RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Заўзятар.
Спартовая праграма.



Спартоўцы й беларуская мова
Алег Трусаў і бокс
Баскэтбол і бюракраты
Вялікая жанчына і вялікая спартоўка

(эфір 6 жніўня 2000)

Сёньня ў праграме:
Чаму спартоўцы не размаўляюць па-беларуску,
Чаму Алег Трусаў кінуў займацца боксам,
Чынавенскі разлад у беларускім баскэтболе,
Сьляпая амэрыканская легкаатлетка едзе на Алімпіяду.

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) “У нашай праграме мы пэрыядычна сустракаемся са знакамітымі беларускімі палітыкамі й разважаем зь імі пра спорт. І я пасьпеў заўважыць, што часта вонкавы выгляд, пэўная далікатнасьць гэтых людзей аніяк не стасуецца з паняцьцем спорту й жорсткіх спаборніцтваў. Ну хто, напрыклад, мог бы угадаць, што старшыня ТБМ Алег Трусаў займаўся боксам?.. Між тым, як вы даведаецеся з нашае гутаркі са спадаром Трусавым, гэта толькі адзін з трох улюбёных відаў спорту знакамітага палітыка й гісторыка. Але пачалася нашая размова з даволі нечаканага прызнаньня спадара Трусава…”

(Трусаў: ) “Па-першае, я, як заўзятар, не люблю назіраць за спортам, я люблю ўдзельнічаць. Лічу, што назіраць за спортам можна на пэнсіі, калі станеш пэнсіянэрам. Сам я ніколі не назіраю за спортам”.

(Цыганкоў: ) “Вы не глядзелі чэмпіянат Эўропы па футболу?”

(Трусаў: ) “Ніколі ў жыцьці. У сваім жыцьці я быў на жывым футбольным матчы толькі адзін раз, калі гулялі “Шахцёр” – “Дынама” Менск, таму я не прыхільнік назіраць за спортам. Я лічу, што спортам трэба займацца, а глядзець за ім у мяне ніколі цікавасьці не было.

У сваім жыцьці ў мяне было тры віды спорту, якія я любіў і якія дапамагалі мне ў жыцьці. Перш-наперш гэта бокс, я крыху займаўся боксам, потым фэхтаваньне, год займаўся фэхтаваньнем, і самы любімы спорт – валейбол, якім я займаюся і зараз, калі магу. Але, на жаль, займаючыся валейболам, я атрымаў дзьве моцныя траўмы, таму зараз займацца прафэсійна гэтым спортам не магу. Першыя два віды спорту не выпадковыя таму, што ад прыроды я ляўша і ў боксе ці ў фэхтаваньні гэта вельмі добра, таму што шпагу можна перакінуць з рукі ў руку, ці стаць у іншую пазыцыю, таму не выпадкова гэтыя два віды спорту для мяне больш прыдатныя”.

(Цыганкоў: ) “Ну а што сёньня? Гэта, як я разумею, – ўсё захапленьні маладосьці?”

(Трусаў: ) “Ёсьць чацьверты спорт, якім я і зараз люблю займацца – спартовы ход. Я вельмі люблю хадзіць і ўсё жыцьцё, як я быў археолягам, мы хадзілі ўдзень па 15–20 кілямэтраў. Так і зараз, калі ёсьць магчымасьць прайсьці пешкі, дык я ніколі ня еду транспартам. Я вельмі люблю хутка хадзіць, і адчуваю вялікую асалоду ад хуткага ходу. І зараз для мяне лепшы спорт – прайсьці ў дзень кілямэтраў 10–15. Тады я адчуваю сябе проста файна, проста цудоўна”.

(Цыганкоў: ) “Ведаеце, я як вядучы спартовае праграмы, сутыкаюся з такой цяжкасьцю, што складана знайсьці спартоўца, які б гаварыў па-беларуску. Чым бы Вы гэта патлумачылі?”

(Трусаў: ) “На жаль, бальшыня спартоўцаў проста мае слабую адукацыю, асабліва гуманітарную. Там нашмат менш людзей адукаваных. Спартоўцы, напрыклад, мала чытаюць кніжак, як зазвычай. Спартоўца-прафэсіянал, у асноўным чытае толькі спартовыя выданьні, ён адлучаны ад духоўнасьці. Чаму я, напыклад, кінуў бокс? – Таму што зразумеў, што калі далей буду займацца боксам, дык не змагу займацца гісторыяй, навукаю, таму што вельмі балела галава – увесь час б’юць па галаве. Разумовая дзейнасьць і спартовая дзейнасьць у шэрагу відаў, за выключэньнем шахматаў ды шашак, самавыключаецца. Таму тут нічога дзіўнага няма.

Спартоўцы, наогул, мала размаўляюць ці мова іх звычайна бедная. Вельмі часта яны ўжываюць спартовыя жаргоны, ну і нецэнзурнай лаянкі шмат, таму яны, як правіла, на любой мове размаўляюць небагата”.

(Цыганкоў: ) «Давайце акрамя мовы закранем іншыя найважнейшыя складнікі нацыянальнае дзяржавы – сьцяг, герб і гімн. Што, на вашую думку, адчувае беларускі спартовец калі ён стаіць на п’едыстале і ў ягоны гонар гучыць гімн бяз словаў, уздымаецца сьцяг, які многія ў Беларусі не ўспрымаюць, а можа, і сам спартовец яго не ўспрымае? Што ён мусіць адчуваць у такой сытуацыі?”

(Трусаў: ) “Я размаўляў зь некаторымі вядомымі спартоўцамі. Спартоўца адчувае пачуцьцё сораму, тым больш, што бел-чырвона-белы сьцяг спартоўцам вельмі спадабаўся, таму што ён больш кідкі. Гэта ж былы вайсковы сьцяг. За такім сьцягам добра перамагаць, бо калі ў бел-чырвона-белую саколку апрануць, дык яе бачна нашмат лепей, чым чыста белую ці чыста зялёную, таму гэтыя колеры для спорту выдатныя. Што датычыцца “Пагоні”, дык таксама сам выгляд вершніка на кані – ну чыста спартовы выгляд.

А вось што тычыцца гімну, дык тут, мне здаецца, дзьве траціны спартоўцаў сёньняшніх спартоўцаў, а можа й больш, проста ня ведаюць слоў. А музыка сама па сабе вельмі прывабная. Таму, мне здаецца, гімн іх ня вельмі засмучае, у адрозьненьне ад сьцяга”.

(Цыганкоў: ) «Наступнае пытаньне, таксама, даволі традыцыйнае для нашае праграмы. Як, па-вашаму, мусяць складвацца дачыненьні дзяржавы й спорту? Ці мусіць дзяржава, найперш, зьвяртаць увагу на масавую фізычную культуру або на спорт вышэйшых дасягненьняў?”

(Трусаў: ) “Як дэпутат і палітык, я вельмі шмат займаўся гэтым пытаньнем і якасным узорам для мяне, заўжды, зьяўляецца Фінляндыя, дзе людзі займаюцца менавіта сямейным спортам. Я лічу, што калі б да ўлады прыйшлі нармальныя людзі, дык трэба было б прыняць шэраг законаў у падтрымку менавіта сямейнага спорту. У Фінляндыі, напрыклад, усё вельмі проста – калі ты едзеш займацца лыжамі з дачкою ці сынам, дык табе зьніжкі ва ўсіх гатэлях. Усялякія палацы – гэта глупства. Лепш за ўсё зрабіць у Менску дарожкі для ровараў, таму што няма дзе ў Менску на ровары праехаць. А гэта ўнікаліны спорт, адзін з самых экалягічна чысты.

І першае, што я б рабіў, будучы прэзыдэнтам – па-першае, адмысловы ўказ ці закон пра сямейны спорт, па-другое, будаваць менавіта такія пляцоўкі для масавага спорту, сямейнага спорту, і ніякіх лядовых палацаў. Дастаткова мець адзін, ну ад сілы два лядовых палацы для прафэсіяналаў і тое ён мусіць выкарыстоўвацца з раніцы да вечару, каб людзі маглі там займацца ўсімі відамі лядовага спорту: ад фігурнага катаньня да хакею, каб гэты палац не прастойваў. Больш таго, зноў, калі йдуць сям’ёю займацца ў гэты палац, мусяць даць зьніжку 50 адсоткаў. Толькі сямейны спорт можа выратаваць Беларусь.

* * *

(Цыганкоў: ) “Працягнем праграму аналізам справаў у беларускім баскэтболе. Летні сэзон ніколькі ня зьменшыў накалу дыскусіяў у гэтым спорце. Напрыканцы ліпеня адбыліся зьмены ў кіраўніцтве мужчынскае зборнай. Спартовыя начальнікі абвінавачваюць адзін другога ў няўменьні вывезьці з крызысу гэтую папулярную ў сьвеце гульню. Тэму працягвае Міхал Стэльмак…”

(Стэльмак: ) “Намесьнік міністра спорту й турызму Аляксандар Грыгараў і прэзыдэнт Беларускае фэдэрацыі баскетболу Мікалай Ананьеў не хаваюць сваёй узаемнай непрыязьні. У прыхільных да іх сродках масавай інфармацыі іхныя публічныя спрэчкі нагадваюць мыцьцё бруднае бялізны. Грыгараў сьцьвярджае, што заняпад беларускага баскэтболу зьвязаны з дрэннай працаю Фэдэрацыі. Ейны кіраўнік Ананьеў, зразумела, лічыць такія крытычныя выпады на сваю адрэсу зьневажальнымі. Паколькі цяперашні прэзыдэнт баскэтбольнае Фэдэрацыі яшчэ нядаўна сам быў міністрам спорту – дык іхны разлад, як лічаць назіральнікі, ня мае аніякага дачыненьня да сапраўдных праблемаў гэтае гульні.

