RFE/RL |
Пра трэці зьезд беларусаў сьвету, навіны беларусаў Навасібірску ды іншае.Удзельнічаюць: Івонка Сурвіла, Янка Запруднік, Валянцін Грыцкевіч, Уладзімер Галуза, Ірына Шаблоўская. (эфір 24.11.2000) Аўтары і вядучыя: Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш. (Сокалаў-Воюш: ) “Як нам стала вядома, на пачатку сьнежня ў Менску Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” праводзіць чарговае паседжаньне Вялікай Рады – галоўнага кіраўнічага воргану арганізацыі. У якасьці асноўнага пытаньня будзе абмяркоўвацца праблема падрыхтоўкі трэцяга зьезду беларусаў сьвету, які мае адбыцца ў 2001 годзе. Праблема выглядае досыць складанай ва ўмовах цяперашняй палітычнай сытуацыі ў Беларусі, дзе цяжка разьлічваць на спрыяльную атмасфэру. У сувязі з гэтым паўстаюць важныя пытаньні: дзе праводзіць зьезд? Якое павінна быць прадстаўніцтва? Што ўлучыць у парадак дня форуму? Ганна, ты маеш сталыя кантакты зь беларусамі замежжа, што людзі думаюць пра ўсё гэта?” (Сурмач: ) “Сапраўды, Сяржук, я цікавілася гэтымі пытаньнямі і зьвязалася па тэлефоне зь некаторымі вядомымі беларускімі дзеячамі ў замежжы. Паслухаем іхныя меркаваньні. Найперш, на маё пытаньне аб тым, якую галоўную тэму нацыянальнага значэньня патрэбна было б абмеркаваць на зьезьдзе, адказвае старшыня Рады БНР сп. Івонка Сурвілла з Канады”. (Cурвілла: ) “Па-першае, хачу сказаць, што я падтрымліваю ініцыятыву правядзеньня трэцяга зьезду беларусаў сьвету. На парадку дня зьезду мусіць быць на першым месцы пытаннье аб незалежнасьці Беларусі. Беларусь зараз знаходзіцца ў небясьпецы з-за лукашэнкаўскіх дамоваў з Расеяю. Вядома, што дзеля гэтага Расея якраз і падтрымоўвае Лукашэнку. Нашым намаганьнем мусіць быць ня толькі захаваць незалежнасьць Беларусі , але і дасягнуць дабрабыту народу ў дэмакратычнай эўрапэйскай краіне, якою павінна стаць Беларусь”. (Сурмач: ) “Далей я зьвярнулася да вядомага беларускага палітыка і грамадзкага дзеяча ў ЗША сп. Янкі Запрудніка з пытаньнем: дзе, на ягоную думку, было б найбольш мэтазгодна праводзіць зьезд – у Беларусі, ці ў замежжы?” (Янка Запруднік: ) “Трэці зьезд беларусаў сьвету, як я разумею, павінен адбыцца недзе ўлетку 2001 году, так што яшчэ ёсьць час на нейкія зьмены сытуацыіі – можа, не радыкальныя, але могуць нейкія адбыцца. Наагул, зьезды беларусаў усе павінны адбывацца на Бацькаўшчыне, я думаю. Раней выказваліся розныя думкі наконт месца правядзеньня папярэднягя зьезду, называліся Беласток і Вільня. Але бальшыня ўдзельнікаў такіх дыскусіяў ў Амэрыцы выказваліся за Менск, як за сталіцу краіны. Такое меркаваньне застаецца і цяпер. Трэба імкнуцца да таго, каб гэты зьезд таксама адбыўся ў Менску, як і папярэднія”. (Сурмач: ) “Але ў такім выпадку ці змогуць прыняць удзел у зьезьдзе беларусы Амэрыкі?” (Запруднік: ) “Цяжка гаварыць за ўсіх беларусаў Злучаных Штатаў. Ацэнкі становішча ў Беларусі даюцца самыя розныя. Менск атаясамляецца з рэжымам і ёсьць непрыхільнасьць да ўрадавай палітыкі. Але, я думаю, шмат хто можа паехаць на зьезд, каб падтрымаць маральна тых, хто на месцы павінен змагацца з цяжкасьцямі і адваёўваць свае пазыцыі”. (Сурмач: ) “Старшыня беларускай суполкі ў Санкт-Пецярбургу Валянцін Грыцкевіч мае свой погляд на пытаньне аб тым, ці патрэбна запрашаць да ўдзелу ў падрыхтоўцы зьезду ўладныя структуры Беларусі”. (Грыцкевіч: ) “Я лічу , што трэба супрацоўнічаць зь легітымнымі ўладамі Беларусі, абранымі легальным шляхам, якія маюць усе правы. А зь нелігітымнымі ўладамі, на мой пункт погляду, ня варта. Пакуль культура і мова будуць знаходзіцца ў такім становішчы, як зараз, гэта будзе азначаць, што ўлада не падтрымлівае культурную і моўную нацыянальную палітыку, як бы нам ні гаварылі адваротнае прадстаўнікі ўладаў на розных зьездах”. (Сурмач: ) “На маё пытаньне, якім ён хацеў бы бачыць чарговы зьезд беларусаў сьвету, адказвае старшыня суполкі “Беларусы Сібіры” Уладзімер Галуза з Навасібірску”. (Галуза: ) “Зьезд павінен абавязкова адбыцца ў Менску. Я ўдзельнічаў у першых двух зьездах. Мне здаецца, што нам неабходна абмеркаваць зараз нашыя адносіны зь дзяржаваю”. (Сурмач: ) “У размове са старшынём суполкі “Беларусы Сібіры” Уладзімерам Галузам пра трэці зьезд беларусаў сьвету мы закранулі і пытаньні дзейнасьці самой арганізацыі, якая належыць да найбольш актыўных у беларускім замежжы. Сп. Галуза паведаміў наступныя навіны з жыцьця беларускай грамады ў Новасібірску”. (Галуза: ) “Рашэньнем епіскапа Навасібірскага Сергія пастаноўлена будаваць у Навасібірску праваслаўную царкву Еўфрасіньні Полацкай. Уладыка прыняў гэтую пастанову па нашай ініцыятыве. Зараз пабудаваная капліца, дзе ўжо праходзяць багаслужбы”. (Сурмач: ) “Скажыце, калі ласка, ці будуць беларусы Навасібірску прымаць удзел у будаўніцтве царквы?” (Галуза: ) “Так, па меры магчымасьцяў. Уладыка сказаў, што ўсім мірам будзем будаваць гэтую царкву. Прызначаны ўжо настаяцель царквы Дзмітры Палушын, які мае беларускія карані, дзед яго паходзіў зь Беларусі”. (Сурмач: ) “Сп. Уладзімер, а дзе зараз знаходзіцца той абраз Еўфрасіньні Полацкай, які вы маеце ў Навасібірску?” (Галуза: ) “Ён знаходзіцца ў нашай сядзібе. У нас ёсьць таксама і абраз Маці Божай Вострабрамскай, які мы тут знайшлі ў магазіне, намаляваны сто гадоў назад”. (Сурмач: ) “Цікава, колькі сяброў уваходзяць зараз у вашу суполку?” (Галуза: ) “На сёньняшні дзень -- 120 чалавек”. (Сурмач: ) “У Беларусь дайшла інфармацыя, што ў Навасібірску адкрыты Цэнтар беларускай культуры. Ці гэта так?” (Галуза: ) “Гэта, найперш, наш цэнтар, які пабудаваны на грамадзкіх пачатках. Але па нашай ініцыятыве галава адміністрацыі Навасібірскай вобласьці прыняў рашэньне аб стварэньні дзяржаўнай установы – Навасібірскага вабласнога цэнтру беларускай культуры“. (Сурмач: ) “Мяркую, што вы будзеце супрацоўнічаць з гэтым цэнтрам?” (Галуза: ) “Так, гэта будзе нашая ўдарная сіла, каб у вобласьці, дзе жывуць нашы беларусы з часоў сталыпінскай рэформы, яны адраджалі свае традыцыі, звычаі, абрады”. (Сурмач: ) “Сп. Уладзімер, ці зьбіраецеся Вы ехаць зараз на пасяджэньне Рады “Бацькаўшчыны “ ў Менск?” (Галуза: ) “Так, 4 сьнежня буду ў Менску. Там прыму ўдзел у трэцім міжнародным Кангрэсе беларусістаў і пасяджэньні Рады”. (Сурмач: ) “Якая тэма Вашага дакладу на Кангрэсе?” (Галуза: ) “ Тэма: “Чатырохвяковы ўдзел беларусаў у фармаваньні соцыюму Сібіры”. (Сокалаў: ) “Цікава, што ў нас чамусьці беларусы Сібіры лічыліся прадстаўнікамі блізкага замежжа, а суседняй Польшчы – ўжо далёкага. Але, думаю, што ўсе яны – гэта тыя людзі, хто робяць для нас блізкімі нават самыя далёкія краіны, дзе жывуць нашыя суродзічы. Ганна, як ты думаеш, ці можна лічыць беларусамі замежжа тых грамадзянаў Беларусі, што выязджаюць часова на працу ў іншыя краіны?” (Сурмач: ) “Мяркую, што можна. Добра было б, каб яны таксама былі ўдзельнікамі нашых перадачаў, бо іх вопыт побыту ў чужых краінах можа быць карысным”. (Сокалаў: ) “Сёньня я хачу прапанаваць увазе нашых слухачоў гутарку з прфэсарам філялёгіі зь Менску, былой загадчыцаю катэдры замежнай літаратуры Белдзяржунівэрсытэту сп. Ірынай Шаблоўскай. Ужо другі год яна працуе ў Гішпаніі, выкладае ва ўнівэрсытэце ў Гранадзе гісторыю славянскіх літаратураў. Сп.Ірына, як Вы трапілі ў Гішпанію?” (Шаблоўская: ) “Трапіла зь вялікімі праблемамі, бо трэба было браць візу ў Маскве, а не ў Беларусі. Галоўная прычына – гэта тое, што ёсьць дамова паміж нашым унівэрсытэтам і ўнівэрсытэтам у Гранадзе. Адна з мэтаў гэтай дамовы – дапамагчы маладой славістыцы ў Гранадзе выкладчыцкімі кадрамі. Мы таксама прымаем, праўда ня часта, студэнтаў з Гранады, якія там, у Менску, вывучаюць пакуль яшчэ расейскую мову”. (Сокалаў: ) “Сп. Ірына, што ведаюць у Гішпаніі пра Беларусь?” (Шаблоўская: ) “Я таксама задавала сабе гэтае пытаньне. Гляджу па тэлевізіі
зводку надвор’я, усё канчаецца Прагаю, як быццам бы далей у Эўропе нікога
няма. Але, калі размаўляеш зь людзьмі, то аказваецца, што ведаюць. Старэйшыя
людзі памятаюць гісторыю, а маладзейшыя ведаюць многія дзяцей зь Беларусі,
чарнобыльскіх. Іх тут прымаюць ужо колькі гадоў і вельмі шчыра, ад усяго
сэрца. І сем’і гэта робяць – простыя людзі. Кожная сям’я лічыць за гонар,
што ў іх гэта дзіця. Вось так яны ведаюць нас”.
(Шаблоўская: ) “Па-першае, гэта павага да сваёй нацыянальнай мовы, культуры, традыцыяў. Другое – больш павагі да студэнта, да таго, каб даць яму права выбіраць. Тут студэнт вучыць тое, што яму падабаецца. Ён крэдыты набірае. Яму трэба 30-40 крэдытаў ці больш на курсе, ён іх сам падбірае. Я цяпер разумею, што гэта вялікая павага да студэнта. Праўда, патрэбна яму дапамагчы, каб была нейкая сыстэма. Але адукацыя зусім іншая, ёсьць тут над чым разважаць. Праўда, у нас і свая неблагая.Толькі нам трэба больш захоўваць свае традыцыі, сваю памяць, сваю нацыянальную культуру. Вось гэтым ганарацца гішпанцы. Скажам, як трыста гадоў яны хадзілі ў царкву да сваёй сьвятой, так і цяпер ходзяць кожную нядзелю, усе ідуць, бо гэта традыцыя”. (Сокалаў: ) “Скажыце, калі ласка, ці сустракаеце Вы там беларусаў?” (Шаблоўская: ) “Ведаеце, сустракаю. У нас на факультэце дзяўчаты вучацца, у асьпірантуру паступіла адна. Яна зьбіраецца ўзяць навуковую тэму пра пераклады В.Быкава на гішпанскую мову. Ёсьць яшчэ адна маладая жанчына, якая вучыцца разам з мужам на славістыцы, яны зь Беларусі і добра ведаюць родную мову. Прыязджаюць таксама людзі на працу”. (Сокалаў: ) “Сп. Шаблоўская зьбіраецца неўзабаве вярнуцца дадому. Спадзяемся, што тое станоўчае, што яна пабачыла ў Гранадзе, будзе перадаваць і беларускім студэнтам, якія ня маюць пакуль што такой свабоды навучаньня, якая пануе ў бальшыні эўрапэйскіх ўнівэрсытэтаў”. Сяржук Сокалаў-Воюш, Ганна Сурмач, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |