RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Беларускае замежжа



Нашчадкі мастака Ўладзімера Шыманца працягваюць беларускія традыцыі і прадстаўляюць беларускую культуру ў заходніх унівэрсытэтах.

Удзельнічаюць: Івонка Сурвілла, Паўлінка Сурвілла, Вірджынія Шыманец, Лявон Шыманец.

(эфір 19.01.2001)

Аўтары і вядучыя: Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш.

(Сурмач: ) “Эфірны час нашай сёньняшняй праграмы будзе цалкам аддадзены рубрыцы “Хто ёсьць хто ў беларускім замежжы”.
Справа ў тым, што мы зьбіраемся пазнаёміць вас не з адным чалавекам, як звычайна, а з чатырма. І ўсе яны належаць да аднаго беларускага роду вядомага ў дыяспары мастака Ўладзіміра Шыманца, які жыў у Францыі.

(Сокалаў-Воюш: ) “Напачатку сустрэнемся з дачкою мастака, якую ведаюць беларусы на Бацькаўшчыне і за яе межамі. Гэта Івонка Сурвілла, якая з 1997г. зьяўляецца старшынёю Рады Беларускай Народнай Рэспублікі – беларускага эміграцыйнага ўраду, што з 1918г. перахоўвае ідэю дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі.
Са сп. Івонкай Сурвіллай размаўляе Ганна Сурмач”.

(Сурмач: ) “Сп. Івонка, у Беларусі Вас ведаюць, найперш, як вядучага беларускага палітыка ў замежжы. А якім быў Ваш жыцьцёвы шлях па-за палітыкаю? Якую Вы маеце прафэсію, якую адукацыю атрымалі?”

(Сурвілла: ) “Прафэсійную адукацыю я атрымала ў Парыжы. Спачатку я паступіла ў мастацкую школу, а пасьля перайшла ў Сарбону, дзе вывучала скандынаўскія мовы і ангельскую. Гэта была мая прафесія, я працавала перакладчыкам доўгія гады. Калі пераехала ў Канаду, 27 гадоў працавала ў Фэдэральным бюро перакладаў, спачатку як перакладчыца, пасьля як рэдактар, потым зарганізавала сэкцыю чужаземных моваў. Скончыла сваю прафэсійную кар’еру шэфам даволі вялікага аддзелу ў Міністэрстве здароўя”.

(Сурмач: ) “Сп. Івонка, якімі мовамі Вы валодаеце?”

(Сурвілла: ) “Цяпер валодаю толькі чатырма мовамі: ангельскай , францускай, гішпанскай і, вядома, беларускай. Але раней ведала недзе 11 моваў, цяпер многія не ўжываю, і яны забываюцца”.

(Сурмач: ) “Думаю, што Ваша адукацыя і вопыт адміністрацыйнай працы дапамагаюць Вам цяпер у выкананьні абавязкаў старшыні Рады БНР?”

(Сурвілла: ) “Безумоўна. Тыя веды, што я здабыла – вельмі карысныя. Пераклады, зь якімі я працавала, рабіліся для канадыйскага ўраду. Я ведала, як вядуцца розныя адміністрацыйныя справы, была дасьведчаная ў палітыцы. Цяпер гэта ўсё мне патрэбна для маёй працы”.

(Срмач: ) “Як дачка мастака, Вы атрымалі ў спадчыну і мастацкі талент бацькі. Што Вам удалося зрабіць у творчым плане?”

(Сурвілла: ) “Як я ўжо гаварыла, я пачала студыяваць мастацтва ў Парыжы. У мяне добра атрымлівалася. Мае жывапісныя творы выстаўляліся на больш як 30 выставах”.

(Сурмач: ) “А якімі беларускімі справамі займаўся Ваш муж Янка Сурвілла, які, на жаль, пакінуў нас у 1997 годзе?”

(Сурвілла: ) “Ён працаваў у беларускім жыцьці на эміграцыі ўвесь час. Залажыў Камітэт самапомачы ў бежанскіх лягерах у Нямеччыне. Пасьля пераехаў у Францыю з намерам далей вучыцца, але не здабыў сродкаў. Мы там пазнаёміліся, Янка быў сакратаром сусьветнай арганізацыі беларускай эміграцыі. Пасьля дастаў стыпендыю ў Гішпаніі і пераехаў туды. Скончыў студыю ў эканоміцы ў 1957 годзе і пачаў рабіць дактарат.

У гэты час зьявілася магчымасьць адкрыць беларускае радыё. Янка пачаў весьці беларускія радыёперадачы на Мадрыдзкім радыё. Я таксама там працавала пасьля таго, як вышла замуж за Янку. Гэта мы рабілі да 1965 году, калі гішпанскі ўрад пасьля падпісаньня дамовы з Савецкім Саюзам зьліквідаваў усе радыёперадачы.

Мы атрымалі запрашэньне выехаць на працу ў Канаду, у Атаву. Там мы таксама адразу ўключыліся ў беларускае жыцьцё. Янка быў старшынём Атаўскага аддзелу Згуртаваньня беларусаў Канады”.

(Сурмач: ) “Я ведаю, што ў Вашай сям’і выраслі дзьве дачкі, чым яны займаюцца?”

(Сурвілла: ) “Ганна, старэйшая, замужам у Францыі, мае трое дзетак і працуе кансультантам.

Паўлінка жыве ў Злучаных Штатах, выкладае ва ўнівэрсытэцкім каледжы музыкалёгію. Свае навуковыя дасьледаваньні яна прысьвяціла беларускай музыцы”.

(Сурмач: ) “Я патэлефанавала Паўлінцы ў штат Агаё, каб больш дакладна даведацца пра тэму яе навуковых досьледаў”.

(Паўліна: ) “У справе спэцыялізацыі я выбрала тэму пра беларускі фальклёр і сучасную беларускую музыку. У 1993 годзе я паехала на Беласточчыну, а потым у Беларусь, каб працаваць па сваёй тэме.
Назва маёй навуковай працы – “Аб русалках і рок-музыцы: станаўленьне сябе і будаўніцтва нацыі “. Па гэтай тэме я абараніла дактарат у Мічыганскім унівэрсытэце”.

(Сурмач: ) “Сп. Паўлінка, пэўна, Ваш дактарат быў першым у вашым універсытэце на беларускую тэму?”

(Паўліна: ) “Так, гэта першая дысэртацыя на беларускую тэму ў Мічыганскім унівэрсытэце і гэта можна сказаць пра іншыя амэрыканскія універсытэты”.

(Сурмач: ) “Працяг размовы са сп. Паўлінаю аб тым, як успрымаюць у Амэрыцы сучасную беларускую музыку, слухайце ў нашай наступнай перадачы.

Паўлінка абараніла свой дактарат у красавіку мінулага году, а напрыканцы яго доктаркаю навук стала і яе стрыечная сястра Вірджынія Шыманец, дачка брата сп. Івонкі – Лявона Шыманца.
Вірджынія вучылася і абараніла дактарат у знакамітай Сарбоне, што зьўляецца часткаю Парыскага ўнівэрсытэту. Тэма яе навуковай працы таксама зьвязаная з беларускай культураю. Яна вывучала гісторыю беларускага тэатру ў пачатку стагодзьдзя.

Зь Вірджыніяй Шыманец гутарыць Сяржук Сокалаў-Воюш”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Сп. Вірджынія, скажыце, калі ласка, якімі матэрыяламі Вы карысталіся ў сваіх дасьледаваньнях?”

(Вірджынія: ) “Я працавала ў Менску і Вільні. Выкарыстоўвала архіўныя дакумэнты, а таксама вывучала больш за 150 драматычных тэкстаў, аналізавала іх”.

(Сокалаў: ) “Магчыма, што Ваш дактарат першы ў Сарбоне на гэту тэму, як успрымалі яго прысутныя ў часе абароны?”

(Вірджынія: ) “Беларуская культура першы раз уваходзіла ў Сарбону. Для прысутных гэта было вельмі дзіўна, але яны шанавалі маю працу. Увогуле, яны добра рэагавалі, задавалі вельмі шмат пытаньняў”.

(Сокалаў: ) “Дарэчы, дзе Вы цяпер працуеце?”

(Вірджынія: ) “Я цяпер выкладаю ва ўніверсытэце, я займаюся тэатрам. У тэатральным інстытуце мы працуем у галіне гісторыі тэатра, сцэнаграфіі, эстэтыкі “.

(Сокалаў-Воюш: ) “Вядома, што Вы яшчэ і акторка, ці працуеце ў тэатры?”

(Вірджынія) “Я таксама артыстка і граю ў спэктаклі. Працавала і як драматург па тэксьце Сьвятланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”. Мы стварылі спэктакль па гэтаму твору і спрабуем яго паказаць гледачам. Хацелася б зрабіць гэта і ў Беларусі”.

(Сурмач: ) “Мы зьвязаліся па тэлефоне з бацькам Вірджыніі. Сп. Лявон Шыманец зьяўляецца адным з тых беларусаў у Францыі, што ахвярна захоўваюць там агеньчык беларускага жыцьця.

Сваю адданасьць беларушчыне ён здолеў перадаць дачцы і зараз можа ганарыцца яе посьпехамі”.

(Шыманец: ) “Вірджынія паказала ў Сарбоне, што ёсьць такая беларуская культура. Яна зрабіла вялізную працу, напісала 200 старонак бібліяграфіі. Я вельмі задаволены і цешуся. Беларускія тэмы тут вельмі мала знаныя, яны могуць стаць крыніцаю дасьледаваньняў для многіх студэнтаў і навукоўцаў”.

(Сурмач: ) “Далей сп. Лявон выказаўся пра тое, што моладзі зь Беларусі трэба часьцей выязджаць на Захад, каб атрымаць там адукацыю і прадоўжыць справу, што распачалі Паўлінка і Вірджынія”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Лёс раскідаў сямью Шыманцоў у розныя куткі сьвету – Канаду, ЗША, Францыю. Але моцныя карані радаводнага дрэва ўтрымліваюць іх ва ўлоньні роднай культуры, мовы. Можа якраз гэта і дае ім сілу ня толькі выжыць на чужыне, але і заняць там годнае мейсца ў грамадзтве і прапагандаваць беларускую культуру сярод іншых народаў”.

Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш
Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org