RFE/RL |
Віншаваньне з угодкамі Слуцкага паўстаньня ад беларусаў Канады, навіны з жыцьця беларусаў Масквы ды інш.Удзельнічаюць: Раіса Жук-Грышкевіч, Антон Сабалеўскі, Аляксей Марачкін, Аляксандар Пушкін. (эфір 1.12.2000) Аўтары і вядучыя: Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш. (Сокалаў-Воюш: ) “Штогод у лістападзе і пачатку сьнежня беларусы адзначаюць угодкі Слуцкага збройнага чыну. Сёлета гэтай падзеі 80 гадоў. З гэтай нагоды мы зьвязаліся з вядомай грамадскай дзяячкай, старшынёй Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады сп. Раісай Жук-Грышкевіч. Сп. Раіса, ваш камітэт адпраўляе паштовыя сьвяточныя віншаваньні ва ўсе куткі сьвету, ці не хацелі б Вы прывітаць суродзічаў і праз Радыё?” (Жук-Грышкевіч: ) “Абавязкова, з вялікай прыемнасьцю. Гэта для мяне вялікі гонар. Мы ў Таронта мелі ўрачыстае сьвяткаваньне. Ад імя Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады вітаю вас з 80-мі ўгодкамі Слуцкага збройнага чыну. У лістападзе 1920 году Случчына паднялася да збройнага змаганьня ў абарону Беларускай Народнай Рэспублікі. Слуцкае паўстаньне для нас асабліва важнае і дарагое тым, што шырокія масы беларускага сялянства ня гнаныя прымусам, а апантаныя гарачай любоўю да роднага краю настолькі выказалі ў сабе беларускі патрыятызм і нянавісьць да бальшавіцка-расейскага акупанта, што спантана кінуліся ў няроўны крывавы бой”. (Сокалаў-Воюш ) “ Як Вы лічыце, ці можна сёньня гаварыць аб пераемнасьці справы слуцкіх змагароў?” (Жук-Грышкевіч: ) “Змаганьне за незалежнасьць Беларусі ўсьцяж працягваецца і сёньня, на Бацькаўшчыне і ў замежжы. Хто яны, сёньняшнія змагары і героі? Яны – Міроны, што вывешваюць бел-чырвона-белыя сьцягі; яны тыя, што раскапалі Курапаты. Дзякуючы ім мы ў Канадзе ў 1996 годзе ўзьнесьлі помнік памяці ахвяраў камуністычнага тэрору ў Беларусі. Гэта яны заснавалі Таварыства беларускай мовы і нястомна змагаюцца за яе жыцьцё. Гэта яны тысячамі выходзяць на вуліцы Менску і іншых гарадоў ў пратэсце супроць паняволеньня Беларусі. Гэта іх арыштоўваюць, б’юць гумовымі палкамі, зьдзекуюцца над імі ў турмах і ізалаятарах. Гэта іх, сёньняшніх студэнтаў, выключаюць з універсытэтаў. Гэта яны ўвосень, на Дзяды мядзяныя ідуць ставіць крыжы на магілах пакутнікаў. Дзякуючы ім і такім, як яны, Беларусь у 21 стагодзьдзі здабудзе дзяржаўную незалежнасьць. Слава вам, слуцкія паўстанцы і ўсе героі Беларусі! Жыве вольная незалежная Беларусь!” (Сурмач: ) “Са спадарыняй Раісай Жук-Грышкевіч мы яшчэ сустрэнемся ў нашай наступнай перадачы, дзе яна распавядзе пра Фонд імя Натальлі Арсеньевай”. (Сурмач: ) “Некалькі дзён таму ў Менск вярнуўся вядомы мастак Аляксей Марачкін. На працягу больш як трох месяцаў ён знаходзіўся ў Амэрыцы, дзе займаўся мастацкім росьпісам беларускай праваслаўнай царквы. Яна пабудавана нядаўна ў Беларускім грамадска-культурным цэнтры “Полацак” ў Кліўляндзе. Гэта будзе першая беларуская царква ў замежжы, аздобленая мастакамі з Бацькаўшчыны. Мы зьвязаліся са сп. Марачкіным па тэлефоне. Сп. Аляксей, што зроблена за гэты час?” (Марачкін: ) “У мінулым годзе мы атрымалі запрашэньне ўдзельнічаць у конкурсе на аздабленьне беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Маці Божай Жыровіцкай у Кліўляндзе. Гэтыя эскізы мы рыхтавалі разам з Алесем Пушкіным. Наш праект ухваліў царкоўны камітэт і Уладыка Мікалай, які ўзначальвае Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву ў замежжы, пад чыёй юрысдыкцыяй знаходзіцца царква ў Кліўляндзе. Праз год мы атрымалі запрашэньне на працу. Разам са мною ў Кліўляндзе працавалі мой сын Ігар і мастак Сяргей Харытонаў. Мы зрабілі росьпіс столі за іканастасам і абсідную сьцяну, дзе размешчана выява Хрыста – Уладара ўладароў з Маці Божай у акружэньні апосталаў і сьвятых. Мы стараліся аздабляць царкву ў традыцыях беларускага іканапісу. Нам дапамагаў парадамі Ўладыка Мікалай. Калі па эскізу Алеся Пушкіна мы пісалі Іісуса – Вялікага Архіерэя, гэта выява Ісуса ў вельмі багатым адзеньні, то Ўладыка Мікалай сказаў, што трэба пісаць Хрыста ў тым адзеньні, у якім ён хадзіў, бо ён быў багатым душою, а не адзеньнем. І гэта праца скончана”. (Сурмач: ) “Але ўвогуле роспіс царквы не завершаны. Ці будзеце далей прадаўжаць гэту справу?” (Марачкін: ) “Цяжка сказаць, бо там ёсьць складанасьці. Нам сказалі, што будзем прадаўжаць. Але калі і як, пакуль невядома” (Сурмач: ) “Сп. Аляксей, як выглядае царква, ці адчуваецца, што яна беларуская?” (Марачкін: ) “Гэта вельмі цікавая царква, новазбудаваная. Я хацеў пры афармленьні рабіць так, каб там усё ж жыла б беларушчына, ня гледзячы на ўсе царкоўныя каноны. Я ведаю, што ва аўтакефальнай уніяцкай ўкраінскай царкве там афармляюць храмы ў нацыянальным стылі. Нават Маці Божая апранутая ў нацыянальнае адзеньне. Алесь Пушкін у сваіх эскізах імкнуўся таксама рабіць так, каб там была нацыянальная прыкмета”. (Сурмач: ) “Аляксей, Вы згадалі, што ў стварэньні эскізаў прымаў удзел і мастак Алесь Пушкін, аднак ён не быў з Вамі ў Кліўляндзе. Чаму так сталася?” (Марачкін: ) “З нагоды майго прыезду Алесь зараз у мяне ў гасьцях і можа сам адказаць на гэта пытаньне”. (Пушкін: ) “Паводле рашэньня Народнага суду Ленінскага раёну г.Менску
ад 25.11.1999 я прысуджаны да 2 гадоў пакараньня ўмоўна за пэрфоманс “Гной
для прэзыдэнта”. У пашпарце мне праставілі штамп,
(Сурмач: ) “Будзем спадзявацца, што некалі Вы ўсё ж пабываеце ў амэрыканскім “Полацаку” і ўбачыце свой твор у рэальнасьці”. (гучыць куплет з песьні “Два Полацкі” у выкананьні Данчыка) (Сурмач: ) “У Расеі жыве каля 2 млн. беларусаў. Але доўгі час найбольш актыўнае нацыянальна-культурнае жыцьцё віравала толькі ў цэнтрах – Маскве ды Санкт-Пецярбургу. Пра тое, што сёньня адбываецца ў Маскве, гаворыць старшыня Маскоўскай філіі Таварыства беларускай мовы сп. Антон Сабалеўскі”. (Сабалеўскі: ) “22 лістапада адбылася вечарына з нагоды 70-годзьдзя ад нараджэньня Уладзіміра Караткевіча ў вялікай зале Цэнтральнага дому літаратараў. З Менску прыязджаў сп. Адам Мальдзіс, які зрабіў даклад, быў паказаны фільм, адбыўся невялікі канцэрт. Ёсьць яшчэ і такая інфармацыя. Да нас зьвярнуўся сп. Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы, з прапановаю, каб наша Маскоўская філія ТБМ далучылася да распачатай Таварыствам справы па адкрыцьцю ў ліцэі пры Маскоўскім лінгвістычным універсытэце асобнай групы з паглыбленым вывучэньнем беларускай мовы. Пасьля вяртаньня з Менску, куды мы едзем днямі на Кангэс беларусістаў і пасяджэньне Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, будзем займацца гэтай справаю”. (Сурмач: ) “У размове са сп. Сабалеўскім я пацікавілася тым, якія праблемы існуюць зараз у дзейнасьці старэйшай беларускай суполкі - Таварыства беларускай культуры імя Скарыны, пра якую чамусьці стала меньш чуваць у апошні час?” (Сабалеўскі: ) “Наша Таварыства беларускай культуры, што ў мінулым годзе адзначыла сваё 10-годзьдзе, мы не можам ніяк зараз перарэгістраваць”. (Сурмач: ) “Выглядае, што існуюць нейкія перашкоды ў гэтай справе. Мы паспрабуем высьветліць – якія і раскажам пра іх у адной з наступных перадачаў”. Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |