RFE/RL |
БЕЛАРУСЬ'95 – Страйк мэтрапалітэнаўцаў(эфір 14 верасьня 1999) Чатыры гады таму, 13 верасьня 1995 году суд у Менску прызнаў законным звальненьне машыністаў мэтрапалітэну, якія ўдзельнічалі ў жнівеньскім страйку. Мэтрапалітэнаўцы былі звольненыя, ня гледзячы на тое, што ў пратэсту былі законныя падставы. Няпраўнасьць – у тым ліку адвольнае затрыманьне людзей, з таго часу ўвайшло ў практыку рэжыму Лукашэнкі. Рэжыму, які атрымаў поўнае права называцца дыктатарскім. Пра тагачасныя падзеі размова пойдзе ў перадачы цыклю “Урокі Найноўшае Гісторыі”, якая выйдзе ў эфір адразу пасьля выпуску навінаў. У перадачы бяруць удзел лідэры тагачаснага й цяперашняга руху прафэсійных зьвязаў Сяргей Антончык, Віктар Бабаед, Уладзімер Макарчук і журналіст Алесь Лазоўскі. Вядзе перадачу Віталь Тарас. Першы пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі масавы выступ рабочых у 95-м ня выйшаў з падзямельля па-за межы мэтро, і ня быў падтрыманы бальшынёю прафэсійных зьвязаў. Аднак, параза мэтрапалітэнаўцаў сталася моцным урокам ня толькі для руху зьвязаў, але й для ўсяго грамадзтва, на вачох у якога адпрацоўваліся, так бы мовіць, новыя мэтоды кіраўніцтва – выкраданьне людзей сярод белага дня, суды безь незалежных сьведкаў, мана з вуснаў афіцыйных асобаў. Але пра ўсё – ад пачатку. Нагадайма ў скароце хроніку падзеяў, што папярэднічалі страйку. 15 сакавіка 1995 году адміністрацыя Менскага мэтрапалітэну ў аднабаковым парадку зьмяніла калектыўную дамову, якая тычылася, у прыватнасьці, умоваў працы ды заробкаў. Пасьля гэтага Свабодны прафэсійны зьвяз, які на той час ужо быў утвораны на мэтрапалітэне, разам зь мяйсцовым прафэсійным зьвязам, які ўваходзіў у афіцыйную Фэдэрацыю пачалі ў адпаведнасьці з працэдураю закону зьвяртацца ў розныя інстанцыі. Звароты – у тым ліку і ў адміністрацыю прэзыдэнта ды асабіста да Аляксандра Лукашэнкі – анічога не далі. 31 траўня прафэсійныя зьвязы вырашылі абвесьціць страйк 6 ліпеня. За гадзіну да пачатку страйку адміністрацыя мэтро пагадзілася заключыць новую калектыўную дамову. Гарадзкі выканкам узяў абавязак увесьці новае тарыфнае пагадненьне. Праз два дні пагадненьні былі парушаныя адміністрацыяй. Пасьля таго, як страйкавы камітэт абвяшчае датаю страйку 17 жніўня, ва ўладаў застаецца яшчэ месяц, каб у адпаведнасьці з законам урэгуляваць канфлікт. Але нічога не зьмяняецца й 17 жніўня пачынаецца страйк, а ўжо 18-га адміністрацыя звальняе 18 машыністаў мэтро. Аб тым, што было далей, распавядае віцэ-прэзыдэнт Кангрэсу дэмакратычных прафэсійных зьвязаў Уладзімер Макарчук, які ў той час быў лідэрам Свабоднага прафэсійнага зьвязу мэтрапалітэнаўцаў. (Макарчук: ) “Празь дзень мы пагадзіліся прыпыніць страйк пры ўмове, што загад аб іхным звальненьні будзе скасаваны. Адміністрацыя на гэта не пагадзілася, і натуральна, мы вымушаныя былі працягнуць страйк. У гэты дзень прапаганда ўжо пачала апрацоўваць грамадзкую сьвядомасьць праз тэлевізію. Праз кожныя тры-чатыры гадзіны выступаў і прэзыдэнт – вось, маўляў, бастуюць, увесь транспарт спынены, асноўная артэрыя – мэтрапалітэн – стаіць. І ані слова не казалі пра тое, што мы гатовыя прыпыніць страйк. А ні слова пра тое, што людзі ўжо звольненыя. Да панядзелка йшла падрыхтоўка, а ў панядзелак былі выведзеныя войскі, і ўдзельнікаў страйку, якія пачалі зьбірацца каля офісу прафэсійнага зьвязу, пачалі арыштоўваць, кідаць у машыны й адводзіць у вайсковую частку. Такім чынам, страйк быў разгромлены. Было сорамна глядзець на гэтую ўладу, як нас затрымлівалі. Нас затрымлівалі, як нейкіх злачынцаў. Мы кіраваліся з мэтро на праспэкт, бо вырашылі сабрацца ў іншым мейсцы. Нас арыштоўвалі спэцназаўцы ў масках. Дастаткова сказаць, што мяне арыштоўвалі супрацоўнікі КГБ. Я іх ведаю, гэтых супрацоўнікаў. Адзін зь іх быў куратарам мэтрапалітэну ў КГБ. Я бачыў, як ён паказваў на мяне – што мяне трэба зарыштаваць. Тры чалавекі прыставілі да маёй галавы тры пісталеты з усіх бакоў, як быццам я быў нейкі сацыяльна небясьпечны. Шчыра кажучы, я быў у шоку”. Арыштоўвалі ня толькі непасрэдных удзельнікаў страйку. У тыя дні быў затрыманы, да прыкладу, лідэр Свабоднага прафэсійнага зьвязу Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Сяргей Антончык. Вось што пісала, да прыкладу, газэта “Свабода”: “На вуліцах гораду, удзень, без усялякіх санкцыяў арыштоўваюць актывістаў прафэсійных зьвязаў, дэпутатам гарадзкога і Вярхоўнага Савету настойліва прапануюць “паразмаўляць у міліцыі” і людзі… зьнікаюць. Потым жонцы Антончыка паведамляюць, што яго ўжо адпусьцілі (як бы гаворачы, “калі ён ня знойдзецца, мы не вінаватыя”), і яшчэ суткі трымаюць пад вартаю”. Узгадвае Сяргей Антончык: (Антончык: ) “Да мяне падыйшлі на вуліцы афіцэры міліцыі, сказалі, што запрашаюць мяне дзеля нейкай размовы. Я адмовіўся ад гэтага. Тады адзін падпалкоўнік даў каманду, пад’ехала машына, і яны мяне пасадзілі, і ўсё. А потым яны прывезьлі мяне ў вайсковую частку – гэта там, дзе астатніх затрыманых трымалі. Але мяне трымалі ў пакоі аднаго. Было, можа быць, чалавек пяць ці шэсьць у камуфляжы, у масках, у бронекамізэльках, у касках. Ну, і такім чынам, я там быў суткі. Ноч я там пабыў, а потым мяне адвезьлі на Апанскага, у турму. А потым адтуль завезьлі – пайшла нейкая каманда – мяне прывезьлі ў КГБ, на праспэкт Францыска Скарыны, у галоўную ўправу, папярэдзілі, што мае дзеяньні антызаконныя, што я страціў імунітэт дэпутацкі (гэта было якраз тады, калі я яшчэ быў дэпутатам Вярхоўнга Савету) і проста адпусьцілі. Гэты страйк паказаў сілу й слабасьць рабочага руху. Была прадэманстараваная рашучасьць людзей, здольнасьць іх ісьці да канца, а з другога – няздольнасьць кіраўнікоў руху прафэсійных зьвязаў да тактычных кампрамісаў. Напрыклад, была сытуацыя, калі задавальняліся эканамічныя пытаньні, але ўсе вельмі моцна патрабавалі адхіленьня Набежкі. Набежка – кіраўнік мэтрапалітэну, хачу нагадаць. На вялікі жаль, можна сказаць, што й грамадзтва не было падрыхтаванае да гэтага страйку. Людзі былі дэзінфармаваныя тэлевізіяй, і ніякіх улёткаў не было распаўсюджана папярэдне – у чым сэнс страйку, чаго дамагаюцца рабочыя. Чаго мы, рабочыя, хацелі? Спрабавалі з дапамогаю законаў й Канстытуцыі абараніць свае правы. Падкрэсьліваю, з дапамогаю закону. Але калі памыліліся, то ўбачылі, што такое дыктатура. І тады з прэзыдэнта была зьнятая маска народнага прэзыдэнта”. А якой была рэакцыя звычайных грамадзянаў беларускае сталіцы? Распавядае журналіст, які займаецца тэмаю руху прафэсійных зьвязаў, карэспандэнт “Радыё Свабода” ў Менску Алесь Лазоўскі: (Лазоўскі: ) “Першае, як мне падалося, тое, як грамадзяне адрэагавалі на страйк мэтрапалітэнаўцаў – гэта была тая нязручнасьць ва ўсім горадзе. Таму што мэтро – гэта асноўны від транспарту, які перавозіў шмат людзей. І гэтыя людзі потым выйшлі на звычайныя прыпынкі гарадзкога транспарту, там набралося шмат людзей, і яны не маглі ехаць. Яны, па-першае, анічога ня ведалі, і палову дня, пакуль не ўключылі радыё й тэлевізію, ня ведалі, што ў Менску праходзіць гэты страйк. Натуральна, што гэтым пасьпелі скарыстацца кіроўцы таксі й проста кіроўцы-прыватнікі, якія заламлялі ў два-тры разы большыя кошты, што, натуральна, злавала людзей. Потым, калі яны даведаліся, то, хутчэй за ўсё, як мне падалося, яны прымалі той варыянт выкладаньня падзеяў, які прапаноўвала дзяржаўная тэлевізія: гэта значыць, бунтары-страйкоўцы, якія зарабляюць па чатыры мільёны рублёў. Гэтую суму ня раз агучвала беларуская тэлевізія і радыё. Яна падавалася простым грамадзянам абсалютна нерэальнай і надзвычай вялікай, таму што ў той час заробкі былі на парадак, разоў у дзесяць меншымі. Яна падавалася звычайным людзям сапраўды недасягальнай. І таму быў такі элемэнт зайздрасьці да тых людзей, якія атрымліваюць такія вялікія сумы, і чамусьці яшчэ ня працуюць”. Рэакцыя ўлады, і асабліва прэзыдэнта, была нечакана – прынамсі, на той момант – жорсткай. Працягвае Алесь Лазоўскі: (Лазоўскі: ) “Старшыня Федэрацыі прафэсійных зьвязаў Беларусі Ўладзімер Ганчарык накіраваў выканаўцу абавязкаў Гэнэральнага пракурора Беларусі Васілю Капітану свой ліст, у якім выказваў пратэст супраць затрыманьня кіраўніка філіі афіцыйнага прафэсійнага зьвязу на Менскім мэтрапалітэне Ўладзімера Канаха і патрабаваў яго вызваленьня, і таксама правядзеньня незалежнага судовага разьбіральніцтва. Таксама даволі апэратыўна, у той час, пакуль яшчэ йшоў страйк, у рэзыдэнцыі прэзыдэнта адбылася рабочая нарада з удзелам вышэйшых асобаў – у той час прэм’ера-міністра Міхала Чыгіра, віцэ-прэм’ера Міхала Мясьніковіча й старшыні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Ўладізмера Ярмошына, а таксама прадстаўнікоў сілавых ведамстваў і кіраўнікоў Беларускае чыгункі. Прэзыдэнт даклаў, што яму ледзь ня кожную гадзіну апэратыўна паведамляюць пра стан страйку. І натуральна, што пад час гэтае нарады, калі ейныя вынікі камэнтаваў сам прэзыдэнт Беларускай тэлевізіі, ён сказаў, што гэта добра сплянаваная акцыя, да якой нібыта мае адносіны БНФ”. Калі да гэтага параўнаньні прэзыдэнцкае ўлады ў Беларусі з дыктатураю ў недзяржаўнай беларускай прэсе былі досыць умоўнымі, тагачасныя жнівеньскія падзеі далі падставы рабіць больш пэўныя высновы. Вось што пісала ў тыя дні “Белорусская деловая газета”: “Аніводны пракурор ня выказаў заклапочанасьці або хаця б цікавасьці з нагоды таго, куды ж адвозяць людзей, якія праходзяць па справе ў якасьці сьведкаў. І міліцыя была больш заклапочаная тым, як сьпіхнуць зь сябе адказнасьць, а ня тым, дзе знаходзяцца грамадзяне, затрыманыя людзьмі ў міліцэйскай форме… І справа тут не ў рэжыму сакрэтнасьці – прадстаўнікі праваахоўных ворганаў, не баючыся, адкрыта казалі журналістам, што абараняць закон яны ня маюць намеру”. Першы намесьнік гэнэральнага пракурора Беларусі Ўладзімер Кандрацьеў недвухсэнсоўна даў зразумець на сустрэчы з дэпутатамі Вярхоўнага Савету ад апазыцыі, што для пракуратуры распараджэньні прэзыдэнта вышэй за закон і Канстытуцыю. Парушэньне правоў чалавека праваахоўнымі ворганамі пачало ўваходзіць у звычайную практыку. Прафэсійныя зьвязы, у тым ліку, незалежныя, натуральна, былі непадрыхтаваныя да дыктатарскіх мэтодаў кіраваньня. Ды акрамя таго, мэтрапалітэнаўцаў падтрымаў тады – у асноўным маральна, толькі незалежны прафэсійны зьвяз гарнякоў у Салігорску. Гаворыць прэзыдэнт Кангрэсу дэмакаратычных прафсаюзаў Беларусі, старшыня НПГ Віктар Бабаед. (Бабаед: ) “Страйк на мэтрапалітэне я лічу правакацыяй. Таму што гэтая правакацыя патрэбная была больш Лукашэнку, чым прафэсійным зьвязам. Лукашэнку трэба было паказаць усю моц сваёй улады, прадэманстраваць усе тыя магчымасьці, якія мае дзяржава, каб задавіць працоўных, які могуць адважыцца на нейкія формы пратэсту. З майго пункту погляду, Лукашэнка, ці ягоныя экспэрты рабілі ўсё вельмі выдатна, і ўсё было прадумана. Страйк ня быў выпушчаны далей тэрыторыі мэтрапалітэну. Але супраць забастоўшчыкаў скарыстоўваліся самыя жорсткія меры. Да цяперашняга часу менскія працоўныя маюць той сындром паразы, які атрымаў гэты страйк, на мой погляд, менавіта з гэтай прычыны заклікі прафэсійных зьвязаў правесьці нейкую масавую акцыю да цяперашняга часу застаюцца безь вялікіх вынікаў. Я лічу, што штрэйкбрэхеры згулялі на той момант тую ролю, якую яны мусілі былі згуляць. Я думаю, гэта паказала ўсім працоўным – хто зьбіраецца страйкаваць – улады заявілі, што нават такія прафэсіі, як машыністы цягнікоў, і ім была знйодзеная замена, дык калі будуць баставаць нейкія токары ды іншыя прафэсіі, дык мы іх наогул лёгка знойдзем. Калі ня ў нашай дзяржаве, дык па-за яе межамі. Таму, я лічу, усё было прадумана. Акцыя да цяперашняга часу мае вялікае значэньне як для ўладаў, так і для прафэсійных зьвязаў”. Пры пэўных разыходжаньнях у ацэнках тагачаснага страйку, адзін зь ягоных арганізатараў, Уладзімер Макарчук робіць у галоўным блізкую выснову: (Макарчук: ) “Гэтая акцыя была скіраваная на тое, каб запалохаць рабочых і паказаць ім, што зь імі можна вось так распраўляцца – каб іншым не захацелася. Я думаю, гэтай мэты яны дамагліся, таму што рабочыя і ўсе, хто беспасярэдне ўдзельнічаў у тых падзеях – усе цудоўна ведалі, што згодна зь дзейным заканадаўствам, кодэксам законаў аб працы, звольніць людзей было немагчыма. Нават калі прызнаць страйк незаконным, людзі былі на сваіх працоўных мейсцах, хоць і не працавалі. Ім можна было вымову вынесьці. Пакараньне прадугледжвалася якое заўгодна, але толькі не звальненьне за прагул. А іх звальнялі як прагульшчыкаў. Абсалютна мне не зразумела, на падставе якога закону”. Ці працягвае існаваць сындром паразы страйку на Менскім мэтрапалітэне? Ці змогуць прафэсійныя зьвязы пераадолець яго ў цяперашняй сытуацыі? І ці здольныя яны нарэшце згуртавацца?. (Лазоўскі: ) “Ня ведаю, наколькі можна казаць пра тое, ці дзейнічае гэты сындром зараз. Як мне ўяўляецца, больш гэты сындром сілкуецца вынікамі тых грамадзка-палітычных акцыяў, якія адбываліся ўжо пасьля гэтага часу – скажам, у апошнія некалькі гадоў. Прафэсійныя зьвязы не жывуць увогуле ізалявана ад ўсяго грамадзтва, якое, бачыць, што палітычным партыям не ўдаецца вывесьці на вуліцы больш за некалькі дзясяткаў тысячаў чалавек. Такога не было. Калі звычайна на мітынгі, дэманстрацыі выходзяць усяго па некалькі тысячаў чалавек, ды яны таксама ня ўпэўненыя ў гэтых сілах. Наўрадці яны зьвяртаюцца да досьведу чатырохгадовае даўніны…” Завяршаючы размову аб уроках страйку мэтрапалітэнаўцаў 95-га году, трэба зазначыць, што хаця звольненыя машыністы былі зь цягам часу – праз год-два – зноў прынятыя на працу, іх прымушалі нанава праходзіць курсы машыністаў, нібыта яны не валодалі сваёй прафэсіяй. Былі й іншыя формы зьдзеку, дыскрымінацыі пад час афармленьня на працу. А ўвогуле, справу мэтрапалітэнаўцаў рана сьпісваць у архіў. Бо застаецца ў моцы патрабаваньне Міжнароднае арганізацыі працы – зыскавая справа № 1824 да ўраду Беларусі, дзе гаворыцца аб неабходнасьці стварыць незалежную камісію з удзелам беларускіх прафэсійных зьвязаў ды міжнародных прафзьвязовых арганізацыяў дзеля расьсьледваньня прычынаў страйку, ягонае законнасьці ды законнасьці звальненьня з працы мэтрапалітэнаўцаў. І на гэтым мы завяршаем перадачу. Усяго добрага. Віталь Тарас, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |