Біятлён пазбыўся 40 тысячаў даляраў, шашысты на мяжы расколу, спартовыя зоркі й допінг
(эфір 20 Лютага 2000)
Праграму вядзе Ўладзімер Глод.
Так атрымалася, што чарговы выпуск нашае спартовае праграмы “Заўзятар”
прысьвечаны скандалам:
– у галоўнага трэнэра нацыянальнае каманды Беларусі
па біятлёну скралі 40 тысячаў даляраў,
– на мяжы расколу апынулася Фэдэрацыія
шашак Беларусі,
– усясьветныя зоркі абвінавачваюцца ва ўжываньні допінгу.
(Глод: ) Добры вечар, шаноўныя радыёслухачы. Сумнавядомыя словы Аляксандра
Лукашэнкі пра тое, што ён сваю краіну за цывілізаваным сьветам не павядзе,
у той час калі яны прагучалі ўпершыню, успрымаліся толькі як нежаданьне
палітычных зьменаў у Беларусі. Але ж цывілізацыя – гэта ня толькі, а можа
нават і ня столькі палітыка. Цяпер па сутнасьці гэта ўжо й лад усяго жыцьця.
І калі ім грэбаваць, калі не лічыцца з сучаснымі патрабаваньнямі, дык вельмі
лёгка трапціь у становішчы, пра якія нармалёвы сьвет ужо даўно забыўся.
14 лютага ў Менску пры нявысьветленых абставiнах у галоўнага трэнэра
нацыянальнае зборнай Беларусi па бiятлёну Аляксандра Папова выкрадзена
40 тысячаў даляраў ЗША. Грошы выдаткавала Мiнiстэрства спорту й турызму
дзеля аплаты выдаткаў нацыянальнае каманды. Менавіта ў гэтую суму абыйдзецца
разьмяшчэньне й харчаваньне на чарговым этапе Кубку сьвету ў Швэцыі, а
таксама ўдзел у чэмпiянаце сьвету, што пачаўся 18 лютага ў Нарвэгіі. Біятляністы
– галоўная надзея Беларусі на зімовых спаборніцтвах, і таму на гэты від
спорту фінансаваньне заўсёды йснуе.
Грошы Аляксандар Папоў атрымаў 14 лютага. У гэты ж дзень ён зьбіраўся
паляцець зь Менску ў Талін, а адтуль далей у Нарвэгію. Але перш, чым ехаць
у аэрапорт, трэнэр, як ён сам тлумачыць, скіраваўся ў ЦУМ, каб купіць там
сувэніры. У гэтай краме і адбыўся крадзеж.
Выявiўшы прапажу грошай, Папоў неадкладна зьвярнуўся ва ўправу нутраных
справаў Першамайскага раёну сталiцы з заяваю аб крадзяжы. Да высьвятленьня
абставiнаў здарэньня ён быў затрыманы, даў паказаньні, а затым выпушчаны
на волю.
Прапажа грошай не прывядзе да зрыву ўдзелу зборнай Беларусi ў чэмпiянаце
сьвету. Міністэрства спорту й турызму паўторна выдаткавала неабходныя грошы.
На гэты раз іх павёз у Нарвэгію супрацоўнік нацыянальнае Фэдэрацыі біятлёну
Сяргей Булыгін.
Выпадак з Паповым нагадвае нядаўнюю кражу грошай у старшыні Фэдэрацыі
гандболу Беларусі Аляксандра Грэчына. І схэма практычна тая ж самая – Грэчын
таксама атрымаў даляры на патрэбы каманды, таксама накіраваўся зь імі ў
люднае месца – на “Камароўку”, грошы ў яго таксама скралі.
Зразумела, шукаць злодзеяў – справа міліцыі. Але ж, калі б Беларусь
пайшла за цывілізаваным сьветам, дык сытуацыі з Паповым ды Грэчыным увогуле
ня ўзнікалі б. Там ужо даўно адмовіліся ад перавозкі грошай у кішэнях,
капэртах і валізках. Нікому нават у галаву не прыйшло б перавозіць “налічкаю”
вялікія сумы.
Паводле былога старшыні Нацыянальна банку Беларусі Станіслава Багданкевіча,
сёньня існуе ня менш пяцёх спосабаў легальна й спакойна пераводзіць грошы
за мяжу. Прычым трапяць яны туды нават хутчэй, чым калі перавозіць самалётам.
Усе банкі прадастаўляюць розныя формы фінансавых паслугаў, ствараюць кліентам
мажлівасьці не абцяжарваць сябе пры пераездах з краіны ў краіну. Але ж
мы за цывілізаваным сьветам ня йдзем, і таму да гэтага часу ня маем традыцыяў
сучасных формаў пераводу грошай за мяжу.
(Глод: ) Яшчэ некалькі год таму беларускія шашысты лічыліся аднымі з
мацнейшых у сьвеце. А сёньня яны страчваюць свае пазыцыі. У чым тут справы?
Сытуацыю аналізуе Алег Грузьдзіловіч…
(Грузьдзіловіч: ) “Унутры Фэдэрацыі адбыўся раскол. Абодва канфліктуючыя
бакі згодныя , што спрэчкі цягнуць іх яшчэ далей ад былога лідэрства ў
сусьветных шашках, але такая, відаць, лёгіка барацьбы. Кожны лічыць , што
толькі разгром праціўніка дасьць шанец на выпраўленьне сытуацыі. Хто ж
супраць каго ў беларускіх шашках? Хто тут чорныя , а хто – белыя?..
Ня будзем раней часу мазаць фарбамі, вызначым толькі пазыцыі. Адная
частка шашыстаў ужо ня першы год аспрэчвае права другой кантраляваць арганізацыйныя
структуры Фэдэрацыі. Гаворка йдзе пра шматразовага чэмпіёна сьвету Анатоля
Гантварга, віцэ-чэмпіёна сьвету Ірыну Сушкевіч, якая цяпер выконвае абавязкі
старшыні выканаўчага камітэту і тых, хто іх падтрымлівае.
Вызначыць прэтэнзіі да гэтых спартоўцаў з боку іхных апанэнтаў мне дапамог
былы старшыня выканаўчага камітэту Вадзім Булат. Ён кажа: “…Яны не паказваюць
дакумэнтаў нікому, ніхто ня ведае, што ў Фэдэрацыі адбываецца, там усё
ў нейкай таямніцы. Нейкае разьмеркаваньне фінансаў ідзе незразумелае, левае.
Патрэбным людзям ідзе… а камусьці ня йдзе”, – заўважае Вадзім Булат.
Грасмайстар перакананы, што калі б справы у Фэдэрацыі вяліся больш празрыста,
то не было б сёньняшняга канфлікту й лепшымі былі б вынікі.
Але відаць у тым, каб нічога не зьмянялася, шмат зацікаўленых. І гэта,
на думку Вадзіма Булата, ня толькі самі кіраўнікі Фэдэрацыі. Але й тыя
чыноўнікі ў міністэрстве спорту й турызму, якія курыруюць Фэдэрацыю. “…Атрымліваецца,
што дзяржава ўмешваецца ў справы Фэдэрацыі, загадвае ёй як быць. А загадвае
яна па волі аднаго чалавека – Анатоля Гантварга, які ня хоча аддаваць уладу”,
– лічыць Вадзім Булат.
А ў якасьці пркладу ўмяшальніцтва дзяржавы ў прыватныя справы Фэдэрацыі
ён прыводзіць такі факт. Адзін з намесьнікаў міністра спорту па сваёй волі
перанес на 26 лютага справаздаўчую канфэрэнцыю, на якой апазыцыянэры плянуюць
перабраць кіраўніцтва.
Чаму менавіта на 26-е? Таму, маўляў, што у гэтыя дні бальшыня бунтаўнікоў
зьедзе на спаборніцтвы за межы краіны.
Анатоль Гантварг шчыра сьмяецца з такіх абвінавачваньняў. Паводле ягоных
словаў, цяперашняе кіраўніцтва, у тым ліку і ён, як сябра выканаўчага камітэту,
не трымаецца за крэслы. Перабяруць, дык перабяруць.
Але праблема ў тым, хто патрабуе іхнай адстаўкі, ці вартыя гэтыя людзі
ўвагі. Анатоль Гантварг кажа: “Усё зводзіцца да простага, яны прызвычаіліся
вырашаць пытаньні з дапамогаю бутэлькі ці пагрозамі, а цяпер ані Пашкевіч,
ані мне іхныя бутэлькі непатрэбныя, і пагрозы на нас ня дзейнічаюць, мы
не чыноўнікі, у нас няма магчымасьцяў нешта там скрасці…”, – кажа Анатоль
Гантварг.
Увогуле ён бы адмахнууся й не заўважаў прэтэнзіяў апанэнтаў, але бывае
што яны гучаць у вельмі нязручны час, што перашкаджае спартовай дзейнасьці.
Нездарма ў вапошні час акрамя камандавай перамогі на мінулым чэмпіянаце
Эўропы сярод клюбаў, асабістых дасягненьняў няшмат. “…Вынікі маглі б быць
і вышэйшымі, але разумееце, калі пад час чэмпіянату ў Галяндыі, дзе я гуляю,
у мясцовым часапісе зьяўляецца паклёпніцкі артыкул Вадзіма Булата, ну што
пасьля гэтага можна казаць, чаго чакаць!” – абураецца Анатоль Гантварг,
які раней не адзін раз станавіўся чэмпіёнам свету.
Між тым з размовы яшчэ з адным апазыцыянэрам, міжнародным грасмайстрам,
чэмпіёнам Алімпіяды па шашках Яўгенам Ватуціным высьвятляецца, што справа
зайшла ня толькі да дрэнных асабістых стасункаў паміж славутымі шашыстамі
й больш маладым і пакуль менш славутым пакаленьнем.
Ватуцін згодны з тым жа Булатам, што з-за сваесаблівага стылю кіраўніцтва
Фэдэрацыі многія таленавітыя шашысты прыціскаюцца, пазбаўляюцца магчымасьці
ўдзельнічаць у тых спаборніцтвах, дзе яны маглі б заявіць пра сябе. Прыклады
– грасмайстар Андрэй Ванюк, ці Аляксандар Балякін, які апошнім часам паказвае
лепшыя вынікі, але не трапляе на чэмпіянат.
Апошняй, да каго я зьвярнуўся каб разабрацца ў гэтым канфлікце, была
выконваючы абавязкі старшыні выканаўчага камітэту Фэдэрацыі Ірына Пашкевіч.
Яна таксама спадзяецца, што канфлікт будзе вырашаны на канфэрэнцыі, якая
пройдзе усё ж 26 лютага.
На маю заўвагу, што ў некаторых абласьцях сябры Фэдэрацыі плянуюць зьбірацца
на канфэрэнцыю ў сакавіку, Ірына адрэагавала спакойна. Пацьвердзіла меркаваньне,
што пераможа той, хто зьбярэ больш кворуму. Атрымліваецца, што статут і
закон, па якім жыве гармадзкая арганізацыя Фэдэрацыя шашак Беларусі як
бы адыходзяць на другі плян? Галоўнае, хто колькі зьбярэ прыхільнікаў у
барацьбе?
Магчыма, гэткая барацьба й прывядзе кагосьці ў дамкі, але варта нагадаць,
што за апошнія гады беларускія шашысты ня толькі спынілі сэрыю гучных перамог,
але й згубілі ў сваіх шэрагах шмат славутых гульцоў. Зьехалі зь Беларусі
Міхал Кац, Алена Альтшуль, Зоя Садоўская, шмат іншых спартоўцаў, дасягненьнямі
якіх мы ўсе ганарыліся. І сёньняшні канфлікт сярод беларускіх шашыстаў,
на жаль, сытуацыю можа толькі пагоршыць”.
(Глод: ) “Ужываньне забароненых анаболікаў на сёньняшні дзень зьяўляецца
адной з самых сур'ёзных праблемаў вялікага спорту. На мінулым тыдні спартовая
грамадзкасьць сьвету абмяркоўвала адхіленьне ад спаборніцтваў шэрагу вядомых
легкаатлетаў, сярод якіх алімпійскія чэмпіёны і рэкардсмэны сьвету. Распавядае
Віталь Цыганкоў…
(Цыганкоў: ) “Дух параноі ахапіў брытанскіх легкаатлетаў пасьля таго,
як шэраг допінг-тэстаў далі станоўчыя вынікі”, – гаворыць брытанская легкаатлетка
Марсія Рычардсан. “Многія з атлетаў вельмі спалоханыя”, – сказала Рычардсан
на прэс-канфэрэнцыі, на якой быў абвешчаны склад брытанскае каманды на
эўрапейскім чэмпіянаце па лёгкай атлетыцы.
У брытанскай камандзе ня будзе алімпійскага чэмпіёну па бегу на 100
мэтраў Лінфорда Крысьці, чэмпіёну Эўропы на 200-мэтроўцы Дуга Ўокера й
бегуна на 400 мэтраў з бар'ерамі Гэры Кадогана. Усе яны злоўленыя допінг-кантролем
ў выкарыстаньні забароненага анабалічнага стэроіда – нандранола.
Міжнародная Фэдэрацыя лёгкай атлетыкі адхіліла прапанову Брытанскае
Фэдэрацыі адкласьці прыняцьцё дысціплінарных захадаў супраць атлетаў, якія
выкарыстоўвалі нандранол. Выканаўчы дырэктар Брытанскай Фэдэрацыі лёгкай
атлетыкі Дэвід Муркрафт заклікаў увесьці мараторый на разгляд справы аб
нандраноле з-за таго, што ва ўсім сьвеце выяўленыя сотні выпадкаў станоўчых
вынікаў аналізаў допінг-пробаў. Летась было зарэгістравана 343 такія выпадкі
ў самых розных відах спорту. Брытанская Рада спорту апублікавала дадзеныя
апошніх дасьледваньняў, якія дапускаюць, што нандранол можа ўтрымлівацца
ў харчовых дадатках, ужываньне якіх можа стаць прычынаю станоўчых вынікаў
допінг-тэстаў.
Міжнародная Фэдэрацыя лёгкай атлетыкі на сваім пазачарговым паседжаньні
ў Манака вырашыла правесьці адмысловае дасьледваньне ўсіх справаў, зьвязаных
з гэтым стэроідам. Аднак да ягоных вынікаў дысцыплінарныя захады да атлетаў
будуць прымацца звычайным шляхам.
Акрамя Лінфарда Крысьці, самымі гучнымі імёнамі, якія зараз ўцягнутыя
ў “нандранолавыя справы”, ёсьць алімпійская чэмпіёнка Мэрлін Оці й рэкардсмэн
сьвету ў скачках у вышыню кубінец Гаўер Сатамаёр. “Каралева спрынту” зь
Ямайкі Оці, уладальніца найбольшай колькасьці мэдалёў чэмпіянатаў сьвету,
была выкрытая допінг-кантролям напярэдадні леташняга чэмпіянату сьвету
па лёгкай атлетыцы ў гішпанскай Сэвільі. Як і ў выпадку з брытанцамі, нацыянальная
Фэдэрацыя Ямайкі цалкам яе апраўдала, але Рада міжнароднае Фэдэрацыі накіравала
яе справу ў арбітражную камісію. Паводле новых правілаў гэта азначае адхіленьне
ад спаборніцтваў да вынясеньня канчатковага вэрдыкту. Калі абвінавачваньне
будзе пацьверджанае, гэта прывядзе да двухгадовай дыскваліфікацыі, што
азначае канец спартовае кар'еры для 39-гадовай Оці.
У арбітражнай камісіі знаходзіцца й справа кубінца Гаўера Сатамаёра,
які быў цалкам апраўданы нацыянальнай Фэдэрацыяй пасьля таго, як у ягоным
допінг-тэсьце быў знойдзены какаін. Кубінскі ўрад ужо заявіў, што супраць
Сатамаёра, аднаго з найлепшых спартоўцаў у гісторыі краіны, была зарганізаваная
змова з мэтаю падарваць рэпутацыю Кубы.
Праблема ў тым, што спартоўцы ды іхныя мэдыкі зараз сапраўды ў разгубленасьці,
якія прэпараты можна прымаць, а якія лічацца забароненымі. 28-гадовая брытанка
Рычардсан, якая выступае на дыстанцыі 60 мэтраў, кажа, што яна ўжо летась
перастала прымаць харчовыя дадаткі й зараз ужывае толькі вітамінныя таблеткі.
На пытаньне, якія рэчывы зараз, на ейную думку, бясьпечна прымаць, Рычардсан
адказала: “Бог яго ведае. Я проста думаю, што павінны быць зробленыя новыя
дасьследваньні, каб мы маглі ведаць, што ёсьць у нашым целе”, – кажа спартоўка”.
І на гэтым мы з вамі разьвітваемся. Да чарговай сустрэчы.
Сёньня галоўным” заўзятарам быў
Уладзімер Глод, Менск
|