RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Беларускае замежжа



Беларусы ў Польшчы і ЗША.

Удзельнічаюць: Алена Глагоўская, Расьціслаў Завістовіч, Барыс Рагуля.

(эфір 7.05.2000)

Аўтары і вядучыя: Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш. (Сурмач: ) “Пра беларусаў у Польшчы мы, найперш, ведаем зь
Беласточчыны. Але нашыя суродзічы жывуць і ў іншых рэгіёнах гэтай краіны. Сёньня мы наведаем Гданьск, дзе беларускай суполкай кіруе вядомы гісторык Алена Глагоўская.

Сп. Алена, ваша суполка называецца “Хатка”, ці часта ў ёй бываюць госьці?”

(Глагоўская: ) “Наша “Хатка” не пустуе, сустракаемся там пры розных нагодах: гэта – 25-га сакавіка, у сувязі з 200-годзьдзем Адама Міцкевіча быў прафэсар Адам Мальдзіс , мелі таксама аўтарскія сустрэчы зь беларускім паэтам Віктарам Швэдам і зь беларускім бардам Алесем Камоцкім”.

(Сурмач: ) “Вядома, што Вы дасьледуеце беларускія карані ў Гданьску. Хто зь беларускіх дзеячаў жыў там?”

(Глагоўская: ) “У Гданьску жылі вядомыя дзеячы, зьвязаныя зь беларускім нацыянальна-адраджэнскім рухам. У Гданьску завязвалася Грамада, якой кіраваў Браніслаў Тарашкевіч. У 1923 годзе тут сустракаліся дзеячы беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі Леапольд Родзевіч, Язэп Лагіновіч, Ігнат Канчэўскі. Бываў у Гданьску і беларускі пасол у польскім сэйме у 1928 – 30 г.г. Альбін Стэповіч.

Пасьля Другой усясьветнай вайны ў Гданьску і навакольлі знайшлося шмат беларусаў. Гэта былі сем’і беларускіх дзеячаў, якія прыехалі сюды зь Беласточчыны. У Сопат, які знаходзіцца недалека ад Гданьску, прыехалі тады сем’і Стэповічаў, Станіслава Грынкевіча, Лукаша Дзекуць-Малея. Каля Гданьска пасяліўся пасьля вайны вядомы паэт і беларускі хадэцкі дзеяч Мікола Дварэцкі.

У нашым горадзе жыў таксама актор з трупы У. Галубка Андрэй Вангін. Цяпер у Сопаце жыве сям’я Хасана Канапацкага – Мацей і ягоная сястра Тамара.

Два гады таму ў Гданьску памерла пляменьніца старшыні Рады БНР Кіра, якая да вайны выхоўвалася ў яго ў Празе”.

(Сокалаў:) “Я ведаю, што сп. Алена пасьпела ўзяць у пляменьніцы старшыні Рады БНР Васіля Захаркі рэдкія дакумэнты, якія будуць захаваныя для гісторыі”.

(Сурмач: ) “А цяпер пяройдзем ад гісторыі да сучаснасьці”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Галоўную палітычную тэму мінулага тыдня – прэзыдэнцкія выбары ў ЗША - абмінуць досыць цяжка. Пагатоў, што там жыве многа нашых суродзічаў, якія разам зь іншымі грамадзянамі краіны рабілі выбар паміж Джорджам Бушам-малодшым і Альбэртам Горам, паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі. За каго галасавалі беларусы? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да старшыні Беларускага Кангрэсавага Камітэту ў Амэрыцы сп. Расьціслава Завістовіча”.

(Завістовіч: ) “Беларусы ў ЗША, мне здаецца, трымаюцца больш Рэспубліканскай партыі. Але цяпер гэта сказаць вельмі цяжка, бо Рэспубліканская партыя ў гэтых выбарах сярод беларусаў не ёсць такой актыўнаю. Прычынаю зьяўляецца тое, што яе больш падтрымлівала старэйшае пакаленьне, якое само цяпер менш актыўнае. Але, я лічу не вельмі добрым, каб арганізацыйна даваць перавагу той ці іншай партыі, мы кантактуем з тымі і другімі аднолькава”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Сп. Расьціслаў, а што сабой уяўляе Беларускі Кангрэсавы Камітэт, як ён узьнік?

(Завістовіч: ) “Дзеля пашырэньня беларускай палітычнай дзейнасьці ў ЗША, паваеннымі беларускімі эмігрантамі ў 1948 годзе быў створаны Беларуска-амэрыканскі дапамаговы камітэт. У лютым 1951 году ён склікаў Кангрэс беларусаў Амэрыкі ў Саўт-Рыверы, штат Нью-Джэрзі. На Кангрэсе быў заснаваны выканаўчы ворган – Кангрэсавы камітэт. У лютым наступнага году будзе адзначацца яго 50-годзьдзе.

Мы пашыралі добрае імя Беларусі і беларусаў, маючы сувязі з амэрыканскім Кангрэсам, з рознымі адміністрацыямі дзеля таго, каб Беларусь здабыла незалежнасьць.

Кангрэсавы Камітэт прымае актыўны ўдзел у працы Кааліцыі цэнтральнай і ўсходняй Эўропы. Гэта аб’яднаньне арганізацыяў этнічных групаў Амэрыкі створанае дзеля дапамогі сваім народам у краінах колішняга Савецкага Саюзу і Варшаўскага пакту. Да Кааліцыі належаць 19 арганізацыяў. Яна робіць усе магчымыя захады, каб Злучаныя Штаты падтрымлівалі незалежнасьць і дэмакратычны лад у новаствораных і дэкамунізаваных дзяржавах.

Мы падтрымліваем сувязі ня толькі з адміністрацыяй, але і з заканадаўчымі ўладамі ЗША. Мне самому даводзілася быць некалькі разоў у Белым доме, дзе актыўны ўдзел у нашых размовах прымаў прэзыдэнт Біл Клінтан”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ганна, цяпер, я думаю, нашым слухачам будзе цікава паслухаць яшчэ аднаго вядомага беларускага дзеяча”.

(Сурмач: ) “У нашай рубрыцы “Хто ёсьць хто ў беларускім замежжы” мы працягваем размову з мэдыкам з Канады сп. Барысам Рагулем. У мінулай перадачы сп. Барыс распавёў нам пра тое, як на эміграцыі яму давялося здабываць у Ватыкане сродкі на адукацыю для беларускай моладзі. На атрыманыя там 10 стыпэндыяў вучыліся каля 30 беларусаў, сярод якіх быў і сам сп. Рагуля. Я спытала ў сп. Барыса, як далей складаўся ягоны лёс?”

(Рагуля: ) “Заставацца ў Бэльгіі ўжо не было як, бо там ня вельмі ахвотна давалі права на практыку. Мы сядзелі на чамаданах, усё чакалі павароту на Бацькаўшчыну. У 1953 годзе пасьля карэйскай вайны стала ясна, што павароту ня будзе. Перад Калядамі ў тым годзе я выехаў у Канаду”.

(Сурмач: ) “Скажыце, калі ласка, як там у Канадзе пачыналася Ваша прафэсійная дзейнасьць?”

(Рагуля: ) “Вельмі цяжка. Як мы сыйшлі з карабля, то мусілі ўсё самі вырашаць, ніхто намі не пераймаўся. Я меў месца на стажыроўку ў шпіталі ў Лёндане. Скончыў стажыроўку ў 1956 годзе, здаў экзамены і атрымаў права на практыку”.

(Сурмач: ) “Ці адчувалі Вы асаблівыя адносіны да сябе, як да эмігранта?”

(Рагуля: ) “У прафэсыйным пляне – не, нас ацэньвалі паводле здольнасьцяў. Пасьля пяці гадоў працы мы здабылі такую моцную пазыцыю, што я быў абраны тады прэзыдэнтам Мэдычнай акадэміі ў Лёндане. Я быў першым эмігрантам, які здабыў гэтую пасаду”.

(Сурмач: ) “Удакладнім, што Лёндан, пра які Вы гаворыце, гэта канадыйскі горад , які знаходзіцца за 200 кілямэтраў ад Таронта.
Сп. Барыс, хочацца цяпер спытаць, якога ўзроўню прафэсыйнай кар’еры Вам удалося дасягнуць?”

(Рагуля: ) “Я пайшоў у адстаўку як associate professor мэдыцыны, гэта ёсьць апошняя ступень перад поўнай прафэсураю. Поўнай прафэсуры я не прыняў, бо мусіў пакінуць практыку і пайсьці працаваць ва ўнівэрсытэт.

Мае досьледы раньняга адкрыцьця раку маткі далі мне магчымасьць быць запрошаным на панамэрыканскі кангрэс цытолягаў у 1967 годзе ў Нью-Ёрку”.

(Сурмач: ) “Удакладніце, калі ласка, якая Ваша спэцыялізацыя ў галіне мэдыцыны?”

(Рагуля: ) “Мне вельмі падабалася акушэрства, я прыняў недзе каля 1500 дзяцей. Але маё зацікаўленьне было у прэвэнтыўнай мэдыцыне, у галіне папярэджаньня хваробаў і раньняй дыягностыкі”.

(Сурмач: ) “Ці давялося Вам, як лекару, аказваць дапамогу жыхарам Беларусі?”

(Рагуля: ) “У 1990 годзе мы са сп. Івонкай Сурвіллай пастанавілі аказаць дапамогу дзецям Беларусі, пацярпелым ад Чарнобыльскай аварыі. Больш 2 тыс. дзяцей было аздароўлена ў Канадзе”.

(Сурмач: ) “Сп. Барыс, зьвярталіся да Вас па дапамогу эмігранты, у тым ліку беларусы?”

(Рагуля: ) “Так. Я быў вельмі занятым. Я гаварыў на васьмі мовах. І людзі прыходзілі не толькі таму, што я добры лекар, але яны ведалі, што я іх зразумею”.

(Сурмач: ) “Мяркуем, што Вас, як беларускага патрыёта і мэдыка, турбуе праблема фізычнага захаваньня беларускай нацыі. З пункту гледжаньня Вашага прафэсыйнага вопыту, якія парады Вы сёньня маглі б даць жыхарам Беларусі, каб захаваць сваё здароўе і жыцьцё?”

(Рагуля: ) “Першым лекарам для кожнага пацыента ёсьць сам пацыент. У асноўным, найбольш людзей гіне ад алькаголю, наркотыкаў, курэньня, аварыяў”.

(Сурмач: ) “Да пералічанага Вамі адносна Беларусі патрэбна дадаць яшчэ Чарнобыль, цяжкі матэрыяльны стан самога насельніцтва краіны. Вось у гэткіх умовах што можа, на Вашу думку, нас уратаваць?”

(Рагуля: ) “Вельмі цяжка сказаць, што можна зрабіць. Проста зьмяніць сыстэму. Бяз зьмены сыстэмы нічога ня зробіш. Сытуацыя ў Беларусі мае палітычныя і эканамічныя прычыны. Калі мы ня зьменім эканоміку, не пяройдзем да поўнай прыватызацыі, калі усё будзе трымаць у руках адна асоба ў дзяржаве, то нічога з гэтага добрага ня выйдзе”.

(Сурмач: ) “Так думае беларус з Канады, доктар Барыс Рагуля. Відавочна, што ён мае рацыю ў тым, што здароўе чалавека непасрэдна залежыць ад палітычных і сацыяльных умоваў ягонага жыцьця.

Сярод тэмаў наступнага выпуску перадачы - навіны з жыцьця беларусаў Сібіры і абмеркаваньне пытаньня правядзеньня трэцяга зьезду беларусаў сьвету.

Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org