Нацыянальная зборная па хакею
Юрась Беленькі - пра сябе, футбол, Лукашэнку, спорт і моладзь
(эфір 23 Красавіка 2000)
Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.
У сёньняшнім выпуску вы пачуеце, у чым унікальнасьць
беларускае хакейнае нацыянальнае зборнай, а палітык Юрась Беленькі патлумачыць,
чаму ён ня стаў прафэсійным футбалістам.
(Цыганкоў: ) “Прывітаньне. У наступную суботу ў Санкт-Пецярбургу пачнецца
чарговы чэмпіянат сьвету па хакею, які апошнімі гадамі стаў у Беларусі
спортам нумар адзін. Беларускую зборную, якая пакуль што часьцей радуе
сваіх прыхільнікаў, чым засмучае, адмыслоўцы называюць унікальным калектывам.
У чым гэтая незвычайнасьць, распавядзе Ўладзімер Глод…”
(Глод: ) “Нацыянальная каманда Беларусі адрозьніваецца ад ўсіх іншых
удзельнікаў усясьветнага чэмпіянату тым, што яна цалкам складзеная са спартоўцаў,
якія на працягу ўсяго сэзону выступаюць выключна за замежныя клюбы. І сапраўды,
гэта ўнікальная зьява, калі на лёд у аднолькавай форме выходзяць хакеісты,
якія год гуляюць у Злучаных Штатах Амэрыкі й Расеі, Нямеччыне й Славакіі,
Швэцыі і Англіі, а разам зьбіраюцца толькі на чэмпіянаце сьвету ды трэніроўках,
якія яму папярэднічаюць.
Чаму гэтак атрымліваецца? Ды таму, што адсутнасьць закрытых лёдавых
пляцовак пры беларускім надвор’і не давала магчымасьці рыхтаваць добрых
майстроў. Спачатку іх прывозілі ў Менск пераважна зь Сібіры і Ўралу, напрыклад,
з Кірава-Чапецку, Омску, Навасібірску, Уфы, ды іншых месцаў.
Зразумела, што пераезд з гэтых мясьцінаў у цэнтар Эўропы разглядаўся
спартоўцамі як добрыя пэрспэктывы і яны з задавальненнем скарысталіся такой
магчымасьцю, набылі беларускае грамадзянства.
Але чым горш жылося ў Беларусі, тым больш хакеістаў пакідалі яе. Ехалі
ўсюды, дзе толькі можна зарабіць прыстойныя грошы. Самыя лепшыя – у Амэрыку
ды Канаду, некаторыя – у Нямеччыну, Швэцыю. Шмат хто – у Расею, дзе заробкі
перавышалі беларускія ў 5-6 разоў. Ня грэбавалі нават такімі зусім не хакейнымі
дзяржавамі як, напрыклад, Вугоршчына або Ангельшчына, абы добра плацілі.
Але на першынство сьвету заўсёды зьбіраюцца ўсе мацнейшыя. Адмоваў абараняць
гонар краіны не было. Па-першае, шмат для каго – гэта адзіная за год магчымасьць
сустрэцца разам. Па-другое, удзел ва ўсясьветным чэмпіянаце – добрая падстава
прапанаваць сябе трэнэрам мацнейшых клюбаў, асабліва тым спартоўцам, чыя
кантракты ўжо заканчваюцца, а для іншых – павялічыць сумы сваіх асабістых
кантрактаў.
Такім чынам, хакеістам зь бедных краінаў, да якіх з удзельнікаў чэмпіянату
сьвету ў Санкт-Пецярбургу перш-наперш адносяцца Беларусь і Ўкраіна, ёсьць
за што змагацца. І таму праблемы – як узняць настрой сваіх выхаванцаў –
у галоўнага трэнэра нацыянальнае каманды Беларусі Анатоля Варывончыка няма.
Паводле ягоных словаў, галоўнае пытаньне ў тым, як, з аднаго боку, ліквідаваць
прастой у тых спартоўцаў, якія пасьля заканчэньня першынства Расеі доўга
не выходзілі на лёд, і, з другога боку, разгрузіць тых, хто толькі што
скончыў працяглы сэзон у заходніх чэмпіянатах.
Дарэчы, у складзе нацыянальнае каманды Беларусі будуць гуляць два чэмпіёны.
Нападаючы Васіль Панкоў у складзе клюбу “Слован” з Братыславы перамог у
першынстве Славакіі, а абаронца Аляксей Калюжны з маскоўскага “Дынама”
заваяваў залаты мэдаль чэмпіёна Расеі.
Непасрэдна перад стартам беларуская каманда правяла дзьве таварыскія
гульні з нацыянальнай камандаю Славакіі. У першай зафіксавана перамога
4:3 (дарэчы, упершыню за пяць сустрэчаў гэтых зборных), у паўторнай – параза:
1:4. Наперадзе яшчэ дзьве гульні з аўстрыйцамі.
А ўжо 29-га стартуе чарговы чэмпіянат сьвету. На ягоным першым этапе
супернікамі беларусаў стануць Украіна, Латвія і Швэцыя. Наўрад ці можна
перамагчы аднаго зь лідэраў усясьветнага хакею – швэдаў. І таму галоўнымі
для беларускіх хакеістаў стануць гульні з традыцыйнымі супернікамі – украінцамі
ды латышамі”.
(Цыганкоў: ) “Пра падрыхтоўку беларускае хакейнае зборнай распавядаў
Уладзімер Глод.
Госьцем нашае традыцыйнае рубрыкі “Палітык аб спорце” сёньня стаў заступнік
старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі. Чалавек, для якога футбол мог стаць ня
проста захапленьнем, але й прафэсіяй. Але аб усім па парадку. І я пачынаю
размову традыцыйным пытаньнем: што значыць спорт у вашым жыцьці?”
(Беленькі: ) “Пачну з банальнай фразы: спорт – значная частка майго
жыцьця. Я зь 10 гадоў пачаў актыўна займацца спортам. У 10 гадоў прыйшоў
у дзіцячую юнацкую спартовую школу алімпійскага рэзэрву № 5 і да 18 гадоў
да выпуску я займаўся футболам. Пасьля гэтага пяць гадоў у інстытуце, гульня
за факультэт, за інстытут, потым былі пэўныя перапынкі, служба ў войску,
праца рэвізорам у Магілеўскай вобласьці. Потым ізноў вярнуўся ў Менск.
Працаваў на “Амкадоры” й таксама прыйшлося гуляць за завод і – гуляю да
гэтае пары”.
(Цыганкоў: ) “На якой пазыцыі на полі Вы звычайна гуляеце?”
(Беленькі: ) “Мая любімая клясычная пазыцыя – гэта абаронца. Правага
ці цэнтральнага абаронцы, пярэдняга. Даволі часта даводзілася гуляць і
паўабароне, радзей – у нападзеньні”.
(Цыганкоў: ) “Пасьля 8-мі гадоў, праведзеных у спартовай школе, напэўна,
у Вас былі варыянты працягваць сваю футбольную кар’еру. Чаму Вы не пажадалі
стаць прафэсійным футбалістам?”
(Беленькі: ) “Тут вялікае пытаньне. Я проста хацеў нагадаць, а можа
каму й паведаміць, хто ня ведае, што ў той час у нас у Беларусі была адна
каманда майстроў. Гэтая каманда – “Дынама-Мінск”, якая гуляла ў вышэйшай
лізе. У нас не было камандаў першае лігі. Далей у нас ішоў узровень камандаў
другое лігі зь ня вельмі высокімі патрабаваньнямі, зь ня вельмі высокім
узроўнем гульні.
І вось прыклад – пасьля выпуску маёй школы два чалавекі трапілі ў каманду
майстроў – гэта Янушэўскі й Гурыновіч. Але ж для астатніх як бы не было
ўжо месца. Нармальнай і натуральна адладжанай сыстэмы не было”.
Дарэчы, я тут па вялікім рахунку не сумую ад таго, што я не стаў прафэсійным
футбалістам. Магчыма, у мяне ніколі не было такога моцнага імкненьня. Футбол
быў і ёсьць часьцінкаю майго жыцьця, але ўвесь час гэта было хутчэй маім
хобі, чым маёй мэтаю для прафэсійнага жыцьця. Можа быць, калі б у нас была
наладжаная іншая сыстэма падрыхтоўкі на той час, я б і зьмяніў сваю думку.
І футбол гэтак хобі й застаўся”.
(Цыганкоў: ) “Гуляючы ў футбольнай зборнай Вярхоўнага Савету, Вы напэўна,
можаце ўзгадаць якія-небудзь цікавыя забаўныя эпізоды, зьвязаныя зь вядомымі
палітыкамі з гэтай каманды…”
(Беленькі: ) “Мне вельмі часта задаюць такое пытаньне і я ўзгадваю футбольны
матч, калі за мною па футбольным полі бегаў з мэтаю дагнаць і ўдарыць на
нагах Лукашэнка. Тады гэта было ня сьмешна, бо чалавек быў у стане такой
эйфарыі, агрэсіі – ня ведаю, як назваць – і я быў вельмі ўражаны. Гэта
быў яшчэ 92 год”.
(Цыганкоў: ) “А чаму ён за вамі бегаў, чым вы яго разьюшылі – па нагах
ударылі ці нешта іншае?”
(Беленькі: ) “Я магу сказаць вельмі шчыра, тут няма аніякай хлусьлівай
сьціпласьці, што я гуляю лепш за Лукашэнку ў футбол і магчыма гэта паслужыла
прычынаю – я лягчэй яго абходзіў, лягчэй забіраў у яго мяч, а ён увогуле
паводзіць агрэсіўна на полі. Нават быў эпізод адзін, калі ледзь не пабіўся
з дэпутатам Ермалаевым, калі той проста ня вытрымаў, схапіў Лукашэнку,
разьвярнуў і проста каленам пад зад яго ударыў. Нам прыйшлося ў літаральным
сэнсе дзьвюма камандамі раздымаць іх.
Дарэчы скончылася гэтая гульня такім цікавым эпізодам: Карпенка, якому
гэта ўжо ўсё надакучыла, узяў мяч у рукі, падыйшоў да Лукашэнкі, даў яму
мяч і сказаў: “На, Саша, гуляй сам з сабою”.
Было шмат цікавых, і забаўных, і сур’ёзных момантаў. І нават сёньня
– у сёньняшняй сытуацыі, калі я праходжу курс лячэньня. Я быў моцна зьбіты
міліцыяй 25 сакавіка, і калі цяпер больш-менш прыйшоў у сябе пасьля першых
двух тыдняў.
Жонцы расказваю эпізод, што сьледчы пракуратуры ня верыў, што я вытрымаў
пяць удараў дубінкаю па галаве. Ён сказаў, што гэта, напэўна, я “заліваю”.
Чалавек, напэўна, быў бы ў значна больш горшым стане, і наўрад ці жывы
пасьля такога. На што жонка мая сказала: “во, напэўна табе дапамог футбол,
ты ўсё жыцьцё гуляў у футбол, біў мячык галавою, у цябе ўмацавалася галава
– і ты вытрымаў такі моцны ўдар”. Мы пасьмяяліся. Гэтакі чорны, так бы
мовіць, гумар”.
(Цыганкоў: ) “Мы ўсё пра футбол, а ці ёсьць у Вас іншыя спартовыя захапленьні?
Ці Вы займаліся нейкімі іншымі відамі спорту?”
(Беленькі: ) “Ведаеце, напэўна, у гэтым сэнсе я адналюб. Канешне, я
люблю пагуляць і ў баскэтбол, бывае, калі ёсьць такая магчымасьць і кросы
пабегаць, асабліва на сьвежым паветры дзе-небудзь у лесе, на прыродзе.
І спартовае арыентаваньне было ў жыцьці, праўда гэта яшчэ ў школе. Проста
можа, як фізычна больш падрыхтаваны чалавек, я гэтым займаўся, але ўсё
роўна футбол застаўся, гэта тое, дзе я атрымліваю і натхненьне, і радасьць
ад гульні. Магу йзноў пахваліцца – магу сказаць, што перабегаю ў свае амаль
40 гадоў многіх маладых людзей.
Але ведаеце, маё “самахвальства” з двума бакамі – крыўдна, што ў нас
дастаткова вялікая колькасьць моладзі, якая фізычна ня вельмі моцная. Гэта
ўжо канешне іншае пытаньне, і палітычнае, і Чарнобыль напэўна зьвязаны,
і кепскае харчаваньне, але тым ня менш – калі б такая магчымасьць была,
каб маладыя людзі мяне пачулі – я папрасіў бы іх у любым выпадку, у любой
сытуацыі (у разумных межах, канешне) каб спорт прысутнічаў ў іхным жыцьці”.
Віталь Цыганкоў, Менск
|