Інтэрвію Кацярыны Карстэн
Посьпехі й правалы беларускае каманды
(эфір 24 Верасьня 2000)
Сёньня ў праграме:
— інтэрвію для нашага радыё першай беларускай чэмпіёнкі Сыднэйскай
Алімпіяды вясьляркі Кацярыны Карстэн,
— аналіз першае паловы Алімпіяды – у чым посьпехі й правалы беларускае
каманды.
(Цыганкоў: ) “Тыя, хто сочыць за падзеямі ў Сыднэі і выступам беларускіх
алімпійцаў, напэўна, пасьля кожнага новага бронзавага мэдалю беларусаў
усё больш задаваўся пытаньнем: калі ж нарэшце, будзе заваявана золата.
І тут галоўныя спадзевы беларускіх заўзятараў, яшчэ больш чым да пачатку
Алімпіяды, зьвярталіся да акадэмічнага веславаньня, на чэмпіёнку мінулай
Алімпіяды ў Атлянце 28-гадовую Кацярыну Карстэн (Хадатовіч). І Кацярына
не падвяла, у сыботу здабыўшы першае золата ў капілку беларускае зборнай.
Напэўна, ніколі яшчэ ў гісторыі акадэмічнага веславаньня не было такога
фантастычнага па свайму драматызму фінальнага заплыву. Ніколі яшчэ не было,
каб на дыстанцыі два кілямэтры пераможцу аддзяліла ад другога прызэра ўсяго
адна сотая сэкунды. Кацярына Карстэн пачала заплыў даволі ўпэўнена, адразу
вырваўшыся наперад прыблізна на паўлодкі…
Шчыра кажучы, тады здавалася, што ў алімпійскай чэмпіёнкі Атлянты й
безумоўнага фаварыта гэтых спаборніцтваў ня мусіць быць аніякіх праблемаў.
Аднак недзе ў сярэдзіне дыстанцыі баўгарка Румяна Нейкава ня толькі дагнала
беларуску, але й абагнала яе прыблізна на корпус. За 500 мэтраў да фінішу
перавага баўгаркі складала паўтары сэкунды. Не хацелася верыць, што чарговы
раз на гэтай Алімпіядзе золата высклізвае ад беларусаў.
І Карстэн зрабіла амаль неверагоднае — на апошніх некалькіх сотнях мэтраў
дыстанцыі дагнала баўгарку, і два чаўны фінішавалі фактычна адначасова.
На канале “Эўраспорт”, які паказваў гэтую гонку, на экране зьявіліся вынікі,
дзе Кацярына Карстэн была на першым месцы. Але гэтыя вынікі празь некалькі
сэкундаў зьніклі, і запанавала немагчыма доўгая, амаль паўгадзінная паўза,
пад час якое судзьдзі вызначалі, хто ж стаў алімпійскай чэмпіёнкаю. Нарэшце
было аб’яўлена, што перамагла беларуска, абагнаўшы баўгарку толькі на адну
сотую долю сэкунды. Мне ўдалося зьвязацца па тэлефоне з Кацярынаю, і першая
ж пытаньне, натуральна, было пра тое пасьляфінішнае чаканьне…”
(Карстэн: ) “Я ня думала, якая я буду: першая або другая. У мяне вельмі
стаміліся рукі й ногі, і я проста хадзіла, каб разьмяць ногі, каб яны «адыйшлі».
У той момант мне было ўсё роўна, якая я там буду».
(Цыганкоў: ) “А вось тое, што Вы адпусьцілі баўгарку на сярэдзіне дыстанцыі
— гэта быў Ваш плян, ці Вы не хацелі так зрабіць? Гэта атрымалася выпадкова,
ці Вы яе адпусьцілі адмыслова і думалі фінішным рыўком дагнаць?”
(Карстэн: ) “Я тут хварэю ўжо тыдзень — прастыла. Канешне, калі б была
здаровая, не адпусьціла б яе так далёка, бо даганяць заўжды цяжэй. Так
выйшла, што давялося даганяць. У гэтым сэзоне мне давялося зь ёй ганяцца
тры гонкі, і заўсёды я яе абганяла на фінішы».
(Цыганкоў: ) «Скажыце пра Вашую хваробу. Тэмпэратура была, ці проста
галава, ці горла балела?»
(Карстэн: ) «Была невялікая тэмпэратура. Пасьля паўфіналу ў пятніцу
тэмпэратура была 37,3, учора ўвечары — 37,1, горла, кашаль, насмарк — усё
разам…»
(Цыганкоў: ) “Гэта была Кацярына Карстэн, цяпер ужо двухразовая алімпійская
чэмпіёнка. Дзяржаўны трэнэр Беларусі ў акадэмічным веславаньні Валеры Гайдук
таксама адказвае на маё пытаньне, пра што думаў ён гэтыя паўгадзіны, пакуль
судзьдзі вырашалі, хто ж стане пераможцам заплыву”.
(Гайдук: ) “Я думаў, што будзе золата”.
(Цыганкоў: ) “Вы думалі наконт дадзеных фотафінішу, ці было проста такое
адчуваньне?”
(Гайдук: ) “Было такое адчуваньне”.
(Цыганкоў: ) “Думалі Вы, што так цяжка складзецца гэтая гонка, ці былі
ўпэўненыя ў перамозе Каці? Мы ня ведалі, што яна была хворая. Пра гэта
ніхто не пісаў”.
(Гайдук: ) “Так, пра гэта мы нікому не казалі. Тое што яна зрабіла —
подзьвіг”.
(Цыганкоў: ) “Тое, што баўгарка адарвалася — гэта быў плян, ці так атрымалася
выпадкова?”
(Гайдук: ) “Не. Гэта было не выпадкова, гэта было заканамерна. Тут адыграла
ролю хвароба”.
(Цыганкоў: ) “Працягваем праграму. Пакуль што на Алімпіядзе не было
аніводнага дня, дзе б беларуская зборная не атрымала па мэдалю. Але ў некаторых
відах спорту беларусы відавочна праваліліся, не апраўдаўшы спадзеваў заўзятараў
і адмыслоўцаў. Ня варта, напэўна, у нашай праграме, распавядаць пра кожны
мэдаль, заваяваны беларускімі алімпійцамі — пра гэта даволі падрабязна
паведамляе беларуская прэса. Мы ж паспрабуем даць агульную ацэнку першага
тыдня выступу беларусаў на Алімпіядзе. Я гутару з аглядальнікам газэты
“Прессбол” Сяргеям Аляхновічам…”
(Аляхновіч: ) “Трэба адказаць, што ніхто не чакаў такога велізарнага
посьпеху ад нашых майстроў кулявое стральбы. Разьлічвалі, што можа быць
узнагарода ў Басінскага і ў Еўглеўскай. Лічу, што стралкі выступілі, негледзячы
на тое, што няма залатых узнагародаў, вышэй усялікіх пахвалаў”.
(Цыганкоў: ) “Такім чынам, на гэты момант, сярод тых дысцыплінаў, якія
прыемна зьдзівілі, можна, безумоўна, назваць стальбу. Кацярына Карстэн
выступіла так, як ад яе чакалі, прынесла Беларусі “заплянаванае” золата.
А што можна назваць калі не правалам, дык даволі непрыемным сюрпрызам?
Што найбольш нэгатыўна ўразіла?”
(Гайдук: ) “Нэгатыўна ўразіла выступленьне нашых тэнісыстаў. Асабліва
Наташы Зьверавай, якая ў першым жа раўнду прайграла зусім невядомай аргэнцінцы.
Ад Вольгі Барабаншчыкавай чакаюць калі-некалі посьпехаў, але яна, на мой
погляд, ужо лічыць сябе больш супэрмадэльлю, а не тэнісысткаю. Уладзімер
Ваўчкоў — яд яго, поўфіналіста Ўімблдону, чакалі большага, чым выхад на
другое кола.
Расчараваў Уладзімер Самсонаў у настольным тэнісу. Ён даўгі час займае
месца на самых верхніх радкох сусьветнага рэйтынгу, на Алімпіядзе быў “пасеяны”
другім. У чвэрцьфінале ён, вядучы паводле партыяў 2:0, прайграў швэду Вальднэру.
Расчаравалі таксама нашыя дзюдаісты, асабліва Націк Багіраў, Леанід Сьвірыд
— якія, прайграўшы другія раўнды, адразу выбылі з барацьбы.
Ну й канечне расчаравалі гімнасты, асабліва мужчыны. Негледзячы на тое,
што яна патрапілі ў першую плынь, дзе судзьдзі даюць заўсёды больш нізкія
адзнакі, чым у другім ці трэцім, яны павінны былі ўваходьзіць ў шасьцёрку
й змагацца за мэдалі, але, на жаль — толькі восьмае месца. Мог выступіць
лепш і Іван Іванкоў. Чацьвертае месца — гэта можа для другога спартоўца
было б выдатна, а для яго гэта — правал”.
(Цыганкоў: ) “Цяпер усе гавораць, што Іван Іванкоў літаральна замучаны
траўмамі, што ён выступаў, фактычна, як выразіўся адзін трэнэр “бяз ног”.
Але ўсе гэта было вядома да Алімпіяды, а менавіта ва ўсіх перадаалімпійскіх
прагнозах спартовыя функцыянэры Іванкову амаль упэўнена аддавалі залаты
мэдаль. Ці гэтыя прагнозы былі непраўдзівыя, ці ўсё ж — такі на Алімпіядзе
Іванкоў выступіў горш чым мог бы? Гэтыя ягоныя траўмы, іх велічыня можа
хавалася ад грамадзкасьці?”
(Гайдук: ) “Іванкоў выступіў, асабліва ў камандных спаборніцтвах, ніжэй
чым ён мог. Гэта было не вольнае практыкаваньне, гэта быў як выразіўся,
таксама, адзін з трэнэраў, гэта быў проста “бег па дывану”. У яго гэтыя
практыкаваньні ня ўчорашняга — пазаўчорашняга дня. Таксама й апорны скачок.
На траўму, канечне, можна спасылацца, але ж Іван не праявіў сябе тым лідэрам,
якім павінен быў бы стаць. Лічу, што разьлічваць на яго, як Чэмпіёна ў
асабістым першынстве перад Алімпіядаю, (як Вы ўжо сказалі, гэтыя прагнозы
сыпаліся і справа, і зьлева) — было неабгрунтавана й занадта сьмела, бо
ўсе ведалі якая праблема ў Івана з нагамі”.
(Цыганкоў: ) “Такім чынам, напэўна, калі далей паспрабаваць спрагназаваць
такую малапрадказальную справу як спорт, можна прадбачыць, што тыя пятнаццаць
мэдалёў, на якія разьлічвала Беларусь, яны будуць атрыманы, гэта відаць
ужо непазьбежна. Іншая справа, што стаіць пытаньне, што зможам мы атрымаць
хоць яшчэ адно золата, акрамя Каці Карстэн. Хто, па-вашаму, найбольшыя
прэтэндэнты на золата ў дні, якія засталіся ў Алімпіядзе?”
(Гайдук: ) “Могуць добра выступіць і заваяваць золата кідальнікі: дыску
–– Дуброўшчык, Капцюх, молату — Астапковіч. Таксама, Губкіна (кідальніца
молату)… можа, Эліна Зьверава — у кіданьні дыску. І яшчэ можна разьлічваць
можа не на залаты мэдаль, але на ўзнагароду ў Жаны Шыбянок у сучасным пяцібор’і
сярод жанчынаў. Ёсьць магчымасьць заваяваць мэдалі ў жанчынаў у мастацкай
гімнастыцы”.
Віталь Цыганкоў
|