RFE/RL |
|
У сьвет на заробкі
ЗАРОБКІ Ў АМЭРЫЦЫ
Аўтар і вядучы Мікола Іваноў. Эфір 11 жніўня 1999 Вось перада мною штодзённая амэрыканская бадай-што самая шматтыражная газэта “Нью Ёрк Таймс”. Газэта гэтая незвычайная для нас, але звычайная для амэрыканцаў. Калі хто-кольвек хацеў бы штодзённа чытаць яе “ад коркі да коркі”, дык практычна гэта немагчыма. Штодзённы аб’ём яе – некалькі сот старонак, на якіх амаль кожны можа знайсьці для сябе неабходную спэцыфічную інфармацыю. Мяне ж тым разам зацікавіў разьдзел, датычны працаўладкаваньня. І што ж я там бачу? Такое ўражаньне, што інфармацыя пра больш за шасьціадсоткавы ўзровень беспрацоў’я ў Амэрыцы – міт. Газэта літаральна перапоўненая аб’явамі пра тое, што патрабуюцца кампутарнікі, праграмісты й аналітыкі, дызайнэры, настаўнікі, інжынэры амаль усіх спэцыяльнасьцяў і шмат, шмат іншых спэцыялістаў высокай кваліфікацыі. Аб’яваў пра патрэбу ў простых рабочых менш, але, як сьцьвярджаюць знаёмыя беларусы-амэрыканцы, для такіх аб’яваў мейсца ў малых мяйсцовых газэтах, не ў “Нью Ёрк Таймс”. ЗША сёньня перажываюць эканамічны бум. І вялікае запатрабаваньне на рабочую сілу цалкам зразумелае. Але як усё гэта можа датычыць беларусаў? Якім чынам, беларусы маглі б знайсьці для сябе мейсца на гэтым рынку? Але самае галоўнае, ці зьява выезду беларусаў на заробкі за мяжу можа быць нейкім чынам карысная і для Беларусі, палітычная сытуацыя якой, мякка кажучы, выразна спрыяе выезду ўсіх тых лепшых беларускіх галоваў, якія тут адчуваюць сябе непатрэбнымі, тых, хто ня можа жыць у атмасфэры несвабоды й сталых палітычных рэпрэсыяў? Каб пракамэнтаваць гэтую сытуацыю, я зьвярнуўся да вядомага беларускага эканаміста, эканамічнага дарадцу Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Лявона Злотнікава. (Злотнікаў: ) “Паводле ўласных дасьведчаньняў, ды і іншыя могуць сказаць, што выехаць за мяжу сёньня ня цяжка. Такога пачуцьця, што мы знаходзімся ў турме, няма. І таму галоўным у рашэньні тых, хто выяжджае за мяжу, гэта эканамічная матывацыя, гэта імкненьне пазьбегнуць галечы, імкненьне ўратаваць сябе й сваю сям’ю, ад таго цяжкага эканамічнага становішча, якое ўжо склалася ў Расеі, і якое напэўна будзе і ў Беларусі”. Нядаўна мне давялося сустрэцца зь інфармацыяй, датычнай замежных капіталаўкладаньняў у Польшчы. І вось, што цікава: прыблізна 65% капіталаўкладаньняў сярэдняга памеру (да 300 тысячаў даляраў) робяць замежнікі польскага паходжаньня. Іншымі словамі, той, хто некалі выехаў з Польшчы на заробкі на Захад, цяпер вяртаецца сюды з заробленымі грашыма. Вяртаюцца таму, што цяпер у Польшчы створаныя нармалёвыя варункі для бізнэсу, таму, што тут зьявілася магчымасьць таксама зарабіць добрыя грошы, і нават лепшыя, чымся на Захадзе. Безумоўна не апошнюю ролю ў тым, што былыя эмігранты з Польшчы цяпер вяртаюцца да дому, адыгрываюць і сэнтымэнтальныя моманты. Але, зразумела, гэтую ролю не трэба перабольшваць. Ці падобная пэрспэктыва вяртаньня сёньняшніх беларускіх эмігрантаў рэальная і для Беларусі? А калі так, дык якім чынам гэта адбудзецца? Лявон Злотнікаў каментуе: (Злотнікаў: ) “Я ня ведаю пра багатых беларусаў, і як гэта ня дзіўна, я ведаю пра багатых яўрэяў, якія ўжо вярнулі частку сваіх капіталаў сюды. Я магу прывесьці прыклад Георгія Астроўскага, які ўклаў свае грошы ў сумеснае беларуска-канадскае прадпрыемства. Ведаю і пра іншых яўрэяў, якія мараць пабыць у родным асяродзьдзі. Я ведаю і пра іншых. Некаторыя нават выказваюць жаданьне дапамагаць апазыцыйным палітычным партыям Беларусі. Калі я быў у Амэрыцы, я ўздымаў гэтае пытаньне ў размове зь Янам Запруднікам. Але ён таксама выказаў сумнеў, што праз 3–5 гадоў некаторыя беларусы вярнуцца й будуць укладваць свае грошы ў Беларусі, так як гэта зрабілі “хуацяо” ў Кітаі. Так што мае надзеі хутчэй зьвязаныя з яўрэямі, чымся зь беларусамі. Аднак, я ведаю даволі шмат беларусаў, якія працуюць за мяжою, вельмі цяжка працуюць, але прывозяць свае грошы сюды. І з эканамічнага пункту гледжаньня гэта карысна для беларускай эканамікі. Любая эміграцыя (легальная, ці нелегальная) дае вельмі моцны імпульс эканоміцы”. Сёньняшняя беларуская заробкавая эміграцыя, і часовая, і тая, якая назаўсёды, адбываецца пераважна з тымі ці іншымі парушэньнямі, як беларускага, так і замежнага заканадаўстваў. Людзі вымушаныя хаваць свае заробкі ад падаткавых ворганаў, працаваць на мейсцы па-чорнаму, жыць за мяжой з пратэрмінаванымі візамі, часам, зусім без дазволу мяйсцовых уладаў. На іх не распаўсюджваецца, часам, мяйсцовае заканадаўства аховы працы, ім не плацяць сацыяльнае дапамогі, яны ня маюць мэдычных страховак і т.п. Ці ёсьць шанец перавесьці справу заробкаў за мяжою у нейкае цывілізаванае русла? Якім чынам зрабіць гэта? І калі гэта магчыма? Лявон Злотнікаў адказвае на гэта наступным чынам: (Злотнікаў: ) “Сёньня ёсьць і нелегальная, і легальная эміграцыя. Я ведаю, прыкладам, сваіх сяброў – фізыка, біёляга, і у нас ёсьць агульны сябра, які быў па кантракту ў Францыі. Яны там вельмі добра зарабляюць. За тры–чатыры месяцы працы яны прывозяць сюды свой пяцігадовы заробак. Так, што ёсьць і першае, і другое. Я думаю, што зь цягам часу, калі ўзровень жыцьця тут пачне падымацца, калі рэжым стане больш лібэральным, дык і легальная эміграцыя пачне ўзмацняцца. Яна будзе адбывацца паводле ўсіх законаў”. Лявон Злотнікаў нядаўна быў у службовай выправе ў ЗША. Удзельнічаў там у міжнароднай навуковай канфэрэнцыі. Але меў ён час таксама сустрэцца зь беларусамі, якія нядаўна прыехалі за акіян. Прыехалі, каб зарабіць і вярнуцца да дому, але бальшыня прыехала, каб застацца назаўжды. Дзе й кім працуюць яны ў Амэрыцы? Якія варункі іхнае працы й жыцьця? Лявон Злотнікаў расказвае: (Злотнікаў: ) “Калі я быў у Амэрыцы, я пытаўся ў чатырох беларускіх хлопцаў: ці хочацца ім вярнуцца на Радзіму, ці не. І я зьдзівіўся: яны там вельмі цяжка працуюць па 10–12 гадзінаў. У іх няма шанцаў легалізаваць свае прыбыткі, няма шанцаў купіць кватэру, немагчыма атрымаць мэдычную дапамогу, калі захварэюць. Яны там працуюць за “налічку”, а не на чэкі, як там прынята. І вось у гэтым цяжкім становішчы, калі яны жывуць па чацьвёра ў адной кватэры, каб заашчадзіць грошы дзеля таго, каб паслаць іх пазьней сваёй сям’і. І вось з чатырох апытаных мною чалавек, ніводзін не выказаў жаданьня вярнуцца да дому. Яны баяцца галечы”. У кожным цывілізаваным грамадзтве праца за мяжою – гэта нармальнасьць, нармальнасьць, якая падпарадкоўваецца агульным законам свабоднага рынку. Амэрыканскі інжынэр, японскі дызайнэр, партугальскі рабочы ці францускі кухар працу за мяжою разглядаюць у якасьці нармалёвай часткі іхнай жыцьцёвай кар’еры, якая абсалютна не сымбалізуе сабою разьвітаньне назаўсёды з бацькаўшчынаю. Хутчэй наадварот, выезд за мяжу для іх – гэта магчымасьць набыць цікавы працоўны досьвед, які дапаможа ім у далейшай працоўнай кар’еры дома. І раней, ці пазьней падобная нармальнасьць павінна прыйсьці ў Беларусь. Мікола Іваноў, Прага
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |