RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Заўзятар.
Спартовая праграма.



Павал Севярынец:
палацы ў Беларусі, аэрадромы ў Аргэнтыне
Басэйнаў няма, плыўцы перамагаюць
50 мільёнаў за форварда

(эфір 16 Ліпеня 2000)

Сёньня ў праграме:
Павал Севярынец лічыць, што лепей палацы ў Беларусі, чым запасныя аэрадромы ў Аргэнтыне,
беларускія плыўцы перамагаюць на чэмпіянаце Эўропы, хаця ў краіне няма аніводнага сучаснага басэйну,
50 мільёнаў даляраў за футбаліста – хто больш.

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) “Прывітаньне. Пачнем сёньняшні “заўзятар” нашай традыцыйнай рубрыкаю – “Палітык у спорце”, якую мы трошкі падзабылі за мінулыя месяцы. Сёньняшні госьць праграмы – старшыня Маладога Фронту Павал Севярынец. Малады Фронт ня толькі перамагае ў традыцыйных футбольных турнірах, але й часам наладжвае такія нетрадыцыйныя спаборніцтвы, як снайпэрскі турнір на кубак Лі Харлі Освальда. Ды што ж значыць спорт у жыцьці Паўла Севярынца? З гэтага мы й пачынаем нашую размову…”

(Севярынец: ) “Спорт у маім жыцьці – гэта разуменьне адной вельмі простай ісьціны: у здаровым целе здаровы дух. Таму з самага дзяцінства бацькі пераканаўча раілі займацца спортам, прычым усялякім. Я займаўся лёгкай атлетыкаю, футболам, кулявой стральбою… Лепей за ўсіх у школе бегаў кросы. Потым гуляў у футбол за факультэцкую каманду. Было яшчэ некалькі аматарскіх дачыненьняў да спорту. Апроч гэтага тры гады займаўся ў сэкцыі дзю-до”.

(Цыганкоў: ) “Што з гэтага багатага пераліку засталося сёньня, зараз?”

(Севярынец: ) “Сёньня, спадзяюся, засталася някепская форма, маю тонус для палітычных і грамадзкіх справаў, якія часам апаноўваюць, здольнасьць вытрымаць гэта ўсё. Кожны від спорту – гэта нейкі ракурс жыцьця”.

(Цыганкоў: ) “Я меў на ўвазе, што з гэтых спартовых захапленьняў засталося?.. Ці займаецеся вы сёньня якім-небудзь відам спорту?”

(Севярынец: ) “На жаль, на сёньня застаецца толькі дзесяціхвілінная ранішняя гімнастыка. На прафэсійныя заняткі спортам і нават аматарскія гульні не хапае часу, але калі запрашаюць гуляць у футбольным турніры, адстойваць гонар Малодога Фронту ці БНФ, з задавальненьнем гуляю ў футбол, баскэтбол, бегаю. “Маладафронтаўскія” прабегі – гэта таксама частка нашага палітычнага ляндшафту. Ну і гляджу футбол”.

(Цыганкоў: ) “Наколькі я ведаю, Малады Фронт выкарыстоўвае спорт, калі можна так бы мовіць, і ў палітычных мэтах, спалучаючы палітычныя акцыі са спартовымі гульнямі. Напрыклад, легкаатлетычныя прабегі, снайпэрскія, футбольныя турніры. Як гэта пачыналася і ў чым мэты такога падыходу?”

(Севярынец: ) “Калі мы пачыналі ўсё гэта зь Яўгенам Скочкам у 97-м годзе, мы разумелі, што для моладзі менавіта спорт адзін з асноўных кітоў маладзёвай палітыкі. Інфармацыя – спорт – культура. Таму спартовыя акцыі, такія як прабегі, алімпіяды, спартакіяды рознага кшталту, футбольныя турніры, снайпэрскія конкурсы пачалі рабіць даволі рэгулярна, прычым ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. Напрыклад, гарадзенская алімпіяда, барысаўскі міні-футбольны турнір у гэтую зімку. Удзел Маладога Фронту ў Кубку маладзёвым, дзе мы сталі чэмпіёнамі сярод моладзі і, безумоўна, двубоі. Было некалькі рэгіянальных турніраў. Зараз, пасьля “Эўра-2000”, мы плянуем стварэньне сэрыі футбольных камандаў і фан-клюбаў. У нас даволі стала дзейнічае фан-клюб “Заходнія трыбуны”, які арганізоўвае бел-чырвона-белыя сьцягі на ключавых матчах беларускае зборнай”.

(Цыганкоў: ) “Можа, трошкі незвычайнае пытаньне. Апошнім часам шмат гавораць пра тое, што Павал Севярынец з галавою паглынуўся ў рэлігію. Ці супадаюць на Вашую думку, хрысьціянскія каштоўнасьці са спортам?»

(Севярынец: ) “Па-першае, для кожнага хрысьціяніна ёсьць ісцінаю, што цела – гэта храм духу, таму варта займацца сваім целам так сама, як і займацца сваім розумам, сваёй адукацыяй і сваёй грамадзкай дзейнасьцю. Таму трымаць сябе ў парадку ў фізычным сэнсе – гэта нават абавязак кожнага хрысьціяніна. Заняцьце спортам я лічу для сябе, прынамсі, адным з элемэнтаў здаровага жыцьця”.

(Цыганкоў: ) “Наступная пытаньне мы традыцыйна задаем палітыкам – гасьцям нашага “Заўзятара”. Як павінны ладзіцца дачыненьні дзяржавы са спортам? Ці варта будаваць лядовыя палацы сёньня ў нашай дзяржаве? Чаму аддаваць прыярытэт – масаваму спорту ці вышэйшым дасягненьням?”

(Севярынец: ) “Мне здаецца, у першую чаргу, наконт палацаў, не так ужо ўсё й кепска. Лепей палацы ў Беларусі, чым запасныя аэрадромы ў Аргэнціне. Таму я не далучаюся да патаснага абвінавачваньня рэжыму Лукашэнкі. Няхай будуюцца палацы, будуюцца футбольныя стадыёны, нічога кепскага ў гэтым няма. Але што да разьвіцьця спорту ў незалежнай – сапраўды незалежнай Беларусі – дык мне здаецца, можна было б дзейнічаць трошкі іншымі мэтодамі. Без такой гігантаманіі, без такога непрыхаванага паказнога эфэкту. Сапраўды аддаваць належнае масаваму спорту, але не забывацца, што многія віды спорту ёсьць візытоўкамі краіны і, калі хочаце, экспартным таварам. Вось гэтымі самымі відамі спорту, якія выяўляюць найлепшыя якасьці й рысы беларусаў як нацыі: гімнастыка, біятлён, футбол, гандбол – тое, чым слынныя беларусы ў сьвеце, гэтым трэба займацца на тым узроўні, на якім зараз вядзецца праца ў прафэсійным спорце ў разьвітых краінах”.

* * *

(Цыганкоў: ) “У Фінляндыі днямі завяршыўся чэмпіянат Эўропы ў плаваньню. З залатым мэдалём вярнулася з Гэльсынкі віцяблянка Натальля Бараноўская. Перамога беларускай плыўчысе дасталася, трэба зазначыць, пры надзвычайных абставінах. Больш падрабязна пра гэта, а таксама пра тое, як складваюцца зараз справы нацыянальнае каманды ў гэтым спорце, распавядзе Міхал Стэльмак…”

(Стэльмак: ) “Каб атрымаць залатую ўзнагароду, Натальля Бараноўская мусіла двойчы плыць у фінале эўрапейскіх спаборніцтваў. Напачатку ўсё складвалася для яе найлепшым чынам. 200 мэтраў фінскага басэйну яна праплыла вольным стылем лепш за ўсіх і пераможна ўзьняла руку. Але, як затым аказалася, заўчасна. Плыўчыха са Славаччыны, што таксама прэтэндавала на “золата”, апратэставала гэты фінальны заплыў. Паводле ейных тлумачэньняў, яна ня чула гукавога старту. Пасьля доўгіх ваганьняў, міжнародныя арбітры задаволілі гэты пратэст. У спартовай практыцы здарэньне ў Гэльсынкі – надзвычай рэдкі выпадак. Тым ня менш, нашая суайчыньніца пераадолела свой прыгнечаны псыхалягічны стан і другі раз выйшла на старт жаночага фіналу…

Другі фінал, нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю, таксама быў за ёю.

Дарэчы, паводле інфармацыі галоўнага трэнэра нацыянальнае зборнай Беларусі ў плаваньні Аляксандра Каваленкі, згаданы канфуз меў шырокі розгалас на міжнароднай арэне, стаў прадметам разгляду бюро Эўрапейскае лігі плаваньня. Камэнтуючы нашаму радыё посьпех Натальлі Бараноўскай, ён зазначыў, што гэтая спартоўка мае рэальны шанец заваяваць адзін з мэдалёў на Алімпійскіх гульнях у Сіднэі.

13 ліпеня Каваленка на чале зборнай краіны выехаў на Кіпр на трэніровачныя зборы. Мая гутарка зь ім адбылася напярэдадні гэтае паездкі і, зразумела, я найперш пацікавіўся ў галоўнага трэнэра: чаму нельга трэніравацца ў Беларусі?”

“Сёньня рыхтавацца ва ўмовах нашае краіны й спаборнічаць з такімі краінамі як Злучаныя Штаты, Францыя, Італія, Швэцыя, Данія і нават Вугоршчына, мы ня можам. Рэч у тым, што ў Беларусі адсутнічае матэрыяльна-тэхнічная база для дасягненьня вышэйшых вынікаў у плаваньні. Тая ж база, што ёсьць у краіне зараз, прыдатная ўсяго для масавай аздараўляльнай працы, для юнацкага плаваньня”, – патлумачыў Аляксандар Каваленка.

Паводле ягоных словаў, цяперашні стан айчыннае матэрыяльна-тэхнічнае базы для плаваньня не дазваляе правесьці нават нацыянальны чэмпіянат. Напрыклад, няма электроннага абсталяваньня для фіксацыі спартовых вынікаў, каб іх магла зацьвердзіць міжнародная фэдэрацыя. Галоўны трэнэр зазначыў, што такая электроніка каштуе каля 100 тысячаў даляраў. Каваленка выказаў шкадаваньне з тае нагоды, што яе набыцьцё ператварылася ў невырашальную для краіны праблему. Бо, як зазначыў ён нашаму радыё, гэтае тэхнічнае абсталяваньне, разьлічана не на аднаразовае выкарыстаньне. Ён дадаў, што такую электроніку неабходна набыць хаця б для аднаго беларускага басэйну.

Аляксандар Каваленка працягвае: “У нацыянальнай каманды мусіць быць свой басэйн, свая база, дзе б былі вырашаныя праблемы пражываньня й харчаваньня спартоўцаў, месца для іх паўсядзённых трэніровак. У нас жа нічога падобнага няма. Мы трэніруемся ў заводзкіх басэйнах: ці то ў Бабруйску ў прафілякторыі шыннага камбінату, ці то ў Наваполацку ў басэйне нафтаперапрацоўчага заводу. І атрымліваецца, што мы паўсюдна як ізгоі”, – абураецца галоўны трэнэр.

Кіраўнік нацыянальнае зборнай ня можа зразумець абыякавага стаўленьня да матэрыяльных патрэбаў гэтага спорту з боку спартовых уладаў краіны. Такая абыякавасьць, дадае ён, ня мае аніякага абгрунтаваньня, тым больш, калі ўлічыць спартовыя дасягненьні. Беларусы, паводле гісторыя плаваньня, маюць тры вышэйшыя ўзнагароды Алімпійскіх гульняў.

Апроч таго, у праграме Алімпіядаў плаваньне мае высокую каціроўку. Па колькасьці мэдалёў яно займае другі радок – адразу ж пасьля “каралевы” спорту – лёгкай атлетыкі. Як зазначыў Аляксандар Каваленка, Беларусь паводле спартовых вынікаў у плаваньні і зараз займае трэцяе месца сярод краінаў былога Савецкага Саюзу – пасьля Расеі ды Ўкраіны.

Той факт, што Натальля Бараноўская стала першай у Эўропе, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы для трэніровак, дазваляе Аляксандру Каваленку спадзявацца, што і ў Сіднэі яна выступіць удала. Другая алімпійская надзея галоўнага трэнэра зьвязана зь яшчэ адным вядомым беларускім плыўцом – Аляксандрам Гукавым, неаднаразовым чэмпіёнам і прызэрам чэмпіянатаў Эўропы й сьвету.

Няма сумневу, што й некаторыя іншыя сябры нацыянальнае зборнай маглі б у Аўстраліі на роўных з “зоркамі” сьвету паспрачацца за ўзнагароды. Але ім можна толькі паспачуваць. Бо ўдасканаліць спартовую форму ў беларускіх рэчках і вадаёмах, як раяць айчынным плыўцам і плыўчыхам спартовыя начальнікі, немагчыма”.

(Цыганкоў: ) “Адыйшоў у гісторыю чэмпіянат Эўропы, найбуйнейшая футбольная падзея гэтага году, і пакуль у большасьці эўрапейскіх краінаў футбольнае міжсэзоньне, увага заўзятараў прыкаваная да трансфэрнага рынку. Трэба сказаць, што падзеі тут ня менш інтрыгуючыя і прыцягальныя для аматараў спорту. Зразумела, кожнаму хочацца ведаць, дзе ў новым сэзоне будуць гуляць іхныя любімыя футбольныя зоркі і колькі было заплочана за таго ці іншага майстра.

Трэба адразу сказаць, што гэты месяц пераўзыйшоў самыя сьмелыя прагнозы. Здаецца, найбагацейшыя клюбы сьвету (найперш італьянскія) імкнуцца абскакаць адзін аднаго ў гонцы за прыз самага шчодрага пакупніка. Пакуль безумоўнае лідэрства мае рымскі “Лацыё”, які ўжо ўсталяваў новы ўсясьветны рэкорд трансфэрнае цаны за аднаго футбаліста. 25-гадовы аргэнтынскі форвард Эрнан Крэспа быў прададзены ў “Лацыё” з “Пармы” за неверагодную раней суму – 54 мільёны даляраў. Такім чынам, былы рэкорд, які прыналежыў зноў-такі італьянскаму клюбу “Інтэр”, які за 50 мільёнаў купіў нападаючага В’еры, пратрымаўся толькі год. Зрэшты, тэндэнцыі на футбольным рынку сьведчаць, што новае дасягненьне можа быць пераўзыйдзена ўжо сёлета.

Ня менш увагі выклікаў і трансфэр іншага аргэнтынца – славуты Габрыэль Батыстута перайшоў зь “Фіярэнтыны” ў “Рому”. За лепшага форварда італьянскага чэмпіянату апошніх пяці гадоў было заплачана звыш 30 мільёнаў даляраў. Слухачы могуць задаць заканамернае пытаньне – чаму за Батыстуту аддадзена значна меней грошай, чым за Крэспу, імя якога да апошніх дзён мала што казала бальшыні заўзятараў. Мяркую, справа тут найперш у веку. Эрнану Крэспа ўсяго 25, а Габрыэлю Батыстуце ўжо за трыццаць. Зразумела, што маладзейшы гулец будзе каштаваць больш, паколькі ён здолее не адзін год гуляць за каманду, якая яго купіла.

На фоне такіх маштабных набыткаў рымскіх камандаў – “Лацыё” і “Ромы” – славуты “Мілан” выглядае пакуль даволі сьціпла. Справа дайшла да таго, што фанаты клюбу ўжо некалькі разоў зьбіраліся перад штаб-кватэраю зь лёзунгамі – “Берлусконі, хопіць быць скнараю!”. Прэзыдэнт клюбу Берлусконі нават выступіў з адмысловай прамоваю, дзе заявіў, што ягоная ашчаднасьць – гэта дальнабачнасьць, а шчодрасьць рымскіх канкурэнтаў – глупства. Але відаць, футбольны магнат ня вытрымаў ціску, і вырашыў зрабіць эфэктны й гучны жэст – Берлусконі заявіў, што хоча купіць паўабаронца зборнай Ангельшчыны й “Манчэстэр юнайтэду” Дэйвіда Бэкхэма. Паведамлялася, што італьянцы гатовыя былі аддаць за Бэкхэма рэкордныя 60 мільёнаў даляраў, але – угода не адбылася. Галоўны трэнэр “Манчэстэру” Алекс Фэргюсан адназначна заявіў, што Бэкхэм не прадаецца.

Не абмінулі трансфэрныя чуткі і іншых славутых футбалістаў. Напрыклад, найлепшага, на думку шмат каго, гульца сучаснасьці француза Зынедына Зідана прэса сватае ў гішпанскі “Рэал”. Туды ж, як сьцьвярджаецца, можа перайсьці й партугалец Луіш Фігу. Пры гэтым Фігу, напрыклад, стал камнем сутыкненьня паміж двума кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта гэтага легендарнага клюбу. Адзін зь іх заявіў, што абавязкова купіць Фігу за любыя грошы, іншы ж кпліва абсьмяяў гэты намер, назваўшы дзеяньні суперніка рэклямным хітрыкам.

А нам, відаць, застаецца толькі назіраць збоку за гэтымі пэрыпэтыямі ды спадзявацца, што калі-небудзь і майстэрства беларускіх футбалістаў будзе ацэньвацца мільёнамі даляраў. Змог жа, напрыклад, украінец Шаўчэнка стаць адным з самых лепшых і дарагіх футбалістаў сьвету”.

Віталь Цыганкоў, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org