Але ў звадках двух чыноўнікаў самае кепскае тое, што два начальнікі спрабуюць перасварыць спэцыялістаў і гульцоў. Літаральна некалькі дзён таму спартовы “вэртыкальшчык” Грыгараў ініцыяваў зьмены ў кіраўніцтве мужчынскае зборнай. Галоўным трэнэрам быў прызначаны Аляксандар Барысаў.

Барысаў – агульнапрызнаны ў Беларусі знаўца баскэтбольных справаў. І як спэцыяліст, ён мудра палічыў, што прагрэс немагчымы бяз згоды ў трэнэрскім штабу і таму пакінуў у ім ранейшых кіраўнікоў нацыянальнае каманды – Анатоля Якубенку й Канстантына Шэраверу. Таксама выдатных у мінулым баскэтбалістаў. Такое рашэньне, аднак, не спадабалася аднаму з варагуючых бакоў і ўжо пачаліся нападкі на новую трэнэрскую каманду.

Між тым, самі спэцыялісты й спартоўцы крызыс айчыннага баскэтболу зьвязваюць найперш не з кадравым пытаньнем. На іхную думку, дэградацыя гэтага спорту ў Беларусі сталася наступствам эканамічнага заняпаду. Шэравера, напрыклад, які чатыры гады адпрацаваў у Турцыі, зазнычыў, што беларускія трэнэры зарабляюць усяго на “бак бэнзыну”.Тое ж самае тычыцца і спартоўцаў.

Як выказаўся Аляксандар Сатыраў, у мінулым знакаміты баскэтбольны абаронца нацыянальнае каманды, “усе, хто больш-менш нядрэнна гуляе, імкнуцца зьехаць з краіны”. І таму з кожным годам расьце колькасьць беларускіх легіянэраў у замежных клюбах. Сатыраў ня верыць, што бяз грошай можна адрадзіць у краіне баскэтбол. Ён спасылаецца на летувінскі досьвед, дзе некалькі гадоў выступаў за мясцовыя каманды. Тут, сьцьвярджае ён, дзяржава стварыла ўсе ўмовы для прафэсійнага росту спартоўцаў. Ня крыўдзяць і легіянэраў – беларускія гульцы на час выступаў атрымліваюць тут ня толькі прыстойныя заробкі, але й забясьпечваюцца кватэрамі.

Дарэчы, знакаміты летувінскі баскэтбаліст Шарунас Марчулёніс – стваральнік Паўночнаэўрапейскае лігі – сёлета спрабаваў далучыць да эўрапейскага баскэтболу й Беларусь. Але пасьля знаёмства з эканамічным становішчам клюбаў і арганізацыяй унутраных спаборніцтваў вымушаны быў паставіць крыж на гэтай ініцыятыве. “Баскэтбол у Эўропе, ня кажучы пра Амэрыку, гэта – спартовае шоу”, – сьцьвярджае Шарунас Марчулёніс. І таму, як сапраўднае шоу, баскэтбольнае гульня мусіць мець усе ягоныя атрыбуты: ад наплыву заўзятараў на трыбунах баскэтбольных палацаў да росквіту рэклямнага бізнэсу. Высьветлілася, аднак, што ў Беларусі на сёньняшні дзень няма ані таго, ані другога. Баскэтбольныя сьвяты тут замянілі надакучлівыя чыноўніцкія інтрыгі…”

* * *

(Цыганкоў: ) «А мы скончым сёньняшнюю праграму расповедам пра падзею, якую амэрыканскія журналісты ўжо назвалі “найвялікшай у гісторыі ўсясьветнага спорту”. Днямі трэнэрскі камітэт ЗША зацьвердзіў для ўдзелу ў алімпійскіх гульнях у Сіднэю 32-гадовую бягуньню Марлу Руньян. Сэнсацыйнасьць гэтага паведамленьня ў тым, што гэтая бягуньня – сьляпая. Марла стане першай сьляпой спартоўкаю ў гісторыі алімпійскага руху. Праўда, сама Руньян наракае, што журналісты ўвесь час перабольшваюць маштабы яе невідучасьці. На самой справе ейнае левае вока бачыць на 7 адсоткаў, а правае – на 5. Спартоўка сьцьвярджае, што бачыць некаторыя контуры й межы бегавой дарожкі.

Марла Руньян ужо два разы брала ўдзел у Паралімпійскіх гульнях – гэтак называюцца алімпіяды для інвалідаў. Але ёй гэтага падалося мала, і пакутлівымі трэніроўкамі Марла дамагалася сваёй галоўнай мэты жыцьця – Алімпіяды для здаровых. Некалькі гадоў таму яна ўжо заваявала тытул чэмпіёнкі ЗША на дыстанцыі 3000 мэтраў у крытых памяшканьнях. “Цяпер, калі я дамаглася права на роўных выступаць разам са здаровымі спартоўкамі, мару пра большае – выйграваць у іх”, – прызнаецца Руньян. Нават прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, выступаючы на нацыянальнай тэлевізіі, заявіў: “Марла – вялікая жанчына і вялікая спартоўка”.

Віталь Цыганкоў
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org