RFE/RL |
Разьлік зь мінулым. Рэшткі камуністычнай сьвядомасьці ва Ўсходняй Эўропе.(эфір 28 лістапада 1999) Аўтар і вядучы – Мікола Іваноў. Нягледзячы на тое, што ад моманту краху камунізму ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе мінула ўжо 10 год, даволі значная частка насельніцтва посткамуністычных краінаў па-ранейшым знаходзіцца пад уплывам камуністычнай ідэалёгіі. Што гэта за фэномэн – камуністычная сьвядомасьць? Ці варта цяпер змагацца зь ёй? А калі так, дык якім чынам? “Разьлік зь мінулым” – такая сёньня тэма перадачы ў сэрыі “Урокі Найноўшае Гісторыі, 1989 – 1999 гг.” У былых камуністычных грамадзтвах рэальных носьбітаў камуністычнай ідэалёгіі, тых, хто па-сапраўднаму верыў у таталітарныя догмы, было даволі шмат. І былі гэта ня толькі прадстаўнікі камуністычнай намэнклятуры, але пераважна тыя, каго з даўніх часоў называлі “народныя масы”. І вось цяпер, як адзначаюць сусьветныя палітычныя аналітыкі, адбылася даволі цікавая мэтамарфоза. Тыя вярхі носьбітаў камуністычнай ідэалёгіі, тыя намэнклятуршчыкі амаль усе адмовіліся ад камунізму, сталі добрымі альбо нядобрымі капіталістамі – як у каго атрымалася. А вось даволі значная частка тых самых народных масаў па-ранейшаму верная тым старым камуністычным догмам і марыць аб тым, як вярнуць мінулае. Некаторыя прыхільнікі камуністычнай ідэалёгіі апраўдваюць падобную зьмену тым, што камунізм, нібыта, вызваліўся ад намэнклятурнага балясту і цяпер ператварыўся ў сваю першапачатковую форму, так, як яго задумалі клясыкі. Ён зноў стаўся ідэалёгіяй прыгнечаных масаў. Аб тым, што гэта зусім ня так, сьведчыць гісторыя камуністычнага руху на Захадзе, перадусім у Італіі і Францыі. Некалі гэта былі сатэлітныя савецкія камуністычныя партыі, якія сьлепа выконвалі ўсе загады з Масквы. Цяпер жа яны пераўтварыліся ў нармальныя левыя партыі – неадрыўны элемэнт заходнеэўрапейскага парлямэнтарызму. Італьянскія рэфармаваныя камуністы ўжо на працягу больш года знаходзяцца ва ўладзе, а іх лідэр Массіма Д’Алема, нават, узначальвае левы кабінэт міністраў краіны. На ўсходзе ж ўсё зусім інакш. Тут камуністычная ідэалёгія зьвязаная
з настальгіяй шырокіх колаў насельніцтва па тых часах, калі ўсё за іх вырашала
партыя. Яны абсалютна не падрыхтаваныя да выказваньня ўласнай ініцыятывы
ў жыцьці. Адсюль і галасуюць яны за нерэфармаваных камуністаў. Найбольш
яскравы прыклад падобных настрояў назіраецца ў Чэскай Рэспубліцы. Гэта,
дарэчы, адна з самых багатых з былых сацыялістычных краінаў.
У чым жа прычына так глыбокіх і моцных уплываў камуністычнай спадчыны ў грамадзтвах тых краінаў, якія 10 год таму скінулі таталітарнае панаваньне? І якія могуць быць шляхі маральнага разьлічэньня зь мінулым? Пракамэнтаваць гэтую праблему я папрасіў прафэсара Анджэя Пачкоўскага, дырэктара Інстытуту паліталёгіі Польскай Акадэміі навук і члена навуковай рады Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы. Вось ягоны каментар: (Пачкоўскі: ) “Тыя зьмены, што адбыліся ў Цэнтральна-Усходняй Эўропе, у тым ліку і ў Польшчы, у сувязі з тым, што яны адбыліся вельмі хутка, называюць рэвалюцыяй. Але кожная рэвалюцыя павінна нешта зрабіць з тым, што было перад рэвалюцыяй. Гэта датычыць усяго: дзяржаўных інстытутаў, установаў і, перадусім, сьвядомасьці людзей. Трэба нешта зрабіць і са слугамі былога рэжыму. Калі рэвалюцыя мае крывавы характар, дык тут няма праблемы. Іх папросту зьнішчаюць, вешаюць на ліхтарных слупах. Рэшта ўцякае. Але калі рэвалюцыя некрывавая, дык тут паўстае пытаньне. Што ж рабіць з гэтым мінулым. Ясна, што грамадзкая думка націскае, каб нешта зрабіць са спадчынай мінулага. Нельга забыцца пра ўсё і сказаць, што нічога не было. Трэба вызначыць, хто быў вінаваты ў злачынствах і пакараць іх. Можна папросту зрабіць грамадзкае асуджэньне альбо пасадзіць яго за краты і, такім чынам, сьцьвердзіць, што ён быў бандытам. Такі працэс называецца разлічэньне зь мінулым”. (Іваноў: ) “А ці ўвогуле магчыма пазьбегнуць гэтага працэсу разьлічэньня зь мінулым? Бо менавіта такі пункт гледжаньня адстойваюць сёньня камуністы амаль ва ўсіх без выключэньня краінах былой сацыялістычнай садружнасьці?” (Пачкоўскі: ) “Гэтага працэсу немагчыма пазьбегнуць, хаця значная частка грамадзкай думкі ў Польшчы і ў Чэхіі выступае супроць гэтага. Людзі мяркуюць, што зь мінулым ня можа быць разьлікаў. Але праблема ў тым, што калі гэтага не зрабіць цяпер, гэтым трэба будзе заняцца наступным пакаленьням. Зьвернем увагу на Заходнюю Эўропу, дзе працэсы разьлічэньня зь мінулым, з нацысцкім, фашысцкім мінулым былі вельмі хутка прыпыненыя. Прычынай была халодная вайна. І вось цяпер, неспадзявана гэтыя праблемы вяртаюцца. Напрыклад, у Францыі невядома, што цяпер зрабіць са спадаром Папонам, які падпісваў загады дэпартацыі габрэяў падчас акупацыі. Яму цяпер 90 гадоў. І цяпер ягоную справу трэба разглядаць. Яго не арыштавалі і не судзілі ў 1945 годзе. У Нямеччыне, дзе здавалася, што ўсё пра фашысцкае мінулае краіны ўжо сказана, амаль кожныя 10 гадоў справа дэфашызацыі краіны вяртаецца зноў і зноў. І кожнае новае пакаленьне вымушанае вяртацца да гэтага. І нават калі цяпер зрабіць глыбокае разлічэньне з мінулым, усё роўна нешта застанецца. Справа будзе вяртацца. Заўсёды можа зьявіцца нешта новае. Але асноўныя рэчы трэба зрабіць адразу. Грамадзтва павінна ачысьціцца”. (Іваноў: ) “Але ці не здаецца Вам, што галоўнае гэта ня вонкавае ачышчэньне. Ці дастаткова пасадзіць на лаву падсудных некалькіх злачынцаў і іх памагатых, каб з дапамогай публічнага суду ачысьціць душу кожнага чалавека? Ды й увогуле, ці пад сілу гэткае ачышчэньне дяржаве, нават самай дэмакратычнай?” (Пачкоўскі: ) “Зразумела, што неабходна, каб ачысьціўся кожны чалавек. І тут я мушу адзначыць адну вельмі важную рэч: куды больш ад пракурора і судзьдзі тут патрэбныя духаўнік-спавядальнік. Кожны чалавек павінен пайсьці на споведзь. Кожны павінен шчыра расказаць, што ён рабіў падчас мінулай улады. Кожны павінен адказаць на пытаньне: ці тое, што ён рабіў, было дрэнным. Калі нехта рабіў зло, ён павінен усьвядоміць гэта. І дастаткова, каб у якасьці пакуты чалавек памаліўся на каленях перад іконай. Гэтага дастаткова. Чалавек напэўна ўсьвядоміў свае грахі. У дэмакратычным грамадзтве павінна панаваць праўда, празрыстасьць. Нельга пакінуць сьмярдючы труп у шафе. Кожны, хто жыў у камуністычнай сыстэме і нешта ў ёй рабіў: быў рабочым, прафэсарам, афіцэрам – кожны мае нейкі грэх, нейкага трупа ў шафе. Трэба шафу адчыніць і паказаць гэтага трупа. Трэба прааналізаваць свае паводзіны. І гэта галоўнае. (Іваноў: ) “А як жа быць з той высокай намэнклятурай, якая дзякуючы свайму становішчу апанавала элітарныя пазыцыі і ў посткамуністычным грамадзтве?” (Пачкоўскі: ) “Бясспрэчна, выявілася, што пераход ад гаспадаркі з цэнтральным плянаваньнем да рынкавай праходзіць праз фазу карупцыі. І гэтая карупцыя мае вельмі розныя формы. Тут можна прыгадаць і простыя формы карупцыі, такія, напрыклад, як хабар паліцыянту, які затрымлівае вас за недазволена высокую хуткасьць, і хабар дзяржаўнаму чыноўніку, які вырашае, якую фірму выбраць дзеля будовы мосту. Але ёсьць і так званы палітычны капіталізм. Гэта, калі кантакты паміж гаспадарчым і палітычным асяродзьдзямі вельмі цесныя, куды больш цесныя, чымся ў ЗША ці Вялікабрытаніі. Там гэтыя асяродзьдзі выразна аддзеленыя адно ад другога. У посткамуністычных краінах, у тым ліку і ў Польшчы, аднак, інакш. А вынікае гэта з тае прычыны, што дзяржаўны сэктар па-ранейшаму займае значнае месца ў гаспадарцы. Але адначасна гэты сэктар паволі набывае форму капіталістычнай установы. Такім чынам у яго ёсьць група дарадцаў. А хто ўваходзіць у гэтую групу, вырашаюць не акцыянэры, а толькі міністар. Такім чынам міністар уводзіць сваіх людзей, са сваёй партыі ў гэтыя групы. Гэта дае яму магчымасьць уплываць на лёсы гэтай фабрыкі, а яго людзям гэта дае заробак. І такім чынам людзі ўзбагачаюцца. Заробленыя грошы яны інвэстуюць. І такім чынам гэтае кола кліенталізму зачыняецца. Гэтую зьяву польскія палітолягі называюць палітычным капіталізмам. І гэта зьўляецца пэўнай формай карупцыі. У посткамуністычных краінах адбываецца захоп былой дзяржаўнай уласнасьці старой намэнклятурай і, нават, новай намэнклятурай. І нядаўна падчас выбарчай кампаніі ў парлямэнт адзін з палітыкаў на пытаньне “Якая самая моцная палітычная партыя ў Польшчы?” адказаў: Тэ Ка Эм. Як расшыфраваць гэта? Ён адказаў: цяпер, курва, мы”. Гэта быў камэнтар польскага прафэсара Анджэя Пачкоўскага, дырэктара Інстытуту паліталёгіі польскай АН. Прадстаўнікі былой камуністычнай намэнклятуры сёньня знаходзяцца практычна ва ўсіх палітычных партыях краіны, і ня толькі ў левых. Бальшыня зь іх не забылася пра старыя намэнклятурныя сувязі і блат. І сапраўды, магчыма, прафэсар Пачкоўскі мае рацыю: маральнае ачышчэньне грамадзтва павінна быць варункам далейшага разьвіцьця посткамуністычных грамадзтваў на шляху да дэмакратыі і эканамічнага росквіту. Мікола Іваноў, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |