border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

У сьвет на заробкі


ТЭНДЭНЦЫІ НА ЎСЯСЬВЕТНЫМ РЫНКУ ПРАЦЫ

Аўтар і вядучы Мікола Іваноў.  Эфір 25 жніўня 1999

Вось перада мною рэклямны праспэкт аднае з расейскіх фірмаў, якая займаецца працаўладкаваньнем за мяжою ад 1992 году, “Шлях да дабрабыту”. Цытую гэты дакумэнт: “Мы прапануем працу маладым кабетам на Кіпры ў якасьці хатніх гаспадыняў, афіцыянтак і няняў; мужчынам з будаўнічымі спэцыяльнасьцямі – ў Чэхіі, Нямеччыне й Фінляндыі; зваршчыкам і швеям-матарысткам – у Ізраілі; і кампутарнікам – па ўсім сьвеце”.

У якасьці камэнтара да гэтага дакумэнту прыгадаю, што за апошнія гады пэрспэктывы працаўладкаваньня за мяжою для спэцыялістаў з высокай і вышэйшай адукацыяй узрасьлі, і надалей назіраецца тэндэнцыя да іхнага росту.

Якія ж яшчэ назіраюцца тэндэнцыі на рынку працы? І ці сапраўды вашыя прыватныя капіталаўкладаньні ў адукацыю – гэта самае выгаднае й карыснае выкарыстаньне вашых сродкаў і высілкаў ў сёньняшнім сьвеце?

Тое, што кожны выезд на заробкі за мяжу хавае ў сябе як пазытыўныя, так і адмоўныя бакі – гэта амаль што аксіёма. Але бальшыня лічыць, што тыя першыя, пазытыўныя, пераважаюць.

Есьць даволі шмат выпадкаў, некаторыя зь якіх вядомыя мне асабіста: калі людзі не вытрымліваюць выпрабаваньня чужынаю, трацяць псыхічную раўнавагу, губляюць заробленыя зь цяжкасьцю грошы, трапляюць у канфлікт зь мяйсцовымі законамі, і нават канчаюць жыцьцё самагубствам.

Каб так не сталася, кожны з тых, хто кіруецца на заробкі за мяжу, павінен валодаць адпаведнымі якасьцямі характару, якія б дазвалялі знаходзіць выхад з самых складаных сытуацыяў.

Якія ж гэта якасьці? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да эмігранта ў ЗША амаль з 50-гадовым стажам Вячкі Станкевіча, які на працягу больш як 10 гадоў быў дырэктарам Беларускае рэдакцыі Радыё “Свабода” і цяпер актыўна ўдзельнічае ў эмігранцкім беларускім жыцьці. Вось, што ён мне адказаў:

(Станкевіч: ) “На маю думку ёсьць дзьве неабходныя якасьці, якімі мусіць валодаць кожны, хто кіруецца на заробкі. Па-першае, чалавек мусіць верыць у свае здольнасьці, і верыць, што ўсе цяжкасьці, зьвязаныя з пераездам у новую краіну, ён пераадолее. Па-другое, гэты чалавек мусіць быць сацыяльнай асобаю, асобаю, якая сьмела далучыцца да йснуючай грамады, і выкарыстае той кавалак бацькаўшчыны, на які ён натрапіў за мяжою. І тады ён ня будзе сябе адчуваць адарваным у чужым асяродку. Тут як бы падвойнае: і незалежнасьць, і залежнасьць ад тых беларускіх арганізацыяў, якія існуюць у тых краінах, куды прыехаў эмігрант”.

Нядаўна адзін мой знаёмы расказаў мне аб тым, што прэстыжны і элітарны характар некаторых былых савецкіх вышэйшых навучальных установаў у значнай ступені захаваўся. Выпускнікам маскоўскіх Фізіка-тэхнічнага інстытуту, Баўманскага ўнівэрсытэту і матэматычнага факультэту Маскоўскага ўнівэрсытэту амаль аўтаматычна гарантаваная праца ў багатых заходніх фірмах за мяжою або ў іх філіях у Расеі.

Больш таго, прадстаўнікі гэтых фірмаў палююць на выпускнікоў гэтых вышэйшых навучальных установаў яшчэ пад час навучаньня. І таму я спытаўся спадара Вячку Станкевіча: ці сапраўды вартасная адукацыя мае такую высокую цану на Захадзе? Ці сапраўды варта рабіць усё магчымае, каб атрымаць яе? Ягоны адказ быў наступны:

(Станкевіч: ) “Людзі, якія хочуць атрымаць працу за мяжою, нейкі час папрацаваць там, зарабіць грошы й пазьней вярнуцца дадому, гэткая пэрспэктыва хутчэй за ўсё для адукаванае часткі насельніцтва. Часам адукаваныя людзі выяжджаюць зусім у невядомае, ня ведаючы спэцыфічных умоваў той ці іншай краіны. Возьмем прыклад пасьляваеннае эміграцыі. Асобы з гуманітарнай падрыхтоўкаю часцей за ўсё апыналіся ў бібліятэках. Як гэта сталася? Праца бібіліятэкара патрабуе адпаведнага ўзроўню адукацыі. Сталася так, што нехта адзін з беларусаў пайшоў працаваць у бібліятэку і паведаміў пра гэта іншых, і такім чынам сярод адукаваных беларусаў зьявілася вельмі шмат бібліятэкараў. Тыя ж беларусы, што мелі тэхнічную адукацыю, не змаглі пайсьці працаваць як інжынэры, а падобным чынам пачалі працаваць як крэсьляры. Такім чынам, адукаваныя беларусы маглі выкарыстаць сваю прафэсыйную падрыхтоўку”.

Эканамічная і палітычная сытуацыя ў Беларусі сёньня вядома якая. Камэнтар тут наўрад ці патрэбны. І таму ў гэтых варунках кожны выезд на заробкі можа ператварыцца ў эміграцыю? Ці гэта сапраўды негатыўная тэндэнцыя? І што трэба зрабіць, каб Беларусь як найменш пакутвала ад адплыву мазгоў? Вячка Станкевіч камэнтуе гэтую праблему:

(Станкевіч: ) “Першае, што трэба зрабіць – гэта падняць агульны ўзровень жыцьця ў Беларусі. Тое, што назіраецца цяпер, спрыяе таму, што многія беларусы ня ў стане выкарыстаць свой патэнцыял дома, і могуць зрабіць гэта толькі за мяжою. Сытуацыя зьмянілася б, калі б Беларусь стала, калі не сябрам Эўрапэйскага Зьвязу, дык хоць бы кандыдатам у сябры, так, як цяпер Польшча ці Чэхія, некаторыя іншыя краіны – тады б сытуацыя адразу ж палепшылася, бо можна было б разьлічваць, што Эўропа, уключна з Беларусьсю, будзе бязь межаў. Значыць, чалавек, які хоча выкарыстаць свае веды за мяжою, можа гэта сьмела зрабіць і сьмела вярнуцца, без аніякіх цяжкасьцяў і ў выезьдзе ў новую краіну, і ва ўезьдзе дадому”.

Колькасна лічба тых, хто выяжджае за мяжу на заробкі, павялічваецца з кожным днём. Растуць уплывы беларускае эміграцыі ў тых краінах, куды кіруюцца “за хлебам” беларусы. Але па-ранейшаму яе ўплывы абсалютна немагчыма параўнаць з уплывамі італьянскай, ірляндзкай ці польскай эміграцыі. Паўстае пытаньне: ці існуе магчымасьць ператварыць новую беларускую эміграцыю ў актыўную, дзейную сілу, здольную пазытыўна ўплываць (фінансава й палітычна) на лёсы Бацькаўшчыны? Вячка Станкевіч адказвае на яго наступным чынам:

(Станкевіч: ) “Што можна зрабіць на ўжо зусім побытавым узроўні? Каб жа цяпер як найболей людзей, якія выяжджаюць зь Беларусі, кантактавалі з такой арганізацыяй, як “Бацькаўшчына” ў Беларусі… І паведамілі, што яны зьбіраюцца выяжджаць у тую ці тую краіну – зь кім можна было б скантактавацца?

І каб гэтыя кантакты былі наладжаныя паміж “Бацькаўшчынаю” і тымі арганізацыямі, якія існуюць. Каб тыя людзі, якія прыяжджаюць, не расплываліся ў тым “усесаюзным” моры, якое йснуе на эміграцыі, а ўсё ж такі далучаліся да тых арганізацыяў, якія можа й не валодаюць вялізнымі магчымасьцямі, але ўсё ж такі зьбліжаюць людзей да свайго.

Так гэтая настальгія павінна была б памагчы й тым людзям, якія прыяжджаюць, і тым арганізацыям, той грамадзе, якая там ужо на мейсцы, якая б расла разам з прыездам новых людзей”.

Нягледзячы на тое, што ад развалу Савецкага Саюзу й стварэньня незалежнае беларускае дзяржавы мінула ўжо больш за 8 год, словы “эміграцыя” і “іміграцыя” па ранейшаму маюць таямніча-негатыўнае значаньне ў сьвядомасьці значнае часткі беларусаў. Выезд за мяжу, а тым больш на заробкі, усё яшчэ ня стаў нормаю. Пануе яшчэ стэрэатып, што заробкаваньне за мяжою сымбалізуюць сабою разьвітаньне з Бацькаўшчынай назаўсёды.

Аднак сучасны сьвет цесны, і эканамічныя межы ўжо даўно не супадаюць зь межамі гістарычнымі й нават палітычнымі.

ХХІ стагодзьдзе, безумоўна, мае пэрспэктыву стаць стагодзьдзем бяз межаў, стаць стагодзьдзем свабоды, у тым ліку свабоды працы.

Мікола Іваноў, Прага
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org