RFE/RL |
Калі чакаць канца сьвету.Удзельнічаюць: культуроляг Ігар Бабкоў і літаратар Вінцэсь Мудроў. (эфір 27.12.2000) Аўтар і вядучы: Віталь Тарас Калі й чаму здарыцца канец сьвету? Чаму людзі цікавяцца прадказаньнямі й гараскопамі? Ці могуць спраўдзіцца старажытныя прароцтвы? І нарэшце – ці ёсьць у беларусаў сваё ўяўленьне пра будучыню? Пра гэта – у сёньняшнім выпуску перадачы. “20 варыянтаў канца сьвету” прапанаваў нядаўна чытачам амэрыканскі часопіс Discover. Сярод варыянтаў у артыкуле Коры Паўэла размова ідзе і пра пагрозу трэцяй усясьветнай вайны, і пра захоп улады робатамі, і нават пра заваёву Зямлі чужынцамі з космасу. Аднак пачынаецца артыкул з варыянтаў значна больш верагодных з навуковага гледзішча. Сярод іх – падзеньне астэроіду, успышка касьмічнага гама-выпраменьваньня, “засмоктваньне” плянэты Зямля ў “чорную дзірку”, гіганцкія сонечныя ўспышкі, зьмена магнітнага поля зямлі (ёсьць тэорыя, што з-за гэтага загінулі калісь дыназаўры), а таксама вывяржэньне вульканаў і вынішчальныя эпідэміі. Цікавасьць да тэмы канца сьвету не згасае, мабыць, з часоў славутага Настрадамуса. Але чаму гэтая тэма застаецца нагэтулькі папулярнай? Ці толькі з-за цягі да ўсяго таямнічага, незразумелага і… бясконца далёкага ад рэальнай будзённасьці? Мы гутырым на гэтую тэму зь беларускім філёзафам Ігарам Бабковым. Вядома, што з навуковага гледзішча канец сьвету, а дакладней кажучы, плянэты Зямля ды яе насельнікаў – непазьбежны. Рана ці позна сонца дасягне такіх памераў, што проста паглыне Зямлю. Але адбудзецца гэта праз мільярды гадоў. Гэта ўсё адно што ніколі. Дык чаму ж чалавецтва хвалюецца за сваю будучыню? Ці цікаўнасьць да гэтай тэмы не ўласьцівая, скажам, беларускае мэнтальнасьці? (Бабкоў: ) “Першае, што можна сказаць – гэта тое, што толькі апошнія два-тры стагодзьдзі чалавецтва жыве з адчуваньнем сваёй біялягічнай несьмяротнасьці. Раней, прынамсі ў межах хрысьціянскай цывілізацыі, пачуцьцё гэтай несьмяротнасьці было значна менш пэўнае. Раней чалавецтва жыло ў чаканьні “страшнага суду”: прастора гісторыі мусіла абавязкова скончыцца пэўнай падзеяй, якая пераводзіць гісторыю чалавецтва на якасна іншую ступень. Але, на жаль ці на шчасьце (тут цяжка сказаць), гэтае пачуцьцё якасна насычанай гісторыі скончылася разам з сэкулярызацыяй грамадзтва, як сказалі б нігілісты – са “сьмерцю Бога” пры канцы 19-га стагодзьдзя. І паўстаў той парадокс, які мы маем сёньня. Гэта разрыў між часам чалавека і часам чалавецтва. Жыцьцё чалавека біялягічна сьмяротнае, што вельмі істотна. З другога боку, жыцьцё чалавецтва біялягічна патэнцыйна несьмяротнае. І таму ўсе апакаліптычныя прадказаньні, якія маюць на мэце канец гісторыі чалавецтва, зьвязаныя пераважна з вонкавымі фактарамі. Гэта альбо тэхнагенныя катастрофы, альбо прыродныя здарэньні.” (Тарас: ) “Адзін з найбольш вядомых астролягаў ЗША Сідны Амар нядаўна выпусьціў кнігу, прысьвечаную трэцяму тысячагодзьдзю. Што найперш зьвяртае на сябе ўвагу ва ўсіх ягоных прагнозах, дык гэта бязьмежная вера ў чалавека, ягоную духоўную энэргію, інтэлект і здольнасьць кожнага САМОМУ вырашаць свой лёс, хоць і зважаючы на голас зорак. Папулярныя ва ўсім сьвеце кнігі Амара ня выдадзеныя дагэтуль ні ў Расеі, ні ў Беларусі. Магчыма, галоўная прычына – у аптымістычным поглядзе аўтара на лёс заходняй цывілізацыі і ў тым ліку Злучаных Штатаў Амэрыкі. У беларускіх мэдыях пераважае астралёгія зусім іншага кшталту”. Сваімі назіраньнямі дзеліцца мой калега Вінцэсь Мудроў. (Мудроў: ) “Завітаўшы летась у Маскву, пазнаёміўся я там з супрацоўнікам аднае з тамтэйшых газэтаў, і той са скрухаю ў голасе паведаміў: прыбяжыш ад ранку з хворай галавой на працу, а шэф тут жа гукае: “Пішы гараскоп на наступны тыдзень”. Няма сумневу, што падобная практыка “складаньня” астралягічных прагнозаў існуе і ў беларускіх газэтах, гэтак жа як няма сумненьня ў тым, што сёньня назіраецца крыза згаданага жанру. Гадоў пяць таму гараскопамі захаплялася велізарная аўдыторыя, цяпер у ліку заўзятараў астралягічных экзэрсысаў можна згадаць хіба што жанчын з неўладкаваным лёсам, якіх цікавіць у гараскопах толькі адно: ці сустрэнуць яны на наступным тыдні сваю, так бы мовіць, другую палову. І тут прыгадваецца аповед адной цётухны, якая ехала ў прыгараднай электрычцы і захоплена апавядала спадарожнікам пра тое, як ейная сяброўка вычытала ў гараскопе пра блізкую сустрэчу з мужчынам, і прагноз спраўдзіўся. “Мужчына высокі, стройны, непітушчы, – паведаміла цётухна і, пасьля паўзы, дадала. – Волас чорны, уюшчыйся”. Дзесьці напачатку дзевяностых славутага Паўла Глобу спыталі: хто будзе першым прэзыдэнтам Беларусі? Мэтар астралёгіі сумеўся, а потым нясьмела паведаміў: “Першым прэзыдэнтам стане Шушкевіч. Больш няма каму”. Зоркі, як бачым, увялі астроляга ў зман. Праўда, гэта яму не зашкодзіла: спадар Глоба й дагэтуль вядзе штотыднёвую гараскапічную праграму на канале ТНТ і мае з таго харч нязводны. Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што гараскопы друкуюцца і ў цывілізаваных краінах. У асноўным яны знаходзяць сабе мейсца на старонках жаночых часопісаў. У нас жа імі стракацяць старонкі так званых дзяржаўных газэтаў. Ды яно й ня дзіва! Пісаць аб актуальных палітычных, эканамічных ды сацыяльных праблемах журналістам-дзяржаўнікам не выпадае, вось яны й поўняць газэтную плошчу астралягічнай нісянецінай пра тое, што Вадалея чакаюць фінансавыя праблемы, а Дзеўна-разьвядзёнка мусіць сустрэць непітушчага мужчыну”. (Тарас: ) “Ня трэба быць астролягам, каб убачыць, што найбольшую пагрозу ўсяму жывому на плянэце нясе сам чалавек. Згаданы ўжо намі Коры Паўэл называе варыянты канца сьвету, справакаваныя чалавечай дзейнасьцю. Гэта глябальнае пацяпленьне, экалягічны каляпс, біятэхналягічная катастрофа. Агромністая небясьпека пагражае і псыхічнаму здароўю чалавека. Паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, 500 мільёнаў чалавек ў сьвеце пакутуюць сёньня на псыхічныя хваробы. “Верагодна, ужо праз 20 гадоў дэпрэсія стане другой пасьля хваробаў сэрца прычынай сьмяротнасьці,” – піша часопіс Discover. Павелічэньне працягласьці жыцьця чалавека толькі пагоршыць сытуацыю. На думку навукоўцаў, гэта можа паслужыць штуршком да стварэньня новых эсхаталягічных культаў з мэтай пакласьці канец гэткаму бясконцаму пакутліваму жыцьцю. Дарэчы, часопіс – пад варыянтам нумар 19 – згадвае боскі провід. Маецца на ўвазе Адкрыцьцё Яна Багаслова (Апакаліпсыс) ды біблейскія прароцтвы. Мы працягваем гутарку зь Ігарам Бабковым. Ёсьць такая паліталягічная тэорыя, што насамрэч усе гэтыя прароцтвы апісвалі як бы тагачаснае палітычнае жыцьцё, а галоўнае – перасьледвалі нейкія палітычныя мэты. У рамках нашай перадачы немагчыма прааналізаваць, наколькі гэта адпавядае рэчаіснасьці. Але мне здаецца, што прароцтвы і асабліва прагнозы сапраўды маюць сёньня нейкія палітычныя мэты. У Беларусі, праўда, цяга да падобнага роду прароцтваў і прагнозаў апошнім часам зьменшылася. Можна па-рознаму гэта тлумачыць, але, на маю думку, прыйшло больш рацыянальнае ўспрыняцьце рэчаіснасьці. Ужо ніхто не чакае прышэсьця нейкага месіі, збавіцеля, альбо, наадварот, нейкіх катастрафічных здарэньняў”. (Бабкоў: ) “Мне здаецца, што традыцыйна беларуская мэнтальнасьць не цікавіцца будучыняй і адпаведна ўсімі гэтымі прароцтвамі – аптымістычнымі, альбо пэсымістычнымі. Характэрна, што нават у межах беларускай ідэнтычнасьці міт будучыні да сёньня не сфармаваўся. Гэта значыць, мы ня маем у беларускай культуры, у беларускай сьвядомасьці чагосьці такога, як, напрыклад, амэрыканцы маюць american dream, альбо іншыя такія ж аптымістычныя нацыі. Беларусы ня тое што ня вераць у сваю будучыню, але яшчэ не навучыліся зь ёй ані рацыянальна абыходзіцца, ані нават ірацыянальна яе чакаць. Але калі гаварыць пра фактар узмацненьня рацыяналізму ў дачыненьні да будучыні, да ўсіх гэтых ірацыянальных прароцтваў, тут, мне здаецца, сытуацыя Беларусі крыху адрозьніваецца ад сытуацыі рэшты сьвету. Так, на Беларусі мы маем узмацненьне рацыянальнага стаўленьня да будучыні, якая ўжо не апісваецца цьмянымі ідэалягемамі кшталту “беларускай долі”, “беларускага лёсу”, а якая ўжо спрабуе быць убачанай у разнастайных футурыстычных альбо квазыфутурыстычных распрацоўках. “Што будзе праз год?” “Што будзе на прэзыдэнцкіх выбарах?” “Што будзе зь беларускай культурай?” І гэтак далей. І натуральна, як і ва ўсім сьвеце, гэтыя футурыстычныя распрацоўкі скіраваныя ня столькі на тое, каб даведацца, што будзе потым, колькі на фармаваньне самой будучыні, на фармаваньне далягляду чаканьняў. Бо мы разумеем, што калі штосьці прадказваем, мы тым самым ужо ў грамадзтве, альбо ў асобнага чалавека фармуем пэўны далягляд чаканьня гэтае падзеі. У гэтым сэнсе ў Беларусі такая вайна за будучыню толькі пачынаецца. І гэтая вайна за будучыню, насамрэч, ёсьць часткай вайны за цяпершчыну”. (Тарас: ) “Гэтым слушным выказваньнем Ігара Бабкова мы завершым выпуск перадачы “Выкраданьне Беларусі: рэаліі й міты сучаснай эпохі”. Віталь Тарас, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |