RFE/RL |
Беларусы ў Аўстраліі, Канадзе і Навасібірску.Удзельнічаюць: Міхась Бурнос, Яўген Груша, Барыс Рагуля. (эфір 10.11.2000) Аўтары і вядучыя: Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш. Сёньня ў нашай перадачы мы сустрэнемся зь беларусамі Аўстраліі, даведаемся пра апошнія навіны з жыцьця нашых суродзічаў у Новасібірску, размоваю з доктарам Барысам Рагулем з Канады распачнем новую рубрыку “Хто ёсьць хто ў беларускім замежжы”. (Сурмач: ) “Алімпійскія гульні 2000 году як бы нанова адкрылі для нас Аўстралію. Эмігранты зь Беларусі пачалі асвойваць гэты кантынэнт прыкладна поўстагодзьдзя таму. Пра тыя часы мы папрасілі ўспомніць айца Міхася Бурноса з Паўднёвай Адэляіды. Нядаўна ён стварыў там Беларускае гістарычнае згуртаваньне, каб дасьледаваць гісторыю беларускай прысутнасьці ў гэтай краіне”. (Бурнос: ) “Першая нацыянальна сьвядомая беларуская палітычная эміграцыя пачала прыяжджаць у Аўстралію пераважна з лягераў перамешчаных асобаў зь Нямеччыны пасьля Другой Усясьветнай вайны ў 1948 – 51 гадох. Першы афіцыйны беларускі сход у Адэляідзе адбыўся ў студзені 1950 году ў вайсковым шпіталі Кэшвік. Так пачалі гуртавацца нашыя суродзічы ня толькі ў Адэляідзе, але і ў іншых мясьцінах кантынэнту. Невядома дакладна, колькі тады беларусаў прыехала. Называецца прыкладная лічба – 40 тыс. чалавек. Яны асталяваліся ў найбольш буйных гарадох краіны – Сыднэі, Мэльбурне, Адэляйдзе, Пэрце”. (Сурмач: ) “Вядома, што ў беларускім замежжы важная роля ў яднаньні эмігрантаў належыла царкве. Вакол цэркваў арганізоўвалася нацыянальна-культурнае жыцьцё. Ці існуюць беларускія цэрквы ў Аўстраліі? З гэткім пытаньнем мы зьвярнуліся ізноў да сп. Міхася Бурноса, які доўгі час служыў сьвятаром беларускага прыходу ў Адэляідзе”. (Бурнос: ) “У Аўстраліі мы маем на сёньняшні дзень дзьве беларускія аўтакефальныя царквы, адна ў Адэляідзе, а другая ў Мэльбурне. Першая царква ў Аўстраліі была пабудаваная ў Адэляідзе. Асьвячэньне яе адбылося ў 1963 годзе. Пачатак быў вельмі цяжкі для малой групкі беларусаў арганізаваць парафію”. (Сурмач: ) “А на якой мове вялася служба?” (Бурнос: ) ’’На царкоўна-славянскай мове”. (Сурмач: ) “А казаньні?” (Бурнос: ) “Казаньні адбываліся па-беларуску”. (Сурмач: ) “Сёньня ў Аўстраліі дзейнічае шэраг беларускіх арганізацыяў. Дзеля забесьпячэньня сувязяў паміж імі створана Фэдэральная Рада беларусаў Аўстраліі, узначальвае яе сп. Яўген Груша з Мэльбурну. Я запыталася ў сп. Грушы, колькі і якія суполкі ўваходзяць у склад Рады, які асноўны накірунак іхнай дзейнасьці?” (Груша: ) “Усе арганізацыі ў Аўстраліі працуюць, каб Беларусь была вольнай, незалежнай дзяржавай. Беларускае аб’яднаньне ў Пэрце, Беларускае аб’яднаньне ў Паўднёвай Аўстраліі (Адэляіда), Беларускае аб’яднаньне ў Сыднэі; у Мэльбурне – Беларускі Цэнтральны Камітэт, Беларускі жаночы камітэт, Беларускі Вызвольны Фронт – усяго шэсьць арганізацыяў”. (Сурмач: ) “Я ведаю, што вы дапамагалі Беларусі ў справах пераадоленьня вынікаў Чарнобыльскай аварыі. Ці не маглі б нам распавесьці пра тое, што было зроблена?” (Груша: ) “Зьбіралі грошы ад усіх беларускіх арганізацыяў у Аўстраліі. Было сабрана больш за 40 тыс. аўстралійскіх даляраў. Купілі мэдыкамэнты і мэдычную апаратуру. Усе гэта я завёз у Гомельскую больніцу”. (Сурмач: ) “Вы аздараўлялі таксама і беларускіх дзетак у Аўстраліі?” (Груша: ) “Так. Мелася прыехаць 15 чалавек, а прыехала, чамусьці, 10. Яны пабылі тут шэсьць тыдняў і добра адпачылі”. (Сурмач: ) “Патрэбна дадаць, што аўстралійскія беларусы аказваюць рэальную дапамогу многім прыезджым зь Беларусі пад час іхнага побыту ў краіне. Выключэньне склала толькі сёлетняя Алімпіяда, калі беларусы Аўстраліі катэгарычна адмовіліся дапамагаць камандзе пад чырвона-зяленым сьцягам. Сп. Яўген, я памятаю, як цудоўна вы чыталі беларускія вершы пад час сьвяткаваньня ў Мэльбурне ўгодкаў 25 Сакавіка. Можа зараз прачытаеце нешта для нашых слухачоў?” (Груша: ) “Гэты верш быў апублікаваны ў “Народнай Волі”: Бацькаўшчына ў бядзе.
Бураю пакрышыла,
Дзе ён народ гэройскі?
Мо гэта кара Боская?
Сп. Хведар, на якое мерапрыемства будзе зьбірацца ў бліжэйшы час беларуская грамада ў Вільні?” (Нюнька: ) “Гэты год юбілейны. Споўнілася 80 гадоў ад таго часу, калі лепшыя сыны Беларусі пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына. 26 лістапада ў сядзібе Таварыства адбудзецца вечар прысьвечаны гэтым падзеям. Акрамя нашых сяброў, будуць госьці зь Беларусі, а таксама прадстаўнікі літоўскіх арганізацыяў. Адзначым таксама 70 гадоў ад нараджэньня Ўладзіміра Караткевіча. Будуць паказаныя фільмы аб падзеях у Беларусі’’. (Сурмач: ) “У гэтым годзе вашаму Таварыству споўнілася 10 гадоў. Я ведаю, што вы рыхтавалі кніжку аб пройдзеным шляху. Ці яна ўжо выйшла з друку?” (Нюнька: ) “Так, нядаўна выйшла”. (Сурмач: ) “Віншуем вас з гэтым добрым набыткам. У Беларусі нашых замежных суродзічаў ведаюць, найперш, па тых справах, што робяць яны на беларускай ніве. Але кожны зь іх мае і сваё асабістае жыцьцё, свой прафэсыйны занятак, ці нейкую іншую дзейнасьць, што дазваляе рэалізаваць сябе як асобу. Часта, менавіта ў прафэсіі дасягаюць яны значных посьпехаў і займаюць прыкметнае мейсца ў грамадзтве краіны свайго пражываньня. Пра такіх людзей мы будзем распавядаць у нашай рубрыцы “Хто ёсць хто ў беларускім замежжы”. Сёньня мы гутарым зь беларускім эмігрантам з Канады сп. Барысам Рагулем, які стаў на чужыне высокакваліфікаваным мэдыкам. Сп. Барыс, вы належыце да паваеннай хвалі беларускай эміграцыі. Пачынаць жыцьцё на чужыне, вядома ж, было ня лёгка. Што скіравала Вас на выбар прафэсіі мэдыка? Гэта сталася выпадкова ці вы рэалізавалі сваю мару?” (Рагуля: ) “Мой бацька быў лекар. Калі ён памёр, мне было 2 гады. Маці ўтрымала памяць аб ім і прадставіла мне яго ў вельмі прыгожых колерах. Яна захавала яго кніжкі, інструмэнты. Калі мне было ўжо 11 гадоў, маці пачала працаваць у шпіталі і я жыў там зь ёю. Тады ў мяне канчаткова замацавалася думка быць лекарам. Я верыў, што я дасягну гэтай мэты”. (Сурмач: ) “Як Вам удалося атрымаць мэдычную адукацыю?” (Рагуля: ) “Мы выехалі на Захад, у Нямеччыну, і там мне ўдалося скантактавацца з дэканам мэдычнай школы ў Марбургу, у Заходняй Нямеччыне. Ен аказаўся не фашыстам, а такім дэмакратам нямецкім. Я прадставіў яму цяжкую сытуацыю ў Беларусі пасьля акупацыі і прасіў яго дапамагчы беларускім студэнтам паступіць ва ўнівэрсытэт. Ен так прыняў мае заўвагі, што ўладзіў сем месцаў на мэдычным і каля дзесяці месцаў на іншых факультэтах унівэрсытэту ў Марбургу. Але ў хуткім часе мы мусілі пераехаць у Бэльгію, у Лювэн”. (Сурмач: ) “Гэта значыць, што вы сталі адным з тых беларускіх студэнтаў у Лювэнскім унівэрсытэце, якія атрымалі там пасьля вайны вышэйшую адукацыю”. (Рагуля: ) “Так, я скончыў унівэрсытэт. Галоўнае пытаньне было – дзе дастаць сродкі на навучаньне. Цікавая рэч. Я сустрэў аднаго манаха – бэнэдэктына ўсходняга абраду, ягоны дзядзька быў прэзыдэнтам бэльгійскага парлямэнту. Айцец Робэрт сказаў мне, што ваш народ плаціў падаткі ў Рым у 16 стагодзьдзі і трэба цяпер ехаць туды па дапамогу. Я падумаў: як я паеду. Ён кажа – дзядзька ўсе зробіць. Я паехаў да ягонага дзядзькі ў парлямэнт і ён мне зрабіў дагавор з эпіскапам Манціні – сакратаром замежных справаў Ватыкану, кардыналам Пейшэранам – дэканам кардыналаў, другім пасьля Папы, і з Папам Рымскім Піем ХХІІ. Атрымалі візы і паехалі ў Рым. З Манціні ў мяне была такая даволі вострая гутарка пра адносіны ў Беларусі католікаў з праваслаўнымі. Я яму сказаў, што ў Беларусі не было перасьледу адной ці другой рэлігіяў і што я разьлічваю на дапамогу Ватыкану. Тады быў прыватны візыт у Папы Рымскага і я там зрабіў дыпляматычную памылку. Калі я расказаў, што мне патрэбна, ён сказаў, што буде маліцца за нас і за нашу Бацькаўшчыну. Тады я сказаў: “Ваша Сьвятасьць, калі б Вы яшчэ да малітвы дакінулі і стыпэндыі, то я быў бы вельмі ўдзячны”. Кардынал, які стаяў збоку, я думаў, што ён мяне праб’е вачыма з-за таго, што як я мог асьмеліцца прасіць больш, як малітву. Але праз тры тыдні мы ўсе ж атрымалі 10 стыпэндыяў на Лювэн’’. Працяг размовы са сп. Барысам Рагулем слухайце ў нашай наступнай перадачы. Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |