RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Заўзятар
Спартовая праграма



Футбол з Аляксандрам Лукашэнкам,
падрыхтоўка да Алімпіяды беларускіх тхэквандыстаў,
пакараньне за ўдар клюшкаю

(эфір 12 Сакавіка 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

У чарговым выпуску нашае спартовае перадачы “Заўзятар”:
– Лявон Баршчэўскі распавядзе, як ён гуляў у футбол з Аляксандрам Лукашэнкам,
– Уладзімер Глод паведаміць пра падрыхтоўку да Алімпіяды беларускіх тхэквандыстаў і
– пакараньне пагражае хакеісту за ўдар суперніка клюшкаю..

(Цыганкоў: ) “Прывітаньне. Шчыра прызнаюся, што, сустракаючыся з палітыкамі ў нашай традыцыйнай рубрыцы, я часам вымушаны выцягваць са сваіх суразмоўцаў нейкія зьвесткі пра іхныя заняткі спортам. Больш ахвотна палітыкі гавораць пра стасункі дзяржавы й спорту, крытычна ацэньваюць пабудову лядовых палацаў і гэтак далей. Але сёньняшні госьць нашае праграмы зьяўляецца пэўным выключэньнем. Намесьнік старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі мае такі багаты спартовы досьвед, якому можна прысьвяціць некалькі нашых “Заўзятараў”. Зрэшты, мяркуйце самі…

Першае пытаньне да спадара Баршчэўскага даволі традыцыйнае: што ў Вашым жыцьці азначае спорт, якімі відамі спорту вы займаліся?”

(Баршчэўскі: ) “Спорт у маім жыцьці ня быў ніколі адмысловым заняткам. Але здарылася так , што здароўе ў мяне зь дзяцінства было ня самае моцнае, быў букет хваробаў, былі хранічная ангіна, хранічны гастрыт, ды яшчэ нешта хранічнае і калі б ня гэты вулічны спорт, зь якога мы пачыналі (а я вырас ў прыватным сэктары ў Полацку), дык, можа быць, цяпер бы ў мяне значна горш было б са здароўем. Я да 20-ці гадоў усе свае хранічныя хваробы перамог і зрок у мяне значна палепшыўся. Думаю, што спорт адыграў не апошнюю ролю.

Я памятаю, як мы школьнікамі – тады былі маразы за 30 градусаў, гэта звычайная справа была ўзімку – у нас адмянялі заняткі ў школах, а мы цэлы дзень гулялі ў хакей на рэчцы, расчышчалі каток і гулялі ў хакей… Я канешне, як і ўсе – тады было модна – наведваў некалькі сэкцыяў: і гімнастыка, і лёгкая атлетыка і крыху хакей на траве.

Але для душы найбольш падабалася – узімку хакей, а ўлетку – футбол, як ў прынцыпе бальшыні хлопцам таго часу. Выступаў за зборную школы, стаяў брамнікам і ў хакей, і футбол, і ў ручны мяч… Праўда, у ручны мяч я быў дублёрам, другім брамнікам, а ў хакей, футбол я быў асноўным брамнікам. Былі траўмы у мяне… Удзельнічаў у спаборніцтвах, некалькі ёсьць міжнародных матчаў на ўзроўні школьнікаў…”

(Цыганкоў: ) “Штосьці можа ў гэтым ёсьць такое заканамернае? Чаму менавіта брамы? Гэта так выпадкова атрымалася, ці ёсьць тут нейкія рысы характару, жаданьне абараняць, стаць на апошнім рубяжы, ці што-небудзь такое?”

(Баршчэўскі: ) “Калі мне было 10 гадоў, я прыяжджаў у Менск глядзець футбол, і мне Леў Яшын даваў аўтограф. Мае браты таксама чамусьці былі брамнікамі, і вось мой старэйшы брат сказаў пра мяне, што малодшы брат стаіць ў браме й Леў Яшын тады сказаў: “Хай падрастае ды прыяжджае ў Маскву”. Дзякуй Богу, я не паехаў у Маскву, ня стаў там прафэсійным брамнікам, але сапраўды гэта была асноўнае амплуа, у якім я гуляў”.

(Цыганкоў: ) “Вы таксама сказалі пра занятак хакеем на траве. Я думаю, што ня толькі палітыка, але й проста чалавека ў Беларусі ня так лёгка знайсьці, які займаўся б гэтым відам спорту. Няўжо ў Наваполацку былі магчымасьці для занятку такім рэдкім для нас відам спорту?”

(Баршчэўскі: ) “Якраз у 70-я гады ў Савецкім Саюзе пачалі адраджаць хакей на траве й стварылі некалькі сэкцыяў, у тым ліку й там. Я нейкі час займаўся, а потым пэўныя праблемы паўсталі, але гэта быў адзіны від, дзе я гуляў не брамнікам , а паўабаронцам, якраз быў разгульваючым”.

(Цыганкоў: ) “У выніку ўсіх гэтых заняткаў, ёсьць у Вас нейкія разрады, удзел у спаборніцтвах?”

(Баршчэўскі: ) “Разрад у мяне якраз у стральбе, я добра страляў, а ў спаборніцтвах удзельнічаў, пакуль вучыўся ў школе. Нажаль, калі я перайшоў вучыцца ў інстытут, жыцьцё ў інтэрнаце не спрыяла заняткам спорту і мы, для сябе канешне, гулялі і ў футбол, і ў іншае, але сур’ёзныя сыстэматычныя заняткі скончыліся. А так я гуляў і на вабласных спаборніцтвах у хакей ды ў футбол, і на гарадзкіх, і канешне нейкія юнацкія разрады былі і ў гэтых відах спорту”.

(Цыганкоў: ) “Я ведаю, што вы гулялі за футбольную зборную Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Што вы можаце ўзгадаць пра гэтую каманду й, можа, пра аднаго з гульцоў – Аляксандра Лукашэнку?”

(Баршчэўскі: ) “Па-першае, я быў першым капітанам зборнай. Хачу сказаць, што я быў досыць разтрэніраваны ў той час – першыя гады дэпутацтва на спорт неяк не было часу… І канешне, нашая каманда 12-га скліканьня выглядала значна слабейшай за каманду 13-га скліканьня, якая пачалася вельмі няблага.

Сапраўды, у камандзе гуляў Аляксандар Лукашэнка – гуляў ён узроўнем такім, што ад яго часта даставалася па нагах. Затое калі яму даставалася па нагах, звычайна ён пра мячык забываў і намагаўся адпомсьціць гэтаму гульцу. Відаць, у яго ў прыродзе ёсьць такая якасьць – адпомсьціць. І гэта было заўважана ўжо на футбольным полі”.

(Цыганкоў: ) “Мне распавядалі, што быз адзін вельмі цікавы матч з украінскімі парлямэнтарыямі…”

(Баршчэўскі: ) “Гэта быў наш першы міжнародны матч. Мы яшчэ адзін аднаго добра ня ведалі, аніякай трэніроўкі не правялі. Таму мы, канешне, прайгравалі, бо ў зборнай Украіны былі нават дэпутаты, якія гулялі нават за каманды майстроў. Калі мы прайгралі ў гульні, я прапанаваў прабіць па 11 пэнальці з кожнага боку – хоць тут узяць рэванш. Прапанаваў, бо я звычайна ў браме няблага адбіваў 11-мэтровы. Штук 5 ці 6 пэнальці я адбіў – пра гэта быў рэпартаж у “Фізкультурніку Беларусі”. Але вось А.Лукашэнка ўдарыў нажаль, як і некаторыя іншыя. Вельмі высока над брамаю – на ўзроўні трохпавярховага будынку… Было й такое”.

(Цыганкоў: ) “Госьцям рубрыкі “Палітык аб спорце” быў Лявон Баршчэўскі. Дарэчы, і зараз пасьля запісу гэтае размовы спадар Баршчэўскі скіраваўся гуляць у футбол”.

* * *

(Цыганкоў: ) “На летніх Алімпійскіх гульнях 2000 году ў Сіднэі дэбютуе новы для Алімпіядаў від спорту – тхэквандо. Пра справы беларускіх тхэквандыстаў вам распавядзе Ўладзімер Глод…”

(Глод: ) “Афіцыйная прэзэнтацыя гэтага экзатычнага віду спорту ў Эўропе адбылася 8 год таму ў Барсэлёне. І што цікава, зборная каманда Садружнасьці незалежных дзяржаваў, якая паехала ў Гішпанію, цалкам складалася са спартоўцаў Беларусі. Нашыя хлопцы хутчэй за іншых на абшарах былога Савецкага Саюзу змаглі так бы мовіць перакваліфікавацца — правілы тхэквандо апэратыўна засвоілі спартоўцы, якія раней займаліся клясычнай і вольнай барацьбою, самбо, дзюдо… Лепшым зь іх тады быў Анатоль Ліхадзіеўскі, які заняў ганаровае пятае месца.

Час ляціць хутка, і сёньня Анатоль – ужо старэйшы трэнэр нацыянальнае каманды Беларусі. Якія ж шанцы ў ягоных выхаванцаў трапіць у Сіднэй? Каб лепш разабрацца з гэтым пытаньнем, спачатку вывучым сыстэму прадстаўленьня тхэквандо на Алімпіядзе.

У Сіднэі будуць выступаць як жанчыны, гэтак і мужчыны: і адныя, і другія ў чатырох вагавых катэгорыях, усяго па 12 спартоўцаў у кожнай. А таму літаральна дзьве стартавыя перамогі ўжо гарантуюць мэдаль. Здаецца, і проста, і ня вельмі цяжка. Але гэта ўяўная лёгкасьць. Проста Міжнародная фэдэрацыя тхэквандо, у якую, дарэчы, уваходзяць 156 краінаў, стварыла вялікае сіта перадалімпійскіх адборачных турніраў для вялізарнай колькасьці жадаючых трапіць на Алімпіяду.

Напрыклад, па выніках Кубку сьвету, які пройдзе ў красавіку ў Францыі, у Сіднэй паедуць толькі пераможцы. Нават другое месца на такіх прэстыжных і складаных спаборніцтвах пакідае за межамі алімпійскага турніру, трэба перамагаць на іншых спаборніцтвах.

І тым ня менш, пэўны аптымізм у беларускіх майстроў экзатычнае барацьбы ёсьць. Найбольшыя шанцы ў Алесі Чарняўскай і Міхася Лазарчыка, якія ўжо маюць па палове алімпійскіх ліцэнзіяў. Для параўнаньня, з былых рэспублікаў Савецкага Саюзу толькі Расея заваявала дзьве алімпійскія ліцэнзіі. Іншыя рэспублікі ня маюць нават паловак. І яшчэ адное параўнаньне – з краінаў, якія ў свой час уваходзілі ў гэтак званы сацыялістычны лягер, па аднае ліцэнзіі маюць толькі Венгрыя і Славенія. Так што, мы ня ў самым горшым становішчы.

І гэта пры тым, што дзяржава зусім не спрыяе дэбютантам Алімпіяды. Напрыклад, на чатырохгадовы алімпійскі цыкаль выдаткавалі ўсяго 15 адсоткаў ад заплянаванае сумы, за пятае месца на чэмпіянаце сьвету тры нашыя дзяўчыны атрымалі ад Міністэрства спорту й турызму прэміі ў памеры … 100 даляраў кожнай.

Энтузыязм, безумоўна, вялікая падмога. Але ж, мабыць, і ён ня бясконцы”.

* * *

(Цыганкоў: ) “У эфіры заўзятар. На заканчэньне нашае праграмы – міжнародная інфармацыя.

Вось ужо некалькі тыдняў у тэлепаведамленьнях спартовых навінаў часта пракручваецца наступны відэаўрывак з хакейнага матчу: адзін з хакеістаў ззаду пад’яжджае да іншага й нечакана наводмаш б’е яго клюшкаю па галаве, у правую скронь. Ахвяра нападу амаль адразу валіцца на сьпіну на лёд, і кроў залівае ягоны твар. Гэты інцыдэнт, які адбыўся яшчэ 21 лютага, з таго часу даволі шырока абмяркоўваецца спартовымі функцыянэрамі й камэнтатарамі.

Што ж адбылося 21 лютага на лёдавай пляцоўцы на апошніх сэкундах матчу камандаў Бостану й Ванкувэру ў Нацыянальнай хакейнай лізе?

Абаронца Бостану Марты Максорлі, які лічыцца адным з самых жорсткіх хакеістаў NHL, на працягу сустрэчы меў некалькі сутычак з форвардам Ванкуверу Дональдам Брашырам.

Адну зь іх Максорлі відавочна прайграў, і вось пад канец матчу ён вырашыў выклікаць свайго візаві на двубой. “Я абсалютна не хацеў нанесьці пашкоджаньні Дональду Брашыру, – гаварыў пазьней Максорлі ў інтэрвію CNN, які адразу прынёс свае прабачэньні, – я хацеў сутычкі зь ім, таго, што я рабіў на пляцоўцы столькі разоў. Я проста няўдала патрапіў клюшкаю”.

У словах спартоўцы ёсьць значная доля праўды. Паводле сваёй хакейнай спэцыялізацыі, Максорлі – гэтак званы “паліцэйскі”. У ягоную задачу ўваходзіць ня столькі забіваць шайбы, колькі абараняць лепшых гульцоў сваёй каманды ад сілавых атакаў супернікаў. Агульнавядома, што даўгі час Максорлі быў гэткім ахоўнікам вялікага Ўэйна Грэцкі. Бойкі на лёдзе й сутычкі якраз і ёсьць прыярытэтам гульцоў такога пляну.

Але гэты ўдар па галаве форварда Ванкуверу напэўна, стане ракавым для 36-гадовага Максорлі. Ахвяра ягонага нападу, Дональд Брашыр, абрынуўся на лёд як скошаны, атрымаўшы ў выніку сатрасеньне мозгу ІІІ ступені.

Кіраўніцтва NHL дыскваліфікала хулігана да канца сэзону, што стала самым сур’ёзным пакараньнем за ўсю гісторыю Лігі. Матэрыяльныя страты хакеіста ў выніку дыскваліфікацыі склалі каля 72-х тысячаў даляраў. Але, бадай, самае галоўнае – улады канадзкае правінцыі Брытанская Калюмбія вылучылі абвінавачваньні Максорлі ў “нападзе з выкарыстаньнем халоднае зброі”. Калі абвінавачваньне будзе даказанае, хакеісту пагражае 18 месяцаў зьняволеньня”.

Выпадак ня толькі рэдкі, але, так бы мовіць, унікальны. Апошні раз хакеіст за свае проціпраўныя дзеяньні быў зьняволены ў 1988 годзе. Тады гэта быў вядомы форвард Дына Сысарэлі, які некалькі разоў ударыў клюшкаю па галаве іншага хакеіста. Праўда, Сісарэлі адседзеў у турме толькі адзін дзень і заплаціў тысячу даляраў штрафу.

Калі Максорці будзе пакараны больш сур’ёзна, гэта стане істотным прэцэдэнтам зьняволеньня спартоўца за паводзіны ў часе спаборніцтваў”.

Віталь Цыганкоў, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org