RFE/RL |
Дапамога беларускай дыяспары нацыянальна-сьведамай моладзі ў Беларусі, інтэрвію з прафэсаркай Алай Орса-Рамана ды іншае.Удзельнічаюць: Раіса Жук-Грышкевіч, Уладзіслаў Яндзюк, Ала Орса-Рамана. (эфір 8.12.2000) Аўтары і вядучыя: Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш. (Сокалаў-Воюш: ) “Сёньня ў дэмакратычным руху Беларусі самы актыўны ўдзел бярэ моладзь. Перасьлед маладых з боку ўладаў ставіць у шэраг надзённых пытаньняў справу дапамогі і падтрымкі гэтых людзей. Пра ўдзел дыяспары ў лёсе беларускай моладзі гаворыць старшыня Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады Раіса Жук-Грышкевіч”. (Жук-Грышкевіч: ) “25 ліпеня 1997 г. памерла нашая знакамітая паэтка, аўтарка гімну “Магутны Божа” Натальля Арсеньнева. Памінальны ўрачысты сход, які ладзіў у верасьні 1997 г. у Таронце Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, пастанавіў заснаваць Фонд памяці Натальлі Арсеньневай. А так, як паэтка праз усё сваё даўгое жыцьцё шмат твораў і працы прысьвяціла моладзі, вырашылі мы ўсе прыбыткі ад дзейнасьці Фонду накіроўваць на дапамогу моладзі, гэтак, як сама б яна хацела . Фонд супрацоўнічае з праваабарончым цэнтрам “Вясна” і таму мог ужо ў значнай меры выконваць сваё заданьне – памагаць патрыятычнай моладзі, а ў першую чаргу, выключаным з унівэрсытэтаў за іх актыўную дзейнасьць беларускім студэнтам”. (Сурмач: ) “Клопат пра беларускую моладзь праяўляюць і ў традыцыйна блізкай нам Чэхіі. Пра дзейнасьць чэскай грамадзкай арганізацыі “Чалавек у нядолі” распавядае адзін з яе супрацоўнікаў Уладыслаў Яндзюк”. (Яндзюк: ) “Беларускі цэнтар чэскай Фундацыі “Чалавек у нядолі” быў створаны пры дапамозе беларускай дыяспары ў Празе ў 1998 годзе з мэтаю падтрымаць перш за ўсё беларускія недзяржаўныя медыі, а таксама беларускую моладзь шляхам выкананьня абменных праграмаў. Але з цягам часу высьветлілася, што найбольш цікавая і карысная праца – арганізацыя для моладзі навучаньня ў Празе. Спачатку гэта былі сэмінары. Цяпер нам удалося аднавіць традыцыю навучаньня беларускай моладзі ў Чэхіі, якая была тут заснаваная ў міжваенны час Урадам БНР. Мы атрымалі спэцыяльна для 12 беларускіх студэнтаў дзяржаўныя стыпендыі ад чэскага ўраду. Яны зараз праходзяць падрыхтоўчы курс чэскай мовы і спадзяемся, што ў лютым наступнага году яны пасьпяхова здадуць іспыты і паступяць у вышэйшыя навучальныя ўстановы Чэхіі. Акрамя таго, Фундацыя наладжвае яшчэ кароткія навуковыя сустрэчы для беларускіх студэнтаў і спэцыялістаў. На гэтым тыдні тут знаходзіцца група маладых гісторыкаў, якія знаёмяцца з чэскімі архівамі, бібліятэкамі. А некалькі тыдняў таму прыяжджалі беларускія эканамісты, якія вывучалі вопыт чэскай эканамічнай трансфармацыі . Вось у такіх накірунках мы і працуем”. (Сокалаў-Воюш: ) “Як вядома, сярод першых, хто пачаў думаць пра адукацыю ў замежжы сучаснай беларускай моладзі, быў айцец Аляксандр Надсан, кіраўнік Беларускай бібліятэкі імя Скарыны ў Лёндане. Пры яго дапамозе ў Ангельшчыне пачалі навучацца нашыя студэнты. Беларускай моладзі ў замежжы дапамагаюць таксама суродзічы ў ЗША, Бэльгіі ды іншых краінах сьвету”. (Сурмач: ) “Сёньня ў рубрыцы “Хто ёсьць хто ў беларускім замежжы” мы сустракаемся з прафэсарам хіміі Нью-Ёркскага ўнівэрсытэту Алай Орса-Рамана. Яна зьяўляецца дачкою вядомага дзеяча ў галіне адукацыі Аляксандара Орсы. Сп. Орса ў даваенны час быў адным з заснавальнікаў Беларускай гімназіі ў Наваградку, а пасьля вайны стварыў вядомую Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў лягеры ўцекачоў у Нямеччыне. Настаўніцкі вопыт бацькі спрыяў дачцэ на яе шляху да навукі. Сп. Ала, як пачыналася Ваша адукацыя?” (Орса-Рамана: ) “Мая пачатковая адукацыя пачалася ўдома, была вайна, розныя перашкоды. Будучы настаўнікамі, мае бацькі самі напачатку займаліся маім навучаньнем. Пазьней у лягеры дэпартаваных асобаў у Рэгенсбургу я пайшла ў беларускую школу, а потым ужо пайшла ў гімназію ў Міхельсдорфе. Пасьля, як перабраліся ў лягер у Індзішбергердорфе, прадаўжала навучаньне там, пакуль мы не пераехалі ў Амэрыку”. (Сурмач: ) “Скажыце, а вышэйшую адукацыю дзе Вы атрымалі і калі?” (Орса-Рамана: ) “Я атрымала і магістра і дактарат ў Палітэхнічным унівэрсытэце ў Нью-Ёрку напачатку 70-х гадоў. Таксама працавала ў гэтым унівэрсытэце, была асыстэнтам”. (Сурмач: ) “Такім чынам, ужо пад час навучаньня пачалася Ваша прафэсыйная кар’ера?” (Орса-Рамана: ) “Так, і гэта мяне як бы адразу ўвяло ва ўнівэрсытэцкую працу”. (Сурмач: ) “Але далей Ваш лёс аказаўся зьвязаны з іншай навучальнай установай, так?” (Орса-Рамана: ) “Так, пасьля таго, як я ўжо дастала дактарат, я была прынятая ў Нью-Ёркскі гарадзкі ўнівэрсытэт, і я там да гэтага часу працую”. (Сурмач: ) “Бачна, што Вы пасьпяхова рэалізавалі сябе ў прафэсіі. Але, у Вас, сп. Ала, ёсьць і цудоўная сям’я. Разам з мужам вы выхавалі двух сыноў. Абодва яны, Коля і Павал, добра гавораць па беларуску і актыўна ўдзельнічаюць у беларускім жыцьці. Як Вам удалося спалучаць усе гэтыя клопаты?” (Орса-Рамана: ) “Калі б у мяне не было поўнай падтрымкі ад майго мужа, мне было б вельмі і вельмі цяжка мець добры посьпех на працы. Ён таксама падтрымоўваў маю працу ў беларускім грамадзтве. Не забудзьце, Ганна, што я вяла як бы два жыцьці – амэрыканскае ва ўнівэрсытэце і беларускае жыцьцё дома і ў грамадзтве”. (Сурмач: ) “ Сп. Ала, я была ў Вашым доме, памятаю Вашага мужа, ведаю, што ён быў паходжаньнем італьянец”. (Орса-Рамана: ) “Ён амэрыканец італьянскага паходжаньня, ён быў тут народжаны”. (Сурмач: ) “Вы шанавалі яго нацыянальныя карані і ,магчыма, што гэта было тое трэцяе жыццё, якім Вам давялося жыць”. (Орса-Рамана: ) “Мы жылі пераважна як бы ў беларускай сям’і. Была поўная пашана да яго паходжаньня, і ён меў поўную пашану да майго паходжаньня. Ён вывучыў беларускую мову і гісторыю Беларусі. Мой муж належаў да беларускіх арганізацыяў і дапамагаў у іх працы”. (Сурмач: ) “Якую прафэсію ён сам меў?” (Орса-Рамана: ) “Мой муж меў доктарскую ступень, ён – матэматык, інжынэр, быў таксама прафэсар”. (Сурмач: ) “ На жаль, муж сп. Алы – Францішак Рамана, заўчасна памёр ад цяжкай хваробы некалькі гадоў таму. Сп. Алу Орса-Рамана добра ведаюць сярод беларусаў Амэрыкі. Яна прымае самы дзейсны ўдзел у грамадзкім жыцьці, зьяўляецца сябрам Рады БНР і ўваходзіць у склад Прэзыдыюму. У доме сп. Алы часта зьбіраецца беларуская грамада. Калі я пацікавілася, якія нацыянальныя стравы ўмее гатаваць, яна ўспомніла, што найлепей яе маці навучыла варыць боршч беларускі з фасоляю ды, вядома ж, нашыя дранікі. У далейшай размове сп. Ала згадала пра тое, што зь дзяцінства захаплялася беларускімі сьпевамі і танцамі. Менавіта яна стварыла вядомы беларускі танцавальны калектыў у Амэрыцы “Васілёк”, дзе танцавала разам з моладзьдзю і сваімі сынамі. Самавітая прафэсарка выглядае па-маладому зграбнаю і прыгожаю, бо яшчэ і цяпер кожны тыдзень ходзіць на заняткі ў балетную студыю”. (Сокалаў-Воюш: ) “Лёс Алы Орса-Рамана быў не такім простым і лёгкім, як можа падацца напачатку. Падобна многім выгнанцам зь Беларусі, што страцілі радзіму пад час другой усясьветнай вайны, яна перажыла розныя цяжкасьці эмігранцкага лёсу. Дабівалася ўсяго сваімі сіламі ды ўпартаю працаю, загладжвала жыцьцёвыя каляіны беларускай цярплівасьцю і лагоднасьцю. Але, самае галоўнае, што яна захавала на чужыне годнасьць беларускай жанчыны, што ідзе з глыбіні вякоў ад крывіцкіх ды ліцьвінскіх каранёў”. (Сурмач: ) “Працяг размовы з Алай Орса-Рамана слухайце ў нашай наступнай перадачы. Яна распавядзе пра сыстэму навучаньня студэнтаў у Амэрыцы”. Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |