RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Заўзятар.
Спартовая праграма.



Лепшы беларускі спартовы журналіст 1999 году – Сяргей Шчурко

(эфір 9 студзеня 2000)

Чаму нашыя спартоўцы баяцца гаварыць пра палітыку, як ставяцца да беларускіх легіянэраў у Расеі, прадстаўнікі якіх відаў спорту найбольш цікавыя суразмоўцы?

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) “6 студзеня ў Нацыянальным Алімпійскам камітэце Беларусі прайшло ганараваньне лепшых спартоўцаў і журналістаў краіны 1999 году. У мінулай праграме мы падрабязна распавядалі, хто быў прызнаны атлетам году й зараз нагадаем толькі, што імі сталі вясьлярка, алімпійская чэмпіёнка Кацярына Карстэн-Хадатовіч і біятляніст Вадзім Сашурын.

Што да журналістаў, то вынікі адпаведнага апытаньня, праведзенага сярод прадстаўнікоў мас-мэдыя Нацыянальным Алімпійскім камітэтам, сталі вядомыя толькі на гэтым тыдні. 82 удзельніка апытаньня вызначалі лепшага ў трох намінацыях – сярод спартовых выданьняў, грамадзка-палітычных СМІ, тэлевізіі ды радыё. У першай намінацыі пераможцам сярод 23 журналістаў стаў карэспандэнт газэты “Прессбол” Сяргей Шчурко. Ён набраў 81 бал, усяго на ачко апярэдзіўшы рэдактара гэтага выданьня Ўладзімера Беражкова.

Сёньня Сяргей Шчурко – госьць нашае праграмы”.

(Цыганкоў: ) “Сяргей, як і пра што трэба пісаць, каб стаць лепшым спартовым журналістам краіны?

(Шчурко: ) “Мне заўжды падабаецца рабіць тое, што ня робіць нехта іншы. Таму што сядзець і апісваць футбольныя матчы, ведаючы, што сядзіць яшчэ пяцьдзясят іншых такіх людзей, якія аніяк не напішуць па-іншаму, а толькі тое, што там Пятроўскі ўдарыў галавою ды іншы дабіў нагою… Карацей, усе напішуць аднолькава.

То бок хочацца штосьці новага. Таму нейкія праекты, што я прыдумваў, здаецца, патрапілі ў цэль, ёсьць ад іх нейкі рэзананс. Хаця б “Міс спорт” – праект, які праходзіў у мінулым годзе…

Як мы звыкліся? Разгортваеш газэту – калі жанчына з молатам – значыць, яна кідальнік молату, зь лентаю – значыць, мастацкая гімнастыка. Але на самой справе нам хочацца яе ўбачыць у першую чаргу як жанчыну. І нашыя спартоўкі амаль не саступаюць знакамітым фотамадэлям…

Таму мы вырашылі фатаграфаваць спартовак проста як прыемных жанчынаў, здымкі якіх можна выразаць з газэты, павесіць на сьценку й любавацца імі. У мінулым годзе ў нас набралося дзесяць такіх дзяўчатаў, і па-мойму, атрымалася нармалёва.

Перамагла мая любімая гандбалістка – даўганогая Марына Брацянкова, якая зараз гуляе ў Нямеччыне. Напэўна, за мяжою лепш жыць – таму яны й выглядаюць… эстэтычней.

На самой справе самая галоўная праблема зь дзяўчатамі была ў тым, што вельмі цяжка было прымусіць іх распрануцца. Я як бы сама не супраць, але паглядзяць на гэта бацькі, трэнэры, скажуць – ты што зусім звар’яцела?

На жаль, у нас такое мысьленьне ў народзе. Калі ты неяк вылучылася, калі відаць твае грудзі, усе ведаюць, што яны прыгожыя, але ты ня можаш адкрыць іх цалкам, то гэта ўжо ўсё…

Ну а ўрэшце праект “Міс спорту” быў у мінулым годзе. А ў гэтым, разумеючы, што колькі не пішы пра мастацкую гімнастыку (мой любімы від спорту), гэта ня знойдзе належнага водгуку сярод нашых чытачоў – бо больш за ўсё цікавяцца футболам. Таму ў гэтым годзе я і вырашыў перакінуцца на футбол. Быў прыдуманы праект “Легіён”, у рамках якога мы езьдзілі да беларускіх футбалістаў, якія выступаюць у Расеі ды Ўкраіне. Фактычна мы аб’езьдзілі ўсіх гульцоў зборнай Беларусі.

Гэта было вельмі цікава, паколькі ўведаць чалавека значна глыбей можна менавіта там, дзе ён жыве й трэніруецца. Бо калі ён прыяжджае ў Менск, усе становяцца падобнымі, усе шарахаюцца ад інтэрвію, усе становяцца нейкімі аднолькава заклапочанымі й прымітыўнымі”.

(Цыганкоў: ) “А чаму гэта адбываецца зь людзьмі, калі яны прыяжджаюць у Менск?”

(Шчурко: ) “Ну ня ведаю, можа нейкі статкавы інстынкт спрацоўвае – мы ня хочам вылучацца. На самой справе гэта вельмі вялікая праблема беларускага народа – ніхто ня хоча быць самім сабою. Таму нават потым, пасьля таго як ты пагаварыў з чалавекам, празь дзень ён тэлефануе і кажа – ведаеш, Сяргей, ты дашлі інтэрвію, я яго яшчэ раз пачытаю. Ён чытае і кажа – або мы ня будзем гэта інтэрвію даваць, або мы вось гэта з тэксту выкінем. Ну, мы ўсе ведаем нашыя палітычныя рэаліі – ня будзем, казаць, каго мы звычайна прыбіраем у гэтых інтэрвію. І гэта ёсьць пэўнай праблемаю.

Але чалавек значна лепш раскрываецца, калі ён сядзіць дома на канапе, справа сядзіць жонка, а лепш, калі яна сядзіць на кухні, а яшчэ лепш, калі яе зусім няма”.

(Цыганкоў: ) “Выходзіць, нашыя спартоўцы ня вельмі так ахвотна адказваюць на палітычныя пытаньні. Калі ты спрабуеш разгаварыць іх на гэтыя тэмы, яны што – пазбягаюць нейкіх ацэнак ці ўвогуле просяць пра гэта не гаварыць. Што яны кажуць?”

(Шчурко: ) “Спачатку ў запале размовы яны гавораць такія рэчы, якія кажуць на любой менскай кухні. Ну а потым, улічваючы, што:
а) ў яго тут жыве сям’я, што… (Зрэшты, мне здаецца, у нас не 37-ы год, каб кагосьці тут сярод начы забіралі, але сіндром 37-га неяк усёткі жыве ў нашым чалавеку);
б) яму прыяжджаць у зборную. Яму непрыемны той факт, што адчыняцца дзьверы, увойдзе ўсьмешлівы вусаты твар, і спытае: “Што ж ты, Гена, напісаў пра мяне?” (ну, Гена – я ўмоўна кажу). Відаць, гэты факт непрыемнай сустрэчы іх у нечым непакоіць.

Людзі ня хочуць рызыкаваць, што, у прынцыпе, зь іхнага пункту гледжаньня можна зразумець. Я думаю, на іхным месцы многія з нашых слухачоў паступілі б дакладна гэтаксама. Я не думаю, што ім там не дадуць гуляць у футбол. Але ў людзей такая пазыцыя – да гэтага трэба ставіцца з разуменьнем”.

(Цыганкоў: ) “Ты лічыш, гэта рэальна, што ў іх могуць быць непрыемнасьці?”

(Шчурко: ) “Ня думаю. Гэта хутчэй страх нейкі. Мы часам надта моцна сябе палохаем”.

(Цыганкоў: ) “Правёўшы столькі шчырых размоваў са спартоўцамі, якія твае назіраньні – ці хапае ім часу нешта чытаць, сачыць за культураю, ці ёсьць у іх час на іншае, неспартовае жыцьцё?”

(Шчурко: ) “Ну натуральна, асабліва часу не хапае. Але, я лічу, у гэтым ёсьць вялікі плюс – людзі цалкам на нечым канцэнтруюцца, чаго не хапае кожнаму з нас. Мы канешне ўсе працуем, але мы пасьпяваем зрабіць яшчэ процьму справаў, якія на самой справе аказваюцца безсэнсоўнымі…

Гэта спорт. Вось няма ў нас чэмпіянату сьвету сярод журналістаў. У іх ёсьць. У іх ёсьць стымул удасканальвацца, у іх ёсьць першае месца. Яны цалкам на гэтым канцэнтруюцца, у іх ёсьць мэта – першае месца. І, у прынцыпе, слушна робяць, якія тут могуць быць прэтэнзіі?

Натуральна, не хапае нейкіх зносінаў, чагосьці яшчэ… Хоць яны даволі вясёлыя людзі, і не думаю, што моцна ад гэтага пакутваюць. Яны пакутваюць толькі тады, калі заканчваюць спорт, вырываюцца ў іншае жыцьцё, і іх неяк забываюць. Але гэта людзі дастаткова моцныя, каб знайсьці сваё месца ў жыцьці. Калі параўноўваць спартоўцаў яшчэ з кім-небудзь, я ня думаю, што яны горш кагосьці ў інтэлекце”.

