Чэмпіянат сьвету па біятлёне, лёс Леаніда Тараненкі, навіны прафэсійнага боксу
(эфір 5 Сакавіка 2000)
Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.
Сёньня ў “Заўзятары”:
– вынікі чэмпіянату сьвету па біятлёне,
– лёс легендарнага цяжкаатлета Леаніда Тараненкі і
– навіны прафэсійнага боксу.
(Цыганкоў: ) “Пачнем нашую праграму з падсумаваньня вынікаў чэмпіянату
сьвету па біятлёну. Трэба сказаць, што ў адыходзячым сэзоне беларускія
біятляністы прынесьлі сваім заўзятарам шмат расчараваньняў. Паводле спартовых
паказьнікаў, беларуская зборная выбыла з шэрагаў мацнейшых камандаў сьвету.
Распавядае Міхал Стэльмак…”
(Стэльмак: ) “Туман у нарвэскім мястэчку Холмэнколен адтэрмінаваў статыстычнае
пацьверджаньне новага раскладу сілаў у сучасным біятлёне. Незвычайнае надвор’е,
якое зблытала карты арганізатарам чэмпіянату сьвету, тым ня менш не перашкодзіла
спэцыялістам зрабіць сумную выснову. У параўнаньні з папярэднімі гадамі,
мужчынская зборная Беларусі— ня першая ў сьвеце. І нават не зьяўляецца
патэнцыйным прызэрам. Бо ў іншых відах праграмы ўсясьсветнага першынства
беларускія спартоўцы не заваявалі аніводнага мэдалю. Паводле асабістых
паказьнікаў, толькі Вадзім Сашурын утрымлівае пазыцыі ў першай дзясятцы
мацнейшых. Спартовыя рэйтынгі астатніх імкліва пакаціліся ўніз.
Між тым, усяго год таму былі агучаныя іншыя пляны. Прэзыдэнт Нацыянальнага
алімпійскага камітэту Аляксандар Лукашэнка падтрымаў ідэю радыкальных пераменаў
у кіраўніцтве біятлёнам. Айчынную фэдэрацыю біятлёну ўзначаліў старшыня
КДБ Уладзімер Мацкевіч. У сваю чаргу, зборную ўзначалілі новыя трэнэры.
Што тычыцца галоўнага “чэкіста” краіны, то пра ягоныя здольнасьці на
высокай спартовай пасадзе амаль не чуваць. Вядома толькі, што ён спраўна
забясьпечвае біятляністаў патронамі. І ўсё ж старшыню КДБ заўзятарам ёсьць
за што крытыкаваць.
Рэч у тым, што страляюць беларусы ня надта трапна. У прыватнасьці, сябра
зборнай Пётар Івашка ў Нарвэгіі з 16 стрэлаў толькі пяць разоў патрапіў
у мішэнь. Яшчэ больш зьдзівіў яго малады партнэр па камандзе Аляксандар
Сыман. На адным з этапаў Кубку сьвету зь ім здарыўся рэдкі ў біятлёне выпадак
– спартовец упаў на лыжнай трасе й зламаў вінтоўку. Пасьля гэтага Сымана
трэнэры выправілі зь міжнародных спаборніцтваў дадому.
А вось у жаночай камандзе здарыўся іншы канфуз. Спартоўкі зьбеглі дадому
з уласнай ініцыятывы. Бо, на іхную думку, новапрызначаны трэнэр Віктар
Карчагін стварыў у камандзе невыносную атмасфэру. Лідэрка жаночае зборнай
Сьвятлана Парамыгіна публічна адмовілася падпарадкоўвацца ягоным указаньням.
На ейную думку, Карчагін як трэнэр вычарпаў сябе і ягонае леташняе прызначэньне
было памылковым.
Галоўнаму трэнэру Аляксандру Папову лёс падрыхтаваў іншае выпрабаваньне.
Таямнічае зьнікненьне 40 тысячаў даляраў справакавалі вакол ягонае асобы
скандал з крымінальным падтэкстам. Відавочна, калі ня будуць выкрыты сапраўдныя
злодзеі, Папову не пазьбегчы непрыемнасьцяў з правахоўнымі ворганамі. У
Міністэрстве спорту й турызму чыноўнікі зараз нэрвуюцца з прычыны нэгатыўных
зьяваў у біятлёне. Але як іх пераадолець – ня ведаюць. Такім чынам, што
чакае беларускі біятлён заўтра – няясна”.
(Цыганкоў: ) “Як і ў біятлёне, ня можа пахваліцца сваімі посьпехамі
беларуская цяжкая атлетыка, якая мае славутыя і нават легендарныя традыцыі.
Цяпер жа многія знакамітыя атлеты пакінулі Радзіму й працуюць за мяжою,
гадуючы зорак для іншых краінаў. Славуты беларускі асілак, чэмпіён маскоўскай
Алімпіяды Леанід Тараненка ўзначаліў нацыянальную каманду цяжкай атлетыкі
далёкай ад Беларусі Індыі. Тэму працягвае Ўладзімер Глод…”
(Глод: ) “Леаніду Тараненку нейкія асаблівыя рэкамэндацыі не патрэбныя.
Нават людзі, як кажуць, далёкія ад спорту, выдатна яго ведаюць. У 1980
годзе, калі ў Маскве праводзіліся летнія Алімпійскія гульні, Леанід стаў
чэмпіёнам у супэрцяжкай вагавай катэгорыі. А ў спорце так павялося, што
пераможцу менавіта ў гэтай вазе прысвойваецца неафіцыйны тытул самага моцнага
чалавека плянэты.
Да таго ж Тараненку паважалі за тое, што ён у вадрозненьне ад некаторых
асілкаў і з тагачаснага Савецкага Саюзу, і з замежных краінаў не карыстаўся
адмысловымі мэдычнымі прэпаратамі, гэтак званымі анаболікамі, якія дапамагалі
хутка нарошчваць мышцы й падымаць штангу большае вагі. Тараненку анаболікі
былі не патрэбныя, сілу й спрыт ён паводле рэцэпту свайго настаўніка Івана
Лагвіновіча грунтаваў на трох кітах: беларускім сале й бярозавым соку плюс
ікра.
Леанід Тараненка і да, і пасьля Алімпійскіх гульняў 1980 году ўсталёўваў
сусьветныя і эўрапейскія рэкорды, перамагаў на розных чэмпіянатах. Але
ж прыйшоў час саступіць месца больш маладым. І Леанід перайшоў на трэнэрскую
працу. Звычайна зь вялікіх спартоўцаў рэдка атрымліваюцца вялікія трэнэры.
А вось Тараненка сябе знайшоў.
І таму ягонае рашэньне пераехаць у Індыю для многіх было вялікай нечаканасьцю.
Але не для тых, хто добра ведае гэтага чалавека.
Адзін з блізкіх сяброў Леаніда на пытаньне, што падштурхнула асілка
скіравацца так далёка за межы Беларусі, адказаў, што той, па-першае, вельмі
стаміўся працаваць у дрэнных умовах: неацепленых залях, без гарачае вады,
пры недахопе трэнажораў, дрэнным харчаваньні й гэтак далей, а, па-другое,
тут Тараненка зарабляў каля 200 даляраў у месяц, у Індыі – на парадак больш.
Не адзін Тараненка спакусіўся на працу за мяжою. Возьмем толькі тую
ж цяжкую атлетыку. Леаніда Ганчарэнку закінула аж у Аргенціну, Віктар Шылай
працуе ў Алжыры, Сьцяпан Міхаў – у Тунісе. А Барыс Левін – адзін з трэнэраў
славутага беларускага чэмпіёна Валерыя Шарага – увогуле разьвітаўся зь
Беларусью. Цяпер ён стала жыве й выхоўвае спартоўцаў у нямецкім Кёльне.
Не хачу пакрыўдзіць іншых беларускіх трэнэраў, але зь вялікіх спэцыялістаў
сваёй справы на радзіме засталіся, бадай, тры чалавекі: Леанід Лабачоў,
які зьяўляецца зараз галоўным трэнэрам нацыянальнае каманды Беларусі, Валеры
Шары й Віктар Шаршукоў, які жыве й працуе ў Наваполацку. Ёсьць, праўда,
яшчэ Рафаіл Белянкоў, які ў свой час на розных спаборніцтвах заваяваў ажно
60 залатых мэдалёў. Але гэты славуты спартовец не захацеў працаваць у звышцяжкіх
варунках і знайшоў сябе ў тым, што праводзіць своеасаблівыя традыцыйныя
турніры для юнакоў. Адмысловасьць іх у тым, што самы лепшы зь юных асілкаў
атрымлівае ў якасьці ўзнагароды адзін з залатых мэдалёў Белянкова.
Ня дзіва, што ў такой сытуацыі беларускія штангісты ня здольныя паўтарыць
посьпехі сваіх славутых землякоў: Яўгена Новікава, Валерыя Шарага, Леаніда
Тараненкі, Аляксандра Курловіча ды іншых. Больш таго, на Алімпійскія ульні
ў Сіднэй беларускія штангісты ўпершыню паедуць няпоўным складам. Толькі
5 спартоўцаў здолелі, згодна са сваімі вынікамі, атрымаць алімпійскія ліцэнзіі.
Вось такі сумны вынік”.
(Цыганкоў: ) “Міжнародны разьдзел нашае сёньняшняе праграмы мы прысьвяцім
прафэсійнаму боксу, дзе апошнімі днямі адбыліся некалькі як важных, гэтак
і забаўных падзеяў. Дачка знакамітага баксэра Джорджа Формэна – Фрыда выклікала
на двубой на рынзе дачку легендарнага Магамада Алі – Лэйлу.
Фрыда Формэн заяўляе, што хоча адпомсьціць за бацьку, які ў кастрычніку
1974 году саступіў свой чэмпіёнскі тытул Алі. Той двубой у сталіцы Заіру
Кіншасе стаў, напэўна, адным з самых славутых баёў у гісторыі боксу, пасьля
якога Магамад Алі абвясьціў сябе “самым вялікім”. Сустрэча паміж 23-гадовай
Фрыдаю Формэн і 22-гадовай Лэйлаю Алі адбудзецца 1 красавіка ў Лас-Вегасе.
Абодва легендарныя таты плянуюць падтрымваць сваіх дачок непасрэдна каля
рынгу.
Для Фрыды гэта будзе дэбютам на прафэсійным рынгу, Лэйла ж правяла ўжо
тры двубоі, у кожным зь якіх перамагла. Каб выйсьці на бой з Алі, Фрыдзе
Форман давядзецца пахудзець на 8 кіляграмаў. Але здаецца, яна гатовая ісьці
на такія пакуты дзеля сямейнага гонару. Дарэчы, кожная з супэрніцаў прызналася,
што яе бацька не ўхваляе захапленьне боксам сваёй дачкі.
І ў гэтым славутых Джорджа Формана і Магамада Алі можна зразумець. За
апошнія гады прафэсійны бокс стаў адным з самых, скажам так, сьмяротных
відаў двубою.
Апошні фатальны інцыдэнт адбыўся 24 лютага ў Даніі, калі мэксіканец
Эфрэн Ганзалес быў дастаўлены ў шпіталь у крытычным стане адразу з рынгу.
Мэдыкі канстатавалі моцнае кровазьліцьцё, стан спартоўца застаецца нестабільным.
Драма на рынгу дала новыя аргумэнты праціўнікам прафэсійнага боксу.
Троху раней сёлета проста на арэне загінуў амэрыканец Стыў Джонсан. Гэтыя
інцыдэнты ўзмацнілі кампанію за забарону прафэсійнага боксу, якую ў Даніі
ўзначаліла асацыяцыя лекараў. Паводле віцэ-прэзыдэнта гэтай арганізацыі,
“спаборніцтвы, увесь сэнс якіх ў тым, каб нанесьці суперніку траўму, павінны
быць па-за законам”. Прыхільнікі ж гэтага віду спорта настойваюць на тым,
што выходзячы на рынг, спартоўцы ведаюць чым рызыкуюць. Андэрс Вестэр,
прамоўтэр турніру ў Даніі, які скончыўся гэтак трагічна для Ганзалеса,
сьцьвярджае, што рызыка ёсьць ня толькі ў боксе, але і ў такіх спаборніцтвах,
як матацыклетныя і аўтамабільныя гонкі і альпінізм.
Іншая ахвяра боксу, былы чэмпіён у цяжкавагавай катэгорыі Рыдык Боі,
быў прысуджаны ў ваўторак да 30-дзённага зьняволеньня за выкраданьне сваёй
жонкі й пяці дзяцей. Суд таксама загадаў Боі прайсьці лячэньне пашкоджаньняў
мозгу, якія ён атрымаў на прафэсійным рынгу. 32-гадовы спартовец яшчэ ў
лютым 98-га быў асуджаны на паўтары гады за кіднэпінг сваёй сям’і. Але
судзьдзя тады пастанавіў, што менавіта траўмы галавы вымушаюць Боі паводзіць
сябе такім чынам. Цяпер баксэр вымушаны будзе прайсьці курс прымусовага
лячэньня”.
Віталь Цыганкоў, Менск
|