Параза ў Баўгарыі, “аўстралійскія” мэдалі
(эфір 2 Красавіка 2000)
Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.
У чарговым выпуску «Заўзятара»:
– галоўны трэнэр футбольнае зборнай Беларусі Сяргей Бароўскі тлумачыць
прычыны буйное паразы ў Баўгарыі,
– журналіст Барыс Тасман аналізуе, колькі мэдалёў можа атрымаць
Беларусь на Алімпіядзе ў Сіднэі.
(Цыганкоў: ) “Прывітаньне. Першы ў гэтым годзе рэальны іспыт нацыянальнае
каманды Беларусі па футболу скончыўся поўным правалам. Падапечныя Сяргея
Бароўскага прайгралі ў Сафіі таварыскі матч нацыянальнай камандзе Баўгарыі
з буйным лікам – 1:4. Пра прычыны паразы ў матэрыяле Ўладзімера Глода…”
(Глод: ) “Хаця гульня ў Сафіі была для нашых хлопцаў сёлета паводле
ліку другой, адмыслоўцы разглядалі яе як першае выпрабаваньне, паколькі
буйная перамога (3:0) над нямецкім “Штутартам” нікога ня ўводзіла ў зман.
Тады ў лютым “Штутгарт” вывеў на поле свой рэзэрвны склад. А вось баўгары,
якія рыхтуюцца да першынства сьвету, сабралі лепшых. Прычым, патэнцыял
нашых супернікаў нагэтулькі высокі, што нават траўмы Кірылава, Ярданава
й Хрыстава істотна не паўплывалі на моц каманды.
Ды што тут казаць, давайце лепш параўнаем: у сусьветнай футбольнай табелі
ў рангах на пачатак сакавіка Баўгарыя займала 39-е месца, Беларусь – 99-е.
І ўсё ж параза з розьніцаю ў тры галы – гэта яўна зашмат. Дык чым тады
можна патлумачыць фіяска на сафійскім стадыёне ймя Георгія Аспарухава?
Паслухаем думку на гэты конт Сяргея Бароўскага, які ў адмысловым інтэрвію
нашаму радыё сказаў наступнае:
(Бароўскі: ) “Тое, што мы прапусьцілі ажно чатыры мячы, тлумачыцца тым,
што йдзе перабудова абароны. Мы пераходзім на сучасную манэру гульні, вядомую
пад назовам “тры ў лінію”. А такая тактыка патрабуе надзвычайнай уважлівасьці
абаронцаў, іхнага поўнага ўзаемаразуменьня. А вось гэтага зборнай Беларусі
пакуль яўна не стае. Адсюль і грубыя элемэнтарныя памылкі. Тры з чатырох
галоў у нашыя вароты – вынік гэтых пралікаў. Але яны лёгка выпраўляюцца.
Мы правядзем адмысловыя тэарэтычныя заняткі, пад час якіх я патлумачу спартоўцам
карані іхных памылак”.
(Глод: ) “Зразумела, аніякія тэарэтычныя заняткі ня могуць замяніць
сапраўднае практыкі на зялёным полі, такой неабходнай дзеля засваеньня
новых тактычных ідэяў. І таму неабходна чакаць далейшых спарынг-гульняў
нашае нацыянальнае каманды.
Што ў бліжэйшых плянах зборнай? З гэтым пытаньнем зьвяртаемся да галоўнага
трэнэра Сяргея Бароўскага…”
(Бароўскі: ) “Бліжэйшая сустрэча ў нас адбудзецца 26 красавіка ў Андоры.
Зараз шукаем партнэраў для гульні ў чэрвені. Ідзе добрая творчая праца,
і самае галоўнае, я лічу, быць у верасьні ў форме”.
(Глод: ) “Але час ляціць, і на адрпацоўку й праверку новых схэмаў яго
не хапае. Ужо 2 верасьня трэба праводзіць у Менску першы адборны матч сусьветнага
першынства з камандаю Ўэльсу.
І на заканчэньне сумная статыстыка. Серада 28 сакавіка стала днём таварыскіх
гульнях па ўсёй Эўропе. На ўзроўні нацыянальных зборных на поле выйшлі
ажно 26 камандаў, адбылося 13 матчаў. І толькі ў адным – паміж баўгарамі
й беларусамі – была зафіксаваныя перамога й параза з буйным лікам. Перамаглі
баўгары, прайгралі – беларусы”.
(Цыганкоў: ) “На апошнім паседжаньні Нацыянальнага Алімпійскага камітэту
ягоны старшыня Аляксандар Лукашэнка чарговы раз бязьлітасна зкрытыкаваў
беларускіх спартовых чыноўнікаў і паабяцаў пазвальняць іх усіх, калі Беларусь
кепска выступіць на Алімпіядзе ў Сіднэі. Функцыянэры ў сваю чаргу запэўнівалі,
што для падрыхтоўкі алімійцаў маюцца ўсе патрэбныя ўмовы. Паказальна, аднак,
што ніхто са спартовых чыноўнікаў не бярэцца прагназаваць, колькі ж мэдалёў
можа заваяваць Беларусь у Сіднэі. Прадказаць гэта мы паспрабуем у размове
са спартовым аглядальнікам “БДГ” Барысам Тасманам.
…Барыс, на вашую думку, які вынік можна чакаць ад беларускага спорту
на Алімпіядзе ў Сіднэі? Ці ўдасца выступіць лепш за папярэднія Алімпійскія
гульні ў Атлянце?”
(Тасман: ) “Варта ўзгадаць, што ў Атлянце беларускія спартоўцы заваявалі
адзін залаты, шэсьць срэбраных і 8 бронзавых мэдалёў. Наколькі я ведаю,
пастаўлена задача атрымаць у Сіднэі ня менш. Але Алімпіяда ў Сіднэі будзе
мець некалькі сваеасаблівасьцяў – гэта, па-першае, 8-гадзінная розьніца
ў часе, і, па-другое, вялікая сонечная радыяцыя, пра якую кажуць усе, хто
там пабываў. Я мяркую, што агульная колькасьць беларускіх мэдалёў можа
хістацца ад 6-ці да 12-ці.
Прыгадаем, хто заваёўваў мэдалі ў Атлянце. Гэта быў Віталь Шчэрба, які
тады прынес 4 “бронзы” – цяпер у нас у гімнастыцы наўрад ці можа быць столькі.
4 мэдалі было ў Атлянце на рахунку легкаатлетаў – зараз таксама малаверагодна,
што яны прынясуць краіне столькі ўзнагародаў. Стралкі заўсёды нас радуюць
мэдалямі – у 1996-м на п’едэстал падняўся Ігар Басінскі, у 1992-м – Канстантын
Лукашык, у 1988-м – Ірына Шылава ды Ігар Басінскі. Зараз усе яны будуць
у складзе, але ж прадказаць, ці здабудзе хто зь іх мэдалі, вельмі складана,
бо стральба – малапрадказальны від”.
(Цыганкоў: ) “Дарэчы, паказальна, што пра дакладную колькасьць мэдалёў,
якія плянуецца сабраць на Алімпіядзе, не гаворыць аніводзін беларускі спартовы
функцыянэр. Відавочна, баяцца. Але калі беларускія спартоўцы выступяць
у Сіднеі ўсё ж такі кепска, ці выканае Аляксандар Лукашэнка свае пагрозы,
ці паляцяць са сваіх пасадаў спартовыя чыноўнікі?”
(Тасман: ) “На мой погляд, калі каманда не дае пэўнага выніку, яе трэба
мяняць. Зь іншага боку, і ў гэтай камандзе ёсьць нямала добрых функцыянэраў,
якія дасканала ведаюць сваю справу, якія, на маю думку, могуць вынікова
працаваць і далей. Якое будзе рашэньне старшыні НАКу, зараз прадказаць
немагчыма – гэта будзе залежыць ад вынікаў. Калі вынік будзе дрэнны, то
трэба чакаць карэнных кадравых пераменаў, і гэта будзе апраўдана. Я б так
зрабіў”.
(Цыганкоў: ) “Звычайна, калі прыходзяць нейкія няўдачы, трэнэры й функцыянэры
заўсёды спасылаюцца на аб’ектыўныя прычыны, на дрэнныя ўмовы падрыхтоўкі.
Калі ў нейкіх відах спорту будуць правалы ў Сіднэі, напэўна, загучыць гэты
матыў. Што мы можам сказаць пра падрыхтоўку беларускіх алімпійцаў. Ці ўсё
яны маюць дзеля пасьпяховага выступу, ці дастатковая матэрыяльная база,
ці могуць атлеты выяжджаць за мяжу й рыхтавацца ў тых умовах, якія патрэбныя,
каб годна выступіць на Алімпіядзе?”
(Тасман: ) “Яшчэ ўвосень называлася лічба 8–10 мільёнаў даляраў, якія
выдаткаваныя на падрыхтоўку алімпійцаў. Але сёньня пра гэтыя лічбы ніхто
не гаворыць, ніхто дакладную лічбу не называе. На мой погляд, ужо зараз
зроблена памылка, калі ўсе занадта захапіліся падлікам заваяваных алімпійскіх
ліцэнзіяў. Зараз на рахунку беларускіх спартоўцаў іх каля 150-ці, але далёка
ня ўсе стыпэндыяты маюць добрыя шанцы на высокія месцы ў Сіднэі. Я бы абмежаваў
агульную лічбу атлетаў, якія мусяць выступаць у Сіднэі, 120-цю – максімум
130-цю. І вось дзеля гэтае колькасьці трэба стварыць максімальныя адпаведныя
ўмовы падрыхтоўкі”.
(Цыганкоў: ) “Вы лічыце, што йдзе распыленьне сродкаў?”
(Тасман: ) “На мой погляд, у некаторым сэнсе ёсьць такі момант. Лепш
сканцэнтраваць гэтыя сродкі на падрыхтоўку вядучых спартоўцаў. Зь іншага
боку, паводле водгукаў адмыслоўцаў, яны на сёньня атрымліваюць усе, што
патрабавалі”.
Віталь Цыганкоў, Менск
|