі ня прадстаўлены
ў інтэрнэце!.. Чаму гэта так, я пытаюся ў прэсавага сакратара Беларускага
НАКу Пятра Рабухіна…”
(Рабухін: ) “Не магу ніяк растлумачыць важнасьць гэтае справы. Кажуць,
што нібыта разумеюць важнасьць, але я са сьнежня 1998 году спрабую наладзіць
гэтую справу. Праблема найперш фінансавая — трэба адразу тры чалавекі браць
у штат — праграміста, перакладчыка й журналіста. Гэта трэба ствараць інфармацыйны
цэнтар пры Міністэрстве спорту й Нацыянальным Алімпійскім камітэце, плаціць
людзям заробкі… І плюс грошы на арганізацыю сайта. Справа за фінансамі.
Выйду з адпачынку, буду шукаць фундатараў і сам буду займацца гэтай справаю”.
(Цыганкоў: ) “Я знайшоў сайт Беларускае Фэдэрацыі футболу, дык там няма аніякіх
навінаў, як няма й наведвальнікаў. Проста сайт зрабілі “для галачкі”…”
(Рабухін: ) “Такое мне ня трэба. Мне такое прапаноўвалі розныя фірмы, але гэта ўсё
— абы што. Трэба, каб усё самавіта было. Мусіць быць журналіст зь лічбавай
камэраю, які фатаграфуе, заганяе ў кампутар, піша навіны. Перакладчык адразу
перакладае на ангельскую мову…
У мяне ёсьць інтэрнэт-адрэсы НАК-аў многіх эўрапейскіх краінаў. Яны
зробленыя на школьным узроўні. Нарвэскі, швэдзкі толькі на сваіх мовах,
нямецкі… — там убоства, расейскі сайт грузіцца паўгадзіны. Хто ж так робіць?
Тыдзень таму я накіраваў службовую запіску міністру спорту й віцэ-прэзыдэнту
НАК пра тое, што неабходна ствараць сайт Камітэту. Але пакуль рашэньне
не прынятае, штату аніякага няма, чалавека, які б за гэта адказваў, няма.
Але я думаю, мы гэтае пытаньне даб’ем”.
(Цыганкоў: ) “Як бачым, негледзячы на вялікую дзяржаўную пасаду прэзыдэнта
беларускага НАК Аляксандра Лукашэнкі, алімпійскі камітэт ня мае сродкі
на стварэньне інтэрнэт-старонкі. Зрэшты, на пабудову лядовых палацаў сродкі
знаходзяцца…
Але вернемся да тэмы беларускага спорту ў інтэрнэце. Як я адзначыў раней,
звыш паловы беларускіх спартовых сайтаў пра футбол. Гэта найперш афіцыйныя
сайты беларускіх футбольных камандаў і старонкі створаныя заўзятарамі,
што прыналежаць да фан-клюбаў. Забаўна, што найбольш зацятая барацьба ў
інтэрнэце, як і на футбольным полі, адбываецца паміж менскім “Дынама” й
сёлетнім чэмпіёнам краіны мазырскай “Славіяй”. Заўзятары гэтых камандаў
стварылі перавжную большасьць усіх беларускіх футбольных інтэрнэт-рэсурсаў.
А сярод нефутбольных сайтаў найбольшую ўвагу выклікае старонка знакамітае
тэнісысткі Вольгі Барабаншчыкавай (http://www.olgaonline.com). Яна выкананая
на ангельскай мове і больш нагадвае старонку якой-небудзь топ-мадэлі са
сваімі фотаздымкамі і фан-клюбам. Зрэшты, некаторыя журналісты жартуюць,
што Вользе даўно час вызначыцца, ці зьбіраецца яна далей гуляць у тэніс
або выходзіць на подыюм. Дарэчы, Барабаншчыкава наладзіла на сваім сайце
і пэўны бізнэс — напрыклад, даволі сьмелую і разьняволеную фатаграфію Вольгі
можна купіць за 25 даляраў, а падпісаны ёю тэнісны мячык каштуе 30 даляраў…”
* * *
(Цыганкоў: ) “Рэдкую магчымасьць — пабачыць лепшых беларускіх гандбалістак
— на гэтым тыдні скарысталі сотні заўзятараў, якія прыйшлі паглядзець на
матчы каманды Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі. Беларускія
дзяўчаты ў рамках розыгрышу Кубку Эўрапейскае Фэдэрацыі гандболу двойчы
перамаглі на сваёй пляцоўцы ў Палацы лёгкай атлетыкі грэцкі клюб “Салонікі”
— 33:18 і 32:19. Распавядае Ўладзімер Глод…”
(Глод: ) “За апошнія гады ўсе неяк звыкліся з тым, што, хаця рэглямэнт
эўрапейскіх турніраў прадугледжвае, што супернікі сустракаюцца адзін раз
на сваёй пляцоўцы, а другі — гуляюць у гасьцёх, беларускія гандбольныя
клюбы абодва матчы, як правіла, праводзяць за мяжою. Хаця кожнаму зразумела,
што ў спорце існуе правіла перавагі сваяго поля, падтрымкі трыбунаў, жаданьня
спартоўцаў паказаць менавіта землякам лепшыя якасьці.
Чаму ж беларускія гандбалісты вымушаныя свае гульні праводзіць выключна
ў гасьцёх? Адказ просты — хранічны недахоп грошай. Простыя разлікі паказваюць
— дзеля таго, каб прыняць замежны клюб у Менску, трэба выкласьці каля дзесяці
тысячаў даляраў. Статут Эўрапейскае Фэдэрацыі гандболу прадугледжвае, што
гаспадары пляцоўкі аплачваюць расходы на праезд, пражываньне, гасьцявыя
візы. Часам і дзесяці тысячаў для гэтага не хапае. Такія грошы для беларускіх
камандаў проста непад’ёмныя. І таму ўзгаданыя гульні беларускіх гандбалістак
з суперніцамі з Грэцыі, што прайшлі ў Менску, ня што іншае, як тое самае
выключэньне, што толькі пацьвярджае агульнае правіла.
Што трэба зрабіць, каб беларускія гандбалісты, якія маюць славутыя традыцыі,
маглі гуляць паводле агульнапрынятага рэглямэнту — адну сустрэчу праводзіць
дома, другую — у гасьцёх? Вось што адказвае на гэтае пытаньне сябра прэзыдыюму
Беларускае Фэдэрацыі гандболу Руслан Бацянкоў”.
(Бацянкоў: ) “Гандбол у Беларусі зараз знаходзіцца ў такім заняпадзе,
што нават я — сябра прэзыдыюму — забыўся, як выглядае Палац лёгкай атлетыкі,
дзе беларускія клюбы праводзяць свае міжнародныя матчы. І таму вельмі прыемна
й нечакана, што БДПА правяла ў Менску не адну, а нават абедзьве сустрэчы
кубку ЭГФ. Але заслуга ў гэтым ня толькі беларускае каманды, у якой раптам
быццам бы зьявіліся грошы. Палову ўсіх выдаткаў узяў на сябе нямецкі прадпрымальнік
Шупельмайэр, які, дарэчы, зьяўляецца віцэ-прызыдэнтам Беларускае Фэдэрацыі
гандболу.
Калі б Эўрапейская Фэдэрацыя гандболу прыняла жорсткі рэглямэнт, згодна
зь якім, клюбы ня маюць права праводзіць дзьве сустрэчы на пляцоўцы суперніка,
думаю, беларускія каманды ўвогуле не падавалі бы заяўкі на ўдзел у эўратурнірах.
Дзякуй Богу, што ЭГФ пакуль глядзіць на гэта скрозь пальцы.
Заняпад у гандболе будзе працягвацца, пакуль ня зьменіцца дзяржаўная
палітыка ў вобласьці спорту. Дзяржава не дае магчымасьці суб’ектам гаспадараньня
ўкладваць грошы ў спорт, не стымулюе іх падаткавымі палёгкамі. Яна лічыць
за лепшае сама ўкладваць грошы, але толькі туды, што дае аддачу. Гандбол
жа, нажаль, у сьпіс прыярытэтаў не ўваходзіць”.
(Глод: ) “Дарэчы, хто будзе супернікам у наступным раўндзе Кубку Эўрапейскае
Фэдэрацыі гандболу, дзяўчатам зь Беларускай політэхнічнай акадэміі пакуль
невядома, паколькі гэта вызначыцца толькі 21 лістапада. Але, яшчэ ня ведаючы
вынікі лёсаваньня, кіраўніцтва беларускага клюбу ўжо хвалюецца, для яго
прыём любое каманды — сур’ёзная праблема”.
* * *
(Цыганкоў: ) “Беларускія фігурысты распачалі новы сэзон спаборніцтвамі
ў Віцебску. Саюз канькабежцаў, куды ўваходзяць і фігурысты, зарганізаваў
тут турнір з удзелам спартоўцаў Беларусі, Расеі ды Ўкраіны. Адметнасьць
гэтага турніру — выступ у складзе беларускае каманды групы расейскіх спартоўцаў.
Распавядае Міхал Стэльмак…”
(Стэльмак: ) “Некалькі месяцаў таму Аляксандар Лукашэнка выступіў з
чарговай нечаканай інтэграцыйнай ініцыятываю. Пад час знаходжаньня ў Маскве,
ён прапанаваў шэрагу прадстаўнікоў расейскага спорту адкрыць у Беларусі
свае спартовыя школы. У прыватнасьці, такая прапанова прагучала на адрэсу
вядомага ў Расеі трэнэра фігурнага катаньня Алены Чайкоўскай. Лукашэнка
выказаўся за тое, каб расейскія трэнэры падрыхтавалі ў Беларусі фігурыстаў
міжнароднага ўзроўню. У сваю чаргу, Алена Чайкоўская прапанавала сустрэчную
ініцыятыву — прыехаць у Беларусь са сваімі спартоўцамі, якія ўжо маюць
імя або зьяўляюцца таленавітымі вучнямі. На думку Чайкоўскай, “эмігранты”
з Расеі вельмі хутка ўздымуць міжнародны імідж Беларусі ў фігурным катаньні.
З другога боку, зацікаўленыя ў такім партнэрстве й расейцы, паколькі з
прычыны высокае канкурэнцыі на ўнутраных спаборніцтвах многія фігурысты
ня маюць магчымасьці ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах. У горад на Дзьвіне
прыехала й пасялілася першая група расейскіх спартоўцаў. Гаворыць дырэктар
Віцебскае спартовае школы Валянцін Карнікоў:
“Чатыры чалавекі ў нас непасрэдна ў школе вышэйшага спартовага майстэрства.
Гэта спартоўцы вышэйшае клясы. Напрыклад, Сяргей Давыдаў. Ён срэбны прызэр
чэмпіянату сьвету сярод юніёраў. Затым Яна Зароўская — майстар спорту.
Таксама майстар спорту Сяргей Снопаў. Алена Іванова — двухразовая чэмпіёнка
сьвету сярод моладзі. Другая група расейцаў прыпісана да вучэльні алімпійскага
рэзэрву. Яны больш юныя, чым першая чацьверка. І зусім маленькія прыпісаныя
да новастворанай у горадзе школы фігурнага катаньня й хакею. Але для таго,
каб выступаць за зборную Беларусі, ім патрэбна мець як мінімум від на жыхарства”,
— паведаміў Валянцін Карнікоў.
Якраз зараз віцебскія чыноўнікі занятыя афармленьнем новага статусу
расейцаў. Паводле інфармацыі асобаў, што займаюцца гэтым пытаньнем, яны
ўжо сутыкнуліся зь першымі цяжкасьцямі. У прыватнасьці, кіраўнікі расейскага
спорту пачалі адгаворваць, напрыклад, таго ж Сяргея Давыдава ад непрадуманага,
на іхную думку, кроку. Маўляў, куды болей выгадна яму выступаць за расейскую
зборную. Тое ж тычыцца й шэрагу іншых спартоўцаў. Таму расейскія фігурысты
чакаюць, чым заахвоціць іх беларускі бок.
Гаворыць дырэктар Віцебскага лядовага палацу Ўладзімер Кадзілін:
“Далі ім тры кватэры. Некалькі чалавек жывуць у інтэрнаце вучэльні алімпійскага
рэзэрву. Яны жывуць там, скажам так, “вялікім калгасам”. Зь некаторымі
юнымі фігурыстамі прыехалі ды жывуць іхныя бацькі. Але, як я лічу, яны
прыжывуцца тут толькі ў тым выпадку, калі ў нас фігурнае катаньне будзе
прыярытэтным”, — лічыць Уладзімер Кадзілін.
Тым часам тыя расейскія фігурысты, якія жывуць у інтэрнаце, ужо адчуваць
неадпаведнасьць гучных абяцаньняў беларускага кіраўніцтва з тымі рэаліямі,
якія яны сустрэлі ў Віцебску.
Разам з тым, і карэнныя віцябляне пачынаюць абурацца прыярытэтам, які
аддадзены расейскім фігурыстам. Рэч у тым, што ў Віцебску, паводле словаў
дырэктара палацу, ужо адчуваецца дэфіцыт лядовае плошчы. Вельмі шмат тых,
хто хоча займацца хакеем. І таму мясцовыя хакеісты таксама патрабуюць павелічэньня
ім увагі. Вядомыя спартоўцы зь Віцебску ужо выказваюць незадавальненьне
тым, што расейцаў пачалі надзяляць кватэрамі, а вырашэньне жыльлёвых пытаньняў
беларусаў адсоўваць на няпэўны тэрмін”.
Віталь Цыганкоў
|