RFE/RL |
|
У сьвет на заробкі
Праца ў Фінляндыі (2)
Аўтар Мікола Іваноў Скандынаўскую краіну Фінляндыю называюць краінаю тысячаў вазёраў.
І сапраўды, фінская прырода надзвычай прыгожая. Але ня толькі сваімі цудоўнымі
краявідамі вядомая ў сьвеце гэтая краіна. Яна адная з высокаразьвітых краінаў
Эўропы. Тут прадукуецца амаль 15% эўрапейскай прадукцыі паперы. На фінскіх
заводах будуюцца сучасныя караблі, тут вельмі разьвітое машынабудаваньне,
мэблявая прамысловасьць. І нават, якім бы гэта не здавалася парадаксальным,
улічваючы жорсткі паўночны клімат краіны, Фінляндыя зьяўляецца буйным экспарцёрам
сельскагаспадарчай прадукцыі.
Як і мінулым разам, сёньняшняя перадача будзе галоўным чынам пабудаваная на размове зь Якубам Лапаткам, сталым жыхаром фінскае сталіцы Гэльсынкі, які ўжо амаль 6 гадоў працуе тут перакладнікам. Аднак, на пачатку нашае размовы я хацеў бы зрабіць адну вельмі істотную заўвагу: летняя праца на зборы ягадаў ці вінаграду, пра якую мы гаварылі ў мінулай перадачы, – гэта магчымасьць для беларусаў зарабіць практычна па ўсёй Эўропе. Штогод тысячы сэзонавых рабочых на збор трускалак запрашае да сябе Швэцыя, тое самае робіць Данія. У Францыю, Італію і Гішпанію на збор вінаграду прыяжджаюць кожны год дзесяткі тысячаў замежнікаў. І шукаць падобную працу, як слушна падкрэсліў пад час нашага мінулага спатканьня, Якуб Лапатка, лепш за ўсё празь Інтэрнэт. Але вернемся да галоўнае тэмы нашае размовы зь Якубам Лапаткам. Хто ж з жыхароў былога Савецкага Саюзу мае права на прыезд і працу ў Фінляндыі і чаму? (Лапатка :) "У асноўным фіны прыймаюць інгерманлянцаў. Гэта прыблізна такая самая праграма, як у Нямеччыне праграма прыёму паволжскіх немцаў. Яны тут павінны вучыць мову, павінны атрымліваць дапамогу. Ім тут таксама даюць кватэры, іх намагаюцца працаўладкаваць. Праўда, знайсьці сталую працу тут вельмі цяжка. Цяпер у Фінляндыі вялікае беспрацоў’е. Я ведаю некалькіх расейскіх перакладнікаў, якія змаглі уладкавацца тут на сталае жыхарства. Яны стварылі свае фірмы і працуюць. Другі мой знаёмы, інгерманляндэц, ён інжынэр, таксама знайшоў фірму, якая дала яму працу. Дык вось падчас размоваў зь ім мы разам прыйшлі да высновы, што думка, быццам мы, былыя савецкія, не умеем працаваць, не адпавядае сапраўднасьці. Часам людзі з былога СССР працуюць лепей ад мясцовых". Кожнае нацыянальнае грамадзтва мае сваю спэцыфіку, і калі хто-небудзь абірае шлях эміграцыі, мусіць, безумоўна, лічыцца з тым, што да гэтай спэцыфікі яму прыйдзецца дастасавацца. Часам даводзіцца цалкам мяняць свой стыль жыцьця, пазбаўляцца ад тых, ці іншых звычак, часам як бы пачынаць жыцьцё нанава. Фінляндыя ў гэтым сэнсе адна з самых цяжкіх краінаў. Фіны – народ вельмі замкнёны, які зь вялікай стрыманасьцю й, часам, неахвотаю прыймае чужынцаў. (Лапатка: ) Ніхто нас тут асабліва не чакае. Фінляндыя – гэта замкнёнае грамадзтва, і мець некалькі сяброў-фінаў можна лічыць за шчасьце. Што ж тычыцца інгэрманлянцаў, дык стаўленьне да іх у фінаў даволі адмоўнае. Яны лічаць, што ў іх не засталося анічога фінскага. Маладым тут яшчэ неяк можна асымілявацца, але ж, што датычна старых, дык ім тут даволі цяжка прыжыцца. Ведаеце, старое дрэва перасадзіць ня так проста. У Фінляндыі таксама як і ў іншых краінах: калі ты там госць, да цябе там адное стаўленьне, калі ж ты там сталы жыхар, дык зусім іншае. Ведаеце, як у тым старым савецкім анэгдоце. Адзін стары гэбрай гаворыць другому: колькі ня пі, расейцам ня станеш. Так, што імігрантам тут уладкавацца ня проста. Праўда ёсць такія выпадкі, што некаторыя ўладкоўваюцца й пачуваюцца добра. Бываюць нават такія выпадкі, што некаторыя інгэрманлянцы робяцца больш нацыяналістычнымі за карэнных фінаў". І тут патрэбнае адное даволі істотнае растлумачэньне: хто ж такія інгэрманлянцы. Калі памятаеце: тэрыторыю, на якой цяпер знаходзіцца так званая паўночная сталіца Расеі – Санкт-Пецярбург – была сілаю далучаная да Расеі яшчэ Пятром І. Зразумела, што тэрыторыя гэтыя была не бязьлюдная, а заселеная пераважна фінамі. Тысячы зь іх загінулі падчас прымусовае працы на будове Санкт-Пецярбургу. Тыя ж што выжылі, былі на працягу вякоў моцна зрусыфікаваныя і прынялі праваслаўную веру, у адрозьненьні ад пераважнае масы фінскага насельніцтва, якая зьяўляецца пратэстантамі. Паводле савецкага перапісу 1926 году ў Ленінградзкай вобласьці пражывала больш за 100 тысячаў інгэрманлянцаў, якіх таксама называлі лякальнымі фінамі. Але ў 1937–38 гг. паводле загаду Сталіна ўсіх фінаў, як патэнцыйную пятую калёну, вывялі ў Сібір. Значная частка зь іх загінула, тыя ж, што выжылі, цяпер атрымалі права вяртаньня на сваю гістарычную бацькаўшчыну. Штогод Фінляндыя прымае да 5 тысячаў такіх рэпатрыянтаў. Тут у Фінляндыі яны трапляюць быццам бы ў іншы сьвет. Вось, што Якуб Лапатка расказвае пра кошты штодзённага жыцьця ў Фінляндыі, пра магчымасьці куплі нерухомасьці й найму кватэраў: (Лапатка: ) "Кошт жыльля тут вельмі высокі. Ахарактарызаваць яго можна такім расейскім словам як “запредельный”. Калі ты сюды прыяжджаеш, адразу паўстае праблема так званага стартавага капіталу. Без прыблізна 100 тысячаў даляраў тут кватэру ня купіш. Арэндная плата таксама вельмі высокая. Што ж тычыцца іншых паслугаў: газ, вада, электрычнасьць, дык іх кошт адносна невысокі. Так што ўся праблема ў жытле. Іншая справа – у Фінляндыі вельмі высокія падаткі. Праўда, ты ведаеш, за што ты тут плаціш – тут вельмі танны і дакладны грамадзкі транспарт, ёсць таксама вялікая колькасьць розных ільготаў і г.д." Як бачым з размовы зь Якубам Лапаткам, кожны выезд на заробкі за мяжу, а тым больш у краіну Эўрапейскага Зьвязу, – гэта надзвычайная мабілізацыя усіх маральных і матэрыяльных сілаў кожнага беларуса. Гэта – высілак, які ня ўсім пад сілу. І таму, галоўнай вашай зброяй павінна быць перш за ўсё паінфармаванасць, трэба дакладна ведаць, што вас можа чакаць, прыкладам, у Фінляндыі, і што трэба рабіць, каб нішто не магло вас паставіць у тупік. А менавіта гэтай тэме й будзе прысьвечаная нашая наступная і апошняя гутарка зь Якубам Лапаткам, беларусам і сталым жыхаром фінскае сталіцы Гэльсынкі. Якуб Лапатка парадзіць усім патэнцыйным шукальнікам заробкаў, як паводзіць сябе ў складаных сытуацыях. Мікола Іваноў, Прага
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |