Адстаўка Бароўскага,
Букмэйкеры не расьпешчваюць.
(эфір 11 Чэрвеня 2000)
Сёньня ў праграме:
– каму была патрэбна адстаўка трэнэра нацыянальнае зборнай па футболу
Сяргея Бароўскага і
– чаму беларускія букмэйкеры прапануюць такія маленькія каэфіцыенты
выйгрышаў.
Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.
(Цыганкоў: ) “На мінулым тыдні са сваёй пасады быў зьняты галоўны трэнэр
нацыянальнае каманды Беларусі па футболу Сяргей Бароўскі. Апошнім штуршком
да такога рашэньня стаў чарговы пройгрыш беларусаў – на гэты раз ў таварыскай
гульні з камандаю Эстоніі зь лікам 0:2. Літаральна празь дзень пасьля няўдачы
ў Таліне бюро выканкаму Беларускае фэдэрацыi футбола аднагалосна вырашыла
накіраваць Бароўскага ў адстаўку…”
(Глод: ) “Фармулёўка бюро выканакаму гучыць такім чынам: “зволіць у
сувязi зь нездавальняючай падрыхтоўкаю каманды да матчаў адборнага турнiру
чэмпiянату сьвету 2002 году”. І сапраўды, тры паразы запар у таварыскiх
матчах з Балгарыяй (1:4), Андораю i Эстонiяй (0:2) – гэта ўжо, як кажуць,
занадта. Асабліва горкімі былі няўдачы ў Андоры й Эстоніі, краінах, якія
ніколі не лічыліся футбольнымі грандамі. Таму такія кардынальныя меры не
разглядаюцца як нешта надзвычайнае.
Разам з Бароўскiм ад выкананьня абавязкаў вызвалены ўвесь трэнэрскi
штаб, куды ўваходзiлi Юры Пудышаў, Аляксандар Башмакоў i Юры Мохаў. Адначасова
Юры Пудышаў прызначаны выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнэра. У дзесяцiдзённы
тэрмiн на разгляд бюро мусяць быць унесеныя новыя кандыдатуры на пасаду
галоўнага трэнэра нацыянальнае каманды.
Чаму Сяргей Бароўскі, футбаліст высокае клясы, які ў свой час выступаў
у складзе зборнае каманды Савецкага Саюзу, і ўжо меў пэўны досьвед у трэнэрскай
працы, у тым ліку й на пасадзе галоўнага трэнэра нацыянальнае каманды Беларусі,
ня здолеў дамагчыся посьпеху?
Нагадаем слухачам, што ў 1996 годзе Бароўскi быў адпраўлены ў адстаўку
ў разгар адборнага турнiру чэмпiяната сьвету. Другi раз ён узначалiў зборную
ў лiстападзе мiнулага году. Адстаўку Бароўскага для нашае праграмы камэнтуюць
былы віцэ-прэзыдэнт футбольнага клюбу “Дынама” (Менск), а цяпер намесьнік
старшыні фэдэрацыі футболу Менскае вобласьці Сяргей Карнееў і вялікі заўзятар
футболу (у мінулым, дарэчы, нядрэнны футбаліст) намесьнік старшыні Вярхоўнага
Савету Беларусі 13 скліканьня Генадзь Цярэня”.
(Глод: ) «Дык, што ж перашкодзіла Сяргею Бароўскаму дамагчыся добрых
вынікаў? Гаворыць Сяргей Карнееў…”
(Карнееў: ) “Існуе такая прымаўка, што двойчы ў адную рэчку не ўваходзяць.
У Бароўскага ўжо нічога не атрымалася. Нейкія ягоныя задумкі хаця й былі
нармальныя, але не выкарыстоўваліся чыста з псыхалягічных матываў. Бароўскі
меў думку гуляць у тры абаронцы – паводле новае сыстэмы, але добрых гульцоў
для гэтага ў нас проста няма. Трэба, на маю думку, пачынаць гульню ад абароны.
Сяргей Бароўскі запрашаў ня тых гульцоў, якія патрэбныя на сёньняшні дзень.
Ён абапіраўся на легіянэраў, якія не самыя моцныя ў сваіх клюбах. У нас
у беларускім чэмпіянаце хапае хлопцаў, якія маглі б заняць гэтыя пазыцыі”.
(Глод: ) “Гэтак лічыць намесьнік старшыні фэдэрацыі футболу Менскае
вобласьці Сяргея Карнеева А вось думка на гэты конт Генадзя Цярэні…”
(Цярэня: ) “Бароўскі, на мой погляд, – гэта трэнэр рамантычнага складу,
а ня трэнэр зборнай, калі трэба разьлічваць на нейкі канкрэтны вынік. Па-другое,
“двор”, вышэйшая ўлада яго не падтрымала – матэрыяльна, арганізацыйна,
маральна. Таму ён, мне здаецца, апынуўся ў нейкім вакууме”.
(Глод: ) “Гаварыў Генадзь Цярэня. А што кажа сам Сяргей Бароўскі? У
інтэрвію агэнцыі БелаПАН Бароўскі, адкідваючы абвінавачваньні ў мяккацеласьцi
й “няўменьнi гульцам загадаць”, сказаў “сёньня ня той час, каб загадваць.
Пачуўшы загад, футбалiст можа паслаць цябе куды падалей. Трэба патрабаваць,
але для гэтага ў гульца зборнай павiнен быць кантракт з канкрэтнымi забавязаньнямі,
якога сёньня няма”.
Паводле ягонага сьцьвярджэньня, прайграныя матчы наглядна прадэманстравалi,
“хто ёсьць хто ў беларускай зборнай. У нас яшчэ не разьвiтае пачуцьцё нацыянальнае
самасьвядомасьцi, як у той жа Латвii, дзе я раней працаваў. За зборную
гуляюць не з-за грошай. У ейным складзе абараняюць гонар Радзiмы. Нашы
гульцы часта атаясамляюць радзiму зь дзяржаваю, зь ейнымі палiтыкаю i эканомiкаю,
а ня з тым месцам, дзе ён нарадзiўся й вырас”, – адзначыў Бароўскi.
Як бы тое не было, паўстае пытаньне, хто мог бы зараз з посьпехам замяніць
былога трэнэра нацыянальнае каманды? Свае думкі выказвае Сяргей Карнееў…”
(Карнееў: ) “Гэта Юры Курненін – галоўны трэнэр “Дынама” (Менск). І
другая кандыдатура – можа аматары спорту палічаць, што я жартую – гэта
трэнэр “Лунінца” Якаў Шапіра. Гэты малады трэнэр паказаў сябе як арганізатар
вельмі добры і трэнэр добры”.
(Глод: ) «А вось што думае на гэты конт Генадзь Цярэня…”
(Цярэня: ) «Эдуард Малафееў. Гэта нашая легенда, і ён бы даў рух маральны,
і узнавіў энэргетыку. А з маладога пакаленьня трэнэраў мне найбольш падабаецца
Румбуціс. Мне здаецца, ён яшчэ сваю адзнаку не атрымаў, у яго яшчэ ўсё
наперадзе».
(Глод: ) «І зноўку вернемся да Сяргея Бароўскага. Магчыма, ён мае рацыю,
калі кажа, што лiчыць мэтазгодным у далейшым прыцягваць для работы са зборнаю
замежнага спэцыялiста, якi мог бы мець дакладныя ўмовы працы й ня быць
абцяжараным грузам складаных адносiнаў у калiдорах футбольнае, спартовае
ды iншае ўлады”.
(Цыганкоў: ) “Працягваючы футбольную тэму, мы, выкарыстаем нагоду чэмпіянату
Эўропы, каб пагаварыць пра… праблемы беларускіх букмэйкераў. Кожны аматар
футболу ў гэтыя, першыя дні спаборніцтваў зноў і зноў ацэньвае шанцы ўдзельнікаў
турніру, вызначаецца ў сваіх пэрсанальных сымпатыяў, робіць свае стаўкі.
Існуе, аднак, пэўная катэгорыя людзей, якія робяць стаўкі не ў фігуральным,
а ў літаральным сэнсе. Менавіта для патрэбаў такіх азартных асобаў і скіраваныя
паслугі букмэйкерскіх кантораў.
На Захадзе гэты бізнэс вельмі разьвіты, і ў вялікіх гарадох пункты афармленьня
ставак можна ўбачыць часьцей, чым калісьці ў савецкіх гарадох – шапікі
“Спортлото”. Самае галоўнае, што прываблівае мільёны азартных людзей –
ты заўсёды ведаеш загадзя, колькі грошай атрымаеш, калі паставіш на тую
ці іншую каманду або гульца. Аніякага падману або махінацыяў. Толькі халодны
разьлік і, канешне, удача.
Прызнаюся, што і я пад час пэўных вялікіх спартовых спаборніцтваў люблю
спраўдзіць свае заўзятарска-прагназысцкія здольнасьці й пагуляць у стаўкі.
Бо адная справа – даказваць на кухні, нібы ты заўсёды ведаў, што французы
будуць чэмпіёнамі сьвету, але зусім іншая – падмацаваць сваю прадбачлівасьць
справаю, рызыкаю страціць уласныя грошы. Найярчэйшай сваёй удачаю магу
назваць стаўку на харвата Давана Шукера, які стаў найлепшым снайпэрам апошняга
чэмпіянату сьвету. Дарэчы, за гэткую прадказальнасьць я выйграў у прапорцыі
30 да аднаго.
Дык вось, зьвяртаючыся да чэмпіянату Эўропы, адзначым, што за дзень
да ягонага пачатку брытанскія букмэйкеры найвышэй ацэньвалі пэрспэктывы
перамогі галяндцаў – тры да аднаго. Гэта значыць, за кожны пастаўлены на
галяндцаў рубель вы атрымаеце тры. Той, хто вырашыў паставіць на французаў,
у выпадку іхнае перамогі атрымае выйгрыш з каэфіцыентам 4,5. Далей ідуць
гішпанцы – 5,5, італьянцы – 6, ангельцы – 9 і гэтак далей.
А якія каэфіцыенты прапануе беларуская букмэйкерская фірма “Плюс-мінус”.
Адразу скажу, з такімі нізкімі патэнцыйнымі выйгрышамі нават ня хочацца
рабіць ніякіх ставак. Каэфіцыенты тут у два-тры разы меншыя за эўрапейскія.
Напрыклад, калі вы паставіце ў Лёндане на італьянца Дель П’ера, і ён стане
лепшым бамбардырам чэмпіянату, вы атрымаеце 20 да аднаго, у Менску за такую
ж стаўку – толькі тры да аднаго.
Галоўная прычына гэтага – адсутнасьць традыцыяў букмэйкерства й сапраўднае
канкурэнцыі. У Менску ёсьць толькі тры пункты прыёму ставак. Два належаць
фірме “Плюс-мінус” і адна – фірме “Пэнальці”. Там заўсёды чэргі, і часам
немагчыма прабіцца скрозь натоўп, каб зрабіць стаўку. Пры гэтым за апошнія
гады колькасьць пунктаў нават паменшылася.
Супрацоўнік фірмы “Плюс-мінус” Сева, які якраз вызначае памеры каэфіцыентаў,
патлумачыў, што ў Беларусі іхная велічыня фактычна не адрозьніваецца ад
расейскай. Што да Захаду, дык там стаўкі робяць мільёны чалавек, і заўзятары,
напрыклад, “Мілана” заўсёды ставяць на выйгрыш сваёй каманды, лічыць Сева.
Вялікія аб’ёмы абароту дазвалюць заходнім букмэйкерам быць больш гнуткімі
й даваць больш прывабныя каэфіцыенты выйгрышу. У нас жа кліентура даволі
дасьведчаная і букмэйкерскія канторы вымушаныя перастрахоўвацца, каб не
разарыцца. Да таго ж разьвіцьцю не спрыяюць створаныя ўмовы гаспадараньня.
Гэта ўвогуле асобная і вельмі сур’ёзная тэма – беларускае букмэйкерства
й спартовыя латарэі. Дзяржава стварыла такія неспрыяльныя ўмовы, навязала
такія падаткі, што аніводная з латарэяў так і ня здолела разгарнуцца. Справа,
якая патэнцыйна можа быць вельмі масавым і прыбытковым бізнэсам, прыносіць
даходы ў бюджэт, у Беларусі так і ня стала на ногі”.
Віталь Цыганкоў, Менск
|