RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Заўзятар
Спартовая праграма



Алімпійскае апытаньне
Век, рост, вага нашае зборнай
Норавы “спартовых” чыноўнікаў — 2

(эфір 17 Верасьня 2000)

Чарговы выпуск прысьвечаны Алімпіядзе.
У праграме:
— апытаньне “Ці будзеце Вы сачыць за Алімпіядаю?”,
— хто самы высокі й самы цяжкі сярод беларускіх алімпійцаў,
— чаму ў Сыднэй скандальна не паехаў прэсавы сакратар НАКу.

(Цыганкоў: ) “У суботу, калі ў Сыднэі разыгрываліся першыя камплекты ўзнагародаў, беларускія алімпійцы адкрылі свой рахунак заваяваным мэдалям.

У мужчынскай стральбе з пнэўматычнага пісталету зь дзесяці мэтраў трэцяе месца заняў Ігар Басінскі. 37-гадовы спартовец ужо станавіўся бронзавым прызэрам на Алімпіядзе ў Сэўле й сярэбраным — у Атлянце. І вось цяпер Басінскі чарговы раз падцвердзіў свой найвышэйшы ўзровень. У прынцыпе, мэдаль у гэтым відзе спаборніцтваў быў у плянах беларускае зборнай, але стральба — нагэтулькі непрадказальны від спорту, што тут чакаць можна ўсяго — ад золата да правала. Так што бронзу Ігара можна расцаніць як добры вынік.

Дарэчы, 37-гадовы Басінскі яшчэ ня самы старэйшы спартовец у беларускай камандзе. Сярод мужчынаў яго апярэджвае калега-стралок Георгі Няхаеў, які адзначыў у траўні сваё 40-годзьдзе. Але па-сапраўднаму ўнікальным можна назваць век самае старэйшае і, значыць, самае мудрае жанчыны ў беларускай дэлегацыі. Гэта Валянціна Хахлова, рулявая чаўна-“васьмёркі” ў акадэмічным веславаньні. Ёй 51 год. А самой малодшай у складзе беларускае каманды — гімнастцы Тацяне Грыгарэнка 1 верасьня споўнілася толькі 16.

І яшчэ некалькі цікавых дадзеных. Самая лёгкая беларуская алімпійка — 16-гадовая гімнастка Ганна Мейсах. Яна важыць — і гэта цяжка сабе ўявіць — толькі 36 кіляграмаў. Гэта амаль у чатыры разы меней за вагу самага масіўнага спартоўца ў беларускай аліміпійскай камандзе — кідальніка дыску Леаніда Чэраўко. Ён важыць 135 кіляграмаў. Усю гэтую забаўную статыстыку мы прыводзім у тым ліку й для таго, каб паказаць, што ў спорце можна стаць лепшым у любым веку, зь любой камплекцыяй. Дарэчы, сярэднія паказьнікі сябраў беларускае мужчынскае зборнай выглядаюць наступным чынам: рост — 178 см, вага — 80 кіляграмаў. Зусім як у вядучага праграмы “Заўзятар”.

* * *

(Цыганкоў: ) “Мільярды людзей ва ўсім сьвеце будуць глядзець тэлерэпартажы з Алімпійскіх гульняў. Мы вырашылі зьвярнуцца да знакамітых беларускіх палітыкаў, чыноўнікаў, журналістаў, дзеячоў мастацтва з пытаньнем: “Як Вы будзеце сачыць за Алімпійскімі гульнямі — будзеце глядзець жывыя трансьляцыі падзеяў ці толькі інфармацыйныя выпускі? Якім відам спорту аддаеце перевагу? Ці разьлічваеце, што беларускія атлеты выступяць даволі ўдала?”

Як высьветлілася, самымі пасьлядоўнымі тэлезаўзятарамі зьяўляюцца палітыкі. Прынамсі, так яны заяўляюць. Вось што сказаў Станіслаў Шушкевіч…”

(Шушкевіч: ) “Ведаеце, я маю спадарожнікавую тэлевізію і звычайна гляджу тыя спартовыя праграмы, якія нагадваюць мне мастацтва — высокае клясы баскэтбол, высокае клясы тэніс. Але я не магу вам сказаць, што я заўзяты балельшчык. Хацелася б, каб нашыя там добра выступілі, вельмі б хацелася. Шанцы нашае каманды я магу ацэньваць толькі эмацыянальна. Я б хацеў, каб нашым там шчасьціла, больш нічога”.

(Цыганкоў: ) “Лявон Баршчэўскі на пытаньне: “Як вы мяркуеце сачыць за Алімпіядаю?”, адказаў так…”

(Баршчэўскі: ) “Чалавек мяркуе, а Бог рахуе. Вось калі мяне не асудзяць у панядзелак за быццам бы пікет, якога не было, дык буду старацца нешта глядзець, хаця глядзець у тым аб’ёме, як глядзеў, калі быў маладзейшы, няма часу. Але буду старацца самыя цікавыя спаборніцтвы, прынамсі, лёгкую атлетыку, гульнёвыя віды, баскэтбол, калі будзе магчымасьць паглядзець — буду глядзець”.

(Цыганкоў: ) “Ці ўдасца нашай зборнай атрымаць тыя пятнаццаць мэдалёў і выканаць тыя задачы, якія перад імі ставяць, ці, прынамсі, выступіць лепш чым у Атлянце?”

(Баршчэўскі: ) “Я думаю, што гэта менш за ўсё залежыць ад спартовага начальства. Дастатковая колькасьць спартоўцаў мела магчымасьць рыхтавацца да спаборніцтваў па-за межамі Беларусі й падтрымліваць сваю спартоваю форму. Таму можа быць і аптымістычны вынік, але гэта будзе ні ў якім разе не такая ўжо заслуга спартовага міністэрства”.

(Цыганкоў: ) “Ня меншую адданасьць спорту выявіў і дзяржаўны чыноўнік — прадстаўнік Беларусі ў выканаўчых ворганах СНД Дзьмітры Булахаў”.

(Булахаў: ) “Што тычыцца спартовых навінаў, дык я прыхільнік шмат якіх відаў спорту. Зараз пачалася Алімпіяда, таму ў мяне ў хаце “Эўраспорт” уключаны цэлы дзень і я сачу за тым, што адбываецца на Алімпіядзе. У маладосьці я сам займаўся скачкамі ў ваду, таму гляджу на плыўцоў, на тых жа сваіх калегаў, воднае пола і гэтак далей”.

(Цыганкоў: ) “Наша задача — пятнаццаць мэдалёў. На вашую думку, ці набудзе наша зборная столькі?”

(Булахаў: ) “Чаму не? Можа й больш будзе”.

(Цыганкоў: ) “Актор Купалаўскага тэатру Віктар Манаеў — той рэдкі чалавек, які шчыра прызнаўся, што Алімпіяду глядзець ня будзе”.

(Манаеў: ) “Не гляджу не таму, што адвяргаю, а таму, што няма часу паглядзець што людзкае, а тут яшчэ глядзець Алімпійскія гульні? Ну канечне цікава, гэта ж хада часу. Успамінаеш як у Барсэлёне адкрывалі… і як тут… Якія тэхналёгіі і мастацкае мысьленьне ўсё ж такі разьвіваецца”.

(Цыганкоў: ) “Вас, як актора, найперш зацікавіла адкрыцьцё, і будзе цікавіць закрыцьцё, менавіта вось з такога творчага, мастацкага погляду?”

(Манаеў: ) “Вядома ж, з такога мастацкага погляду. Ну й потым, увогуле, такая атмасфэра, такое сьвята, сапраўды ўсясьветнае сьвята. Вось гэта цікавы фэномэн”.

(Цыганкоў: ) “Ну і як, адкрыцьцё ў Сыднеі — уразіла?”

(Манаеў: ) “Уразіла. Спадабалася. Учора глядзеў зранку, хаця трэба было рыхтавацца да спэктакля. Глядзеў, як лёталі ў паветры дзяўчынкі”.

(Цыганкоў: ) “І нарэшце, на заканчэньне нашага апытаньня — жаночы погляд на рэчы. Што яна будзе глядзець на Алімпіядзе, распавядае журналістка Ірына Халіп…”

(Халіп: ) “Ведаеце, я спрабую глядзець ўсе Алімпійскія гульні, якія праходзяць на працягу майго жыцьця. І здаецца мне, што нават маё дзяцінства пачалося з Алімпійскіх гульняў, бо мая бабуля й маці былі заўзятарамі спорту. Як гэта ня дзіўна, я аддаю перавагу такім зусім мужчынскім відам гульняў, як, напрыклад, цяжкая атлетыка й бокс. Вядома, лёгкую атлетыку я таксама гляджу заўсёды, але аддаю перавагу цяжкой атлетыцы й боксу. Мяне заўсёды цікавілі тыя сфэры, тыя абставіны, тыя заняткі, тая праца і той спорт, дзе жанчына ня можа сябе праявіць так, як можа праявіць сябе мужчына”.

(Цыганкоў: ) “Ірына Халіп закончыла наша апытаньне на тэму: “Што вы будзеце глядзець з Алімпійскіх гульняў?”

* * *

(Цыганкоў: ) “Ніколі яшчэ ад’езд беларускіх спартоўцаў на спаборніцтвы найвышэйшага рангу не суправаджаўся такой сэрыяй скандалаў, як напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Сыднэі. Пасьля не зусім зразумелага адхіленьня ад гульняў шасьці дзясяткаў спартоўцаў літаральна за некалькі дзён да пачатку спаборніцтваў алімпійская дэлегацыя згубіла й свайго прэс-аташэ Пятра Рабухіна.

З падрабязнасьцямі Ігар Карней…”

(Карней: ) “Усе гады, якія папярэднічалі пачатку Алімпіяды, для журналістаў беларускіх выданьняў галоўныя старты тысячагодзьдзя, якое адыходзіць, былі наўпрост зьвязаныя з прэсавым аташэ Пятром Рабухіным. Мноства прэсавых канфэрэнцыяў нашых алімпійцаў былі зарганізаваныя дзякуючы менавіта ягоным намаганьням. На “выдатна” была ацэненая ягоная праца паводле вынікаў працы ў Нагана. Таму навіна пра тое, што Рабухін адмовіўся ехаць у Сыднэй, была ўспрынята як сэнсацыя. Але як высьветлілася, прэсаваму кіраўніку проста не знайшлося месца ў беларускім сэктары Алімпійскае вёскі.

Замест Сыднэя я знайшоў спадара Рабухіна ў апусьцелым алімпійскім штабе ў Менску…”

(Рабухін: ) “Крыўдна, але прыйшлося сябе пераламаць, так бы мовіць, “праз калена”. Але я не хачу быць турыстам. Калі 60 спартоўцаў не паслалі турыстамі, дык навошта я буду дадатковай афіцыйнай асобаю (калі лічыць, што прэс-аташэ — гэта дадатковы груз для дэлегацыі). У мяне не было б допускаў ані ў прэсавы, ані ў тэлецэнтар, ані ў Алімпійскую вёску. У мяне было б меней правоў, чым у звычайных беларускіх журналістаў, якія пры ўмове маёй акрэдытацыі маюць куды больш магчымасьцяў наведваць разнастайныя дзеі. А калі я не магу ім нічым дапамагчы, дык які сэнс у маёй прысутнасьці?”

(Карней: ) “…Задаецца рытарычным пытаньнем Пётар Рабухін.

Сярод журналістаў учынак Пятра Рабухіна ўспрыняты неадназначна. Хтосьці кажа, што дзеля такога падарожжа можна было б пайсьці й на ахвяры, іншыя лічаць, што гэта сапраўды рэдкі ў сёньняшніх умовах Учынак, зь вялікай літары. Дарэчы, у выніку своеасаблівага путчу пацярпеў ня толькі прэс-аташэ, але й шэф алімпійскае місіі Яраслаў Барычка, які ўзначальваў нашых алімпійцаў у Нагана. Барычка таксама аказаўся завочна выселены з Алімпійскай вёскі.

Місію тэрмінова ўзначаліў намесьнік міністра спорту Аляксандар Грыгараў. Між іншым, ёсьць зьвесткі, што Аляксандар Лукашэнка самадзейнасьцю сваіх падначаленых застаўся незадаволены. Гаворыць Пётар Рабухін.

(Рабухін: ) “Мне сказаў адзін з нашых супрацоўнікаў, што Цяцерын даклаў прэзыдэнту НАК сытуацыю, і Лукашэнка сказаў: пры неабходнасьці павінны былі высяліць усіх, але пакінуць прэсавага сакратара й шэфа місіі — абодва павінны пакідаць Алімпійскую вёску апошнія.

Я тэлефанаваў Генэральнаму сакратару НАК Іванову і казаў: што Вы робіце, Вы рэжаце сувязь паміж спартоўцамі й журналістамі. А ў адказ пачуў: “Мне людзей сяліць няма куды, якія журналісты? Яны ўсё аформілі, я нават нічога ня ведаў, г.зн., без кансультацыяў са мною”. І міністар даў дабро на пераакрэдытацыю і высяленьне. Самае дзіўнае — 3 разы езьдзілі й не маглі палічыць, колькі патрэбна месцаў. Я ўпэўнены: спытайся зараз у Міністэрстве спорту, колькі нашых спартоўцаў удзельнічае ў гульнях, і ніхто ня зможа лічбу назваць”.

(Карней: ) “Увогуле, апальны прэс-аташэ лічыць, што галоўнай памылкаю напярэдадні падрыхтоўкі да алімпійскіх стартаў быў даволі сумніўны дэвіз: “Татальная эканомія грашовых сродкаў!”. Але, паводле Рабухіна, калі цягам 4 гадоў трацяцца мільёны, а потым пачынаюць эканоміць на запалках, дык гэта незразумела.

Застаецца дадаць, што абавязкі кіраўніка беларускага прэсавага цэнтру ў Сыднэі будзе выконваць рэдактар “Спартыўнае панарамы” Ўладзімер Завадзкі. Але, паводле дакладных зьвестак, правоў у доступу на спартовыя дзеі ў наноўсьпечанага прэс-аташэ ня будзе ніякіх”.

(Цыганкоў: ) “Да гэтага матэрыялу Ігара Карнея варта дадаць, хто ж зь беларускіх журналістаў быў узяты спартовымі чыноўнікамі ў Сыдней. Гэта найперш даволі вялікая група — 8 чалавек — зь беларускай тэлевізіі. Акрамя тых журналістаў, якія даўно асьвятляюць спартовую тэму ці вядуць адмысловыя спартовыя праграмы (Пуціла, Навіцкі, Булацкі), на Алімпіяду чамусьці патрапіла і Інга Хрушчова, якая набыла сумную вядомасьць найперш палітычнымі рэпартажамі. Апроч журналістаў тэлевізіі ў Сыдней таксама прыляцелі карэспандэнты “Народнае газеты” і “Советской Белоруссии”. Як вы ўжо пачулі раней, Уладзімер Завадзкі, рэдактар “Спортивной панорамы”, патрапіў у Сыдней у якасьці кіраўніка прэсавага цэнтру. І нарэшце, на Алімпіяду паехаў адзіны прадстаўнік недзяржаўнае прэсы — Мікола Цынкевіч, карэспандэнт “Прессбола” — самае масавае спартовае газэты Беларусі.

Дарэчы, паводле нашай інфармацыі, і тут не абыйшлося без закулісных інтрыгаў. Рэдактару “Прессбола” Ўладзімеру Беражкову, які выказаў жаданьне паехаць на Алімпіяду, было недвухсэнсоўна сказана: “Ад вашае газэты паедзе іншы чалавек або не паедзе ніхто”. І гэты эпізод, на маю думку, таксама красамоўна ілюструе сёньняшнія норавы ў беларускім каляспартовым асяродку”.

Віталь Цыганкоў
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org