RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Заўзятар.
Спартовая праграма.



На Алімпіяду – забарона
Баксэры незадаволеныя бязглуздай палітыкаю

(эфір 13 Жніўня 2000)

Сёньня ў праграме:
– дзяржава не дазваляе спартоўцам ехаць у Сіднэй,
– скандалы ў беларускім боксе.

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) “Мы паведамлялі ўжо, што на гэтым тыдні пад час паседжаньня выканкаму Нацыянальнага Алімпійскага камітэту (НАК) 57 беларускіх спартоўцаў былі пазбаўленыя права ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях. Спартовыя чыноўнікі вырашылі, што атлеты, якія заваявалі Алімпійскія ліцэнзіі, тым ня менш не паедуць у Сіднэй. Трохразовы Алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч назваў гэта “зьдзекам” над прынцыпамі Алімпійскага руху.

Распавядае Міхал Стэльмак…”

(Стэльмак: ) ““Чорным” днём для гэтых спартоўцаў сталася 9 жніўня. Нацыянальны Алімпійскі камітэт на паседжаньні свайго выканаўчага воргану вырашыў у гэты дзень не пасылаць іх на Алімпійскія спаборніцтвы ў Аўстралію. Спартовая грамадзкасьць краіны, здаецца, толькі зараз пачынае асэнсоўваць спрэчны характар гэтага рашэньня. Кіраўніцтва беларускага Алімпійскага камітэту зачыніла “дзьверы” на Алімпіяду спартоўцам, якія атрымалі туды “пропуск” згодна правілаў Міжнароднага Алімпійскага камітэту.

Вось як пракамэнтаваў гэтае рашэньне нашаму радыё вядомы ў мінулым вясьляр, трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч:

(Парфяновіч: ) “Ніхто ў краіне ня мае права пазбавіць спартоўца ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях. Калі чалавек заваяваў працаю гэтае права, ніхто ня мае права адабраць яго ў спартоўца — аніякі дзяяч і аніякі палітык. 57 чалавек ня хочуць везьці ў Сіднэй пад ціскам. Я ня буду называць, ад каго зыходзіць гэты ціск, спадзяюся, што ўсе і так ведаюць. Да спорту прымешаныя палітыка й бюракратыя”.

(Стэльмак: ) “Дарэчы, Парфяновіч як сябра выканкаму Нацыянальнага Алімпійскага камітэту браў удзел у паседжаньні, на якім было прынята скандальнае рашэньне. Ён публічна выступіў супраць прынцыпаў адбору спартоўцаў, якія агучыў на даручэньне Аляксандра Лукашэнкі першы намесьнік кіраўніка ягонай адміністрацыі Ўладзімер Замяталін. Парфяновіч заявіў, што ў Сіднэй павінны паехаць усе 198 спартоўцаў, якія заваявалі Алімпійскія ліцэнзіі…”

(Парфяновіч: ) “Алімпійскія гульні — гэта зусім іншыя спаборніцтвы. І прадказаць, хто на іх пераможа, а хто не, нельга. Той, хто сёньня першы або той, хто сёньня апошні. Я сам браў удзел у Алімпійскіх гульнях і таму маю права так сьцьвярджаць. Я удзельнічаў у 80-м годзе ў Маскве. У Лёс-Анжэлесе не далі паўдзельнічаць камуністы…”

(Стэльмак: ) “Алімпійскі чэмпіён Парфяновіч на паседжаньні Алімпійскага камітэту патлумачыў Замяталіну пачуцьці спартоўца, якога не пусьцілі на галоўныя ў ягоным жыцьці спаборніцтвы. Вялізная  шматмесячная і нават шматгадовая праца атлета і ягоных трэнэраў аказваецца дарэмнаю – толькі таму, што гэтак вырашыў нейкі чыноўнік…

Парфяновіч сьцьвярджае, што калі б гэта зь ім здарылася зараз, дык ён бы паехаў выступаць на Алімпіяду пад сьцягам Міжнароднага Алімпійскага камітэту. На жаль, на выканкаме перамогу атрымала пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі, выказаная Ўладзімерам Замяталіным. Пазыцыя, якая паводле Парфяновіча, супярэчыць  фундамэнтальнаму прынцыпу міжнароднага Алімпійскага Руху: “Галоўнае — не перамога, а ўдзел”.

Пасьля паседжаньня да Ўладзімера Парфяновіча падыходзілі сябры выканкаму, дзякавалі за сьмеласьць, але самі публічна запярэчыць Замяталіну пры галасаваньні яны не наважыліся.

Што тычыцца пакрыўджаных спартоўцаў ды іхных трэнэраў, дык і яны пакуль не адважваюцца на публічны пратэст. Рэч у тым, што  кіраўніцтва Нацыянальнага Алімпійскага камітэту абвясьціла, што ў зацьверджаным сьпісе беларускае дэлегацыі магчымыя зьмены. І відавочна, “ахвяры” алімпійскае палітыкі Аляксандра Лукашэнкі спадзяюцца, што “памылка” будзе выпраўленая, і ім усё ж адчыняць “дзьверы” у Сіднэй”.

(Цыганкоў: ) “Да матэрыяла Міхася Стэльмака можна дадаць яшчэ адзін аспэкт, матэрыяльны. Чыноўнікі беларускага НАКу спасылаюцца на тое, што дзяржава не павінна траціць вялікія грошы на “алімпійскіх турыстаў”, якія, маўляў, нічога там не пакажуць.

Але рэч у тым, што Аргкамітэт Алімпіяды ў Сіднэі бярэ на сябе пералёт усіх удзельнікаў гульняў, акрамя таго, арганізатары аплочваюць побыт і харчаваньне ў Алімпійскай вёсцы. Больш таго, НАКу кожнае краіны, у тым ліку й беларускаму, будзе выплачаныя 1200 даляраў за кожнага спартоўца, імя якога будзе ўнесена ў пратаколы спаборніцтваў.

Ці ведалі пра гэта беларускія спартовыя функцыянэры, калі прымалі рашэньне закрыць шлях у Сіднэй, зьнішчыць мару 57 спартоўцаў? Напэўна, ведалі. Але, відавочна, галоўным аргумэнтам для іх быў не здаровы сэнс, а загад Аляксандра Лукашэнкі ня браць на Алімпіяду гэтак званых “турыстаў””.

(Цыганкоў: ) «Сярод тых, хто на Аліпіядзе ў Сіднэі будзе прадстаўлены мінімальным складам, будуць беларускія баксэры. Паводле вынікаў выступаў ажно ў 8 кваліфікацыйных турнірах толькі адзін спартовец, Сяргей Быкоўскі, здолеў атрымаць Алімпійскую ліцэнзію і адначасна ня трапіць пад фільтрацыйны адсеў НАКу Беларусі. Дастаткова нагадаць, што яшчэ 4 гады таму на Алімпіядзе ў Атлянце Беларусь прадстаўлялі пяць спартоўцаў. Былы прэзыдэнт беларускае Фэдэрацыі боксу Ігар Ражноўскі вытокі такога рэгрэсу камэнтуе адпаведна: бязглуздай палітыкаю сёньняшніх спартовых функцыянэраў. Распавядае Ігар Карней…”

(Карней: ) “Сытуацыя з фактычным правалам на баксэрскім кірунку зьяўляецца  лягічным адлюстраваньнем становішча ў кіроўнай гіерархіі. За апошнюю пяцігодку кіраўніцтва Фэдэрацыі зьмянялася тройчы. Прычым, ейныя папярэднія кіраўнікі – Валеры Камар, Ігар Ражноўскі і Алімпійскі чэмпіён Вячаслаў Яноўскі – выкідаліся, што называецца, “з трэскам”. А ўсё з-за таго, што так і ня здолелі знайсьці паразуменьня зь дзяржаўным трэнэрам Пятром Віньнікам, на баку якога выступае Міністэрства спорту й турызму. Ігар Ражноўскі кажа, што прычыны трэба шукаць у наступным”.

(Ражноўскі: ) “Напярэдадні падрыхтоўкі да Алімпіяды патрэбна было заваяваць Алімпійскія ліцэнзіі. Баксэры наведалі ўсе 8 адборных турніраў. А гэта вельмі дарагія турніры, на кожны затрачваецца амаль 10 тысячаў даляраў. Дзяржаўны трэнэр Віньнік наведаў усе турніры, а на двух зь іх наогул не выставіў баксэраў, якіх туды прывез. Гэта штурхае да высноваў: у тым выпадку, калі баксэр не выходзіць на рынг, аўтаматычна прысуджаецца перамога саперніку. І гэта сытуацыя паўтараецца заўжды”.

(Карней: ) “Першыя сур’ёзныя цяжкасьці ў лягеры беларускіх баксэраў пачаліся адразу ж пасьля Алімпіяды ў Атланце. Раптам зборную пачалі пакідаць тыя, хто складаў у літаральным сэнсе эліту каманды. Сяргей Ляховіч, які ў сваёй вагавай катэгорыі на той момант уваходзіў у дзясятку лепшых у сьвеце, пераехаў у ЗША. Срэбны прызэр чэмпіянату сьвету ў Стамбуле Сяргей Барысенка займаецца бізнэсам у Маскве. Сяргей Дзічкоў наладзіў справу ў Менску.

Калі пачалі высьвятляць прычыны, аказалася, што разьвітаньне з камандаю адбылося зусім не на ўласную ініцыятыву спартоўцаў. Яны пацярпелі ад таго, што паставілі пад сумніў трэнэрскую тактыку напярэдадні Алімпійскіх гульняў. Гаворыць Ігар Ражноўскі…”

(Ражноўскі: ) “Тады мы былі супраць адаптацыйнага збору ў ЗША. Каманду засялілі ў інтэрнат для бамжоў. Хлопцы спалі на двухпавярховых ложках, кармілі іх гнілой капустаю, урэшце, многія захварэлі й дрэнна выступілі. Мы зьвярталі на гэта ўвагу: пакуль ня будуць дадзеныя, адназначныя адзнакі гэтымі дзеяньням з боку чыноўнікаў, мы ня будзем мець выніку. Гэта тое, як зараз Віньнік звазіў Нікіціна й Савіцкага, дзяржава выдаткавала на іхную падрыхтоўку, службовую выправу, харчаваньне, экіпіроўку тысячы даляраў, а іх проста ня выпусьцілі. Хоць Яноўскі кажа, што Савіцкі быў мацнейшым у сваёй вазе”.

(Карней: ) “Між іншым, скандалы 4-гадовае даўніны маюць працяг і зараз. У 97-м годзе, напярэдадні эўрапейскага чэмпіянату, нечакана апынуўся бяз справы судзьдзя міжнароднае клясы Віктар Кашанскі. Так і не атрымаўшы дакладнага адказу на пытаньне, чаму ён раптам стаў няўгодны кіраўніцтву спартовага міністэрства, у гэтую весну Кашанскі зьехаў у Канаду. Зараз Кашанскі ўваходзіць у першую пяцёрку міжнародных арбітраў паводле існага рэйтынгу. Самае парадаксальнае, што судзіць спаборніцтвы алімпійцаў у Сіднэі Кашанскі будзе пад канадыйскім сьцягам.

Такім чынам, багатая кадрамі Беларусь, па сутнасьці, зрабіла падарунак беднай Паўночнай Амэрыцы…

Нейкага прарыву на фронце баксэрскіх баталіяў чакаць цяжка. Пры ўсёй павазе да цяперашняга прэзыдэнта Фэдэрацыі боксу, намесьніка міністра спорту Грыгарава няпрадбачлівая палітыка прывяла да чарговага перадалімпійскага правалу: адзін “дэлегат” у некалі пасьпяховай дысцыпліне – гэта злачынна мала. Самае крыўднае, што парады й меркаваньні сапраўдных спэцыялістаў пры гэтым нават ня ўлічваюцца. На паседжаньнях Міністэрства спорту Ражноўскага ды Яноўскага проста ня слухаюць. Пры такіх адносінах да спорту марыць пра нейкі прарыў нерэальна”.

Віталь Цыганкоў
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org