У весьляроў-алімпійцаў — замена
Шанцы нашых плыўцоў
(эфір 3 Верасьня 2000)
Сёньня ў праграме:
— замена ў алімпійскай камандзе Беларусі за тыдзень да спаборніцтваў,
— шанцы беларускіх плыўцоў.
Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.
(Цыганкоў: ) “Натуральна, што з набліжэньнем Алімпіяды тэма галоўнае
спартовае падзеі году займае ўсё большае месца ў нашай спартовай перадачы.
Учора 2 верасьня ў Аўстралію накіравалася яшчэ адна група беларускіх спартоўцаў
— зборная краіны ў веславаньні на байдарках і каноэ. У складзе нацыянальнае
каманды — алімпійскі чэмпіён Аляксандар Масейкоў. Яго зьяўленьне ў шэрагах
алімпійцаў для многіх заўзятараў сталася нечаканасьцю, паколькі сярод зацьверджаных
9 жніўня Нацыянальным Алімпійскім камітэтам удзельнікаў маючых адбыцца
ў Сыднэі гульняў прозьвішча Масейкова ня значылася.
Распавядае Міхал Стэльмак…”
(Стэльмак: ) “У сьпіс спартовае дэлегацыі Беларусі ў Аўстраліі Нацыянальны
Алімпійскі камітэт унёс Андрэя Бяляева. Два апошнія гады Бяляеў быў лепшым
сярод беларускіх весьляроў на каноэ. Апярэджваў ён на спаборніцтвах і Аляксандра
Масейкова — спартоўца з гучным імем, які 8 гадоў таму выйграў “золата”
на Алімпійскіх гульнях у Барсэлёне. Якраз большасьць асабістых перамогаў
над Масейковым і схіляла чыноўнікаў аддаць білет у Сыднэй менавіта Бяляеву.
Аднак спорт ёсьць спорт. У апошнія месяцы ў алімпійскага чэмпіёна Масейкава
адкрылася, так бы мовіць, “другое дыханьне”. Ён пачаў даганяць першага
нумара зборнай. У ліпені–жніўні “герой” барсэлёнскай Алімпіяды ўвайшоў
у найлепшую спартовую форму. На ўнутраным чэмпіянаце Беларусі Масейкоў
пераканаўча выйграў усе дыстанцыі ў свайго галоўнага канкурэнта. І тады
галоўны трэнэр нацыянальнае зборнай Беларусі ў веславаньні Анатоль Каптур
прыняў, здаецца, адзіна слушнае рашэньне.
Для вартых адзін другога спартоўцаў ён наладзіў вырашальнае змаганьне:
абодвух весьляроў пасадзілі ў аднолькавыя чаўны й загадалі плыць па суседніх
водных дарожках. Было абвешчана, што ў Сыднэй паедзе пераможца. Вочны двубой
выйграў Аляксандар Масейкоў, які гэткім драматычным чынам і здолеў зблытаць
пляны й спадзяваньні ня толькі Андрэя Бяляева, а й спэцыялістаў ды заўзятараў
гэтага спорту.
Пра гэтую інтрыгоўную перадалімпійскую гісторыю распавёў мне напярэдадні
ўчорашняга ад’езду ў Аўстралію сам кіраўнік нацыянальнае зборнай Анатоль
Каптур. Камэнтуючы нашаму радыё пэрспэктывы нацыянальнае каманды, зьвязаныя
з уключэньнем у яе склад новага чальца Масейкова, галоўны трэнэр, у прыватнасьці,
зазначыў:
(Каптур: ) “Спадзяемся на яго добры выступ там на Алімпіядзе. Ён, як
спартовец, псыхалягічна вельмі ўстойлівы. Аляксандар выступіць у Аўстраліі
на дыстанцыі 500 мэтраў. Ня выключана, што яму давядзецца веславаць і на
1000-мэтровай дыстанцыі.
Безумоўна, самы галоўны канкурэнт — расейскі вясьляр на каноэ-адзіночцы
Барыс Опалеў, які трыюмфальна выступіў на апошнім чэмпіянаце сьвету ў Міляне.
Вельмі моцных спартоўцаў у веславаньні на каноэ маюць Нямеччына, Чэхія,
Славакія, Баўгарыя і Ўкраіна.
Ёсьць шмат чыньнікаў, якія могуць адбіцца на канчатковых выніках. Напрыклад,
гэтыя вынікі залежаць ад вады, на якой будуць адбывацца спаборніцтвы, ад
заездаў, нарэшце, ад ветру. Масейкоў вяслуе зьлева. І калі вецер пад правую
руку, дык “леваму” весьляру веславаць больш складана. І таму вецер мае
вялікае значэньне”, — лічыць Анатоль Каптур.
Паводле словаў трэнэра нацыянальнае зборнай, у Аўстраліі Аляксандар
Масейкоў выступіць на новым чаўны замежнае вытворчасьці. Яго надоечы набылі
ў Партугаліі за дзьве з паловаю тысячы даляраў. На думку кіраўніка зборнай,
гэта падвышае шанец алімпійскага чэмпіёна зь Беларусі ў змаганьні за новую
алімпійскую ўзнагароду. Дарэчы, менавіта адсутнасьцю добрага чаўну тлумачыць
свой складаны шлях на цяперашнія Гульні ў Аўстралію сам знакаміты спартовец.
Рэч у тым, што дагэтуль каманда мела усяго адзін сучасны човен. На большую
колькасьць не было грошай. І вось зараз такіх сучасных чаўноў у зборнай
каманды Беларусі, паводле словаў яе галоўнага трэнэра Каптура, стала ажно…
два”.
(Цыганкоў: ) “Пра складаную сытуацыю ў беларускай вясьлярскай камандзе
распавядаў Міхал Стэльмак.
Бадай, ніхто зь беларускіх алімпійцаў ня мае такіх напалеонаўскіх плянаў
як плыўцы. І сапраўды, калі чатыры гады таму на алімпійскіх гульнях у Атлянце
ніхто зь іх не ўздымаўся вышэй 15-га месца, дык у Сыднэю яны хочуць здабыць
мэдалі і ўдзельнічаць у дзесяцёх фінальных заплывах. Гаворыць Уладзімер
Глод…”
(Глод: ) “Сярод тых, хто спадзяецца вылавіць мэдалі ў алімпійскім басэйне,
Натальля Бараноўская. Разам зь Міхасём Чугуевым, які адначасова зьяўляецца
ейным мужам і трэнэрам, яны склалі індывідуальны плян, згодна зь якім і
рыхтуюцца да галоўнага старту. 16 верасьня Натальля мае намер два разы
на дзень удзельнічаць у эстафэце. А на наступны дзень заплянаваны старт
на дыстанцыі 400 мэтраў вольным стылем. І тут Бараноўская хоча трапіць
у фінал, што азначае два заплывы на працягу аднаго дня. Два старты й 18
верасьня: дыстанцыя 200 мэтраў, папярэдні й паўфінальны заплывы. Вось такі
напружаны графік, які добра адлюстроўвае тыя вялізарныя намаганьні, якія
мусіць прыкласьці спартовец, каб перамагчы. Але сямейны дуэт спадзяецца
на посьпех.
Сярод тых, на каго спадзяюцца трэнэры — Аляксандар Гукаў, Алег Русьлевіч,
Зьміцер Каптура, Зьміцер Каліноўскі, Ігар Каляда… Калі яны змогуць пераадолець
дыстанцыю з асабістым рэкордам, дык ёсьць надзея, што гэтыя хлопцы дадуць
ачкі камандзе Беларусі ў неафіцыйным падліку. Цікава, што галоўны трэнэр
зборнай Сяргей Мацьвіенка разьлічвае менавіта на асабістыя рэкорды сваіх
выхаванцаў. Як ён лічыць, разьлікі ўзятыя не са столі, а сплянаваныя супольна
— спартоўцамі, іхнымі асабістымі трэнэрамі й галоўным настаўнікам. Калі
ня ставіць перад сабою надзвычайныя мэты, няма сэнсу ўвогуле ляцець у далёкую
Аўстралію, — лічыць Сяргей Мацьвіенка.
Акрамя Натальлі Бараноўскай, трэнэрскі штаб беларускае каманды ўскладае
найбольшыя надзеі на Зьмітра Каліноўскага і Аляксандра Гукава. Тытулы Аляксандра
гавораць, як кажуць, за сябе. Ён тройчы ўздымаўся на вышэйшую прыступку
п’едэсталу гонару пяршынства Эўропы, а аднойчы, тры гады таму, нават станавіўся
чэмпіёнам сьвету. Значных посьпехаў дасягаў і Зьміцер. Але, на думку некаторых
трэнэраў, іхны зорны час ужо прайшоў. Хаця самі спартоўцы хочуць менавіта
ў Сыднею абвергнуць гэтае сьцьвярджэньне.
Чатыры гады таму ў амэрыканскай Атлянце беларускія плыўцы зрабілі вялікую
памылку. Яны прыляцелі сюды роўна за 10 дзён да пачатку спаборніцтваў.
І таму іхныя першыя старты супалі з самымі горшымі днямі акліматызацыі.
З гэтае памылкі зроблены пэўныя высновы. Каманда, якая рыхтуецца да заплываў
у басэйне Сыднэю, ужо тыдзень знаходзіцца ў Аўстраліі”.
Віталь Цыганкоў
|