RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

У Сьвет на Заробкі



Працаўладкаваньне ў Ірляндыі-ІІ. Як паехаць? Да каго зьвярнуцца?

(эфір 3 кастрычніка 2000)

Аўтар і вядучы – Мікола Іваноў.

Ірляндыя – краіна, якая мае самыя высокія тэмпы эканамічнага разьвіцьця ў Эўрапейскім Зьвязе. У мінулым годзе сюды на заробкі прыехала рэкордная лічба замежнікаў. Якія праблемы чакаюць тых, хто хацеў бы паехаць туды?

На пачатку гэтага году ўрад Ірляндзкай Рэспублікі абвесьціў пляны прыняцьця 20 тысячаў працаўнікоў розных прафэсіяў у сувязі тым, што спэцыяльная камісія Эўрапейскага Зьвязу абвесьціла Ірляндыю зонай паскоранага эканамічнага разьвіцьця і дала на гэтыя мэты значныя фінансавыя сродкі.

Сёньняшні ірляндзкі закон прадстаўленьня візаў дзеля працы ў краіне адзін з самых ліберальных у Эўропе. Ён дазваляе там працаваць у кожным выпадку, калі ірляндзкі працадаўца пераканае мясцовыя ўлады, што такі спэцыяліст патрэбны яму ў працы. У адрозьненьне ад працоўнага заканадаўства іншых заходнеэўрапейскіх краінаў ірляндзкае ня ставіць варунак, каб на гэтае працоўнае месца не прэтэндаваў мясцовы ірляндзкі працаўнік.

Тлумачыыца падобная лібэральнасьць даволі проста: у Ірляндыі беспрацоў’е на вельмі нізкім узроўні. Праўда і сярэднія заробкі ў гэтай краіне значна ніжэйшыя, чымся, напрыклад, уНямеччыне ці Швэцыі. Але гэта не датычыць кампутарнікаў і прадстаўнікоў іншых прафэсіяў у галіне інфармацыйных тэхналёгіяў. Іх заробкі на сярэднім эўрапейскім узроўні.

Што ж датычыць заробкаў нізкакваліфікаваных працаўнікоў, дык працаўнікі мясакамбінатаў-замежнікі зарабляюць прыблізна па 800 даляраў на тыдзень, але гэта пры 10-гадзінным працоўным дні, часам са звыштэрміновай працай.

Але ці чакаюць беларусаў ірляндцы ў сваёй краіне, а калі так, дык з якімі настроямі. Каб атрымаць адказ на гэтае і іншыя пытаньні я папрасіў прыняць удзел у нашай перадачы эканамічнага аглядальніка буйнейшай ірляндзкай штодзённай газэты Irish Times Нулю Гохі. Вось як яна пракамэнтавала агульную сытуацыю ў галіне працаўладкаваньня замежнікаў:

(Гохі: ) “Ірляндзкі ўрад імкнецца запрашаць працаўнікоў толькі ў тыя галіны нашай гаспадаркі, дзе рабочых не хапае. Перш за ўсё гэта спэцыялісты кампутарных тэхналёгіяў, кампутарнікі, будаўнікі, архітэктары, а таксама мэдычныя сёстры і інш. І таму ўрад фінансуе тыя фірмы, якія рэклямуюць працу ў Ірляндыі і намагаюцца працаўладкоўваць тут людзей. Нядаўна ўрад абвесьціў праграму эканамічнага разьвіцьця на бліжэйшыя 6 гадоў, у якім гаворыцца, што краіна патрабуе да 200 тысячаў новых працаўнікоў, каб быць у стане адпавядаць міжнародным плянам эканамічнага разьвіцьця. Традыцыйна Ірляндыя была краінай эмігрантаў. Ірляндцы эмігравалі ў Амэрыку, у Англію, у іншыя эўрапейскія краіны на працу. І вось цяпер урад хоча вярнуць назад гэтых людзей, а таксама запрасіць у краіну новых імігрантаў і таксама паспрабаваць прыцягнуць на працу жанчынаў і пэнсіянэраў”.

Але ці ёсьць нейкія канкрэтныя дзяржаўныя праграмы прыцягненьня ў Ірляндыю працаўнікоў некаторых патрэбных спэцыяльнасьцяў з замежжа, падобныя на тыя, якія дзейнічаюць у Канадзе ці Аўстраліі. Нуля Гохі, эканамічны аглядальнік вядучай ірляндзкай газэты Irish Times адказвае:

(Гохі: ) “Урад нядаўна абвесьціў праграму хуткага атрыманьня працоўных візаў некаторым катэгорыям рабочых. Так, напрыклад, гэтая праграма дазволіла групе мэдыцынскіх сёстраў з Філіпінаў хутка прыехаць сюды, тыму што ў нас недахоп сярэдняга мэдыцынскага пэрсаналу, і нашая сыстэма аховы здароў’я пакутвае ад гэтага. Яна дазволіла хутка прыехаць групе ўпакоўшчыкаў бульбы з Латвіі, групам працаўнікоў з Расеі і Украіны…Але вы ня можаце проста сесьці ў самалёт і прыехаць у Ірляндыю на працу. Трэба ўсё падрыхтаваць загадзя, паглядзець рэклямы пасярэдніцкіх фірмаў у газэтах, таму што толькі яны могуць арганізаваць для вас візу, і калі вы прыедзеце ў Ірляндыю, вы тут будзеце знаходзіцца легальна”.

Праблема прыезду на заробкі ў Ірляндыю звязаная з праблемай палітычных уцекачоў. Калі тыя, хто прыяжджаюць на заробкі, спрыяюць разьвіцю ірляндзкай гаспадаркі, дык палітычныя ўцекачы, якіх з кожным годам на ірляндзкі востраў прыбывае больш і больш – у асноўным для эканомікі гэта неспрыяльны цяжар. Нуля Гохі з Irish Times наступным чынам камэнтуе гэтую праблему:

(Гохі: ) “Да нас прыяжджае шмат тых, хто шукае палітычнага прытулку. Амаль з усяго сьвету, у тым ліку і з афрыканскіх краінаў. Некаторыя з іх хочуць працаваць, некаторыя не. І таму некаторыя царкоўныя і эміграцыйныя групы зьвяртаюцца да ўраду: да нас прыбывае штомесяц прыблізна тысяча тых, хто хоча атрымаць палітычны прытулак у Ірляндыі, шмат хто зь іх добра адукаваны, мае працоўнае дасьведчаньне, чаму не дазволіць гэтым людзям тут працаваць? Але ўрад стала адкідае ўсе прапановы дазволіць гэтым людзям працаваць. Урад лічыць, што гэта магло б зрабіць Ірляндыю прывабнай краінай для ўцекачоў і эканамічных мігрантаў. Урад аддае перавагу палітыцы самому абіраць на працу ў Ірляндыю людзей з адпаведнымі кваліфікацыямі”.

Сёньня самая інтэнсыўная канкурэнцыя на міжнародным рынку працы адбываецца ў галіне спэцыялістаў інфармацыйных тэхналёгіяў. Нямеччына абвяшчае пра пляны запрашэньня да сябе 20 тыс. кампутарнікаў. ЗША стварылі надзвычай прэфэрэнцыйныя ўмовы для кампутарнікаў, якія б хацелі прыехаць туды на працу. А якое ж месца займае на гэтым рынку Ірляндыя? Якую палітыку праводзіць Ірляндыя ў гэтай галіне? Нуля Гохі, эканамічны аглядальнік Irish Times распавядае:

(Гохі: ) “Адны з самых вялікіх кампутарных кампаніяў сьвету маюць свае сядзібы ў Ірляндыі, і таму, зразумела, мы канкуруем на ўсясьветным рынку працы ў гэтай галіне. Мы канкуруем з Селіконавай далінай, з Вялікай Брытаніяй, з краінамі кантынэнтальнай Эўропы. Але тут ёсьць маральная дылема. Як, напрыклад, можна выпампаваць з Індыі яе высокакваліфікаваных спэцыялістаў, яе мазгі? Гэта маральная дылема, з якой сутыкаюцца ўсе краіны”.

Напачатку нашай размовы Нуля Гохі прыгадала новую дзяржаўную праграму, якая дазваляе некаторым катэгорыям працаўнікоў атрымліваць візы ў паскораным парадку. Сярод гэтых катэгорыяў кампутарнікі на першым месцы. Праграма гэтая пачала дзейнічаць зусім нядаўна, але ў яе ажыцьцяўленьні ўжо ёсьць адпаведныя дасьведчаньні. Якія? Аглядальнік вядучай ірляндзкай газэты Irish Times спадарыня Гохі распавядае:

(Гохі: ) “Праграма пачала дзейнічаць толькі сёлета. Да жніўня праз яе прайшлі толькі 243 асобы з 11 краінаў, яны атрымалі візы ў яе межах. Сярод іх быў 91 спэцыяліст інфармацыйных тэхналёгіяў пераважна з Індыі і Югаславіі. Сярод іх былі інжынэры з Расеі і архітэктары з Індыі і Расеі, спэцыялісты гарадзкога плянаваньня са Славаччыны. Але гэта толькі першыя месяцы дзеяньня новай праграмы. І яна пакуль што не зрабіла вялікага ўплыву на рынак працы”.

Ірляндыя, як бачым, пільна патрабуе прытоку новай рабочай сілы, і ірляндзкі ўрад робіць шмат дзеля таго, каб спэцыялісты прыяжджалі сюды. Але ці дастаткова? На тэрыторыі незалежных краінаў, якія паўсталі на месцы былога Савецкага Саюзу, ірляндзкая амбасада ёсьць толькі ў Маскве, а таксама ганаровы кансулят у Кіеве. Спэцыялісты, зацікаўленыя ў працаўладкаваньні ў Ірляндыі, маюць мала інфармацыі пра пэрспэктывы працы на “зялёнай выспе”. Ці гэта разумеюць у самой Ірляндыі? Нуля Гохі адказвае:

(Гохі: ) “Калі вы гаворыце пра працэдуру атрыманьня візаў, дык тут сапраўды шмат праблемаў. Прадстаўнікі ірляндзкага бізнэсу націскаюць на ўрад, каб пачалася сапраўдная інфармацыйная кампанія ў гэтай галіне каб інфармаваць будучых працаўнікоў. Сапраўды прадстаўнікі бізнэсу вельмі заклапочаныя адсутнасьцю інфармацыі”.

Ірляндыя – краіна, колькасьць актыўнай рабочай сіды ў якой павялічыцца амаль на траціну на працягу наступных дзесяці гадоў. У Заходняй Эўропе Ірляндыя ў гэтым сэнсе краіна ўнікальная. Тэмпы яе эканамичнага разьвіцьця у 2-3 разы перавышаюць сярэднія тэмпы для Заходняй Эўропы. Каб утрымаць тэмпы свайго разьвіцьця на такім высокім узроўні патрэбны значны прыток новай рабочай сілы. Ці здолее яна прыцягнуць яе? У адной з наступных перадачаў сэрыі “У сьвет на заробкі” мы паспрабуем правесьці размову з адказнымі працаўнікамі міністэрства працы Ірляндыі, якія плянуюць эміграцыйную палітыку краіны на бліжэйшыя гады.

Мікола Іваноў, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org