RFE/RL |
Беларус з Комі, былы вязень сталінскіх лягераў; прафэсар Нью-Ёркскага ўнівэрсітэту – пра амэрыканскую сыстэму адукацыі.Удзельнічаюць: Георгі Усьцілоўскі, Ала Орса-Рамана. (эфір 15.12.2000) Аўтары і вядучыя: Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш. (Сурмач: ) “Пад час сталінскіх рэпрэсіяў многія беларусы былі вывезеныя на поўнач Расеі, пераважна ў Комі. Таму і зараз у гэтай рэспубліцы можна сустрэць нашых суродзічаў – былых палітвязьняў, ці іх нашчадкаў. У Сыктывкары дзейнічае цяпер беларуская суполка, якая аб’ядноўвае ўсіх беларусаў Комі. У нашай сёньняшняй перадачы вы пачуеце аповяд колішняга вязьня сталінскіх лягераў Георгія Усьцілоўскага з Саснагорску. Родам ён з Магілеўшчыны, доўгія гады пражыў на чужыне, недасканала валодае роднаю моваю і таму прабачаецца, што мусіць гаварыць з намі па-расейску. Сп. Георгі ўспамінае пра абставіны свайго арышту ў жніўні 1937 году”. (Усьцілоўскі: ) “Я быў малады, мне не было яшчэ і дваццаці гадоў. Працаваў журналістам у рэдакцыі гарадзкой газэты ў Ельні на Смаленшчыне. У нашым горадзе не давала спакою жыхарам група маладых хуліганаў, сярод якіх быў сын начальніка аддзелу НКВД. Я напісаў пра гэта артыкул. Праз сем дзён на мой артыкул адрэагавала мясцовае начальства. У рэдакцыю прыйшлі пяць чалавек з міліцыі і НКВД, зрабілі ператрус і мяне арыштавалі”. (Сурмач: ) “Сп. Георгі, якую справу Вам інкрымінавалі?” (Усьцілоўскі: ) “Інкрымінавалі мне вельмі многае. Спачатку – шпіёнства, і што я хацеў Сталіна забіць. Але доказаў не знайшлі, дык прышылі мне вядомы 58 артыкул – контррэвалюцыйная дзейнасьць. Сядзеў у Смаленскай турме, спачатку 8 месяцаў у адзіночцы, мяне катавалі, білі. Потым яшчэ поўгады трымалі ў агульных камэрах. У выніку далі мне 8 гадоў лягераў і 5 гадоў паразы ў правох. Адправілі ў Комі, чыгункаю да Котласа, далей рэйкаў не было, павезлі водным шляхам у вярхоўі Вычагды, у глухую тайгу. Гэта быў кастрычнік, было холадна, сьнег. Людзей прывезлі, але навігацыя скончылася і не даставілі прадукты. Многа людзей па гэтай прычыне ў тую зіму памерла”. (Сурмач: ) “Мы прадаўжаем размову з Георгіем Усьцілоўскім. Сп. Георгі, колькі ўсяго гадоў Вы адседзелі у лягерах?” (Усьцілоўскі: ) “Я ў зоне адседзеў 8 гадоў. Самым цяжкім у маім жыцьці быў час, калі скончыўся мой тэрмін. Выпусьцілі мяне 10 жніўня 1944 г. Выдалі даведку, што я сядзеў за контррэвалюцыйную дзейнасьць, вызвалены з-пад варты і замацаваны за тым жа самым лягерам бяз права выезду. Я атрымаў волю бяз волі, нават яшчэ горш. У лягеры я хоць атрымліваў кавалак хлеба, а цяпер я мусіў здабываць яго сам, тут у глухамані, дзе цяжка было знайсьці працу. Атрымаў я гэтую даведку, зайшоў за барак і гадзіны паўтары плакаў. Чакаў волю і не атрымаў яе, ня меў права нікуды ні паехаць, ні пайсьці без дазволу лягернага начальства. Мусіў уладкоўвацца на працу пры тым самым лягеры. У 1956 г. мяне рэабілітавалі. У Беларусь так і не дазволілі вярнуцца, застаўся ў Комі, абжыўся, завёў сям’ю, маю дзяцей, жыву тут да гэтага часу”. (Сурмач: ) “Вы самі прайшлі пакутніцкі шлях. Я ведаю, што там, у Саснагорску, Вы, сп. Георгі, заняліся цяжкаю працаю па рэабілітацыі і ўшанаваньню памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Раскажыце, калі ласка, пра гэту сваю дзейнасьць”. (Усьцілоўскі: ) “Калі быў выдадзены Ўказ аб рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, калі ў Расеі пачаў стварацца вядомы “Мэмарыял”, я таксама вырашыў стварыць у нас Саснагорскі “Мэмарыял”. Усюды тут жыло многа людзей, якія лічыліся незаслужана ворагамі народа. Я падумаў, што трэба дапамагчы гэтым людзям аднавіць іх чалавечыя правы. Маю прапанову падтрымаў галава нашага гораду, дзед і бацька якога таксама былі асуджаныя за антысавецкую агітацыю па 58 артыкуле”. (Сурмач: ) “Скажыце, ці ўваходзяць беларусы ў вашу арганізацыю?” (Усьцілоўскі: ) “А як жа, у нас 30% беларусаў. Я ў першую чаргу беларусаў паклікаў”. (Сурмач: ) “Вынікам Вашай працы, сп. Георгі, сталася напісаная Вамі кніга. Яна ўжо выдадзеная?” (Усьцілоўскі: ) “Мне ў Беларусі памаглі выдаць гэту кнігу, прыватнае выдавецтва ”Хата”, дырэктар Валеры Санько. Назва – “Многоликая правда”, 464 старонкі, многа фотаздымкаў. У кнізе паказаны той час, мой асабісты лёс, жыцьцё вязьняў і як яны гінулі. Там пайменна названы 248 беларусаў”. (Сурмач: ) “Гэтай вясною Георгію Усьцілоўскаму споўнілася 85 гадоў. Лёс падараваў яму доўгае жыцьцё і сілы, мабыць, якраз дзеля таго, каб рабіць гэтую адказную справу. Пажадаем яму новых посьпехаў на гэтым шляху”. (Сокалаў: ) “Мінулы раз у нашай рубрыцы “Хто ёсьць хто ў беларускім замежжы” мы пазнаёмілі вас з прафэсарам хіміі Нью-Ёркскага ўнівэрсытэту Алай Орса-Рамана. Зараз мы працягнем размову. Сп. Ала распавядае пра амэрыканскую сыстэму вышэйшай адукацыі”. (Орса-Рамана: ) “Я мушу сказаць, што амэрыканская адукацыйная сыстэма ёсьць вельмі якасная, вельмі вартасная. Яна дае магчымасьць усім вучыцца і здабываць вышэйшыя ступені. Як гэта ёсьць? Калі вы пойдзеце ў якую-небудзь клясу ў каледжы, вы пабачыце, што там сядзяць ня толькі 18-гадовыя вучні, а з імі разам сядзяць і старэйшыя : 50-60-гадовыя. Курсы выкладаюцца як удзень, так і вечарам. Уся сыстэма зробленая так, каб стварыць найлепшыя ўмовы для навучаньня ўсім жадаючым”. (Сурмач: ) “Але ж гэта платная адукацыя?” (Орса-Рамана: ) “Увогуле, платная. Большасьць унівэрсытэтаў і каледжаў – платныя. Гарадзкія ўнівэрсытэты некалі былі бясплатныя і туды бралі толькі найлепшых вучняў. Трэба было мець вельмі высокія адзнакі, каб туды папасьці. Але ўжо прыкладна 20 гадоў як у гэтыя ўнівэрсытэты прымаюць усіх вучняў за аплату, праўда, яна ніжэйшая, чым у прыватных”. (Сурмач: ) “Як шмат студэнтаў навучаецца ў вашым універсытэце?” (Орса-Рамана: ) “У Нью-Ёркскім унівэрсытэце ёсьць 18 каледжаў (факультэтаў). Мой каледж, дзе я працую, налічвае да 14 тыс. студэнтаў”. (Сурмач: ) “Скажыце, калі ласка, якая працоўная нагрузка на выкладчыка?” (Орса-Рамана: ) “Нагрузка залежыць ад таго, ці выкладчык робіць навуковыя дасьледаваньні, ці толькі выкладае. Калі прафэсар толькі выкладае, то нагрузка складае прыкладна 11-14 гадзін у тыдзень, у другім выпадку – зьмяншаецца”. (Сурмач: ) “Як Вы працуеце, займаецеся яшчэ навуковай працай, ці толькі выкладчыцкай?” (Орса-Рамана: ) “Як я пачала працаваць, займалася дасьледчыцкаю працаю і выкладаньнем. Апошнія гады я перайшла толькі на выкладчыцкую дзейнасьць?” (Сурмач: ) “Сп. Ала, праца для Вас – гэта толькі абавязак, ці яна прыносіць Вам і пэўнае задавальненьне?” (Орса-Рамана: ) “Маю вялікае задавальненьне працаю, калі кантактую са студэнтамі, якіх я вучыла і якія маюць добрыя посьпехі. Асабліва прыемна для мяне, калі да нас прыяжджаюць студэнты зь Беларусі, ёсьць некалькі чалавек. Яны, пераважна, вельмі сур’ёзныя студэнты, добра вучацца, у іх вельмі добрая матэматычная падрыхтоўка. Адно толькі зьдзіўляе, што яны, калі прыяжджаюць сюды, то пераважна кажуць, што яны расейцы. Пасьля гутаркі зь імі выяўляецца, што яны беларусы, але чамусьці баяцца ці ня хочуць гаварыць, адкуль яны”. (Сокалаў: ) “З намі па тэлефоне зь Нью-Ёрку гутарыла прафэсар Ала Орса-Рамана”. Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |