Альпіністка-інвалід скарае вяршыні,
Чаму ў Беларусь едуць спартоўцы.
(эфір 28 Траўня 2000)
Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.
(Цыганкоў: ) “Цяпер, напэўна, мала хто памятае, што першым майстрам
спорту міжнароднае клясы ў Беларусі была жанчына – альпіністка мінчанка
Ірына Вялянькова. Сёньня Вялянькова блізкая да новага рэкорду – яна можа
стаць першай жанчынаю, якая скорыць усе сямітысячныя вяршыні сьвету. Пасьля
гэтага яна з поўным правам будзе насіць ганаровае ў колах экстрэмальнага
спорту званьне “сьнежнага барса”. Распавядае Ігар Карней…”
(Карней: ) «Такіх жанчынаў, як мінчанка Ірына Вялянькова, у сьвеце больш
няма. Прэцэдэнтаў, калі прадстаўнік экстрэмальнага спорту вяртаецца ў строй
пасьля, здавалася б, невылечнае траўмы, у альпінізьме дагэтуль не было.
У ейным арсэнале больш за сотню узыходжаньняў на самыя недасяжныя вяршыні
сьвету. Многія ейныя рэкорды не пабітыя да гэтага часу. Паводле вынікаў
экспэдыцыі 1992 году ў Гімалаі, у прыватнасьці, пасьля скарэньня без кіслароду
8-тысячнае вяршыні Шыша-Пангму Ірына Вялянькова атрымала званьне майстра
спорту міжнароднае клясы й адпаведнае пасьведчаньне пад №1.
Апантаная ідэяй скарэньня ўсіх найвялікшых вяршыняў сьвету, яна мэтаскіравана
йдзе да сваёй канчатковае мэты вось ужо 20 гадоў. На нейкім этапе здавалася,
што эпапея павінна заўчасна спыніцца. Так, пад час узыходжаньня ў кастрычніку
95-га году на чарговы 8-тысячнік Даўлагіры, з-за тэхнічнае паломкі вымушаная
была 13 гадзінаў правесьці на сьнежна-лядовым схіле. У выніку – абмаражэньні
3 і 4 ступені, ампутацыя пальцаў ног і часткі пяткавых касьцей.
Больш за два гады ў Маскве йшло лячэньне й пратэзаваньне. Мала хто спадзяваўся,
што Вялянькова калі-небудзь вернецца ў вялікі спорт. Але не прайшло й паўгады,
як у рамках фізычнае рэабілітацыі яна зрабіла адзін за адным тры ўзыходжаньні
на Эльбрус. Тады воля беларускае жанчыны ўразіла ўвесь сьвет. Хоць сама
Ірына кажа, што пасьля шматлікіх апэрацыяў пра вяртаньне ў горы яна ня
марыла й сама”.
(Вялянькова: ) У прынцыпе, я не плянавала вяртацца ў вялікі спорт, у
горы. Мне нібыта хапала, чым тут у жыцьці займацца. Але пражыць год такім
жыцьцём, калі толькі праца і ўсё… я ня звыкла, жыцьё йшло зусім па-іншаму,
зь іншым зьместам. Я проста гібею, я не магу, я задыхаюся… І я для сябе
зразумела мінулым летам – усё Вялянькова, гэта жыцьцё не для цябе, і я
вырашыла вярнуцца ў вялікі спорт”.
(Карней: ) “У мінулым годзе матэрыялы пра Вялянькову былі накіраваныя
ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Экспэртаў уразіў факт, што за ўсю гісторыю жаночага
альпінізму яна была першая, каму пашчасьціла ня толькі выжыць пасьля начлегу
на вышыні 8 кілямэтраў, але й самастойна вярнуцца на базу. Дагэтуль лічылася,
што некалькі гадзінаў у разрэджаным паветры хапае на тое, каб разьвітацца
з жыцьцём”.
(Валянкова: ) “Я ведала мужчын, якія атрымалі тую ці іншую траўму ў
гарах, і вярталіся ў гэты спорт. Але мы ня ведаем аніводнае жанчыны, якая
вярталася б у гэты спорт пасьля нейкае значнае траўмы, а тым больш пасьля
сур’ёзных абмаражэньняў, калі нешта ампутавалася ці адразалася. Можа, яна
вядзе ўвогуле актыўнае жыцьцё, але менавіта ў спорце яе не відаць. Для
сябе я й вызначыла значнасьць таго, што я раблю тым, што я станаўлюся першай
жанчынаю-альпіністкаю, якая пасьля сур’ёзных траўмаў вяртаецца ў свой спорт
і будзе спрабаваць ня проста рабіць нешта звычайна, а й тое, што далёка
ня кожны здолее”.
(Карней: ) “Гэты год для Ірыны павінен стаць у літаральным сэнсе эпахальным.
У ліпені-жніўні яна рыхтуецца падняцца на самыя паўночныя сямітысячнікі
сьвету – пік Хан-Тэнгры й пік Перамогі. Нават ня гледзячы на тое, што пакуль
не да канца вырашаны фінансавы бок экспэдыцыі, яна верыць у шчасьлівы фінал
праекту. Пасьля скарэньня гэтых вышыняў, Ірына стане першай беларускай
альпіністкаю, якая скарыла ўсе пяць сямітысячнікаў сьвету. І адпаведна,
першай беларускаю, якая мае надзвычай аўтарытэтны статус “сьнежнага барса”…”
(Вялянькова: ) “Маса праблемаў. Па-першае, трэба аднавіць абсталяваньне.
У мяне амаль усё засталося там, на Даўлагіры, і загінула. Больш таго, за
гэтыя пяць гадоў – ёсьць такое паняцьце “маральнае старэньне”. Спорт на
маім узроўні – гэта вельмі сур’ёзны занятак, гэта напрасткі зьвязана з
жыцьцём. Прафэсіянал ня можа ад такіх пытаньняў адмахвацца. Якаснае абсталяваньне
– гэта тваё жыцьцё, і яно каштуе грошай. Таму ў першую чаргу трэба было
вырашыць гэтае пытаньне”.
(Карней: ) «Наперад расьпісаны й наступны спартовы сэзон. У траўні 2001
году ўпершыню сярод беларусаў Ірына мае намер зрабіць узыходжаньне на вышэйшую
кропку Паўночнае Амэрыкі – пік Мак-Кінлі. Гэты самы паўночны ў сьвеце 6-тысячнік
знаходзіцца на Алясцы й лічыцца надзвычай складаным з-за кліматычных асаблівасьцяў.
Але Ірына й тут упэўнена ва ўласных сілах. Прынамсі, яна канстатуе: бел-чырвона-белае
палотнішча абавязкова зьявіцца на вышэйшай кропцы Паўночнага кантынэнту…”
(Цыганкоў: ) “Сярод кандыдатаў у алімпійскую каманду Беларусі, што хутка
будзе выступаць у далёкім Сіднэю, ёсьць спартоўцы, чые прозьвішчы адразу
выдаюць іхнае зусім небеларускае паходжаньне. Пра тое, як яны трапілі ў
Беларусь, чаму будуць абараняць ейны спартовы гонар, распавядае Ўладзімер
Глод…”
(Глод: ) “Былых беларускіх спартоўцаў і трэнэраў зараз можна знайсьці
літаральна ў любой частцы сьвету. Яны жывуць у Злучаных Штатах Амэрыкі,
Індыі, Аўстраліі, Нямеччыне, Алжыры, такіх краінаў набіраецца не адзін
тузін. Галоўная прычына, чаму яны там апынуліся, добра вядомая – хочуць
жыць і працаваць у прыстойных умовах.
Але ёсьць, як ня дзіўна, і іншыя прыклады. Бэкбулат Мусаеў, Націк Багіраў,
Магамэд Абдулганілаў – гэта далёка ня поўны сьпіс спартоўцаў з зусім небеларускімі
прозьвішчамі, якія на летніх Алімпійскіх гульнях у Сіднэю будуць змагацца
за гонар менавіта Беларусі.
Што прывяло іх у нашую краіну? Абсалютную бальшыню – жаданьне дамагчыся
вялікіх посьпехаў. На іхнай радзіме дасягнуць такога фактычна немагчыма.
І не таму, што ўмовы для трэніровак, напрыклад, у Махачкале або Ўладзікаўказе
горшыя, чым у Менску або Горадні. Справа зусім у іншым.
Ёсьць усяго некалькі спартовых дысцыплінаў, у якіх расейскія майстры
– лепшыя ў сьвеце. Перш-на-перш, гэта розныя віды дужаваньня (барацьбы):
вольнае, грэка-рымскае, самба. Калі б так дазваляў рэглямэнт, дык у некаторых
вагавых катэгорыях расейцы маглі б выставіць да пяці дужавікоў, кожнаму
зь якіх па сілах стаць чэмпіёнам Алімпіяды, сьвету, Эўропы. Але ж жорсткія
правілы не дазваляюць заяўляць у адной вазе больш аднаго асілка. Што рабіць
у такім выпадку другім, трэцім, чацьвертым нумарам, якія цудоўна разумеюць
– у складзе каманды іншае дзяржавы яны могуць часьцей выяжджаць на розныя
міжнародныя турніры за мяжу, спрачацца за месца на вышэйшай прыступцы п’едэсталу
гонару? Таму яны ўсё часьцей пераяжджаюць у іншыя краіны.
І Беларусь тут выглядае вельмі прывабна. Няма аніякіх праблемаў з моваю,
людзі шчырыя, ветлівыя. Менавіта так тлумачыць свой выбар Менску 23-гадовы
Бэкбулат Мусаеў, які нарадзіўся й рос у Дагэстане. Бэкбулат у складзе расейскае
каманды перамог на маладзёвым першыньстве сьвету. А трапіць у дарослую
каманду пад тым жа першым нумарам ня мог – існавала вельмі моцная канкурэнцыя.
І таму ён паслухаўся трэнэра Магамэда-Саіда Аліева, які параіў яму перабрацца
ў Беларусь. Мусаеў не шкадуе пра свой крок. Паўмесяцы таму на чэмпіянаце
Эўропы ён здолеў заняць другое месца, атрымаць срэбраны мэдаль і пуцёўку
на Алімпійскія гульні. Застанься ён у Расеі – і, магчыма, на Сіднэй яму
трэба было б забыцца.
У далёкай Аўстраліі Бэкбулат Мусаеў хоча ўвайсьці ў прызавую тройку.
Алімпійскі мэдаль і будзе адказам на пытаньне, чаму я прыехаў у Беларусь,
– тлумачыць спартовец. І гэтак разважае ня толькі ён.
Дарэчы, спартоўцаў з Расеі, якія сталі, так бы мовіць, натуралізаванымі
беларусамі, можна ўбачыць ня толькі на дужавых дыванох. Шмат іх сярод хакеістаў,
біятляністаў, баксэраў, лёгкаатлетаў ды іншых спартовых дысцыплінаў”.
Віталь Цыганкоў, Менск
|