RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Выкраданьне Беларусі



Ці будзем мы слухаць радыё ў новым тысячагодзьдзі?
Чаму многія надаюць перавагу менавіта гэтаму сродку масавай інфармацыі?
Што можна проціпаставіць прапагандзе нянавісьці?

Удзельнічаe: Юрась Барысевіч.

(эфір 1.12.2000)

Аўтар і вядучы: Віталь Тарас

На тле музыкі – сыгналы азбукі Морзэ (S.O.S.)

Вынаходніцтва Марконі (альбо, як вучылі савецкіх дзяцей у школе, Папова) – радыё, дазволіла выратаваць мноства людзей на моры й на сушы. Паводле Беларускай энцыкляпедыі да вынаходніцтва радыёпрыймача спычыніўся навуковец зь Беларусі Якуб Наркевіч-Ёдка.

Радыё і сёньня застаецца нашым надзейным памочнікам – ці ідзе размова пра прагноз надвор’я, адпачынак, ці пра тое, як абмінуць заторы на дарогах, ці пра выгаднейшыя закупы.

Але радыё таксама было ўлюбёным сродкам гітлераўскай прапаганды ў трэцім рэйху і сталінскай – у Савецкім Саюзе. Самі назвы першых савецкіх радыёстанцыяў – напрыклад, радыё імя Камінтэрну, якое пачало вяшчаць у Менску 75 гадоў таму, гавораць самі за сябе.

У 60-я – 70-я гады кароткахвалевыя прыймачы ў СССР сталіся ледзь не адзінай крыніцай праўдзівае інфармацыі. Антысавецкі супраціў і дысыдэнцкі рух быў моцна зьвязаны з ь вяшчаньнем замежных радыёстанцыяў – Бі-Бі-Сі, Голасу Амэрыкі, “Свабоды” ды іншых.

Якой дарогай ісьці далей? Вось як адказвае на гэтае пытаньне прэзыдэнт Радыё “Свабода” Томас Дайн.

(Дайн: ) “Вопыт 20-га стагодьдзя паказвае, што ўсялякае выкарыстаньне гвалту контрпрадуктыўнае. Але й недастаткова радыкальныя памкненьні таксама не вядуць да вырашэньня праблемаў. Гісторыя чалавецтва вучыць, што кожнае грамадзтва павінна само гэта вырашыць для сябе. Гэта асабліва справядліва ў адносінах да аўтарытарных рэжымаў, тых, што заснаваныя на ўціску й сэгрэгацыі, імкненьні сьцерці розьніцу паміж рознымі рэлігіямі, культурамі, альбо проста ўсялякія адрозьненьні паміж людзьмі.

Гісторыя паказвае, што кожны індывід, кожнае пакаленьне і кожнае грамадства мусіць змагацца з самім сабой, каб пераадолець гэтую варажнечу”.

(Тарас: ) “Ці можам мы дамагчыся большага? Томас Дайн лічыць, што для гэтага трэба зразумець ролю сучасных тэхналёгіяў.

(Дайн: ) “Сучасныя тэхналёгіі сувязі часта выкарыстоўваюцца для таго, каб падзяліць людзей, каб атрымаць над імі вышэйшую ўладу. Гэтыя тэхналёгіі даюць нам магчымасць зразумець адно аднаго – праз інтэрнэт, радыё й тэлебачаньне, пэрыядычны друк – але разам з тым, гэтымі каналамі сувязі дагэтуль вельмі часта злоўжываюць тыя, хто найменш зацікаўлены ў пашырэньні разуменьня, а найбольш -- у дэструктыўнай прапагандзе. Усе мы жахаліся тымі пасланьнямі нянавісьці, якія зьяўляліся ў электронных медыях. Несвабодная прэса ў былой Югаславіі нясе адказнасьць як за прыход да ўлады Мілошавіча, гэтак і за вайну на Балканах.

Аднак, калі мы запалоханыя, то вельмі часта ня дзейнічаем. Мы не процідзейнічаем гэтым пасланьням нянавісьці з дапамогай іншых, пазытыўных пасланьняў. Часам таму, што мы запалоханыя, ці саромеемся, а часам таму, што мы проста ня ведаем, ЯК гэта рабіць. Мы мусім навучыцца адбівацца, каб пазбавіцца неталерантнасьці і змагацца за тое, каб людзі разумелі адзін аднаго”.

Гэтыя словы былі сказаныя Томасам Дайнам на міжнароднай канферэнцыі ў верасьні – яшчэ да таго, як народ ськінуў аўтарытатарны рэжым Мілошавіча.

У свой час казалі, што тэлебачаньне пахавае радыё. Потым казалі, што інтэрнэт выцесьніць тэлебачаньне. Аказалася, што ўзаемаадносіны паміж гэтымі зьявамі значна больш складныя.
А ці засталецца па-ранейшаму радыё часткай нашага жыцьця, нашага побыту? Якое мейсца яно займае? Аб гэтым мы гутарым з культуролягам, ппрафэсійным радыёслухачом Юрасём Барысевічам.

(Барысевіч: ) “Радыё, безумоўна, застанецца важным сродкам інфармацыі. Яно, па-першае, нашмат больш апэратыўнае за тэлебачаньне.

А па-другое, яно больш вальналюбнае. Бо тэлебачаньне гэта вельмі дарагая забава: яно шукае ці то спонсараў, ці то падтрымкі дзяржавы. А радыё, усё-ткі, больш таннае. І таму можа рабіць ня толькі пасовыя перадачы, але й высокамастацкія. Напрыклад, у Расеі на тэлебачаньні ўжо няма літаратурных перадачаў, а на радыё яны яшчэ застаюцца – як на беларускім дзяржаўным радыё, ці на “Свабодзе”.

І яшчэ радыё дазваляе рабіць паралельна з атрыманьнем інфармацыі нешта іншае – шыць, пісаць, есьці, кіраваць аўтамабілем і г.д. І тэлебачаньне тут яму не канкурэнт.

А наконт інтэрэнэту – мы ведаем, што зараз зьявіліся ў інтэрнцэе радыёстанцыі, якія нават не працуюуць у эфіры, а вяшчаюць толькі праз кампутар. І гэта вельмі модна на Захадзе, наколькі я ведаю, і будзе пашырацца.

Але гэта толькі пачатак радыёрэвалюцыі. Бо гадоў праз дваццаць, а можа й раней літаральна ўсе хатнія прыборы будуць падлучаныя да інтэрнэту. Я маю на ўвазе тую ж лядоўню, якая будзе сачыць за тым, якія прадукты скончыліся і сама будзе тэлефанаваць у краму і замаўляць, каб прывезьлі такія самыя прадукты. Пры чым, па штрых-кодах яна будзе чытаць магчымыя рэцэпты прыгатаваньня, паведамляць у мікрахвалёўку і рыхтаваць абед ці сьняданак без удзелу чалавека”.

(Тарас: ) “Што, на Вашую думку, найбольш прыцягвае ў розных сродках масавай інфармацыі? У якіх выпадках чалавек зьвяртаецца менавіта да кароткахвалевага радыё, у якіх – да тэлебачаньня, ці друкаванага слова? Што тут адыгрывае ролю, якія ёсьць перавагі ў радыё?”

(Барысевіч: ) “Найбольшая, ўсё-ткі, перавага – гэта апэратыўнасьць. Па радыё людзі даведваюцца, ШТО адбылося. Пазьней, праз некалькі гадзінаў, па тэлебачаньні бачаць, ЯК гэта адбылося. Ну, а ўжо наступным днём чытаюць у газэтах камэнтары, ЧАМУ гэта адбылося”.

(Тарас: ) “А калі гаварыць пра давер да СМІ – каму больш давяраюць: радыёінфармацыі, тэлебачаньню, ці газэтнаму слову?”

(Барысевіч: ) “Звычайна лічыцца, што тэлебачаньне больш пераканаўчае. Але ў наш час я ўжо, напрыклад, не давяраю тэлебачаньню, бо ведаю, што ўсё гэта ператварылася ў мультыплікацыю. Можна зманатаваць усё, што заўгодна. Відэадакумэнт ужо ня можа лічыцца абсалютна надзейным.

Радыё я больш давяраю, бо яно мае больш старажытныя карані.
Яно нагадвае своеасаблівы голас сумленьня, які гучыць знутры чалавека. Раней нашыя продкі - сяляне мусілі ўвесь час сабе нешта сьпяваць – на працы й дома. А цяпер, дзякуючы радыё, канечне, стандартызаваліся гэтыя песьні. У гэтым ёсьць небясьпека і радыё, і тэлебачаньня.

(Тарас: ) “Вядома, што электронныя СМІ спырычыніліся да стварэньня асноўных тататалітарных рэжымаў дваццатага стагоддзя. Пра гэта мы ўжо казалі на пачатку перадачу. Варта, хіба, дадаць нагадаць, што некаторыя выказваньні Гітлера аб неабходнасьці стварэньня сеткі праваднога радыё для большай зручнасьці прапаганды амаль тэкстуальна супадаюць з выказваньнямі Лукашэнкі на гэты конт.

(Юрась Барысевіч: ) “У Беларусі ў значнай ступені гэтая сытуацыя застаецца, бо ў нас толькі адзін вялікі тэлеканал. І радыё таксама мае ня так шмат альтэрнатываў, бо дзяржава апекуецца захаваньнем сеткі радыёкропак, дзе гучыць таксама афіцыёзная інфармацыя з аднаго-двух каналаў.

А ўвогуле, ў свьеце існуе, канечне, безьліч радыёстанцыяў, якія можна слухаць на кароткіх хвалях. Праблема ў тым, што яны на іншых мовах. Але тэхналёгія, думаю, хутка дасьць рады гэтай праблеме. Створаныя даволі якасныя праграмы-перакладчыкі. Я думаю, празь некалькі гадоў іх будуць убудоўваць у радыёпрыймачы, і можна будзе слухаць якую заўгодна станцыю на беларускай мове, а напрыклад, прамовы Лукашэнкі – на якой-небудзь афрыканскай, на суахілі”.

(Тарас: ) “На жаль, якасьць тэлефоннай сувязі паміж Менскам і Прагай прымушае меркаваць, што ня так хутка будуць укараняцца навейшыя тэхнічныя дасягненьні ў Беларусі. Але будзем спадзявацца на лепшае і на будучыню радыё ў новым тысячагодьдзі.

Я дзякую журналісту Юрасю Барысевічу за размову.

Віталь Тарас, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org