(Цыганкоў: ) “А калі правесьці нейкую такую ўмоўную, уяўную градацыю паводле відаў спорту, ці ёсьць тут розьніца сярод розных спартоўцаў. Каго б ты назваў найбольш цікавымі?”

(Шчурко: ) “Мне здаецца, больш інтэлектуальныя – гэта трэнэры. Яны сталейшыя і могуць сказаць тое, што ты ніколі раней ня чуў. Я ўжо гаварыў, што неабыякавы да мастацкай гімнастыкі, але там сапраўды ёсьць людзі, якія мне вельмі падабаюцца. Напрыклад, 16-гадовая расейка Алена Кабаева, якая зараз абсалютная чэмпіёнка сьвету. Наша Жэня Паўліна – мая любіміца. Гэтыя дзяўчаткі не згубяцца, і пасьля спартовага жыцьця будуць недзе на першых ролях. Гэта індывідуальныя віды спорту. Людзі там ад пачатку самі з сабою, яны глыбака ў сабе капаюць, ад гэтага ў іх зьвілінаў становіцца больш.

Цікава таксама гутарыць з былымі спартоўцамі. Па-першае, яны жывуць не ў такім напружаным рытме. Па-другое, ім заўжды прыемна, што хтосьці цікавіцца іхным жыцьцём і пасьля спорту. Яны, да таго ж, становяцца і інтэлектуальна багацейшымі. Яны могуць разважаць з пункту гладежаньня пражытых гадоў, яны ўсё пераасэнсоўваюць зусім па-іншаму. Зь імі цікавей.

Я паразмаўляў з такім скакуном у вышыню Аляксандрам Грыгор’евым. Чалавек жартаваў, паказваў выразкі з газэтаў, мы вельмі добра парадыравалі журналістыку тых часоў”.

(Цыганкоў: ) “Вось ужо некалькі гадоў ты працуеш у жанры шчырай, адкрытай размовы. Але відаць, нельга яго эксплюатаваць бясконца. Як думаеш разьвівацца далей, што новага шукаць у журналісцкіх падыходах?”

(Шчурко: ) “Хацелася б у рамках праекту “Легіён” выехаць за мяжу й паглядзець, як нашыя спартоўцы жывуць там. Бо яны ўжо сталі трохі іншыя. Не ў Расеі – бо мы можам прыблізна ўявіць, а менавіта на Захадзе. Бо нават тыя нашыя футбалісты, якія ў Расеі атрымліваюць 5-10 тысячаў даляраў і больш – яны прыблуды… Яны беларусы.

Да беларусаў застаецца такое стаўленьне, як гаварыў адзін з трэнэраў маскоўскага “Дынама” – мы трошкі шабашнікі, мы прыяжджаем зарабляць грошы. Бо ўсе зарабляюць грошы на сваёй Радзіме, а мы вымушаныя кудысьці выяжджаць.

Хаця да беларусаў заўсёды добра ставяцца, але ў глыбіні душы мы атрымліваемся шабашнікамі. І кожны раз, калі заканчваецца сэзон, калі падыходзіць падаўжэньне кантракту, да нас адпаведна й ставяцца. Там няма законаў, Расея вельмі бардачная краіна ў гэтым пляне. У нас нават можа быць больш цывілізавана, можа таму, што грошай меней.

Так што у хлапцоў там жыцьцё вельмі жорсткае і за яго трэба чапляцца зубамі. Таму яны й намагаюцца як мага больш пратрымацца ў той самай Расеі. Там ім ня так і весела. Я ня ведаю, можа гэта нотка ў маіх матэрыялах гучыць, калі не гучыць, то паміж радкоў яна чытаецца”.

(Цыганкоў: ) “Ты думаеш, што пры роўных грошах нашыя легіянэры з Расеі б гулялі ў чэмпіянаце Беларусі?”

(Шчурко: ) “Цяжка сказаць. Я думаю, яны гулялі б за мяжою. Яны пагулялі ў Беларусі й Расеі, і цяпер хочуць ад’ехаць за мяжу. Там і жыць лепей, і іншы ўзровень для іхнага майстэрства. Бо яны памятаюць пра майстэрства. Яны не дэбілы, яны хочуць згуляць добра. За тую ж зборную Беларусі, якая аніяк ня можа нічога выйграць. Можа толькі згуляць у нічыю. Відаць, гэта кажа пра наш беларускі мэнталітэт – каб нікога ня крыўдзіць, мы гуляем у нічыю, бо мы міралюбныя…”

Падрыхтаваў перадачу
Віталь Цыганкоў, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org