RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

У Сьвет на Заробкі



Працаўладкаваньне ў Нямеччыне

(эфір 18 ліпеня 2000)

Аўтар і вядучы – Мікола Іваноў.

Напачатку прыгадаю, што падвышаны інтарэс да працаўладкаваньня ў Нямеччыне цалкам апраўданы. Нядаўна нямецкі ўрад па ініцыятыве самога канцлера Гэрхарда Шродэра прыняў пастанову запрасіць на працу ў Нямеччыну 20 тысячаў спэцыялістаў інфрамацыйных тэхналёгіяў. Гэтыя 20 тысячаў – толькі пачатак, як сьцьвярджаюць спэцыялісты. Патрэбы Нямеччыны ў высокакваліфікаваных кампутарніках у 4-5 разоў большыя.

Калі Нямеччына на працягу бліжэйшых 10 гадоў не запоўніць гэтыя вакансіі ў галіне інфармацыйных тэхналёгіяў, яе чакае цяжкі час. Канкураваць на ўсясьветных рынках зможа толькі гаспадарка, ўзброеная самымі апошнімі дасягненьнямі інфарматыкі.

Ужо сёньня ў гаспадарцы Нямеччыны назіраюцца адпаведныя адмоўныя зьявы. Буйныя нямецкія фірмы вымушаныя зьвяртацца да замежных інфармацыйных кампаніяў па кансультацыі. Шмат заказаў нямецкіх фірмаў у галіне распрацоўкі кампутарных праграмаў увогуле выконваюцца за мяжой, галоўным чынам у ЗША і на Далекім Усходзе.

Усё гэта і выклікала неабходнасьць зьмены нямецкага эміграцыйнага заканадаўства. Дакладней кажучы, ня зьмену, а ягоную пэўную мадыфікацыю. Як мне патлумачылі ў амбасадзе Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччына ў Менску, новыя эмігранты прыедуць у Нямеччыну ў рамках старога заканадаўства. Проста ўрад краіны выдаў адпаведны ўказ, згодна з якім некаторыя палажэньні старога заканадаўства будуць выкарыстоўвацца па-новаму.

І яшчэ адно вельмі важнае растлумачэньне: афіцыйна Нямеччына запрашае да сябе 20 тысячаў спэцыялістаў-кампутаршчыкаў толькі на 5 год. Пасьля заканчэньня пяцігадовага кантракту яны тэарэтычна павінны пакінуць тэрыторыю Нямеччыны. Але ў амбасадзе мне, напрыклад, не паведамілі (і гэта цалкам зразумела), што кожны чужынец, які пражыў у Нямеччыне 5 год, паводле закону мае права прэтэндаваць на сталае жыхарства там. Больш за тое, пасьля 7 год пражываньня ў Нямеччыне можна нават зьвяртацца з просьбай атрыманьня нямецкага грамадзянства.

Так што практычна 5-гадовы кантракт – гэта сур’ёзная падстава для сталай эміграцыі ў Нямеччыну. Гэта магчымасьць настала пасяліцца ў гэтай адной з самых багатых краінаў сьвету.

Але як зрабіць гэта? Мінулым разам я ўжо расказваў нашым слухачам, што сам нямецкі ўрад не займаецца працаўладкаваньнем спэцыялістаў-кампутаршчыкаў у нямецкіх фірмах. Не шукаюць адпаведных кандыдатаў і самі фірмы. Уся справа ў руках некалькіх фірмаў-пасярэднікаў, але толькі такіх, якія маюць дзяржаўную ліцэнзію. Каардынуе ж усю працу дзяржаўная фірма, галоўная сядзіба якой знаходзіцца ў Боне. Вось туды я і пазваніў, каб атрымаць адказ на шэраг пытаньняў, з якімі да нас зьвярнуліся нашыя слухачы на працягу апошняга тыдня.

На пытаньні нашых радыёслухачоў адказвае прэсавы сакратар “Арбайтсамту” Барбара Левен.

Першае пытаньне, з якім я да яе зьвярнуўся, датычыла аплатаў за паслугі “Арбайтсамту”. Ці асобы, якія праз амбасаду Нямеччыны зьвяртаюцца з прапановай паехаць працаваць у Нямеччыну, павінны аплочваць пасярэдніцкія паслугі яго фірмы? Спадарыня Левен адказвае:

(Левен: ) “Нашыя паслугі абсалютна бясплатныя. Мы зьяўляемся часткай дзяржаўнай установы. Паўтараю: нікому не давядзецца плаціць за тое, што ён зьвярнуўся да нас па дапамогу. Ёсьць прыватныя арганізацыі, якія бяруць за падобныя паслугі грошы. І таму я лічу, што трэба перш за ўсё зьвяртацца да нас, каб не плаціць непатрэбна”.

Найбольш частым пытаньнем, з якім да нас зьвяртаюцца нашыя радыёслухачы, было: ці трэба перакладаць афіцыйныя беларускія дакумэнты на нямецкую ці ангельскую мовы, і ці трэба пераклад завяраць у натарыўса? Прэсавы сакратар нямецкага “Арбайтсамту” адказвае:

(Левен: ) “Не, хопіць і ангельскай мовы. Але вельмі добра было б, каб дакумэнты таксама заверыў натарыўс. Бо гэта дае нам упэўненасьць, што дакумэнты добра перакладзеныя, і што самі дакумэнты сапраўдныя”.

А ці павінны кандыдаты на працу ў Нямеччыне здаваць нейкія экзамены ці тэсты ведаў у іх прафэсійнай сфэры? Спадарыня Левен адказвае:

(Левен: ) “Тут у Нямеччыне фірма-працадаўца павінна сама арганізаваць дазвол на працу. Яна павінна сабраць усе неабходныя дакумэнты, накіраваць іх у міністэрства працы. І калі дазвол на працу атрыманы, фірма дасылае яго зацікаўленаму кампутарніку, які шукае працы ў Нямеччыне, і ён сам накіроўваецца ў нямецкую амбасаду ці кансулят у сваёй краіне і зьвяртаецца па візу. А нямецкае дыпляматычнае прадстаўніцтва выконвае свае звычайныя абавязкі. У гэтым няма нічога надзвычайнага. Некаторыя нямецкія фірмы, каб праверыць кваліфікацыі кандыдатаў на працу, накіроўваюць сваіх прадстаўнікоў на іх Бацькаўшчыну. Другія запрашаюць на кваліфікацыйную размову ў Нямеччыну”.

А якая найбольш распаўсюджаная практыка: людзей запрашаюць у Нямеччыну ці адказны за правядзеньне інтэрвію прыяжджае ў Беларусь:

(Левен: ) “Усё залежыць ад кожнай паасобнай кампаніі. Некаторыя аддаюць перавагу запрашэньню людзей сюды, ў Нямеччыну. Але адно напэўна: яны будуць правяраць веды кандыдатаў. А ўжо форма праверкі будзе залежаць ад кіраўніцтва кампаніі”.

Некаторыя з нашых слухачоў цікавяцца магчымасьцю атрыманьня грашовага авансу ад фірмаў, якія прыймаюць іх на працу. Нам пішуць, што многія ня маюць грошай, каб прыехаць у Нямеччыну. Брабара Левен, прэсавы сакратар “Арбайтсамту”, адказвае:

(Левен: ) “Гэта таксама залежыць ад адносінаў паміж кандыдатам і кампаніяй. Некаторыя кампаніі, якім вельмі падабаецца кандыдат, могуць заплаціць за пераезд яго і ягонай сям’і ў Нямеччыну. Часам кандыдату давядзецца прыехаць за ўласны кошт. Кожны з кандыдатаў вырашае гэтую праблему сам падчас перамоваў з кампаніяй”.

Сярод пытаньняў нашых радыёслухачоў было і такое: а ці магчымая такая сытуацыя, калі нехта падпісаў кантракт з нямецкай фірмай, а міністэрства ўнутраных справаў Нямеччыны не дае дазволу на візу. Спадарыня Барбара Левен адказвае:

(Левен: ) “Усё залежыць ад адносінаў паміж кандыдатам на працу з кампаніяй-працадаўцам. Калі кампанія атрымлівае ад міністэрства дазвол на працу – у наяўнасьці ўжо неабходная перадумова на прыезд у Нямеччыну. А атрыманьне візы – гэта тэхнічная праблема”.

І на заканчэньне нашай размовы прэсавы сакратар “Арбайтсамту”, Барбара Левен, прыгадала, што засталося ўсяго крыху больш за месяц, каб аформіць дазвол на працу ў Нямеччыну. Яе апошнія парады былі наступныя.

(Левен: ) “Перш за ўсё самі кандыдаты на працу павінны зрабіць неабходныя дзеяньні. Яны павінны знайсьці для сябе кампанію-працадаўцу, якая пачне для яго дабівацца дазволу на працу. Гэта зусім ня так як у ЗША, дзе вы спачатку атрымліваеце дазвол на пражываньне, а пазьней ужо шукаеце сабе працу. Тут перадусім у вас павінна быць праца. Яе прасьцей за ўсё шукаць праз Інтэрнэт па адрасу: www.arbeitsamt.de Праз Інтэрнэт вы можаце запоўніць неабходныя анкеты. А рэшту за вас зробіць працадаўца”.

Тэма працы ў Нямеччыне, як гэта вынікае з водгукаў нашых радыёслухачоў, вельмі актуальная. Таму мы вырашылі прысьвяціць ёй адну з наступных радыёперадачаў сэрыі “У сьвет на заробкі”. Калі нехта з вас хацеў бы высьветліць для сябе нейкія праблемы, датычныя працы ў Нямеччыне, калі ласка, зьвяртайцеся з пытаньнямі да нас ў рэдакцыю.

І на заканчэньне прыгадаю інтэрнэтаўскі адрас нямецкай фірмы, адказнай за прыём на працу спэцыялістаў з Беларусі:
“www.arbeitsamt.de”.

Мікола Іваноў
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org