RFE/RL |
Эканамічная перабудова ў посткамуністычных краінах – посьпехі й паразы(эфір 3 кастрычніка 1999) “Чаму некаторыя былыя камуністычныя краіны дасягнулі посьпехаў у рынкавых рэформах, а іншыя не?”, – пад такім загалоўкам газэта “Wall Street Journal” апублікавала аналітычны камэнтар свайго венскага карэспандэнта Джона Рыда… Калі дзесяць гадоў таму савецкая імпэрыя развалілася, заходнія эканамічныя экспэрты пачалі актыўна прагназаваць, колькі ж гадоў зойме паасобным краінам былой так званае сацыялістычнае супольнасьці перавод іхных гаспадарак на рынкавыя рэйкі. Пры гэтым сьцьвярджалася, што рынкавая трансфармацыя павінна адбывацца паводле больш-менш аднолькавага сцэнару, які павінен прывесьці да посьпеху. Цяпер жа падобныя прагнозы – вялікае рэдкасьць. Мала хто можа дакладна растлумачыць, чаму, да прыкладу, Польшча павялічыла свой сукупны валавы нацыянальны прадукт у параўнаньні з 1990 годам на 20%, а ўкраінскі сукупны нацыянальны прадукт скараціўся амаль напалову. Чаму, да прыкладу, вугорскія кампаніі карыстаюцца банкаўскімі крэдытамі дакладна ў той самай ступені, як гэта робіцца на Захадзе, а расейскія ўвесь час маюць вялізныя цяжкасьці ў фінансаваньні сваёй дзейнасьці. Дзеля таго, каб растлумачыць, чаму адны краіны на былой посткамуністычнай прасторы, – піша на старонках “Wall Street Journal” Джон Рыд, – разьвіваюцца хутка, а іншыя знаходзяцца ў крызысе, трэба ўлічваць цэлы шэраг фактараў. Такіх, як гістрычнае мінулае паасобных краінаў, іх агульную культуру, палітычную стабільнасць ды інш. Але на сёньняшні дзень сярод эканамістаў-аналітыкаў вымалёўваецца адная важная выснова: посьпех у посткамуністычнай рынкавай перабудове залежыць перш за ўсё ад хуткасьці й рашучасьці зьменаў. Гаворыць Андрэ Аслунд, вядучы эканаміст Вашынгтонскага Карнэгі інстытуту міжнародных зносінаў: (Аслунд: ) “У рынкавых посткамуністычных рэформах ёсьць адна галоўная законамернасьць: чым больш радыкальныя рэформы вы будзеце ажыцьцяўляць, тым большага посьпеху дасягнеце. Калі першы некамуністычны ўрад прыйшоў да ўлады ў Польшчы, ён адкінуў усе засьцярогі адносна настрояў выбаршчыкаў, і правёў самыя радыкальныя рэформы, які цяпер прыносяць шчодрыя плады”. На думку Джона Рыда найбольш яскравыя прыклады адмоўнага – гэта Ўкраіна й Расея, якія нягледзячы на шчодрую заходнюю дапамогу не правялі радыкальных рэформаў і таму, так і ня могуць выйсьці з крызысу. Джон Рыд лічыць, што йснуюць наступныя галоўныя фактары, якія ўплываюць на маштабы й тэмпы эканамічнае рынкавае перабудовы на посткамуністычнай прасторы. Першае – пачатковы ўзровень эканамічнага разьвіцьця. Калі параўнаць эканамічны ўзровень Чэскай Рэспублікі, якая атрымала ў спадчыну сэрцавіну эканомікі былой Аўстра-Вугорскай імпэрыі, з найбяднейшай краінаю Эўропы Альбаніяй, ясна, што магчымасьці эканамічнага разьвіцьця ў іх няроўныя. Габар Гунья, эканаміст-аналітык Венскага інстытуту параўнальных эканамічных дасьледваньняў, прыгадвае яшчэ адзін важны элемэнт уплыву на тэмп і маштаб эканамічных рэформаў. Гэта агульнанацыянальная памяць пра капіталістычныя адносіны. Ён гаворыць: (Гунья: ) “У Польшчы,Вугоршчыне й Чэхіі ў сьвядомасьці народу добра захавалася памяць пра капіталістычныя адносіны. У Польшчы й Вугоршчыне камуністычная ўлада так да канца ніколі і не зьнішчыла капіталістычны сэктар. У краінах жы былога Савецкага Саюзу, за выключэньнем, магчыма, Прыбалтыкі, падобная памяць была страчаная”. Урамках эканамічнай перабудовы вугорскі ўрад, да прыкладу, абраў тактыку продажу бальшыні сваіх аб’ектаў гаспадараньня замежным інвэстарам, каб расплаціцца зь вялізнымі замежнымі пазыкамі. І цяпер вугорскія кампаніі, якія належаць заходняму капіталу зьяўляюцца значна больш эфэктыўнымі й прыбытковымі за вугорскія. Чэхія ў адрозьненьні ад Вугоршчыны абрала свой шлях прыватызацыі – купонную, якая спрыяла толькі паўстаньню хаосу ў гаспадарцы й прывяла да спаду вытворчасьці прамысловае прадукцыі ў мінулым годзе на 2%. Другім фактарам, які ўплывае на тэмп і маштабы эканамічнага рэфармаваньня, Джон Рыд лічыць – палітычную арыентацыю. На ягоную думку, тут няма непасрэднае залежнасьці. У Вугоршчыне, да прыкладу, посткамуністычная партыя Дьюлы Горна даволі спраўна й пасьлядоўна правяла эканамічную рэформу. Тое самае датычыць і польскіх посткамуністаў. Тое саме датычыць і такой сфэры чалавечага жыцьця, як агульная культура. Яшчэ Макс Вэбэр адзначыў непасрэдную залежнасьць паміж пратэстанцкай этыкаю працы й посьпехамі капіталізму. І калі выкарыстоўваць падобны падыход, дык 5 найбольш пасьпяховых посткамуністычных краінаў – гэта краіны каталіцкай і пратэстанцкай культуры. Але тут, аднак, няма непасрэднай залежнасьці. Каталіцкая Харватыя, да прыкладу, выразна саступае ў тэмпах рэформаў пераважна праваслаўнай Баўгарыі. Што датычыць заходняй фінансавай дапамогі, дык тут Джон Рыд спасылаецца на погляд вядомага заходняга эканаміста Аслунда. Прафэсар Аслунд лічыць, што йснуе непасрэдная залежнасьць паміж узроўнем дапамогі й посьпехам эканамічных рэформаў. Але гэта далёка ня так. Сувязь гэтая даволі спэцыфічная. Так, да прыкладу, вялізныя сумы, атрыманыя Расеяй, не прадухілілі тут эканамічнага крызысу. Чэская Рэспубліка прыняла такі закон аб банкруцтве, які выразна спрыяе тым, хто пазычае грошы, а ня тым, хто іх дае ў пазыку. І таму быў час, калі краіну амаль захлынула хваля банкруцтваў. А гэта ў сваю чаргу прывяло да ўпадку шматлікіх банкаў. У сваім артыкуле Джон Рыд амаль ня згадвае Беларусь, хаця характар ажыцьцяўленьня тут эканамічных рынкавых рэформаў можна назваць унікальным. І таму, каб даведацца пра думку спадара Рыда на гэтую тэму, я затэлефаніў у Вену, дзе ён працуе ў карпункце “Wall Street Journal”. Вось, што ён адказаў мне на маё пытаньне пра стан беларускае эканомікі: (Рыд: ) “Гэта найбольш нерэфармаваная краіна ў галіне эканомікі. Я бясспрэчна мушу ўключыць яе ў групу краінаў, якія дасягнулі найменшых посьпехаў у рынкавых рэформаў. Беларусь абсалютна не імкнецца да інтэграцыі з Эўропаю. Наадварот, яна імкнецца назад, да камандавай эканомікі ды ізаляцыі. Нават у рэстаўрацыі камандавай эканомікі яна ня мае посьпехаў. Паглядзім на яе паказьнікі інфляцыі”. У артыкуле Джона Рыда дакладна сфармуляваны рэцэпт ажыцьцяўленьня рынкавых рэформаў, але ці мае ён усеагульны характар? Польшча, да прыкладу, цяпер стаіць перад вельмі складанай пэрспэктываю: што рабіць са сваёй неэфектыўнай сельскай гаспадаркаю, дзе занятая амаль трэцяя частка насельніцтва. Амаль штотыдзень у Варшаве адбываюцца масавыя дэманстарцыі пратэсту сялянаў, на вуліцы выходзяць шахцёры, рабочыя іншых галінаў прамысловасьці. Ці гэта ня сымбаль хуткага сканчэньня эканамічнае “проспэрыты”? Вось, што адказаў Джон Рыд на гэтае пытаньне: (Рыд: ) “Агульны рэцэпт рэфармаваньня эканамікі, які я сфармуляваў у сваім артыкуле, нельга, зразумела, выкарыстоўваць як сьляпы інструмэнт. У кожнай краіне ёсьць свая спэцыфіка. Мой рэцэпт лягчэй было выкарыстаць у Цэнтральнай Эўропе, дзе існуюць больш разьвітыя дзяржаўныя і дэмакратычныя інстытуты. Тут лепш выконваюцца законы, тут больш спраўныя банкаўскія ўстановы і да т.п. Што датычыцца Польшчы, я не магу пагадзіцца з Вамі. Так, там адбываюцца масавыя сялянскія пратэсты, там палітычная нестабільнасьць, але праблемы, якія цяпер перажываюць такія краіны як Польшча й Вугоршчына – вельмі характэрныя для краінаў і Заходняй Эўропы. Там таксама стаіць праблема скарачэньня вялізных субсыдыяў для сельскае гаспадаркі. Там таксама трэба рэфармаваць сыстэму сацыяльнага забесьпячэньня й мэдычнага абслугоўваньня. І дэманстрацыі, якія сёньня адбываюцца ў Польшчы, вельмі падобныя на тыя, што амаль штотыднёва адбываюцца ў Францыі, да прыкладу”. У артыкуле Джона Рыда таксама не гаворыцца пра лёс посткамуністычных рэформаў у былой НДР, а менавіта гэтая краіна атрымала самую вялікую эканамічную дапамогу ад Захаду, ад сваіх сваякоў з ФРН. Аднак гэта не паспрыяла скарачэньню беспрэцэдэнтава вялікага беспрацоўя. А наадварот, тут пашыраюцца пракамуністычныя настроі. Джон Рыд камэнтуе сытуацыю ў былой НДР наступным чынам: (Рыд: ) “Сапраўды, краіна, якая атрымала самую вялікую дапамогу ад Захаду, сутыкнулася зь вялікімі перашкодамі ў посткамуністычнай перабудове. Я – сярод тых эканамістаў, якія лічаць, што такая шчодрая эканамічная дапамога зрабіла больш шкоды, чым пазытыўнага. Калі мы возьмем прыклад Польшчы й Вугоршчыны, якія атрымалі адносна мала дапамогі й былі абцяжараныя вялікімі пазыкамі Захаду, дык яны вымушаныя былі разьлічваць на сябе, і таму іхныя рэформы былі пасьпяховымі”. Перад посткамуністычным сьветам – доўгі й складаны шлях, скіраваны на эканамічную інтэграцыю з Заходнім сьветам, на выразнае павышэньне дабрабыту свайго народу. І калі ўсе краіны рэгіёну здолеюць трымаць узровень свайго эканамічнага разьвіцьця на ўзроўні 5–6%, так, як гэта робяць Польшча й Вугоршчына, амаль 20 гадоў пойдзе на тое, каб падвоіць эканамічны патэнцыял і ня менш за 35 гадоў, каб дасягнуць сярэдняга ўзроўню эканамічнага разьвіцьця краінаў Эўрапейскага Зьвязу. Мікола Іваноў, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |