RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Заўзятар
Спартовая праграма



Пералом у футболе
Беларусы й Паралімпіяда
Кароль Уладзімер

(эфір 5 Лістапада 2000)

У праграме:
— вынікі футбольнага чэмпіянату Беларусі,
— посьпех беларусаў на паралімпійскіх гульнях,
— новы шахматны кароль зь мяккім характарам.

(Цыганкоў: ) “Учора скончыўся юбілейны дзясяты чэмпіянат Беларусі ў футболе. Мы няшмат надавалі ўвагі футбольнаму пяршынству краіны ў нашых праграмах, больш засяроджваючыся на справах нацыянальнае зборнай. І гэтаму ёсьць натуральнае тлумачэньне — надта нізкім быў (ды й застаецца) узровень беларускага клюбнага футболу. Але за апошні год сытуацыя пачала мяняцца ў двух кірунках. Па-першае, ніжняя кропка падзеньня беларускаг клюбнага футболу, здаецаа, ужо пераадоленая, і, па-другое, на трыбуны стадыёнаў пакрысе пачалі вяртацца заўзятары.

Напэўна, у бліжэйшай праграме мы грунтоўна падвядзем вынікі футбольнага сэзону Беларусі, тым больш што 9 лістапада прэсавую канфэрэнцыю правядзе трэнэр нацыянальнае зборнай Эдуард Малафеяў. Сёньня ж толькі паведамім вынікі чэмпіянату.

Пераможца стаў вядомы загадзя — мазырскі клюб “Славія”. Але інтрыга ў змаганьні за другое месца захоўвалася да апошняга туру. Учора менскае “Дынама” на сваім стадыёне прайграла футбалістам “Славіі” 0:1, і прапусьціла на другое месца мінулагодняга чэмпіёна — барысаўскі “БАТЭ”. Зрэшты, “Дынама”-(Менск) упершыню зь 97-га году здабыла мэдалі першынства, хаця відавочна, на працягу чэмпіянату разьлічвала больш чым на бронзу.

Што да чэмпіёну — мазырскае “Славіі” — дык пляны ў гэтага клюбу сапраўды напалеонаўскія. Кіраўніцтва каманды, падтрыманая кіраўніцтвам гораду й мазырскага нафтаперапрацоўнага заводу, нават ставіць мэту зьяўленьне клюбу ў Лізе чэмпіёнаў. Зразумела, што пакуль гэтая мэта здаецца нерэальнай, але дрэнны той жаўнер, што ня марыць стаць генэралам”.

* * *

(Цыганкоў: ) “На 11-х Паралімпійскіх гульнях, якія днямі скончыліся ў Аўстраліі, беларуская зборная заваявала 5 залатых, 8 срэбраных і 10 бронзавых мэдалёў. Такой колькасьці ўзнагародаў беларусы на спаборніцтвах спартоўцаў-інвалідаў яшчэ не атрымлівалі. З галоўным трэнэрам нацыянальнае паралімпійскае каманды Тамараю Шыманскай сустрэўся наш карэспандэнт Міхал Стэльмак…”

(Стэльмак: ) “Тамара Шыманская лічыць аўстралійскае турнэ беларускіх паралімпійцаў надзвычай пасьпяховым…”

(Шыманская: ) “Вынік атрымаўся вельмі добрым. Колькасьць мэдалёў гаворыць сама за сабе. Найлепшы посьпех у лёгкай атлетыцы й веласпорце”.

(Стэльмак: ) “Гэты посьпех, паводле ейных словаў, склалі 23 ўзнагароды, што ў паўтары разы больш за колькасць мэдалёў, заваяваных інвалідамі Беларусі на папярэдніх гульнях у Атлянце. Паводле афіцыйнага выніковага рэйтынгу, зараз беларуская зборная са 122 краінаў заняла 28 месца.

Зрэшты, на думку кіраўнікоў нацыянальнага паралімпійскага камітэту, гэты рэйтынг на самрэч суб’ектыўны, паколькі ня ўлічвае колькасьць удзельнікаў. Калі ж разьмясьціць каманды паводле такога паказьніку, як колькасьць мэдалёў на аднаго чальца каманды, дык, як лічаць кіраўнікі зборнай, беларусы ўпэўнена зоймуць першы радок. 22 спартоўцы зь Беларусі заваявалі 23 ўзнагароды.

А наколькі моцным стымулам быў для спартоўцаў-інвалідаў матэрыяльны чыньнік? Тамара Шыманская адказвае…”

(Шыманская: ) “Не было ў спартоўцаў у галаве, што вось зараз на гэтай дарожцы яны возьмуць 5 тысячаў ці колькі даляраў…”

(Стэльмак: ) “Паралімпійская каманда, як і Алімпійская, ня здолела пазьбегнуць допінгавага скандалу. Што на самой справе здарылася з Уладзімерам Губіным, штангістам з Горадні?”

(Шыманская: ) “Я, як галоўны трэнер, нават і ня ведаю. Закончыўся падрыхтоўчы пэрыяд у Стайках, паехалі яны дахаты ў Горадню, а што ён там рабіў са сваім асабістым трэнэрам — я ня ведаю. Аналізы ж ня толькі ў яго бралі з нашай каманды… У астатніх усё чыста. Так што тут адміністрацыя, галоўны трэнэр, міністэрства або камітэт — ніхто ня вінны. Вінаваты сам спартовец і ягоны галоўны трэнэр”.

(Стэльмак: ) “Як патлумачыла галоўны трэнэр зборнай, беларускія інваліды, накіроўваючыся ў Аўстралію, не былі азнаёмленыя з сыстэмаю заахвочваньня. У адрозьненне ад алімпійцаў, якім Аляксандар Лукашэнка вызначыў канкрэтныя сумы прэміяльных выплатаў за высокія дасягненьні, паралімпійцам не было дадзена ніякіх грашовых абяцаньняў. Адкрытым гэтае пытаньне застаецца й зараз. Паводле словаў Тамары Шыманскай, дабрабыт герояў Паралімпіяды зь Беларусі знаходзіцца ў руках Лукашэнкі…”

(Шыманская: ) “Я ня ведаю… Як прэзыдэнт зацэніць нашую працу, так яно і будзе”.

(Стэльмак: ) “Беларускія чэмпіёны й прызэры Паралімпійскіх гульняў спадзяюцца, што краіна ўсё ж матэрыяльна аддзячыць іх за ўздым яе міжнароднага аўтарытэту ў спартовай сфэры”.

* * *

(Цыганкоў: ) “На гэтым тыдні ў шахматным каралеўстве зьявіўся новы кароль — Уладзімер Крамнік. Ён перамог у Лёндане непераможнага, як здавалася многім, Гары Каспарава, не дазволіўшы таму выйграць аніводнае партыі. І цяпер для ўсіх, хто цікавіцца гэтым відам інтэлектуальнага мастацтва, паўсталі два галоўныя пытаньні — няўжо скончылася эпоха Гары Каспарава, і ці наступіла эпоха Ўладзімера Крамніка?

Так, сярод шахматных чэмпіёнаў былі тыя, хто авалодваў каронаю на некалькі гадоў, ці адразу прайграваў матч-рэванш, але ў бальшыні шахматныя каралі знаменавалі цэлую эпоху ў гэтым старажытным відзе спорту й мастацтва. Менавіта эпоху — пры гэтым ня толькі шахматную, але й грамадзкую — сымбалізавалі сабою і два апошнія чэмпіёны — Анатоль Карпаў і Гары Каспараў, які ўладарыў на працягу 15 гадоў.

Гэта былі вельмі рэвалюцыйныя гады ня толькіў грамадзтве, але і ў шахматах, і напэўна, няўрымсьлівая і канфліктная фігура Каспарава найбольш падыходзіла для адлюстраваньня гэтай эпохі. Неўтаймавальная рэфарматарская энэргія Каспарава, стварэньне ім уласных шахматных арганізацыяў прывяла яго да выключэньня з Усясьветнай фэдэрацыі (ФІДЭ). У выніку сёньня на права называцца ўсясьветнымі чэмпіёнамі прэтэндуюць ажно тры чалавекі: Каспараў, Карпаў (якога таксама год таму выключылі зь ФІДЭ) і расейскі гросмайстар Аляксандар Халіфман.

Скандалам суправаджаліся і акалічнасьці матчу Каспарава з Крамнікам. Нагадаем, у матчы прэтэндэнтаў Крамніка абыграў гішпанскі гросмайстар Аляксей Шыраў, які, аднак, ня здолеў знайсьці грошы на двубой з чэмпіёнам. У выніку Каспараў сам выбраў сабе апанэнта — Крамніка, а Шыраў, абараняючы свае правы, зьвярнуўся ў суд. Так што магчыма, сёньняшні чэпміёнскі статус Уладзімера Крамніка будзе яшчэ аспрэчаны Шыравым у судзе.

Тым ня менш, матч Каспараў–Крамнік аматарамі шахматаў успрымаўся менавіта як сустрэча двух наймацнейшых шахматыстаў апошніх гадоў — паводле рэйтынгу Каспараў займае безумоўнае першае месца, Крамнік — другое або трэцяе.

Сам Каспараў лічыць, што прычыны ягонае паразы не спартовыя, а асабістыя. «За шахматным сталом я ня быў пераможаны, я дрэнна падрыхтаваўся», — заявіў ён. І сапраўды, для многіх у гэтым матчы Гары быў непазнавальным. Калі такі шахматыст ня выйграе аніводнае партыі, зразумела, што зь ім нешта адбываецца. Псыхалёгія, здароўе або асабістыя абставіны — вось дзе, на думку многіх, крыюцца прычыны паразы 37-гадовага Каспарава. Яму не хапіла жыцьцёвай энэргіі, якую ён растраціў у палітычнай і каляшахматнай барацьбе.

Каспараў прапанаваў ужо матч-рэванш — і тое, што ён будзе гуляць значна лепей, не выклікае ні ў каго сумневаў. Пытаньне ў тым, ці дазволіць яму вярнуцца на вяршыню Крамнік, ці сапраўды 25-гадовы чэмпіён авалодаў каронаю «ўсур'ёз і надоўга». Крамніку, які ўжо некалькі гадоў разглядаўся як адзін з асноўных прэтэндэнтаў на шахматны тытул, на думку многіх не хапала валявых якасьцяў — энэргіі, напору, шахматнае злосьці. Але пад час матчу ў Лёндане Ўладзімер здаецца, пазбавіўся гэтага недахопу й настроіўся на перамогу.

А ўвогуле Крамнік мала падобны на шахматнага чэмпіёна, прынамсі, да таго вобраза, да якога ўсе прызвычаіліся за апошнія гадоў трыццаць. І Карпаў і Каспараў аддаюцца шахматам без вынятку, падпарадкоўваюць ім свой лад жыцьця, маюць невынішчальную прагу перамогі. Крамнік жа, да прыкладу, курыць, шмат сьпіць, гультайнічае, а некалькі гадоў таму шчыра прызнаўся, што ніколі ня ставіў мэты абавязкова стаць чэмпіёнам сьвету — ён, маўляў, хоча, проста гуляць у шахматы…

Чэмпіён зь мяккім характарам — гэта анамалія для шахматаў апошніх дзесяцігодзьдзяў. Ці пратрымаецца доўга такі чалавек на Алімпе шахмат — спорту, які многія параўноўваюць з прафэсійным боксам з-за жорсткасьці нораваў і падыходаў? Я, прынамсі, ня супраць такога чэмпіёна».

Віталь Цыганкоў
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org