border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

У сьвет на заробкі


ЗАРОБКІ Ў ГАЛЯНДЫІ

Аўтар і вядучы Мікола Іваноў.  Эфір 13 сьнежня 2000

(Іваноў: ) “Той, хто слухаў мінулую перадачу сэрыі “У сьвет на заробкі” ці чытаў яе тэкст у інтэрнэце, памятае, што яна была прысьвечаная размове з уладальнікам фірмы, якая не адзін год займаецца працаўладкаваньнем замежных спэцыялістаў у галіне вытворчасьці электрычнасьці Гуга Гамстэрам.

Фірма Гуга Гамстэра “Гамстэр інтэрнэшнл”, аднак, арганізацыя прыватная, якая ў сваёй дзейнасьці залежыць ад афіцыйных уладаў краіны, ад тых законаў, якія рэгулююць працаўладкаваньне замежнікаў у Галяндыі. І таму, каб даць вам найбольш поўную інфармацыю пра легальныя аспэкты выезду на заробкі ў Нідэрлянды, я вырашыў зьвярнуцца ў Міністэрства працы Галяндыі.

Адказаць на пытаньні беларускай “Свабоды” згадзіўся загадчык інфармацыйнага аддзелу Міністэрства Тэа Коллен. Вось як ён ахарактарызаваў стан сучасных патрэбаў Галяндыі ў замежнай працоўнай сіле”.

(Коллен: ) ”Сучасная эканамічная сытуацыя Галяндыі характарызуецца выразным пашырэньнем магчымасьцяў працаўладкаваньня. Колькасьць працоўных вакансіяў увесь час павялічваецца. Асабліва гэта датычыць высокакваліфікаванай працоўнай сілы. Нам патрэбныя людзі, якія здольныя палепшыць стан нашай эканомікі. І гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца ў бліжэйшыя гады.

Паводле прагнозаў, у наступным годзе мы будзем мець рост эканомікі на ўзроўні 3,5 – 4%. У дадзены момант некаторыя галіны нашай прамысловасьці адчуваюць недахоп працоўнай сілы”.

(Іваноў: ) “На маё пытаньне, якія гэтыя галіны, загадчык інфармацыйнага аддзелу галяндзкага Міністэрства працы Тэа Коллен адказаў”.

(Коллен: ) “Вядома, што гэта перадусім спэцыялісты інфармацыйных тэхналёгіяў. Недахоп працоўнай сілы назіраецца таксама ў адукацыі, ахове здароў’я, турыстычным бізнесе, а таксама ў індустрыяльнай сфэры і розьнічным гандлі”.

(Іваноў: ) “Галяндыя ў галіне працаўладкаваньня замежнікаў лічыцца адной з найбольш лібэральных краінаў Эўропы. Знайсьці працу тут для чужынца лягчэй, чымся, напрыклад, у Нямеччыне. І таму я зьвяртаюся да спадара Тэа Коллена, загадчыка інфармацыйнага аддзелу Міністэрства прцы Галяндыі, з просьбай пракамэнтаваць гэтае сьцьверджаньне. Ці гэтая інфармацыя адпавядае сапраўднасьці?”

(Коллен: ) “Калі прааналізаваць нашыя законы ў галіне  працаўладкаваньня, дык яны сапраўды даволі лібэральныя і элястычныя. Яны  адпавядаюць патрэбам краіны. Тое, што вы сказалі, праўда. Нашыя законы лібэральныя, але яны ўлічваюць патрэбы іншых краінаў Эўрапэйскага Зьвязу”.

(Іваноў: ) “У сьвеце сёньня нараджаецца глябальная канкурэнцыя паміж багатымі краінамі сьвету на міжнародным рынку працы высокакваліфікаваных спэцыялістаў. Некаторыя краіны ў сувязі з гэтым распрацавалі і пачалі ажыцьцяўленьне мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі ў галіне запрашэньня на працу замежнікаў. Найбольш сьвежы прыклад падобнага падыходу – Нямеччына, якая сёлета запрасіла на працу да 20 тыс. кампутарнікаў. Ці падобная дзяржаўная палітыка існуе альбо распрацоўваецца ў Галяндыі?”

(Коллен: ) “У гэтым сэнсе мы адрозьніваемся ад нашых нямецкіх калегаў. У Галяндыі няма ніякіх квотаў запрашэньня замежных спэцыялістаў. Яны не існуюць у нас. У нас няма ніякай выразна акрэсьленай дзяржаўнай палітыкі ў гэтай галіне. Менавіта прыватныя фірмы вырашаюць: у якіх галінах нашай гаспадаркі патрэбныя спеэцыялісты. Дзяржаўная ж палітыка палягае ў тым, каб дапамагчы гэтым фірмам у іхнай працы. Мы таксама заахвочваем іх прыцягваць у гаспадарку пэнсыянэраў і інвалідаў. Гэта падмурак нашай палітыкі”.

(Іваноў: ) “Для таго, хто хацеў бы працаўладкавацца ў Галяндыі, атрымаць працоўную візу ад Міністэрства працы магчыма толькі пры пасярэдніцтве тых фірмаў, дзе чалавек зьбіраецца працаваць. А ў чым жа палягаюць ягоныя кантакты з афіцыйнымі галяндзкімі ўладамі?”

(Коллен: ) “Непасрэдных кантактаў з намі кандыдат на працу – замежнік – практычна ня мае. Фірма, якая зьбіраецца яго прыняць на працу, павінна ажыцьцявіць усе неабходныя фармальнасьці.

Вашым слухачам я скажу, што няма магчымасьці самому непасрэдна да нас зьвярнуцца па дазвол на працу. Усё гэта рэгулюецца галяндзкім адпаведным заканадаўствам. Было б вельмі сумна і няправільна, калі б нехта зьвярнуўся па дазвол на працу непасрэдна да нас і даслаў нам адпаведныя дакумэнты”.

(Іваноў: ) “Тыя людзі, якія прыязджаюць на працу ў Галяндыю, ня толькі падвышаюць узровень свайго ўласнага дабрабыту, але і спраыыняюцца да падвышэньня агульнага дабрабыту ўсяго галяндзкага народу. Дзякуючы іхнай працы, іхным здольнасьцям, часам самаахвярнасьці, Галяндыя з кожным днём становіцца багацей і багацей. Ці ёсьць усьведамленьне карыснасьці гэтых людзей для Галяндыі ў галяндзкім грамадзтве? Ці разумеюць простыя галяндцы карыснасьць працы гэтых людзей?”

(Коллен: ) “Я ў гэтым ня ўпэўнены. У галяндзкім грамадзтве на гэтую тэму ідуць шматлікія дыскусіі. Шмат людзей яшчэ выступае супраць павелічэньня ўдзелу замежнікаў на галяндзкім рынку працы. Некаторыя лічаць, што лепш зьнізіць прадукцыйнасьць працы ў краіне і прыцягнуць да працы інвалідаў. Дарэчы, урад робіць шмат у гэтым кірунку. Гэта праблема выбару. Магчыма, у будучыні гэта зьменіцца”.

(Іваноў: ) “І на заканчэньне маёй размовы з загадчыкам інфармацыйнага аддзелу галяндзкага Міністэрства працы Тэа Келлерам я папрасіў яго пракамэнтаваць фэномэн талерантнасьці галяндзкага грамадзтва. Чаму тут няма масавых ускрайне-правых палітычных партыяў, якія выступаюць за ачышчэньне краіны ад чужынцаў? Чаму ў грамадзтве пануе талерантнасьць і дух разуменьня тых, хто прыязджае сюды шукаць лепшай долі?”

(Коллен: ) “Гэта тлумачыцца перадусім усёй нашай гісторыяй. Гістарычна значная частка нашага грамадзтва складаецца з тых, хто прыехаў з-за мяжы. Праўда, і мы маем ультра-правыя партыі, але яны ня маюць ніякага ўплыву, яны не прадстаўленыя ў парляманьце. Вы і сёньня можаце пабачыць у нашай краіне шмат палітычных уцекачоў з самых розных краінаў”.

Мікола Іваноў, Прага
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org